СЕВІ́ЛЬСКАЯ ШКО́ЛА ЖЫ́ВАПІСУ,

адна з асн. маст. школ Іспаніі ў 15—17 ст. з цэнтрам у г. Севілья. Творы мастакоў С.ш. А.​Фернандэса, Ф. дэ Эрэры Старэйшага, Х. дэ Раэласа, Ф.​Пачэкі адметныя пачуццёвай дакладнасцю ў адлюстраванні рэчаіснасці. Найб. росквіту дасягнула ў 17 ст. ў творчасці Д.Веласкеса, Ф.Сурбарана, Б.Э.Мурыльё. Гэтаму перыяду ўласцівы глыбокі дэмакратызм вобразаў, канкрэтнасць маст. мовы, увага да праблем каларыту і і святлаценю.

Я.​Ф.​Шунейка.

Да арт. Севільская школа жывапісу. Д.​Веласкес. Вакх. 1630.
Да арт. Севільская школа жывапісу. Б.​Э.​Мурыльё. Адпачынак на шляху ў Егіпет. 1665—70.

т. 14, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНЕ́Ц (Abramis ballems),

рыба сям. карпавых атр. карпападобных. Пашыраны ў вадаёмах бас. Балтыйскага, Азоўскага, Каспійскага, Чорнага м. Жыве ў прэсных водах. На Беларусі ў невял. колькасці ў р. Дняпро і яго прытоках (Прыпяць, Сож, Бярэзіна). Нар. назвы кляпец, сіньга, сопа.

Даўж. цела да 40 см, маса да 1 кг. Падобны да ляшча Адрозніваецца больш выцягнутым і сціснутым целам, дробнай луской, завостраным ротам, злёгку накіраваным угору, больш доўгім анальным плаўніком і інш. Спіна цёмна-сіняя (адсюль назва), бакі і бруха серабрыста-белыя з залацістым адлівам, няпарныя плаўнікі бледна-шэрыя, грудныя — жаўтаватыя з чарнаватай аблямоўкай. Корміцца зоапланктонам і бентасам.

т. 14, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЕ́МА,

паселішча эпохі неаліту, бронзавага і ранняга жал. вякоў каля в. Мікольцы Мядзельскага р-на Мінскай вобл., на берагавым узвышшы р. Скема. Першымі пасяленнямі былі носьбіты нарвенскай культуры (4-е—1-я пал. 3-га тыс. да н.э.), з сярэдзіны 3-га тыс. да н.э. сюды пранікла насельніцтва тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі культуры. У больш позніх напластаваннях сустракаюцца матэрыялы шнуравой керамікі культуры. Да канца бронзавага і пач. ранняга жал. веку адносяцца знаходкі штрыхаванай керамікі культуры і мілаградскай культуры. Невял. рыбацкае паселішча існавала тут і ў сярэдневякоўі. Знойдзены рэшткі агнішчаў, паўзямлянак, сляды збудаванняў слупавой канструкцыі, кераміка.

М.​М.​Чарняўскі.

т. 14, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАМАТАПАРАІДЭ́І (Stromatoporoidea),

група выкапнёвых каланіяльных беспазваночных. Умоўна адносяць да кішачнаполасцевых або гідроідных паліпаў. Некалькі сям., каля 70 родаў. Жылі з ранняга палеазою да канца мезазою ў мелкаводнай зоне мораў. Рыфаўтваральнікі. На Беларусі рэшткі выяўлены ў адкладах сілуру і дэвону.

Памеры ад некалькіх міліметраў да 2 і больш метраў у папярочніку. Шкілет вапняковы, рознай формы (коркападобнай, сфераідальнай, конусападобнай і інш.), складаўся з гарыз. пласцін (ламін) і верт. элементаў (слупкоў), на паверхні — сістэма каналаў (астрарыз), якія складаліся з 1 верт. і адыходзячых ад яго на розных узроўнях гарыз. галінастых каналаў. Па рэштках С. вызначаюць узрост геал. адкладаў.

т. 15, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУХАПУ́ТНЫЯ ЧАРАПА́ХІ (Testudinidae),

сямейства чарапах кл. паўзуноў. Больш за 10 родаў, каля 40 відаў. Пашыраны ў Паўд. Еўропе, Азіі, Амерыцы, Афрыцы. 10 відаў і 13 падвідаў занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. панцыра ад 10 см да 1 м і больш (слановыя чарапахі). Спінны шчыт панцыра нерухома злучаны з брушным; абодва ўкрыты тоўстымі буйнымі рагавымі шчыткамі, галава і ногі — дробнымі. Галава поўнасцю хаваецца пад панцыр. Заднія ногі тоўстыя. Пальцы ног зрослыя, іх кароткія кіпцюры свабодныя. Пераважна расліннаедныя. Адкладваюць да 30 яец. Працягласць жыцця да 100—150 гадоў.

Сухапутныя чарапахі: 1 — зорчатая; 2 — сярэднеазіяцкая; 3 — лясная, або шабуці; 4 — вугальная.

т. 15, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЙМЕ́НІ (Hucho),

род рыб сям. ласасёвых атр. ласосепадобных. 4 віды Т.: дунайскі ласось (H. hucho), звычайны (H. taimen), карэйскі (H. ishikawai) і сахалінскі, або чавіца (H. penyi). Жывуць у рэках і азёрах Еўразіі (ад бас. Дуная да Карэі і Сахаліна). Сахалінскі Т. адзіны прахадны від.

Даўж. да 1,5 м, маса да 60 кг. На целе Х-падобныя і паўмесяцавыя цёмныя плямкі. Зубы на сашніку ўтвараюць з паднябеннымі зубамі суцэльную дугападобную паласу (характэрная прыкмета). Галава сціснута з бакоў і нагадвае шчупаковую. У час нерасту цела становіцца чырванаватае. Кормяцца дробнай рыбай. Аб’екты промыслу.

Таймені: 1 — дунайскі, або ласось дунайскі; 2 — звычайны.

т. 15, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЙФУ́Н (англ. typhoon ад кіт. тай фын — вялікі вецер),

назва трапічных цыклонаў штармавой і ўраганнай сілы (скорасць ветру 30—50 км/гадз, асобныя парывы да 100 км/гадз) у зоне распаўсюджання мусонаў Усх. Азіі. Узнікаюць пераважна летам і восенню над Ціхім ак., на У ад Філіпінскіх а-воў, дасягаюць берагоў Кітая, Японіі, Карэі, уплываюць на надвор’е Д. Усходу Расіі. Дыяметр Т. некалькі соцень кіламетраў. Выклікае моцнае хваляванне мора, часта суправаджаецца ліўнямі, навадненнямі, прыводзіць да разбурэнняў і прычыняе вял. матэрыяльныя страты. За год бывае 20—30 Т., працягласць асобных ад некалькіх дзён да некалькіх тыдняў.

т. 15, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАНДРАКІ́ЙЦЫ, тандракіты,

удзельнікі ератычнага нар. руху ў Арменіі ў сярэдзіне 9—11 ст. з цэнтрам у с. Тандрак (на Пн ад воз. Ван). Т. адмаўлялі царк. абрады і заклікалі да скасавання афіц. царквы. Вял. ўплыў на ідэалогію Т. зрабілі паўлікіяне з іх ідэямі дуалізму дабра і зла. Найб. радыкальная плынь Т. прапаведавала бязбожнасць і адмаўляла ідэю бессмяротнасці душы. Рух Т. ахапіў раёны Айрарата, Шырака, Сюніка і падуладныя Візант. імперыі раёны Тарон, Харк і Мананалі. Да 970-х г. рух Т. задушаны ў візант. уладаннях, да сярэдзіны 11 ст. — на астатняй тэр. Арменіі.

т. 15, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТА́ХА, Тэжу (ісп. Tajo, партуг. Tejo),

рака ў Іспаніі і Партугаліі, самая вялікая на Пірэнейскім п-ве. Даўж. 1010 км, пл. бас. 81 тыс. км². Вытокі ў гарах Універсалес, перасякае з У на З пласкагор’е Месета, у ніжнім цячэнні — Партугальскую нізіну. Упадае ў Атлантычны ак., утварае эстуарый даўж. каля 45 км. Мнагаводная ад ліст. да сакавіка. Сярэдні расход вады каля мяжы Іспаніі з Партугаліяй 438 м³/с. ГЭС, вадасховішчы. Выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная на 185 км да г. Абрантыш, для марскіх суднаў да г. Сантарэн. На Т. — гарады Таледа (Іспанія), Сантарэн (Партугалія), у эстуарыі — сталіца Партугаліі Лісабон.

т. 15, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРУХЛЯКІ́ (Pythidae),

сямейства жукоў падатр. разнаедных. Каля 300 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць пад карой пераважна хвойных дрэў. На Беларусі 2 віды, найб. трапляецца Т. плоскі (Pytho depressus).

Даўж. да 20 мм. Цела плоскае, чорнае з метал. зялёным, фіялетавым або чырв. бляскам; брушка, вусікі і ногі чырв.-карычневыя. Вусікі 11-членікавыя, ніткападобныя, патоўшчаныя на верхавінцы. Галава выцягнута ў галаватрубку. Кормяцца гніючым лубам, некат. драпежнікі. Лічынкі (даўж. да 30 мм) прадаўгаватыя, плоскія, карычняватыя або жоўтыя, з 2 вырастамі на заднім канцы цела. Развіццё. ад яйца да імага некалькі гадоў.

С.​Л.​Максімава.

т. 15, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)