агрэгат для атрымання (адліўкі) паперы і некаторых відаў кардону з папяровай масы. Бываюць плоска- і 2-сетачныя, кругласетачныя, вакуумнага і сухога фармавання, камбінаваныя і інш.
Найб. пашыраныя плоскасетачныя П.м. складаюцца з сетачнай (1 або 2 бясконцыя рухомыя сеткі, на якія паступае папяровая маса), прэсавай (некалькі 2- ці 3-вальных прэсаў, паміж валамі якіх праходзіць папяровае палатно) і сушыльнай частак (з сушыльных вярчальных цыліндраў, якія знутры абаграюцца парай), а таксама каландра (паміж 2—20 валамі яго праходзіць палатно) і накату (змотвае паперу ў рулон). Пры абязводжванні масы на сетках (або паміж імі) адбываецца фармаванне папяровага палатна, якое далей абязводжваецца ў прэсавай і высушваецца ў сушыльнай частках. Рабочая скорасць П.м. да 1500 м/мін, прадукцыйнасць да 8 млн.м²/сут.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕКСТА́НТ [ад лац. sextans (sextantis) шостая частка; у марской справе часцей секстан],
вугламерны адбівальны інструмент, асн. частка якога — дуга памерам у 1/6 частку акружнасці (60°), падзеленая на градусы і долі градуса (лімб). Вымярае вуглы да 120°. Выкарыстоўваецца ў мараходнай і авіяц. астраноміі для вымярэння вышынь нябесных свяціл і берагавых прадметаў над гарызонтам, а таксама вуглоў паміж бачнымі з карабля прадметамі.
Выявы аб’ектаў, напр., нябеснага свяціла і марскога гарызонту, паміж якімі вымяраецца вуглавая адлегласць, сумяшчаюцца ў трубе С. Гэта дае магчымасць не замацоўваць С. на нерухомай аснове, рабіць вымярэнні, трымаючы яго ў руках. Для астр. вызначэння месца карабля ці самалёта С. вымяраюць вышыні некалькіх нябесных свяціл, а потым будуюць вышынныя лініі становішча з улікам папраўкі на паніжэнне гарызонту з прычыны шарападобнасці Зямлі.
Схема секстанта: 1, 3 — святлафільтры; 2, 4 — люстэркі; 5 — падзорная труба; 6 — шкала; φ — вугал паміж напрамкамі на нябеснае свяціла і гарызонт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛО́КЕ ((Blocke) Вільгельм ван дэн) (паміж 1540—50 г-мі г., Мехелен, Бельгія — 28.1.1628),
нідэрландскі скульптар. Вучань К.Флорыса. З 1584 жыў у Гданьску, дзе стварыў брамы Верхнюю (1588) і Залатую (1614), алтар касцёла св. Яна (1611), аформіў фасады «двара Артуса» (1617) і інш. Выконваў заказы каралеўскага двара, духоўных і свецкіх асоб — надмагіллі Яну III Вазу ў Упсале (Швецыя, 1596), кардыналу Андрэю Баторыю і яго брату Балтазару ў Барчаве (Польшча, 1598), Станіславу Радзівілу (паміж 1618—21, Віленскі бернардзінскі касцёл) і інш., адзначаныя рысамі маньерызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТ (лац. actus),
1) учынак, дзеянне.
2) Дакумент, які ўстанаўлівае пэўныя прававыя адносіны паміжюрыд. бакамі або паміж аўтарам і адрасатам акта (акт дыпламатычны, акт юрыдычны, акт на права валодання (карыстання) зямлёй, акты органаў дзяржаўнага кіравання, акты органаў дзяржаўнай улады, акты цывільнага стану і інш.).
3) Закончаная частка драм. твора, спектакля; тое, што і дзея. Акты ў спектаклі раздзяляюцца перапынкамі (антрактамі). Можа падзяляцца на з’явы, эпізоды, сцэны, карціны. Падзел на акты існуе з часоў рымскага тэатра (п’еса мела абавязкова 5 актаў).
4) У выяўл. мастацтве — выява аголенага чалавечага цела; гл.Ню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАНСО́Н ((Adanson) Мішэль) (7.4.1727, г. Экс-ан-Праванс, Францыя — 3.8.1806),
французскі батанік. Чл.Франц.АН (1759). Даследаваў трапічную Афрыку. Адзін з заснавальнікаў натуральнай сістэмы раслін, варыянт якой выклаў у працы «Сямейства раслін» (1763). У пошуках лагічных высноў класіфікацыі склаў 65 штучных сістэм, параўноўваў іх паміж сабой і па колькасці супадзенняў вызначаў ступень блізкасці супадпарадкаваных груп раслін паміж сабой (упершыню скарыстаў матэм. метады ў біялогіі). Прызнаваў магчымасць зменнасці відаў. З 1772 захапіўся філасофіяй.
Літ.:
Adanson. The bicentennial of Michel Adanson’s Familles des plantes. Pt. 1—2. Pittsburgh, 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСАЛЮ́ТНА ЦВЁРДАЕ ЦЕ́ЛА,
ідэалізаваны аб’ект (цела), адлегласць паміж любымі двума пунктамі якога ўвесь час застаецца пастаяннай; адно з асн. паняццяў механікі. Абсалютна цвёрдым целам можна лічыць сістэму матэрыяльных пунктаў, жорстка звязаных паміж сабой, або кожнае рэальнае цела, памеры і форма якога ў працэсе руху і ўзаемадзеяння з інш. целамі не мяняюцца, г. зн., што дэфармацыя адсутнічае або настолькі малая, што яе можна не ўлічваць. Мадэль абсалютна цвёрдага цела выкарыстоўваецца для тлумачэння ўласцівасцяў эўклідавай прасторы, вызначэння сістэмы адліку і апісання мех. руху рэальных аб’ектаў без уліку дэфармацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНКІЛО́З (ад грэч. ankylos крывы, сагнуты),
поўная нерухомасць сустава пры паталагічных зменах яго тканак. Адрозніваюць анкілозы касцявыя (касцявое зрастанне сустаўных паверхняў паміж сабой), пазасустаўныя (утварэнне касцявой перамычкі за кошт акасцянення мяккіх тканак вакол сустава; сустаўная шчыліна пры гэтым захавана), фіброзныя (утварэнне рубцовых спаек паміж сустаўнымі паверхнямі). Пры касцявым і пазасустаўным анкілозе вобласць нерухомага сустава пры функцыян. нагрузцы (хадзе) бязбольная, пры фіброзным — узмоцненая нагрузка выклікае боль у суставе. Развіваецца ад раненняў, закрытых пераломаў касцей у суставе, ад запалення (туберкулёз, ганарэя і інш.), працяглай нерухомасці сустава. Лячэнне хірург. і фізіятэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРА́ЧАЯ ПРАКА́ТКА,
пракатка нагрэтых металаў і сплаваў паміж вярчальнымі валкамі пракатных станаў. Робіцца пры т-рах, вышэйшых за парог рэкрышталізацыі, калі забяспечваецца дастатковая пластычнасць: для сталі 1000—1300, медзі 750—800, латуні 600—800, алюмінію і яго сплаваў 350—400 °C. Бывае падоўжная (найб. пашыраная), папярочная і вінтавая (касая). На загатовачных і абціскных станах гарачая пракатка атрымліваюць загатоўкі круглага, квадратнага, плоскага сячэння для наступнай коўкі, штампоўкі і мех. апрацоўкі, а таксама сартавы пракат і пракат спец. профілю (паміж валкамі з паглыбленнямі), лісты, трубы і інш.