ПОЛІЦЭНТРЫ́ЗМ (ад полі... + цэнтр),

антрапалагічная канцэпцыя аб паходжанні чалавека сучаснага віду (неаантрапа) у некалькіх абласцях зямнога шара. Адзін з заснавальнікаў канцэпцыі — амер. антраполаг Ф.​Вайдэнрайх; П. даследаваў Г.Ф.Дэбец. Паводле прыхільнікаў П., у кожнай вобласці сучасны чалавек узнікаў у выглядзе канкрэтнай вял. расы ў выніку самаст. эвалюцыі архантрапаў, што жылі тут, а потым палеаантрапаў. Супраць П. сведчыць адсутнасць марфал. адпаведнасці паміж выкапнёвымі формамі людзей і сучаснымі расамі, што жывуць на гэтай тэр., і вял. падабенства рас сучаснага чалавека паміж сабой па многіх не злучаных адна з адной адзнак. П. процістаіць монацэнтрызму.

т. 12, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)