ІНТЭРФА́ЗА (ад лац. inter паміж + фаза),
інтэркінез, частка жыццёвага цыкла клеткі паміж двума паслядоўнымі мітатычнымі дзяленнямі. У клетках, якія страцілі здольнасць дзялення (напр., нейронах) — перыяд ад апошняга мітозу да смерці клеткі. Да І. адносіцца таксама часовы выхад клеткі з цыкла (стан спакою). У І. сінтэзуюцца рэчывы, неабходныя для існавання і наступнага дзялення клеткі, узнікаюць структуры, што забяспечваюць яе спецыфічныя тканкавыя функцыі. Працягласць І. складае 90% часу ўсяго клетачнага цыкла. Прыкмета інтэрфазных клетак — дэспіралізаваны стан храмаціну (выключэнне — палітэнныя храмасомы двухкрылых і некат. раслін, што захоўваюцца на працягу ўсёй І.).
т. 7, с. 289
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)