ПАНФЁРАЎ (Фёдар Іванавіч) (2.10.1896, с. Паўлаўка Ульянаўскай вобл., Расія — 10.9.1960),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Саратаўскім ун-це (1923—25). З 1931 (з перапынкамі) гал. рэдактар час. «Октябрь». Друкаваўся з 1918. Раман «Брускі» (т. 1—4, 1928—37; па матывах рамана нап. п’есу «Жыццё», 1939; кінасцэнарый «У пошуках радасці», 1940) пра калектывізацыю ў прыволжскай вёсцы. Тэме Вял.Айч. вайны прысвечаны аповесці «Сваімі вачамі» (1941), «Рука пацяжэла» (1942), трылогія: раманы «Барацьба за мір» (1945—47, Дзярж. прэмія СССР 1948), «У краіне пераможаных» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), «Вялікае мастацтва» (2-і варыянт 1954). Аўтар трылогіі «Волга-матухна рака» (1953—60), аповесцей «Роднае мінулае» (1956), «Сказанне пра Паволжа» (1957), п’ес «Мужыкі» (1924), «Бунт зямлі» (1926), кн. нарысаў «Берагавая быль» (1926), апавяданняў, літ.-крытычных артыкулаў і інш. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі М.Багун, Т.Кляшторны.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—6. М., 1986;
Бел.пер. — Брускі. Ч. 1—2. Мн., 1932;
Цвёрдым поступам. Мн., 1932.
Літ.:
Стогнут А.С. Ф.И.Панферов. 2 изд. Киев, 1969;
Федор Панферов: Воспоминания друзей. 2 изд. М., 1977;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЧ (Пятро) (сапр.Панчанка Пётр Іосіфавіч; 4.7.1891, г. Валкі Харкаўскай вобл., Украіна — 1.12.1978),
украінскі пісьменнік. Друкаваўся з 1921. Аўтар зб-каў апавяданняў і аповесцей «Блакітныя эшалоны» (1928; аднайм. п’еса, 1970), раманаў «Аблога ночы» (1933), «Гаманіла Украіна» (1945—46); пра нац.-вызв. барацьбу ўкр. народа 17 ст.), аўтабіягр. аповесці «На калінавым мосце» (1965, Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1966), твораў для дзяцей. У 1928 наведаў Беларусь, убачанае апісаў у нарысе «Там, дзе з бярозамі хвоі гамоняць» (1928). Сябраваў з Я.Купалам. На бел. тэматыку напісаў арт. «Разбіта жалейка (Янка Купала)» (1943), «Сінявокая сястра Беларусь» (1972), апавяданне «А лазу самі выбірайце» прысвяціў У.Дубоўку. На бел. мову асобныя творы П. пераклалі Я.Купала, К.Чорны, Л.Калюга, А.Пальчэўскі, І.Скапараў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЖНЯ́К (Тарас Мікалаевіч) (н. 9.3.1924, в. Цернаўка Смелянскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Засл. дз. маст. Беларусі (1997). Скончыў Маскоўскі ін-т прыкладнога і дэкар. мастацтва (1949). Працаваў у Львове. У 1965—98 у Бел.АМ (з 1988 заг. кафедры). Працуе ў галіне керамікі («Абаронцы Брэсцкай крэпасці», 1970; скульптура «Даніла Галіцкі», 1974; пано «Мінск», 1977; вазы «Над Віліяй», 1988, «Белавежская пушча», 1993, «Кветкі», 1999, «Марскі брыз», 2000; дэкар. кампазіцыя «Караблікі і дэльфіны», 1966, і інш.), шкла (вазы «Кожнаму чацвёртаму», 1982, «Восень», 1987; скульптура «Пінгвіны», 1987; кампазіцыі «Чорная быль», 1988, «Поры года», 1989, і інш.), металу (партрэт Героя Сав. Саюза С.І.Грыцаўца, 1967, і інш.). Аўтар афармленчых работ у Палацы чыгуначнікаў (1978), Палацы шлюбаў Заводскага р-на (1981—83), гандл. цэнтры «Валгаград» (1984) у Мінску, палацах культуры нафтавікоў у Наваполацку (1967), саўгаса «Прагрэс» Брэсцкай вобл. (1984), будынку шпіталя для інвалідаў Вял.Айч. вайны ў в. Бараўляны Мінскага р-на (1986) і інш.Творы адметныя дакладнасцю кампазіцыі, вобразнай выразнасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЛА́ННЕ,
жанр эпісталярнай літаратуры; медытацыя, напісаная ў форме звароту да пэўнай асобы ці некалькіх асоб, нярэдка маналагічная прамова-развага або адкрыты ліст да каго-небудзь. Вытокі бел. П. — у творах эпохі Адраджэння і барока: вершаваныя і празаічныя П.-прысвячэнні Міколы Гусоўскага, лісты С.Рысінскага, «Ліст да Абуховіча», некаторыя творыпалемічнай літаратуры і інш. З 19 ст. стала амаль выключна здабыткам паэзіі («Да мілых мужычкоў» Я.Чачота, «Уставайма, братцы» В.Каратынскага, «Не цурайся» Ф.Багушэвіча). У пач. 20 ст. пашырылася тэматыка П. (гучалі сац. і нац.-вызв. матывы, грамадз. пафас), удасканалілася маст. форма. Да П. часта звяртаўся Я.Купала, у творчасці якога прадстаўлены ўсе яго разнавіднасці: сац.-паліт. («Апекунам»), грамадз.-патрыят. («Беларускім партызанам»), літ. («Прывет, вам...»), сатыр. («Слугам алтарным»), інтымна-лірычныя («Да дзяўчынкі»), П.-інвектывы («Гэй, капайце, далакопы») і г.д. У Вял.Айч. вайну з’явіліся экспрэсіўныя, высокапаэт. П. да воінаў-франтавікоў, бел. партызан, роднай краіны, асобных народаў, гарадоў-герояў, сваякоў і сяброў і інш. Жанр П. займае важнае месца і ў сучаснай паэзіі. Яму ўласцівы патрыят. запал, спалучэнне інтымных матываў з грамадзянскімі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЦЕ́Й (Іпацій) (свецкае імя Адам Львовіч; 12.4.1541, сядзіба Ражанка Камянецкага пав. Падляшскага ваяв. — 18.7.1613),
бел. царкоўны і дзярж. дзеяч., пісьменнік-палеміст. З правасл. роду Пацеяў. Верагодна, вучыўся ў Ягелонскім ун-це (Кракаў). З 1566 брэсцкі пісар земскі, у 1569 дэпутат сейма, у 1588 брэсцкі кашталян і сенатар Рэчы Паспалітай. Пасля смерці жонкі (1592) прыняў манаства пад імем Іпацій (крас. 1593). З мая 1593 епіскап уладзімірскі (г. Уладзімір-Валынскі). Адзін з ініцыятараў і арганізатараў Брэсцкай уніі 1596. З 1599 уніяцкі мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі. Аўтар палемічных твораў на старабел. і польскай мовах у абарону уніі: «Унія...» (1595), «Справядлівае апісанне ўчынкаў і справы сінодавае» (1597), «Размова берасцяніна з братчыкам» (1604), «Уваскрослы Налівайка» (1607), «Ерасі, невуцтва і палітыка папоў і мяшчан віленскага брацтва», «Гармонія...», «Рэляцыя» (усе 1608), вял. колькасці прамоў, павучанняў і інш. Прапаведніцкія творы П. на старабел. мове былі сабраны і выдадзены ў 1677, у 1714 — перавыдадзены на польскай мове ў Супраслі.
Літ.:
Кішка Л. Жыцьцяпіс Іпація Пацея: Пер. з пол. // Спадчына. 1998. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІСТЫЛІ́СТЫКА (ад палі... + стыль),
у музыцы, наўмыснае спалучэнне ў адным творы несумяшчальных (рознасных) стылістычных элементаў. Асн. формы П.: цытата (тэмы з твораў П.Чайкоўскага, В.Беліні ў «Ганне Карэнінай» Р.Шчадрына), псеўдацытата (ілюзія «Марша энтузіястаў» І.Дунаеўскага ў 1-й сімф. А.Шнітке), алюзія (намёк; інтанацыі М.Глінкі ў фінале сімф. №15 Дз.Шастаковіча), тэхніка адаптацыі («Пульчынела» на тэмы Дж.Б.Пергалезі І.Стравінскага, «Куранты» паводле ананімнага сшытка 18 ст. В.Капыцько). Характэрнай з’явай П. з’яўляецца калаж (Скерца з сімф. для 8 галасоў з арк. Л.Берыо, 9-я сімф. Дз.Смольскага). Да П. не адносяцца: чужая тэма ў варыяцыях (напр., Варыяцыі А.Лядава на тэму М.Глінкі), выкарыстанне нар. мелодыі (тэма «У полі бярозка стаяла» ў фінале 4-й сімф. П.Чайкоўскага), ці імітацыя яе стылю (хор пасялян з оперы «Князь Ігар» А.Барадзіна), інструментоўка твораў інш. кампазітараў, некат. віды цытат (мелодыя А.Грэтры ў оперы «Пікавая дама» Чайкоўскага), нявытрыманасць стылю.
Літ.:
Лобанова М.Н. Музыкальный стиль и жанр: История и современность. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́СТАВАНГАРД (ад пост... + авангард),
неаавангард, у музыцы ўмоўная назва розных плыней сучаснага зах.-еўрапейскага муз. мастацтва, для якіх характэрна адмаўленне ад эстэт. установак авангарда. Тэрмін зацвердзіўся ў канцы 1960-х г. Выявіўся ў змешванні розных стыляў (гл.Полістылістыка), тэхнік пісьма ў адным творы (напр., «Атмасферы» Дз.Лігеці). Разрыў паміж пераўскладненай авангарднай музыкай і ўспрыманнем яе публікай прывёў да ўзнікнення музыкі мінімалістаў з культам прастаты, звароту да традыц. музыкі ўсх. культур з іх запаволеным успрыманнем часу. Для П. характэрны пошук новых уласцівасцей гуку (у галіне санорыкі, мікрахраматыкі, электроннай музыкі), панаванне т.зв. афармальнай музыкі: «адкрытых» твораў, ці якія «развіваюцца» (усе віды алеаторыкі, «момантавая музыка», «жывая электронная музыка», «музыка дзеяння» і інш., у якіх муз. твор прадстаўлены не як вынік творчай дзейнасці, а як працэс). Яскравыя вынаходніцтвы П. — формульная, мультыформульная і суперформульная кампазіцыі. Рысы П. найб. уласцівы творчасці кампазітараў Л.Берыо, Г.Генцэ, К.Штокгаўзена, П.Булеза, Л.Нона. У бел. музыцы П. у чыстым выглядзе не знайшоў увасаблення, пэўныя яго прыёмы выкарыстоўваюць А.Сонін («Прысвячэнне Сапфо»), Дз.Смольскі («Актафонія») і інш.
Літ.:
Соколов А.С. Музыкальная композиция XX в.: Диалектика творчества. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЕТЭ́Й,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі тытан (гл.Тытаны), багаборца, абаронца людзей ад дэспатызму багоў. Паводле міфаў, стварыў з зямлі і вады людзей, навучыў іх будаваць жыллё, вадзіць караблі, таксама астраноміі, медыцыне, пісьму. Выкраў з Алімпа і прынёс людзям агонь, за што раззлаваны Зеўс загадаў прыкаваць П. да скалы на Каўказе. Кожны дзень на працягу тысячагоддзяў да П. прылятаў арол і дзёўб яго печань, якая за ноч адрастала. Стогны П. чулі арганаўты ў час свайго падарожжа. Нарэшце з дазволу Зеўса Геракл забіў арла і вызваліў П. У стараж. Афінах культ П. шанавалі адначасова з культамі Гефеста і Афіны. Існавала свята ў гонар П. — праметэі — бег з факеламі. Вобраз П. — адзін з найб. значных у сусв. л-ры (П.Кальдэрон, Эсхіл, І.В.Гётэ, П.Б.Шэлі, Дж.Байран, Ф Кафка і інш.), яму прысвечаны творывыяўл. мастацтва (Л.Карачы, П.П.Рубенс, Я.Іорданс і інш.) і музыкі (Л.Бетховен, А.М.Скрабін і інш.).
Праметэй стварае першага чалавека (справа багіня Афіна). Фрагмент рэльефу саркафага. 3 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТАСЕ́НЯ (Іван Міхайлавіч) (н. 1.2.1931, в. Знамя Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. мастак-акварэліст. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1957), Маскоўскі паліграф.ін-т (1965).
З 1958 працаваў у Дзярж. к-це па тэлебачанні і радыёвяшчанні, у выд-вах «Ураджай», «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя», у 1985—2000 у час. «Работніца і сялянка». Творы вылучаюцца дакладнасцю малюнка, тонкім пачуццём колеру, змястоўнай і эмац. напоўненасцю. Аўтар пейзажаў «Лагойшчына» (1969), «Навальніца над Нараччу» (1972), «Стары Браслаў» (1976), «Восень у Вязынцы» (1980), «Вечны кліч. Адвечнае» (1982), «Вячэрні звон» (1998) і інш. Сярод тэматычных карцін: «Мелодыя роднага краю» (1969), «Случчына мая, мае бацькі» (1971), «Маці. Прысвячаецца Н.Ф.Купрыянавай і яе сынам» (1975), «Вяселле ў Падгор’і» (1978), «Набат 1863 г. К.Каліноўскі і Марыся» (1989), «Трывожныя сны ветэрана» (1995); трыпціх «Балада» (памяці А.Міцкевіча; 1998); партрэтаў П.Броўкі і «Думы Цёткі (Алаіза Пашкевіч)» (1976), «Кірыла Тураўскі» (1979), «Развітанне ў Ляўках Я.Коласа і Я.Купалы» (1982), «Кветкі Радзімы. Францыск Скарына» (1988), «Асветніца Ефрасіння Полацкая» (1990), «Партрэт бацькі» (1999). Аўтар серый помнікаў стараж. архітэктуры Беларусі (1979—81), «Акорды роднай мелодыі» (2000), малюнкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́Ў (Яраслаў Фёдаравіч) (н. 11.6.1942, г. Буда-Кашалёва Гомельскай вобл.),
бел. спявак (бас). Нар.арт. Беларусі (1984). Скончыў Бел. кансерваторыю (1974). З 1973 у Нац.акад. т-ры оперы Беларусі. Валодае моцным голасам прыемнага тэмбру, шырокага дыяпазону, сцэнічнай абаяльнасцю. Творчасці ўласцівы тэмперамент і шчырасць у перадачы пачуццяў, глыбокае пранікненне ў вобраз, гранічная выразнасць кожнага характару. Стварыў запамінальныя эпічна-велічныя, глыбока драм. і разам з тым чалавечныя вобразы. Сярод партый: Найміт («Сівая легенда» Дз.Смольскага), Дварэцкі («Візіт дамы» С.Картэса), Рыгор («Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана), Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Канчак, князь Ігар, Галіцкі («Князь Ігар» А.Барадзіна), Грэмін, кароль Рэнэ («Яўген Анегін», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Іван Сусанін («Іван Сусанін» М.Глінкі), Кутузаў («Вайна і мір» С.Пракоф’ева), Барыс Гадуноў («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Сальеры («Моцарт і Сальеры» М.Рымскага-Корсакава), Філіп П, Рамсіс, Спарафучыле, Мантэроне («Дон Карлас», «Аіда», «Рыгалета» Дж.Вердзі), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Бартала (Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Зарастра («Чароўная флейта» В.А.Моцарта). У канцэртным рэпертуары бел. і рус.нар. песні, творыбел. кампазітараў.