ПО́СТАВАНГАРД (ад пост... + авангард),
неаавангард, у музыцы ўмоўная назва розных плыней сучаснага зах.-еўрапейскага муз. мастацтва, для якіх характэрна адмаўленне ад эстэт. установак авангарда. Тэрмін зацвердзіўся ў канцы 1960-х г. Выявіўся ў змешванні розных стыляў (гл. Полістылістыка), тэхнік пісьма ў адным творы (напр., «Атмасферы» Дз.Лігеці). Разрыў паміж пераўскладненай авангарднай музыкай і ўспрыманнем яе публікай прывёў да ўзнікнення музыкі мінімалістаў з культам прастаты, звароту да традыц. музыкі ўсх. культур з іх запаволеным успрыманнем часу. Для П. характэрны пошук новых уласцівасцей гуку (у галіне санорыкі, мікрахраматыкі, электроннай музыкі), панаванне т.зв. афармальнай музыкі: «адкрытых» твораў, ці якія «развіваюцца» (усе віды алеаторыкі, «момантавая музыка», «жывая электронная музыка», «музыка дзеяння» і інш., у якіх муз. твор прадстаўлены не як вынік творчай дзейнасці, а як працэс). Яскравыя вынаходніцтвы П. — формульная, мультыформульная і суперформульная кампазіцыі. Рысы П. найб. уласцівы творчасці кампазітараў Л.Берыо, Г.Генцэ, К.Штокгаўзена, П.Булеза, Л.Нона. У бел. музыцы П. у чыстым выглядзе не знайшоў увасаблення, пэўныя яго прыёмы выкарыстоўваюць А.Сонін («Прысвячэнне Сапфо»), Дз.Смольскі («Актафонія») і інш.
Літ.:
Соколов А.С. Музыкальная композиция XX в.: Диалектика творчества. М., 1992.
В.С.Клакоцкая.
т. 12, с. 516
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)