ЛУЦЭ́ВІЧ (Уладзіслава Францаўна) (25.12.1891, в. Вішнева Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 25.2.1960),
бел.літ.-знавец і культ. дзеяч. Засл. дз. культ. Беларусі (1959). Жонка Я.Купалы. Скончыла Віленскую гімназію (1906), пед. курсы ў Варшаве (1908). Працавала выхавацельніцай дзіцячага прытулку ў Вільні. Вяла прапаганду ў рабочых гуртках (у 1909 і 1911 прыцягвалася да суда). У 1914 арганізоўвала прытулак для дзяцей бежанцаў. Прапагандавала бел. л-ру, друкавала вершы ў «Нашай ніве». У 1916 выйшла замуж за Я.Купалу. З 1919 у Мінску, працавала інспектарам дашкольных устаноў Наркамасветы БССР, выхавацельніцай і педагогам-метадыстам дзіцячых устаноў, на радыё. У 1944—60 дырэктар Літ. музея Я.Купалы. Складальнік зб-каў матэрыялаў пра жыццё і творчасць Я.Купалы «Янка Купала» (1952, з В.Тарасавым), «Любімы паэт беларускага народа» (1960), «Янка Купала ў беларускім мастацтве» (1958), «Бібліяграфія твораў Янкі Купалы» (ч. 1, 1955, з Н.Г.Кудраўцавай). Аўтар артыкулаў і ўспамінаў пра Я.Купалу, успамінаў пра З.Бядулю, Цётку. Сабрала і апрацавала «Народныя дзіцячыя песенькі» (1939), склала «Дашкольны спеўнік» (1928, з А.Савёнак), «Зборнік вершаў для дашкольных устаноў» і «Для маленькіх» (абодва 1940), апрацоўвала нар. казкі.
Тв.:
Янка Купала ў Вільні // Беларусь. 1945. № 6;
Мае ўспаміны пра Змітрака Бядулю // Там жа. 1946. № 11—12;
3 успамінаў аб Янку Купалу // Янка Купала. Мн., 1955;
Новыя матэрыялы пра Янку Купалу // ЛіМ. 1959. 30 мая.
Літ.:
Раманоўская Я. Акрыленая песняй // Полымя. 1971. № 12;
Андрэева Е. Педагог і грамадскі дзеяч // Там жа. 1982. № 7;
Тарасава Т. Песня вернасці // Дзень паэзіі—82. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЕ НАРО́ДНАЕ АПАЛЧЭ́ННЕ 1941,
ваенізаванае фарміраванне, створанае паводле рашэння Магілёўскага абкома КП(б)Б у адпаведнасці з дырэктывай ЦККП(б)Б і СНКБССР ад 30.6.1941. Налічвала ў горадзе больш за 10 тыс.чал., аб’яднаных у батальёны. Створаны 2 штабы — гарадскі і абласны. Камандаваў нар. апалчэннем абласны ваен. камісар І.П.Ваяводзін. Атрады дзейнічалі на гарбарным, аўтарамонтным, косцеперапрацоўчым з-дах, чыг. вузле, у пед. ін-це і інш., сфарміраваны батальён (камандзір К.Р.Уладзіміраў) і атрад (Дз.С.Вольскі) з супрацоўнікаў абл. ўпраўлення НКУС і міліцыі. Апалчэнцы вобласці (каля 12 тыс.чал.) вялі барацьбу з дыверсантамі і шпіёнамі, ахоўвалі лініі сувязі і прамысл. аб’екты, удзельнічалі ў эвакуацыі насельніцтва і прадпрыемстваў, у стварэнні абарончых рубяжоў. 3—26 ліп. разам з часцямі і падраздзяленнямі Чырв. Арміі горад абаранялі апалчэнцы: на 3 дзейнічалі атрады ф-кі штучнага шоўку (страціў палову свайго складу), гарбарнага і косцеперапрацоўчага з-даў, на ПнЗ — батальёны супрацоўнікаў міліцыі (з 250 чал. жывымі засталіся 19), і знішчальны (камандзір М.І.Калугін), атрады чыг. вузла, з-даў трубаліцейнага і «Адраджэнне»; на левым беразе Дняпра (прыкрывалі тыл) атрады Вольскага (загінулі ўсе), аўтарамонтнага з-да, мясакамбіната і інш. прадпрыемстваў, пед. ін-та (гл.Магілёва абарона 1941). Выкарыстаўшы перавагу ў сілах і сродках, ням. захопнікі 26 ліп. ўварваліся ў Магілёў. Вайскоўцы і апалчэнцы пакінулі горад. Многія з іх прадаўжалі барацьбу ў радах Чырв. Арміі, партыз. атрадах і падполлі. На брацкіх магілах апалчэнцаў у Магілёве і пас. Гаі пастаўлены помнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ КА́ФЛЯ,
архітэктурна-дэкаратыўная кераміка 15 — пач. 20 ст., якую выраблялі цаніннікі з г. Магілёў. Кафля канца 15—16 ст. гаршковая, з круглым вусцем, некаторыя вырабы пакрыты знутры зялёнай палівай. Кафля канца 16—20 ст. каробчатая (тэракотавая, зялёная паліваная, паліхромная). У аздабленні паліхромнай кафлі 17 ст. выкарыстоўвалі белую, зялёную, блакітную, карычневую, жоўтую паліву. У канцы 16—1-й пал. 17 ст. выраблялі кафлю з двухпрыступкавай рамкай на вонкавай пласціне. Паводле тыпаў і прызначэння М.к. падзяляецца на сценавую, карнізную (простую, складаную і інш.), паясную, вуглавую, кафлі-перамычкі, гарадкі (каронкі). У аздабленні пашыраны расл. (выява букета кветак у вазе, дубовыя і лаўровыя лісты, бутон хмелю і інш.) і геам. (зігзагі, сетка, «рыбіна луска» і інш.) арнаменты, сюжэтныя, зааморфныя, геральдычныя, міфалагічныя выявы (ільвы, арлы, грыфоны, анёлы, коннікі, гербы і інш.). У трактоўцы расл. арнаменту, які часта спалучаўся з геам., адметны ўплыў маньерызму (вырабы канца 16—1-й пал. 17 ст.), барока (сярэдзіна — 2-я пал. 17 ст.). Некаторыя кафлі датаваныя. Кафлю канца 17 — пач. 18 ст. часта аздаблялі т.зв. дывановым арнаментам, рэльефнымі выявамі. Кафля канца 18—19 ст. мае гладкую вонкавую пласціну, пакрытую пераважна зялёнай палівай. У канцы 19 — пач. 20 ст. паверхню вонкавай пласціны аздаблялі складаным рэльефным малюнкам.
Літ.:
Володько Р.Ф. Белорусские изразцы. Мн., 1978;
Трусаў А.А., Чарняўскі І.М., Кукуня В.Р. Архітэктурна-археалагічныя даследаванні гістарычнага цэнтра Магілёва // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1983. № 5.
А.А.Трусаў, І.М.Чарняўскі.
Магілёўская кафля. Паліваная кафля з выявай картуша. 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЁРЫ, Мёры, Міры, Меры,
горад, цэнтр Міёрскага р-на Віцебскай вобл., на беразе Мёрскага возера; чыг. станцыя на лініі Друя—Варапаева. За 190 км ад Віцебска. Аўтадарогамі злучаны з Дзіснай, Верхнядзвінскам, Браславам, Шаркаўшчынай. 9,3 тыс.ж. (1998).
Упершыню ўпамінаецца ў 1548 як паселішча ў Браслаўскім пав.ВКЛ. У попісе войска ВКЛ 1567 згадваецца як маёнтак Мёры (назва да 19 ст.). У 18 ст. існавала 5 маёнткаў пад назвай Мёры, якія належалі Мірскім, Перасвет-Солтанам, Беліковічам, Клотам, Зіновічам, Пуцятам. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) М. ў Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Дзісенскага пав. Мінскай, з 1842 Віленскай губ. У 1886 у М. 110 ж., у 1903—145 ж. З 1922 М. ў складзе Польшчы, мястэчка, цэнтр. гміны Дзісенскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 вёска, цэнтр Міёрскага раёна Вілейскай вобл. У Вял.Айч. вайну 3.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў М. 662 чал. Вызвалены 4.7.1944 войскамі 1-га Прыбалт. фронту разам з партызанамі брыгады імя Калініна Вілейскага злучэння ў ходзе Полацкай аперацыі 1944. З 1944 у Полацкай, з 1954 у Маладзечанскай, з 1960 у Віцебскай абл. З 7.8.1957 гар. пасёлак, у 1959—1,9 тыс.ж., у 1970—5,7 тыс.ж. З 7.8.1972 горад.
Прадпрыемствы харч., камбікормавай, пач. апрацоўкі лёну прам-сці. Міёрскі гісторыка-этнаграфічны музей. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, курган Славы, помнік Вызвалення. Помнік архітэктуры — Міёрскі Успенскі касцёл (1907).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЛІ́БАКІНалібокі,
вёска ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл., на скрыжаванні аўтадарог г.п. Івянец — в. Шчорсы і г. Стоўбцы — в. Налібакі. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 45 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Стоўбцы, 83 км ад Мінска. 691 ж., 254 двары (1999).
Вядома з 1447. Належала Гедыголдавічам, Кезгайлам, Завішам, Шэметам, Радзівілам, якія пабудавалі тут касцёл (1636); з сярэдзіны 19 ст. — Вітгенштэйнам, Гогенлое. У 16 ст. цэнтр воласці Навагрудскага пав. У 17—18 ст. вакол двара сфарміравалася вёска (у 1727 у Н. 62 двары), уваходзіла ў Ашмянскі пав. Віленскага ваяв. У 1720-я г. каля Н. заснавана гута (гл.Налібоцкая шкляная мануфактура). З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Ашмянскага пав. У 2-й пал. 19 ст. — мястэчка. У 1897 у ім 270 ж., 42 двары, у вёсцы 1519 ж., 224 двары, касцёл, малітоўны дом, 2 школы, бальніца, валасны суд, карчма. З пач. 20 ст. Н. — вёска, 1789 ж., нар. вучылішча, касцёл. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны Стаўбцоўскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, у 1940—54 і з 1963 цэнтр сельсавета, у 1940—54 у Івянецкім р-не Баранавіцкай вобл., з 1963 у Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл. У Вял.Айч. вайну партызаны правялі тут Налібоцкія баі 1942, 1943; ням.-фашысты ў ліп. 1943 спалілі вёску і загубілі 109 яе жыхароў.
Аграфірма «Налібокі». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Касцёл. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЕ АПАЛЧЭ́ННЕў Вялікую Айчынную вайну,
добраахвотныя ваен. і ваенізаваныя фарміраванні з асоб, якія не падлягалі першачарговаму прызыву па мабілізацыі; адна з форм масавага ўдзелу народа ў абароне Радзімы. Ініцыятыва арганізацыі апалчэння належала жыхарам Ленінграда. Стваралася ў 1941—42 у Маскве, Ленінградзе і інш. гарадах. Складалася з дыв., палкоў, батальёнаў, у т. л. знішчальных. На Беларусі з першых дзён вайны грамадзяне непрызыўнога ўзросту звярталіся ў ваенкаматы, парт. і камс. арг-цыі з просьбай накіраваць іх на фронт. Таму 2.7.1941 ЦКВКП(б) і 6.7.1941 СНКБССР і ЦККП(б)Б прынялі рашэнні аб стварэнні з добраахвотнікаў Н.а. Фарміраванне падраздзяленняў і часцей Н.а. на Беларусі пачалося з ліп. 1941 (прымалі грамадзян ад 17 да 55-гадовага ўзросту). Камандаванне франтоў дапамагала камплектаваць падраздзяленні Н.а. камсаставам. У прыфрантавых раёнах ствараліся знішчальныя батальёны (іх было 78, больш за 13 тыс.чал.). Летам 1941 арганізавана больш за 200 атрадаў Н.а. (больш за 33 тыс. чал), якія ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы абарончых рубяжоў, знішчэнні жывой сілы і тэхнікі ворага, абясшкоджванні іх дыверсійных груп і інш. (гл.Віцебскае народнае апалчэнне 1941, Гомельскі полк народнага апалчэння, Магілёўскае народнае апалчэнне 1941). Для мясц. самаабароны ствараліся камуніст. рабочыя палкі і батальёны. Пры адыходзе Чырв. Арміі частка байцоў Н.а. ўключалася ў яе рады, а тыя, хто заставаўся на акупіраванай тэрыторыі, пераходзілі да партыз. або падп. метадаў барацьбы.
А.С.Жліуроўскі, І.А.Літвіноўскі.
Байцы Гомельскага народнага апалчэння на перадавой пазіцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАНЭ́ЧКА,
вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Змейка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 34 км на ПнУ ад г. Баранавічы, 236 км ад Брэста, 21 км ад чыг. ст. Пагарэльцы. 647 ж., 283 двары (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі архітэктуры — Паланэчкаўскі палацава-паркавы ансамбль, Паланэчкаўскі Юр’ёўскі касцёл.
Вядома з 16 ст. як мястэчка ў Навагрудскім пав. Належала Рудамінам-Дусяцкім, потым Радзівілам, пры якіх пабудаваны палац. З 1795 у складзе Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. ў Жухавіцкай вол. Навагрудскага пав. У 1845 пад апякунствам К.Радзівіла ў П. знаходзілася рэдакцыя час. «Народ і час», які выдаваў Я.Філіповіч (выйшаў 1 нумар). У час паўстання 1863—64 у наваколлі П. дзейнічалі паўстанцкія атрады. У сярэдзіне 1880-х г. пад назвай П. былі 3 нас. пункты: мястэчка (454 ж., 62 двары, касцёл, капліца, земскае нар. вучылішча, вадзяны млын, крама), вёска (9 двароў) і маёнтак. У пач. 20 — сяло (459 ж., 89 двароў) і маёнтак (29 ж.). З 1921 у складзе Польшчы, мястэчка (523 ж., 99 двароў, цэнтр гміны Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв.) і фальварак (77 ж., 9 дамоў). З 1939 у БССР, вёска. З 12.10.1940 цэнтр сельсавета ў Гарадзішчанскім р-не. З 14.4.1960 у Савіцкім с/с, з 25.12.1962 у Баранавіцкім р-не. З 12.9.1986 зноў цэнтр сельсавета.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАЯ УСЕБЕЛАРУ́СКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ, Першая Усебеларуская палітычная канферэнцыя, Нацыянальна-палітычная нарада,
сход прадстаўнікоў бел. арг-цый і партый Зах. Беларусі, Германіі, Латвіі, Літвы, Польшчы і Чэхаславакіі. Адбылася 25—28 (паводле інш. крыніц 26—29). 9.1921 у Празе. У яе рабоце ўдзельнічалі 37 чал.Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў прадстаўлялі С.Баран, К.Душэўскі (Дуж-Душэўскі), Л.Заяц, А.Карабач, В.Ластоўскі, Я.Мамонька, М.Шыла; Беларускую партыю сацыялістаў-федэралістаў — В.Захарка, К.Езавітаў, П.Крачэўскі, А.Цвікевіч; Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю — Б.Тарашкевіч. Канферэнцыя прыняла рэзалюцыю аб Слуцкім паўстанні 1920, у якой перасцерагала бел. народ ад непажаданага праліцця крыві. У рэзалюцыі аб дзейнасці Б.Савінкава адзначалася, што ён «Беларускім Нацыянальным Штандарам прыкрывае авантуры польскай і расійскай рэакцыі», «не мае ніякай сувязі з беларускімі палітычнымі і нацыянальнымі арганізацыямі і з’яўляецца правакатарам беларускай дзяржаўнасці і ворагам беларускага народа». У рэзалюцыі аб дзейнасці С.Булак-Балаховіча сцвярджалася, што ён не мае ніякай падтрымкі з боку бел.нац.паліт. арг-цый і з’яўляецца «узурпатарам і авантурнікам». Асобная рэзалюцыя датычылася Рыжскага мірнага дагавора 1921. У ёй канферэнцыя пацвярджала вернасць Трэцяй Устаўнай грамаце Рады БНР. У рэзалюцыі аб дзярж. будаўніцтве Беларусі канферэнцыя абвяшчала, што Беларусь — край працоўнага сялянства, рабочых і працоўнай інтэлігенцыі, а таму павінна быць «дзяржавай працоўнага народа»; пацвярджаўся прынцып незалежнасці і непадзельнасці Беларусі. Канферэнцыя заявіла, што адзіным заканадаўчым органам Беларусі з’яўляецца Рада Беларускай Народнай Рэспублікі. Супярэчнасці ва ўрадзе БНР па пытанні аб стаўленні да БССР прывялі да правядзення Другой Усебеларускай канферэнцыі (Берлін, 1925).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́ЛАЎ БІБЛІЯТЭ́КАў Нясвіжы.
Найбуйнейшая прыватная б-ка Рэчы Паспалітай. Засн. ў 16 ст. Мікалаем Радзівілам Чорным. У б-ку паступалі кнігі з друкарань Еўропы, а таксама з асабістых, засн. ім у Нясвіжы і Брэсце. Фонд б-кі павялічыў яго сын Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка (прысылаў кнігі ў час вучобы за мяжой), паступілі зборы Радзівіл Ганны з Сангушкаў, маршалка Флемінга. Першы каталог б-кі склаў у сярэдзіне 17 ст. Альбрыхт Радзівіл. У сярэдзіне 18 ст. ў б-цы 9 тыс. тамоў, у 1772 — больш за 20 тыс., у т. л. інкунабулы, палеатыпы, антычная і рэнесансавая л-ра, гіст. і юрыд. выданні, палемічныя рэфармац. творы, рукапісны фонд. Афіцыйна наз. Ардынацкай б-кай. У 1772 вывезена з Нясвіжа і перададзена пецярбургскім б-кам. У 19 ст. ўладальнікі Нясвіжскага замка стварылі новую б-ку, у якой архіварыусамі і бібліятэкарамі працавалі М.Маліноўскі, У.Сыракомля, М.Богуш-Шышка. У 1864 у б-ку паступілі кнігі з закрытых у Нясвіжы кляштараў бернардзінцаў і бенедыкцінак. У 1880 Антон і Марыя Радзівілы перавезлі з Берліна б-ку, якая стала гал. часткай новага Нясвіжскага збору кніг і мела асобны экслібрыс. У 1-ю сусв. вайну разрабавана, рэшткі б-кі ў 1940 перададзены АНБССР. У Вял.Айч. вайну вывезена ў Германію, у 1945—46 разрозненыя часткі вернуты на Беларусь і захоўваюцца ў Мінску ў Бібліятэцы Цэнтральнай навуковайНац.АН Беларусі, Бібліятэцы Нацыянальнай Беларусі, Бібліятэцы Прэзідэнцкай, Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДУНЬ,
гарадскі пасёлак у Воранаўскім р-не Гродзенскай вобл. За 30 км ад Воранава, 93 км ад Гродна, 24 км ад чыг. ст. Бастуны на лініі Вільнюс — Ліда. Вузел аўтадарог на Вільнюс, Ліду, Іўе, Васілішкі, Астрыну. 3,1 тыс.ж. (2000).
Упершыню ўпамінаецца ў 1387 у грамаце Ягайлы як горад Радыня, цэнтр воласці. У 14—17 ст. непадалёк ад Р. існаваў Радунскі замак. Паводле перапісу 1538, у мястэчку Р. 7 вуліц, рынак, 43 крамы, 210 дамоў хрысціян. Цэнтр староства, далучанага ў 1568 да Лідскага пав. У 1649 Р. атрымала магдэбургскае права і ўласны герб: у сярэбраным полі выява чырв. рака. У 2-й пал. 18 ст. прыватнае ўладанне. З 1795 у Рас. імперыі, у Лідскім пав. Слонімскага намесніцтва, з 1801 у Віленскай губ. У 1897 у Р. 1621 ж., 313 дамоў, гарбарны з-д, млын, нар. вучылішча. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Лідскага пав. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 вёска, цэнтр Радунскага раёна. З чэрв. 1941 да 13.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія вясной 1942 расстралялі тут 1137 чал. З 30.4.1958 гар. пасёлак. З 25.12.1962 у Воранаўскім р-не.
Працуюць малочны і гароднінасушыльны з-ды, каўбасны цэх, хлебапякарня, камбінат быт. паслуг, прадпрыемства электрасетак; 2 сярэднія і музычная школы, школа-інтэрнат, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, аптэка. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан і супрацоўнікаў органаў дзярж. бяспекі, магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.