КА́МЕНКА,
вёска ў Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Шчучын — Скідзель. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 16 км на З ад г. Шчучын, 45 км ад Гродна, 19 км ад чыг. ст. Скідзель. 643 ж., 261 двор (1997).
У 2-й пал. 16 ст. К. — маёнтак на мяжы Гродзенскага і Лідскага пав. У 1580 К.Кладзінскі пабудаваў драўляны касцёл, у 1599 П.Нонгард заснаваў туг мястэчка. У 18 ст ўласнасць Тызенгаўзаў. З 1795 у Рас. імперыі У 19 ст. мястэчка, цэнтр воласці Гродзенскага пав., уласнасць Тызенгаўзаў, Урускіх, і пач. 30 ст. — Сапегаў. У 1878—411 ж, у 1897—553 ж., 73 двары, нар. вучылішча, касцёл, 2 малітоўныя яўр. дамы, 8 крам, карчма, 8 кірмашоў на год. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Шчучынскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета ў Шчучынскім р-не. З 23.5.1962 да 25.12.1962 у Скідзельскім р-не. У 1971—530 ж., 180 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Каменкаўскі Антоніеўскі касцёл (1908).
т. 7, с. 512
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)