КАНВЕ́ЛІШКІ,

вёска ў Воранаўскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 21 км на ПнУ ад г.п. Воранава, 144 км ад Гродна, 9 км ад чыг. ст. Беняконі. 458 ж., 148 двароў (1998).

Вядомы з 2-й пал. 17 ст. як маёнтак Калвелішкі (двор, вёска і мяст. Смолінск) у Ашмянскім пав., што належаў Пражмоўскім, у 18 ст. — Храптовічам, з 1786 — Янкоўскім, з 1850-х г. — Умястоўскім. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 ст. ў Дзевянішкаўскай вол. Ашмянскага пав. У 1880-я г. ў мястэчку 144 ж.. 4 крамы, карчма, бровар. У 1920—22 у складзе Сярэдняй Літвы, у 1922—39 у Польшчы. мястэчка і вёска Дзевянішкаўскай гміны Ашмянскага пав. У 1921 у мястэчку 180 ж., 39 двароў, у вёсцы 144 ж., 25 двароў. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Воранаўскага р-на. У пасляваенны час мястэчка і вёска зліліся. У 1971—170 ж., 55 двароў.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — драўляны касцёл Сэрца Ісуса (1916).

В.У.Шаблюк.

т. 7, с. 574

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)