ІНДУР́А,

вёска ў Гродзенскім р-не, на аўтадарозе Гродна—Ваўкавыск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на Пд ад горада і чыг. ст. Гродна. 1574 ж., 552 двары (1997).

У пач. 16 ст. двор маршалка ВКЛ Я.​Я.​Давойнавіча, які да 1525 заклаў тут мястэчка. З 2-й пал. 16 ст. ўласнасць Кішкаў, Радзівілаў, Пацаў, Валовічаў, Агінскіх, Салагубаў, Масальскіх і інш. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 ст. цэнтр воласці Гродзенскага пав. У 1897—2681 ж., 314 двароў, царква, касцёл, сінагога, 4 яўр. малітоўныя дамы, прыходскае вучылішча, фельч. пункт, бровар, 2 вінакурні, 16 майстэрняў, вапнавы з-д, 8 корчмаў У 1921—39 у складзе Польшчы, мястэчка Гродзенскага пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 1.5.1940 гар. пасёлак, з 1940 цэнтр сельсавета Гродзенскага р-на, з 29.12.1949 вёска. У 1971—1549 жыхароў.

Сярэдняя і муз. школы, клуб, б-ка, бальніца, аптэка, Дом быту, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік архітэктуры Індурскі Троіцкі касцёл (1825). Царква. На ўскраіне вёскі археал помнік Індура.

т. 7, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)