ПО́ШЛІНА ДЗЯРЖА́ЎНАЯ,

грашовы збор, які спаганяецца дзярж. органамі з грамадзян, устаноў і арг-цый за пэўныя віды паслуг. На Беларусі парадак спагнання П.дз. рэгулюецца Законам «Аб дзяржаўнай пошліне» ад 10.1.1992. П.дз. бярэцца: у суд. установах пры падачы іскавых заяў, заяў і скарг, за выдачу копій дакументаў; у органах пракуратуры пры падачы наглядных скарг на судовыя пастановы, а таксама за выдачу копій дакументаў; у натарыятах і выканкомах мясц. Саветаў за натарыяльныя дзеянні, выдачу дублікатаў натарыяльна засведчаных дакументаў, складанне праектаў здзелак і заяў, выраб копій дакументаў і выпісак з іх; у органах ЗАГСа за рэгістрацыю актаў грамадзянскага стану і інш.; у органах мін-ва унутр. спраў за выдачу дакументаў на права выезду за мяжу, выязных і ўязных віз, з заяў аб прыёме ў грамадзянства Рэспублікі Беларусь і выхадзе з яго, за прапіску грамадзян і ў некат. інш. выпадках. Стаўкі П.дз. устанаўліваюцца СМ Беларусі. Законам аб П.дз. вызначана кола ўстаноў і грамадзян, якія вызваляюцца ад выплаты П.дз. П.дз. выплачваецца наяўнымі грашамі, пошліннымі маркамі, а таксама шляхам пералічэнняў з рахунка плацельшчыка ў банку. З тавараў, якія перавозяць праз дзярж. граніцу, спаганяецца пошліна ў адпаведнасці з мытнымі тарыфамі.

Г.​А.​Маслыка.

т. 12, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСЕ́ЙН (франц. bassin),

1) басейн паркавы — штучны вадаём, элемент садова-паркавага мастацтва і архітэктуры.

2) басейн спартыўны — натуральны або штучны вадаём для вучэбна-трэніровачных заняткаў і спаборніцтваў па плаванні, водным пола і скачках у ваду. Натуральныя басейны робяць на спакойных участках (з роўным дном, без віроў) рэк, азёраў і вадасховішчаў. Штучныя басейны бываюць адкрытыя, закрытыя ці камбінаваныя. У кампазіцыі будынкаў закрытых басейнаў гал. элемент — зала для плавання, трыбуны для гледачоў, дапаможныя памяшканні. Размяшчаюць у асобных будынках ці ў будынках інш. прызначэння (навуч. установах, дамах і палацах культуры, прамысл. прадпрыемствах і інш.). Найб. спарт. басейн на Беларусі — Воднаспартыўны камбінат рэспубліканскі ў Мінску.

Буйныя басейны ўключаюць ванну для плавання і воднага пола памерам 50 × 21 м, глыб. 1,8—2,3 м, ванну для скачкоў у ваду даўж. 18—20 і шыр. 14 × 21 м, глыб. 3,5—5,5 м, па баках 5-, 7,5- і 10-метровыя вышкі і 1- і 3-метровыя трампліны; дзіцячыя ванны звычайна меншых памераў і глыб. 0,6—1,2 м. Вада ў басейне павінна адпавядаць пэўным сан. нормам і падлягае перыядычнай змене і кантролю. Тэмпература вады ў агульнай ванне 22—23 °C, у дзіцячай і для скачкоў 26—27 °C.

Да арт. Басейн. Рэспубліканскі воднаспартыўны камбінат у Мінску.

т. 2, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДУКА́ЦЫЯ АГУ́ЛЬНАЯ,

працэс і вынік авалодання асновамі навук, неабходнымі чалавеку для разумення з’яў прыроды і грамадства. Аснова політэхн. і прафес. адукацыі. Адукацыю агульную атрымліваюць у навуч. установах і самаадукацыяй. Асн. структурнай адзінкай у сістэме адукацыі з’яўляецца агульнаадук. школа (дзярж., грамадскія і прыватныя). На аснове Статута сярэдняй агульнаадук. школы ў Рэспубліцы Беларусь дзейнічаюць пачатковыя (1—4-ы кл.), 9-гадовыя (базавыя; 1—9-ы кл.), сярэднія агульнаадукацыйныя школы (1—11, 12-ы кл.), з паглыбленым вывучэннем прадметаў, школы-інтэрнаты, спец. школы, ліцэі, гімназіі; для працоўнай моладзі створаны вячэрнія (пазменныя) сярэднія агульнаадукац. школы. Змест адукацыі агульнай вызначаецца агульнадзярж. (абавязковым стандартам для пэўнага ўзроўню адукацыі) і школьным (устанаўліваецца з улікам сац.-эканам. абставін, інтарэсаў вучняў) кампанентамі. Базісная частка вучэбных планаў і праграм адукацыі агульнай уяўляе сабой сукупнасць абавязковых і даступных для ўсіх вучняў ведаў і ўменняў, неабходных адукаванаму чалавеку незалежна ад яго прафесіі. Дыферэнцыяцыя навучання праводзіцца на розных узроўнях складанасці з улікам выяўленых здольнасцяў. На розных этапах развіцця грамадства існуе пэўны сац. неабходны і агульнадаступны ўзровень адукацыі. На Беларусі гэта 9-гадовая (базавая) адукацыя, якая гарантуецца дзяржавай. У 1994/95 навуч. г. на Беларусі 5062 агульнаадук. школы, у т. л. 4971 дзённая і 91 вячэрняя (пазменная), у якіх 1561,8 тыс. вучняў.

М.​С.​Фяськоў, А.​А.​Канавальчык.

т. 1, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАШКО́ЛЬНАЕ ВЫХАВА́ННЕ І НАВУЧА́ННЕ,

выхаванне і навучанне дзяцей у сям’і і дашкольных установах да паступлення ў школу. У адпаведнасці з Законам «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» (29.10.1991) вядучая роля ў гэтым належыць сям’і. У дапамогу ёй ствараюцца дашкольныя ўстановы, куды дзеці паступаюць пераважна з трох гадоў, у асобных выпадках з больш ранняга ўзросту (2 месяцы). З улікам патрэб сям’і, яе культ., нац., этнічных асаблівасцей створаны дашкольныя ўстановы розных відаў (дзярж., прыватныя, мяшаныя, калектыўныя) і тыпаў (яслі, дзіцячыя сады, яслі-сады, школы — дзіцячыя сады, цэнтры развіцця дзяцей). Паводле прызначэння яны падзяляюцца на дашкольныя ўстановы агульнага развіцця дзіцяці, з паглыбленымі кірункамі ў рабоце (эстэт., фіз. выхавання і інш.), па доглядзе, назіранні і аздараўленні, кампенсоўныя (для дзяцей, якія маюць патрэбу ў карэкцыі фіз. і псіхічнага развіцця), камбінаваныя. Выхаваўча-навуч. работа праводзіцца па праграме дашкольнага выхавання з улікам фіз. і псіхічных асаблівасцей дзяцей. Асн. ўвага аддаецца ахове і ўмацаванню здароўя дзяцей, абароне іх ад неспрыяльнага экалагічнага ўплыву, фарміраванню належных маральных рыс, нац. самасвядомасці, выяўленню задаткаў і здольнасцей дзяцей і стварэнню ўмоў для іх мэтанакіраванага развіцця. Кадры для дашкольных устаноў рыхтуюць Беларускі педагагічны універсітэт, Брэсцкі універсітэт, Віцебскі універсітэт, пед. ін-ты ў Магілёве, Мазыры, каледжы ў Барысаве, Гомелі, Магілёве, Полацку, Салігорску, пед. вучылішчы ў Гродне, Лідзе, Мінску, Пінску, Рагачове.

С.​І.​Палякевіч, А.​В.​Маслава.

т. 6, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́ПІУС (Яўген Уладзіміравіч) (7.7.1903, г. Пушкін Ленінградскай вобл., Расія — 5.6.1985),

рускі музыказнавец-фалькларыст. Д-р мастацтвазнаўства (1958), праф. (1944). Скончыў Ін-т гісторыі мастацтваў (1924) і кансерваторыю (1928) у Ленінградзе. У 1927—43 працаваў у навук. установах і ВНУ Ленінграда і Масквы. Заснавальнік і навук. кіраўнік (1927—43) Фонаграмархіва АН СССР (Ін-т рус. л-ры — «Пушкінскі дом»). Удзельнік фалькл. экспедыцый, у т. л. на Бел. Палессі (1934). Распрацаваў тэарэт. праблемы збірання, натавання, акустычнага вымярэння гукавышыннага ладу нар. напеваў, займаўся пытаннямі сістэмнай тыпалогіі, параўнальным вывучэннем лакальных меладычных стыляў муз. фальклору рускіх, беларусаў, фіна-угорскіх і цюрк. народаў у іх гіст. развіцці, даследаваў інтэрнац. вытокі рус. рэв. песень. Рэдактар многіх фалькл. выданняў, у т. л. «Песні беларускага народа» (т. 1, 1940, з З.​Эвальд), «Беларускія народныя песні» (1941, «Песні народаў СССР»), «Песенная культура беларускага Палесся» З.​Мажэйкі (1971), «Песні беларускага Палесся» Эвальд (1979).

Тв.:

Интонационные элементы русской частушки // Советский фольклор. М.; Л., 1936. № 4—5;

Песни Пинежья. Кн. 2. М., 1937 (разам з З.​Эвальд);

Белорусский песенный фольклор (разам з З.​Эвальд) // Сов. музыка. 1940. № 4;

Сборники русских народных песен М.​А.​Балакирева // Балакирев М.А. Русские народные песни. М., 1957;

«Эй, ухнем» — «Дубинушка»: История песен. М., 1962.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 5, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КААРДЫНАЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т БЕЛАРУ́САЎ КАНА́ДЫ (ККБК),

бел. нац. арг-цыя. Створана 16.1.1966 у г. Таронта. Заснавальнікі — Згуртаванне беларусаў Канады, Беларускае нацыянальнае аб’яднанне, Бел. самапомач (г. Ошава). З 1971 да ККБК далучыліся Саюз бел. моладзі Канады і Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Канадзе, пазней — Згуртаванне беларусаў Квебека, Бел. клуб у Брыт. Калумбіі, парафія св. Кірылы Тураўскага ў Таронта. У розны час ККБК узначальвалі В.Жук-Грышкевіч (1966—69), Я.​Пітушка (1969—70), Б.Рагуля (1970—89), з 1989 — Р.Жук-Грышкевіч. Кіруючы орган — выканаўчы к-т. Асн. кірункі дзейнасці — каардынацыя дзейнасці бел. арг-цый у Канадзе, знешняе нац. прадстаўніцтва ў канадскіх дзярж. і грамадскіх установах, супрацоўніцтва з прадстаўнікамі інш. нацыянальнасцей краіны, культ.-асв. праца, дапамога новым бел. эмігрантам, ахвярам Чарнобыльскай катастрофы і інш. Па ініцыятыве ККБК з 1970 у Канадзе штогод афіц. адзначаецца Дзень незалежнасці Беларусі (25 сак.), з 1979 беларусы вылучаны самаст. этн. групай, а бел. мову перасталі лічыць дыялектам рускай. Намаганнямі ККБК у 1989 засн. Канадскі фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі. У 1973 пры ККБК засн. выдавецкі фонд, які пры падтрымцы Фонду бел. падручнікаў і субсідыі Федэральнага ўрада выдаў англамоўны падручнік В.​Пашкевіч «Беларуская мова» (т. 1—2, 1974—78). ККБК аказаў фін. дапамогу пры выданні кн. «Курапаты» (Нью-Йорк, 1993).

А.​С.​Ляднёва.

т. 7, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАРНЕ́Т [франц. clarinette ад лац. clarus ясны (гук)],

драўляны духавы язычковы муз. інструмент. Складаецца з дзюбападобнага муштука з прымацаваным да яго трысняговым ці бамбукавым язычком, кароткай пашыранай часткі, верхняга і ніжняга кален з пальцавымі адтулінамі (7) і клапанамі (каля 20) і раструба. Сярод рэгістравых разнавіднасцей найб. пашыраны К. малы (пікала), сапранавыя, альт (басетгорн), бас-кларнет.

Прафес. К. створаны ў Германіі каля 1700 на аснове франц. нар. інструмента шалюмо (тыпу бел. жалейкі). Выкарыстоўваецца як сольны, ансамблевы і аркестравы інструмент.

На Беларусі паявіўся спачатку ў прафес. практыцы (Нясвіж, Гродна, Шклоў і інш.), з 2-й пал. 19 ст. таксама і ў народнай. У нар. інстр. ансамблях К. актыўна замяняе жалейку ў спалучэнні са скрыпкай і цымбаламі або з гармонікам, скрыпкай і барабанам. Найб. характэрны для Палесся і цэнтр. раёнаў Беларусі. Творы розных жанраў для К. і камерных ансамбляў з К. у складзе стварылі бел. кампазітары Л.​Абеліёвіч, М.​Аладаў, Г.​Вагнер, В.​Войцік, Г.​Гарэлава, Я.​Глебаў, Я.​Дзягцярык, Дз.​Камінскі, П.​Падкавыраў, Р.​Сурус, Л.​Шлег і інш. Класы ігры на К. існуюць у муз. навуч. установах рознага ўзроўню.

Літ.:

Благодатов Г. Кларнет. М., 1965;

Назина И.Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Самозвучащие, ударные, духовые. Мн., 1979.

І.​Дз.​Назіна.

Кларнет.

т. 8, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЧКО́ЎСКІ (Юльян Фаміч) (25.7.1840, в. Азяты Жабінкаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 25.7.1903),

бел. фалькларыст, этнограф, гісторык і педагог. Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію (1861). Працаваў настаўнікам у Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, інспектарам нар. вучылішчаў Віленскай навуч. акругі, дырэктарам Полацкай і Туркестанскай настаўніцкіх семінарый і Віленскага настаўніцкага ін-та. У 1888—1902 старшыня Віленскай археаграфічнай камісіі. Складальнік 16-га і 20-га тамоў, аўтар прадмоў да іх і да 25-га т. Актаў Віленскай камісіі. Пад рэдакцыяй К. і з яго прадмовамі выйшлі 12-ы і 13-ы т. Археаграфічнага зборніка дакументаў (1900—02). Апублікаваў нарыс «Старая Вільна да канца XVII ст.» (1893) і зб. дакументаў «Гістарычны агляд дзейнасці Віленскай навучальнай акругі за першы перыяд яе існавання, 1803—1832» (1903). Аўтар першага грунтоўнага даследавання пра радзінны абрад беларусаў і выхаванне дзіцяці «Нарысы быту заходнярускага селяніна» (1869) і фалькл.-этнагр. зб. «Быт заходнярускага селяніна» (1874), прысвечанага сямейным (пераважна вясельным) і каляндарна-агр. абрадам беларусаў, у якім выкарыстаў больш за 300 фалькл. твораў. Распрацоўваў методыкі пед. выхавання ў навуч. установах.

Літ.:

Голуб В. Ю.Ф. Крачковский. Вильна, 1904;

Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст. Мн., 1964;

Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973.

І.​К.​Цішчанка.

т. 8, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЗІТАЦЭНО́З (ад паразіты + цэноз),

гістарычна складзеная сукупнасць паразітычных арганізмаў (паразітаў) і інш. сімбіёнтаў, якія насяляюць расліны, жывёлы і чалавека. Відавы склад П. і колькасныя суадносіны яго мікрапапуляцый могуць вар’іраваць нават у аднаго віду гаспадара. У П. могуць уваходзіць вірусы, бактэрыі, грыбы, прасцейшыя, гельмінты і некат. членістаногія. Паняцце «П.» увёў Я.Н.Паўлоўскі (1937). На Беларусі даследаванні па П. вядуцца ў Ін-це заалогіі Нац. АН Беларусі, Бел. НДІ эксперым. ветэрынарыі, Віцебскай акадэміі вет. медыцыны і інш. н.-д. установах.

Усе сучлены П. ўздзейнічаюць адзін на аднаго і на гаспадара. Узаемадзеянне паміж кампанентамі П. бывае непасрэднае (напр., прадуктамі выдзялення) і праз арганізм гаспадара (змена ўнутр. асяроддзя гаспадара або яго асобных органаў і інш.). Уздзеянне паразітычных арганізмаў — сучленаў П. — на гаспадара бывае сумарнае, калі яны не аказваюць значнага ўздзеяння адзін на аднаго (напр., аскарыды і паразітычныя нематоды на арганізм птушкі), сінергічнае, калі яны ўзаемна ўзмацняюць ўздзеянне на арганізм гаспадара, і антаганістычнае, калі ўздзеянне паразітаў адзін на аднаго зніжае іх шкоднасць для гаспадара. Даследаванні складаных узаемаадносін П. ці асобных яго кампанентаў з арганізмам гаспадара і інш. даюць магчымасць устанавіць сутнасць паразітарных і інфекц. хвароб, выбіраць метады іх лячэння і прафілактыкі. Вывучае П. паразітацэналогія. Гл. таксама Паразіталогія, Паразітызм.

Літ.:

Паразитоценология: Теоретич. и прикладные пробл. Киев, 1985.

І.​В.​Чыкілеўская.

т. 12, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПТЭ́КА (ад грэч. apothēkē склад, кладоўка),

медыцынская ўстанова, дзе рыхтуюць, захоўваюць і адпускаюць лякарствы, прадметы санітарыі, гігіены і інш. тавары мед. прызначэння. Папярэднічалі аптэцы лабараторыі для прыгатавання лекаў у краінах стараж. свету (Кітай, Егіпет, Рым). Як установы з дзярж. рэгламентацыяй дзейнасці аптэкі ўзніклі ў Багдадзе ў 8 ст., у Расіі — у 16 ст. (падпарадкоўваліся Аптэкарскаму прыказу). На Беларусі першыя аптэкі з’явіліся ў Пінску (1561), Брэсце (1566). У 16—18 ст. іх было больш за 30, у 1-й пал. 19 ст. — каля 70 прыватных і 15 казённых, у 1913 — 297. На пач. 1994 дзейнічалі каля 1200 аптэк, пачала фарміравацца сетка аптэк недзярж. формаў уласнасці. Пераважная іх большасць — дзярж. гасп.-разліковыя аптэкі (у зах. краінах пераважаюць прыватна-прадпрымальніцкія); існуюць аптэкі самастойныя (у т. л. цэнтр., раённыя), пры лячэбна-прафілакт. установах, бальнічных стацыянарах і г.д.

Асн. функцыя аптэкі — забеспячэнне насельніцтва лек. сродкамі і мед. таварамі — спалучаецца з вытв. (выраб, прыгатаванне і расфасоўка лекаў непасрэдна ў аптэцы, арганізацыя нарыхтовак і закупак лек. сыравіны ў насельніцтва), інфарм.-асветнай (звесткі аб наяўнасці прэпаратаў і іх заменнікаў, пашырэнне ведаў па санітарыі, гігіене, фармацыі, умовах захоўвання лекаў і інш.), фін. і гасп. дзейнасцю. Усім аптэкам устанаўліваецца адзіны парадак захоўвання і рэалізацыі лек. сродкаў, даводзіцца пералік прэпаратаў, на атрыманне якіх патрэбны спец. дазвол (напр. наркатычныя сродкі). Заканадаўствам Беларусі прадугледжаны льготныя формы абслугоўвання некаторых катэгорый насельніцтва.

Л.​П.​Ражкіна.

т. 1, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)