СПЕЦЫЯ́ЛЬНАСЦЬ (ад лац. specialis асаблівы),

комплекс ведаў, уменняў, набытых спец. падрыхтоўкай, вопытам работы і неабходных для працы ў межах пэўнай прафесіі (інжынер-будаўнік, інжынер-эканаміст, тэхнік-механік, урач-тэрапеўт, урач-акуліст, слесар-інструментальшчык, слесар-наладчык і інш.). Калі функцыі пэўнай С. пашыраюцца на ўсю прац. дзейнасць работніка, яна адпавядае паняццю «прафесія» (шафёр, газазваршчык, бібліятэкар і інш.). У 2001 у 44 дзярж. і 14 недзярж. ВНУ Беларусі рыхтавалі спецыялістаў па больш як 240 С. па наступных профілях: пед., тэхн., гуманітарным, эканам., прыродазнаўчанавуковым, с.-г., мед. і ваенным; у сярэдніх спец. навуч. установах — каля 170, у асн. па тых жа профілях, што і ў ВНУ. У сістэме прафес.-тэхн. адукацыі замест С. прынята назва «рабочая прафесія». У 2001 такіх прафесій было больш як 380. Гл. таксама раздзел Асвета ў арт. Беларусь.

І.​В.​Катляроў.

т. 15, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)