АДУКА́ЦЫЯ

(ад лац. educatio выхаванне),

працэс і вынік набыцця сістэматызаваных ведаў, уменняў і навыкаў у навуч. установах або самаадукацыяй. У больш шырокім плане — культурнаадукац. прастора, якая ахоплівае сям’ю, разнастайныя навуч.-выхаваўчыя і пазашкольныя ўстановы, нефармальную адукацыю, сац.-пед. інфармаструктуру, адукац. працэсы на вытв-сці і ў грамадска-культ. жыцці, самаадукацыі і інш., дзе ўзнаўляецца і ўдасканальваецца інтэлекгуальна-творчы і прафес.-кваліфікацыйны патэнцыял народа. Бел. нац. Сістэма адукацыі ўключае агульную, прафес. адукацыю, сямейнае, грамадскае выхаванне, самаадукацыю і самавыхаванне. У залежнасці ад аб’ёму і тэрмінаў навучання адрозніваюць: адукацыю агульную — пачатковы, базавы і сярэдні ўзроўні; прафесійную адукацыю — дапрафес. (прафесійная арыентацыя, адбор) і сярэдняя прафес. падрыхтоўка; вышэйшую адукацыю — падрыхтоўка спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі для розных галін навукі, тэхнікі і культуры; адукацыя дарослых (паслядыпломная адукацыя). Паводле формы навучання адукацыя бывае дзённая (стацыянарная), вячэрняя і завочная, паводле адносін да царквы — свецкая (незалежная ад уплыву царквы) і канфесійная (кантралюе царква). Змест адукацыі вызначаецца станам навукі, тэхнікі, культуры, мастацтва, міжнар. і нац. стандартамі, вучэбнымі планамі і праграмамі.

Дзярж. палітыка Беларусі ў галіне адукацыі грунтуецца на прынцыпах: даступнасць усіх відаў адукацыі; стварэнне ўмоў для выбару формаў навучання; прыярытэт агульначалавечых каштоўнасцяў; нац.-культ. аснова адукацыі; навуковасць; арыентацыя на сусв. ўзровень, вывучэнне і выкарыстанне вопыту развітых краін свету, запазычанне іх дасягненняў і стандартаў; гуманізм, увага да схільнасцяў і інтарэсаў асобы, магчымасць свабоднай самарэалізацыі; сувязь з грамадскай практыкай, якая гарантуе ўзаемадзеянне адукацыі з вытв-сцю, спрыяе сацыялізацыі асобы, яе адаптацыі да розных формаў жыццядзейнасці; экалагічная накіраванасць; адзінства навучання, духоўнага і фіз. ўдасканалення; дэмакратызм (праз яго ўсталёўваецца павага і давер паміж педагогамі, навучэнцамі і бацькамі); свецкі характар, які адначасова забяспечвае грамадзянскае навучанне і выхаванне ў дзярж. навуч. установах і ахову свабоды сумлення і веравызнання чалавека; заахвочванне адукаванасці; пераемнасць і бесперапыннасць адукацыі; выкарыстанне і развіццё нар. педагогікі беларусаў; падтрымка самаадукацыі і самавыхавання, інтэлектуальных і духоўных імкненняў асобы; абавязковасць базавай адукацыі ў якасці вызначальнага ўзроўню навучання і выхавання. Гал. мэты нац. сістэмы адукацыі: спрыянне гарманічнаму развіццю асобы, поўнай рэалізацыі яе стваральных здольнасцяў; фарміраванне і ўмацаванне нац. свядомасці і адначасова пачуцця павагі да іншых краін і народаў свету; авалоданне дзярж. мовай; захаванне і памнажэнне інтэлектуальнай уласнасці і культ.-гіст. каштоўнасцяў бел. народа і інш. нац. супольнасцяў рэспублікі; падрыхтоўка да самаст. жыцця; садзейнічанне інтэлектуальным памкненням асобы.

Усе жыхары Беларусі забяспечваюцца роўнымі правамі і магчымасцямі для атрымання агульнай і прафес. адукацыі з улікам нац. традыцый, індывід. патрэб, здольнасцяў; бясплатным навучаннем у дзярж. базавых школах, а таксама інш. навуч. установах. Нац. сістэма адукацыі падтрымлівае асабліва здольных і таленавітых дзяцей; ажыццяўляе сац. дапамогу ў навучанні дзяцей з малазабяспечаных сем’яў, з разумовымі ці фіз. недахопамі, сірот, інвалідаў з маленства, дзяцей, якія не маюць апекі бацькоў. З мэтай забеспячэння цэласнай сістэмы навуч.выхаваўчай работы па фарміраванні ўсебакова развітой асобы ў Рэспубліцы Беларусь распрацаваны шэраг заканадаўчых, дырэктыўных, нарматыўных дакументаў: законы «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» (1991), «Аб правах дзіцяці» (1993); канцэпцыі адукацыі і выхавання, выхавання ў нац. школе Беларусі, навучання, выхавання і падрыхтоўкі да жыцця дзяцей з недахопамі ў разумовым і фіз. развіцці (усе 1993), а таксама комплексная праграма развіцця адукацыі і выхавання на Беларусі на перыяд да 2000 г.

А.П.Сманцар, С.В.Снапкоўская.

т. 1, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)