О́КАМ (Ockham, Occam) Уільям (каля 1285, Окам, Вялікабрытанія — 10.4.1349), англійскі філосаф, паліт. публіцыст, прадстаўнік наміналізму, манах-францысканец. Вучыўся і выкладаў у Оксфардскім ун-це. У 1323 абвінавачаны ў ерасі, зняволены на 4 гады ў Авіньён, адкуль уцёк у Мюнхен, дзе жыў пры двары імператара Людвіга Баварскага, праціўніка папы. Змагаўся супраць панавання царквы над дзяржавай (прыхільнік размежавання сфер іх юрысдыкцыі), прадугадаў многія ідэі Рэфармацыі. Лічыў, што рэальна існуюць толькі адзінкавыя субстанцыі і іх абс. ўласцівасці, а па-за мысленнем ёсць толькі тэрміны, т.зв. універсаліі, якія абазначаюць розныя класы імён (інтэнцыі). Сфармуляваў прынцып дваістай ісціны для кан’юнкцыі і дыз’юнкцыі і ідэю пра тое, што значэнне тэрміна поўнасцю вызначаецца яго функцыяй у выказванні. Першасным пазнаннем лічыў інтуітыўнае, а паняцці, якія не зводзяцца да інтуітыўных і вопытных ведаў, павінны выключацца з навукі («сутнасці не павінны памнажацца без неабходнасці»). Окалізм (тэрмінізм) значна паўплываў на далейшае развіццё логікі і філасофіі, асабліва на Ж.​Бурыдана, Мікалая з Атрэкура, Ф.​Бэкана, Т.​Гобса, Дж.​Лока.

В.​В.​Краснова.

т. 11, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭЗІДЭ́НТ [ад лац. praesidens (presidentis) які сядзіць наперадзе, на чале)],

1) кіраўнік дзяржавы і ўрада або толькі дзяржавы ў краінах з рэсп. формай праўлення. Пасада ўзнікла ў ЗША у 1787. З краін, якія ўваходзяць у ААН, больш як 130 маюць пост П., у т. л. Рэспубліка Беларусь (2000). Канстытуцыйны статус і паўнамоцтвы П. адрозніваюцца ў залежнасці ад тыпу рэспублікі. У прэзідэнцкай рэспубліцы, класічнай формай якой з’яўляюцца ЗША, П. — кіраўнік дзяржавы і кіраўнік выканаўчай улады; выбіраецца на ўсеагульных выбарах. У парламентарнай рэспубліцы (напр., ФРГ, Італія) П. толькі кіраўнік дзяржавы, а ўрад узначальвае прэм’ер-міністр, П. выбіраецца, як правіла, парламентам або пры яго ўдзеле. У рэспубліках змешанага тыпу П. выбіраецца на ўсеагульных выбарах, з’яўляецца кіраўніком дзяржавы і валодае рэальнымі ўладнымі паўнамоцтвамі, што дазваляе яму фактычна кіраваць урадам, адказным перад парламентам (Францыя, Польшча, Беларусь).

2) У шэрагу грамадскіх і навук. устаноў, т-ваў, арг-цый (у т. л. міжнар.) П. — выбарны старшыня выканаўчага органа.

т. 13, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАНА́НС (ад франц. assonance сугучнасць),

паўтарэнне аднолькавых або падобных галосных гукаў; від гукапісу. Паэт. твору, як і алітэрацыя, з якой ён звычайна спалучаецца, надае мілагучнасць і сэнсава-эмац. выразнасць. У вершы Я.​Купалы «Летам» асананс стварае радасны, бадзёры настрой: «Звоніць поле доляй, воляй, // Звоніць поле ў каласкі...». У сучаснай паэзіі часта ўжываецца асанансная (недакладная) рыфма, у якой супадаюць толькі галосныя гукі.

т. 2, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАСРО́ДКАВАННЕ,

вызначэнне рэчы (паняцця) праз яе адносіны да інш. рэчы (паняцця); адна з асн. катэгорый у філасофіі Гегеля. Уласцівасці рэчаў раскрываюцца ў іх узаемадзеяннях з інш. рэчамі; толькі праз гэтыя рэальныя ўзаемадзеянні рэч можа быць вызначана як дадзеная канкрэтная рэч. Катэгорыя апасродкавання ў адзінстве з катэгорыяй непасрэднага адлюстроўвае факт усеагульнай узаемасувязі з’яў, універсальнасці развіцця розных рэчаў і паняццяў, што іх адлюстроўваюць.

т. 1, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕТОНАЗМЯША́ЛЬНІК, бетонамяшалка,

устаноўка ці машына, дзе змешваюць кампаненты бетоннай сумесі (вяжучае рэчыва, напаўняльнікі, ваду, дабаўкі). Бываюць цыклічнага дзеяння, якія загружаюць матэрыяламі толькі пасля атрымання папярэдняй порцыі (аб’ём порцыі гатовай сумесі 60—1600 л), бесперапыннага дзеяння (прадукцыйнасць 5—120 м³/гадз), перасоўныя і стацыянарныя, гравітацыйныя (з вярчальным барабанам) і з прымусовым мяшаннем кампанентаў. Бетоназмяшальнік на аўтамаб. шасі (аўтабетоназмяшальнік) дастаўляе сумесь да месца работы.

т. 3, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДВАРО́ТНАЯ МА́ТРЫЦА квадратнай матрыцы A, матрыца B таго ж парадку, вызначаная так, што AB=BA=E, дзе E — адзінкавая матрыца. Існуе тады і толькі тады, калі дэтэрмінант |A| матрыцы A не роўны нулю, у гэтым выпадку адваротная матрыца адзіная і яе элементы bij знаходзяць па формуле bij = (−1)j + i   Mij |A| , дзе Mji — дадатковы мінор элемента aji матрыцы A.

т. 1, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАРО́ДНАЕ ЎРАЎНЕ́ННЕ,

ураўненне, якое не змяняе свайго выгляду пры адначасовым множанні ўсіх (або толькі некаторых) пераменных на адзін і той жа адвольны лік. Ураўненне можа быць аднародным і ў адносінах да адпаведных пераменных, напр., xy + yz + zx = 0 — аднароднае ўраўненне ў адносінах да ўсіх пераменных, ураўненне y + ln(x/z) + 5 = 0 — да х і z. Левая частка аднароднага ўраўнення з’яўляецца аднароднай функцыяй.

т. 1, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫ́ЎНАЯ ТУРБІ́НА,

турбіна, у якой унутраная (патэнцыяльная) энергія рабочага цела (газу, пары, вадкасці) пераўтвараецца ў знешнюю (кінетычную) у нерухомых соплавых прыстасаваннях. Далейшае пераўтварэнне кінетычнай энергіі ў энергію вярчэння ротара адбываецца толькі ў выніку змены напрамку руху рабочага цела на лапатках турбіны. У актыўнай турбіне ціск патоку газу (пары, вадкасці) на ўваходзе і выхадзе з рабочага кола аднолькавы. Гл. таксама Рэактыўная турбіна.

т. 1, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАРО́Т (вярчэнне) у геаметрыі, від руху, пры якім хоць адзін пункт прасторы застаецца нерухомы. Пры авароце на плоскасці ёсць толькі адзін нерухомы пункт — цэнтр авароту; пры авароце ў прасторы ёсць адна нерухомая прамая — вось авароту. Кожны рух у прасторы, які адрозніваецца ад зруху і люстранога адбіцця, можна атрымаць шляхам авароту вакол некаторай (імгненнай) восі і наступнага зруху ўздоўж гэтай восі (вінтавы рух).

т. 1, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖА́РМА,

шматпластавое паселішча эпохі неаліту (каля 6,5—5 тыс. г. да н.э.) у Паўн. Іраку. Выяўлены глінабітныя прамавугольныя жытлы, часам на каменных падмурках. Асн. заняткі насельніцтва — земляробства (пшаніца, ячмень) і жывёлагадоўля (козы). Знойдзены каменныя прылады працы, гліняныя статуэткі жывёлін і жанчын, керамічны посуд толькі ў верхніх культ. пластах. Дж. — адзін з найб. стараж. у свеце помнікаў вытворнай гаспадаркі.

А.​В.​Іоў.

т. 6, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)