ГІДРАСУЛЬФІ́ТЫ,

бісульфіты, гідрагенсульфіты, кіслыя солі сярністай кіслаты. У цвёрдым стане вылучаны толькі гідрасульфіты шчолачных металаў і амонію (напр., гідрасульфіты калію KHSO3, натрыю NaHSO3). Добра раствараюцца ў вадзе. Аднаўляльнікі, лёгка акісляюцца кіслародам паветра, раскладаюцца к-тамі з вылучэннем дыаксіду серы. Гідрасульфіты натрыю выкарыстоўваюць для адбельвання тканін, прыродных валокнаў, гідрасульфіты кальцыю — для атрымання цэлюлозы з драўніны (кампанент сульфітнага шчолаку).

т. 5, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)