ПОЛІЯМІЭЛІ́Т (ад грэч. polios шэры + myelos спінны мозг),
хвароба Гейнэ-Медзіна, эпідэмічны дзіцячы параліч, вострая інфекцыйная хвароба, якая пашкоджвае нерв. сістэму, пераважна шэрае рэчыва спіннога мозга. Бывае ад лёгкіх форм (катаральныя з’явы) да цяжкіх паралічаў. Пашыраны сярод дзяцей. Узбуджальнік — паліявірус (3 незалежных тыпаў). Крыніца інфекцыі — хворы на П. або вірусаносьбіт. Заражэнне адбываецца праз стрававальна-кішачны тракт і паветрана-кропельным шляхам. Вірус размнажаецца ў лімфатычным глотачным кольцы, рэгіянарных лімфатычных вузлах, пранікае ў кроў. Адрозніваюць непаралітычныя формы П., падобныя да менінгіту або да вострага кішачнага расстройства, і паралітычныя (спінальная, бульбарная, панцінная), калі развіваюцца вялыя парэзы і паралічы мышцаў, назіраюцца асіметрычныя паралічы ног, рук, плечавога пояса; аднаўленчы перыяд 2 гады, аднак у 50% хворых на П. развіваецца пажыццёвая інваліднасць (укарачаюцца канечнасці, адбываецца атрафія мышцаў). Для папярэджання П. праводзіцца вакцынацыя дзяцей. Лячэнне сімптаматычнае. На Беларусі значны ўклад у ліквідаванне П. зрабілі Э.Ф.Фельдман, Х.А.Протас. У канцы 1990 — пач. 2000-х г. П. ліквідуецца як інфекц. хвароба, што выклікаецца «дзікім» (завозным) штамам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЧЫ́НІ ((Puccini) Джакама) (22.12.1858, г. Лука, Італія —29.11.1924),
італьянскі кампазітар. Вучыўся ў Муз. ін-це імя Дж.Пачыні ў г. Лука (з 1872), у Міланскай кансерваторыі (1880—83). Прыхільнік традыцый італьян. опернага мастацтва, найб.значны прадстаўнік верызму. Яго оперы вызначаюцца сцэнічнасцю, гнуткасцю і свабодай форм, узмоцненай роляй аркестра. У музыцы праўдзіва ўвасабляў карціны жыцця простых людзей, унутраны свет герояў. Апіраючыся на італьян.гар. песеннасць і традыцыі вак. стылю бельканта, стварыў яркі, эмацыянальны арыёзна-меладычны стыль. У шэрагу опер не пазбег меладраматызму і сентыментальнасці, характэрных верызму. Лепшыя оперы П. ўвайшлі ў сусв. оперны рэпертуар; сярод іх: «Вілісы» (паст. 1884), «Манон Леско» (паст. 1893), «Багема» (паст. 1896; у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі 1968), «Тоска» (паст. 1900; у Дзярж. т-ры 1937, 1950, 1969), «Чыо-чыо-сан» (паст. 1904; у Дзярж. т-ры 1940, 1943, 1945, 1953), «Дзяўчына з Захаду» (паст. 1910); оперны трыпціх «Плашч», «Сястра Анджэліка», «Джані Скікі» (1918); «Турандот» (закончана Ф.Альфана, паст. 1926).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЗАНЦІНАЗНА́ЎСТВА, візанціністыка,
галіна гістарыяграфіі сярэдніх вякоў; комплекс Навук. якія займаюцца вывучэннем гісторыі, права, мовы і культуры Візантыі. Як асобная галіна аформілася ў 2-й пал. 19 ст., калі ў навуцы ўсталяваўся і сам тэрмін «Візантыя». Цікавасць да Візантыі выявілася яшчэ ў раннім сярэднявеччы ў Арменіі, Грузіі, паўд.-слав. краінах і Стараж. Русі, гіст. лёсы якіх былі цесна звязаны з імперыяй. Ужо ў 10—11 ст. ў паўд. і зах. славян з’явіліся пераклады візант. хронік. У Зах. Еўропе сістэм. вывучэнне гісторыі Візантыі пачалося ў эпоху Адраджэння. У Францыі з сярэдзіны 17 да пач. 18 ст. выдадзены т.зв. Парыжскі шматтомны корпус візант. апавядальных помнікаў. Заснавальнікам навук. візанціназнаўства ў Вялікабрытаніі быў Э.Гібан. У Германіі з 1828 стаў выходзіць т.зв. Бонскі корпус — «Збор аўтараў па візантыйскай гісторыі» (у 1897 — 50-ы том). У 1892 ням. філолаг і літаратуразнавец К.Крумбахер заснаваў спец.час.-штогоднік «Byzantinische Zeitschrift» («Візантыйскі часопіс»), які стаў важнейшым арганізуючым цэнтрам міжнар. візанціназнаўства. У Рас. імперыі станаўленне візанціназнаўства завяршылася ў 2-й пал. 19 ст.Асн. ролю ў ім адыграў В.Р.Васільеўскі. Ён у 1894 заснаваў час.-штогоднік «Византийский временник», які таксама стаў арганізуючым цэнтрам міжнар. візанціназнаўства. Значны ўклад у развіццё візанціназнаўства зрабілі Ф.І.Успенскі, М.А.Скабалановіч, Б.А.Панчанка, К.М.Успенскі і інш.Вял. ролю адыгралі працы Н.П.Кандакова па мастацтве Візантыі. Асабліва значнага развіцця дасягнула візанціназнаўства ў перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі і пасля 1945. Узніклі новыя навук. цэнтры і школы візанціназнаўства, у Францыі, ЗША, Аўстрыі і інш. выйшлі новыя спец. выданні [час. А.Грэгуара, «Byzantion» («Візантыя») у Бельгіі і інш.]. Буйны цэнтр візанціназнаўства склаўся ў ЗША, у ФРГ створана філолага-крыніцазнаўчая школа Ф.Дзёльгера, Г.А.Астрагорскі ў Югаславіі напісаў першы поўны курс візант. гісторыі. У СССР у 1930-я г. буйны арганізац.навук. цэнтр візанціназнаўства пад кіраўніцтвам М.В.Леўчанкі створаны ў Ленінградзе, а пасля вайны і ў Маскве (у Ін-це гісторыі АНСССР група візанціназнаўства пад кіраўніцтвам Я.А.Касмінскага). Значны ўклад у развіццё візанціназнаўства зрабілі сав. вучоныя З.В.Удальцова, Г.Л.Курбатаў, Г.Г.Літаўрын, В.М.Лазараў, В.Дз.Ліхачова і інш. Важнейшыя навук. цэнтры сучаснага візанціназнаўства дзейнічаюць пры ун-тах і АН Аўстрыі, Балгарыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Грэцыі, ЗША, Італіі, Расіі, Францыі і інш. На Беларусі пытанні візанціназнаўства распрацоўваюцца ў БДУ.
Літ.:
История Византии. Т. 1—3. М., 1967;
Удальцова З.В. Советское византиноведение за 50 лет. М., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРЫЯЦЫ́ЙНАЕ ЗЛІЧЭ́ННЕ,
раздзел матэматыкі, які вывучае тэорыю экстрэмуму (найбольшых ці найменшых значэнняў) функцыяналаў, залежных ад адной ці некалькіх функцый, падпарадкаваных пэўным абмежаванням. Узнікла ў 18 ст. на аснове прац. Л.Эйлера і Ж.Лагранжа як развіццё метадаў рашэння экстрэмальных задач механікі і фізікі. Першымі былі задачы аб брахістахроне, паверхнях вярчэння, знаходжанні геадэзічнай лініі і ізаперыметрычная задача (напр., знаходжанне замкнёнай плоскай лініі зададзенай даўжыні, якая абмяжоўвае найб. плошчу).
Варыяцыйнае злічэнне грунтуецца на паняцці варыяцыі (абагульненне паняцця дыферэнцыяла на выпадак функцыяналаў; адсюль назва). Гал. пытанні даследаванняў класічнага варыяцыйнага злічэння — умовы існавання і метады знаходжання экстрэмальных функцый, а таксама неабходныя і дастатковыя ўмовы, якія яны павінны задавальняць. Значны ўклад у распрацоўку і развіццё варыяцыйнага злічэння зрабілі А.Лежандр, К.Веерштрас, Д.Гільберт, ням. матэматыкі К.Якобі, К.Каратэадоры і інш. Абагульненнем задач класічнага варыяцыйнага злічэння з’яўляюцца задачы аптымальнага кіравання, даследаванні якіх пачаліся ў 1950-я г. (Л.С.Пантрагін, Р.В.Гамкрэлідзе, У.Р.Балцянскі), на Беларусі вядуцца з 1960-х г. (Р.Габасаў і Ф.М.Кірылава).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРА́Т,
горад у Афганістане, у аазісе, які арашае р. Герыруд. Адм. ц. правінцыі Герат. Каля 200 тыс.ж. (1994). Вузел аўтадарог. Аэрапорт. Эканам. цэнтр зах.ч. краіны. Бавоўна-ачышчальныя, тэкст. і харч. прадпрыемствы. Саматужныя промыслы (тканіны, дываны). Гандаль каракулем і інш.с.-г. прадукцыяй. Арх. помнікі 12—15 ст. — цытадэль, маўзалеі, мячэці. У Гераце ў 15 ст. ўзнікла Герацкая школа мініяцюрнага жывапісу.
Заснаванне Герата прыпісваюць Аляксандру Македонскаму (адсюль назва ў грэч. крыніцах Александрыя-Арыяна ці Александрыя Арыйская, сучасная назва з часоў праўлення Сасанідаў). Пасля смерці Аляксандра Македонскага паслядоўна ў складзе стараж. і сярэдневяковых дзяржаў Сярэдняга Усходу. Пры Сасанідах і ў эпоху Халіфата значны горад, пры Саманідах — адзін з гал. гарадоў Харасана. У 1221 зруйнаваны манг. войскамі, да 1236 адноўлены. У 13—14 ст. Герат — сталіца дзяржавы Куртаў. Росквіт прыпадае на 15 ст. пры Цімурыдах, калі Герат стаў буйнейшым гандл., рамесніцкім і культ. цэнтрам на Сярэднім Усходзе. У 16 ст. заваяваны Сефевідамі, з 1716 у складзе Герацкага княства. У 1732 захоплены Надзір-шахам, з 1747 у складзе Дуранійскай дзяржавы. У 19 ст. цэнтр Герацкага княства, прадмет спрэчкі паміж Афганістанам і Іранам, Англіяй і Іранам. У 1863 Дост Мухамед канчаткова далучыў Герат да Афганістана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХАНІЦЫ́ЗМ,
метад пазнання і светапогляд, заснаваныя на прызнанні механічнай формы руху матэрыі адзіна аб’ектыўнай. Адмаўляе якасную разнастайнасць з’яў у прыродзе і грамадстве і лічыць іх суб’ектыўнай ілюзіяй. У больш шырокім сэнсе М. — метад звядзення складаных з’яў да больш простых, раскладання цэлага на часткі, неспецыфічныя для гэтага цэлага (напр., на біял. адносіны пры разглядзе сац. з’яў). Узнікненне і распаўсюджанне М. звязана з дасягненнямі класічнай механікі ў 16—18 ст. (Г.Галілей, І.Ньютан, П.Лаплас, Т.Гобс, Ж.Ламетры, П.Гольбах), хоць асобныя яго рысы сустракаюцца ў ант. атамізме і сярэдневяковым наміналізме. У 19 ст. метады механікі распаўсюджваліся на грамадскія працэсы, сферу цеплавых з’яў, электрычнасці і магнетызму (Л.Бюхнер, К.Фогт, Я.Молешот, Я.Дзюрынг). У 20 ст. М. час ад часу адраджаўся ў новых «энергетычных», «тэрмадынамічных» і інш. канцэпцыях (В.Оствальд, А.Барсело і інш.), аднак дасягненні навукі 19—20 ст. разбурылі механіст. карціну свету. М. крытыкавалі Б.Спіноза, Г.Лейбніц, Д.Дзідро; як метад мыслення пераадолены Г.Гегелем (яму належыць тэрмін М.). М. зрабіў значны ўклад у развіццё навукі і філасофіі, прапанаваў прыродазнаўчанавук. разуменне многіх з’яў прыроды, вызваліў іх ад міфалагічнага і рэліг.-стахаст. тлумачэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ТЭА́ТР (Národní divadlo),
буйнейшы тэатр Чэхіі; адзін з цэнтраў нац. культуры. Пабудаваны ў 1881 у Празе. Пасля пажару адбудаваны і адкрыты ў 1883 пастаноўкай оперы Б.Сметаны «Лібушэ»; у 1884 паст. першы балет «Гашыш» К.Коваржавіца. Уключае самастойную оперную, балетную і драм. трупы. З 1920 драм. спектаклі, камерныя оперы і балеты ідуць у б. Саслоўным т-ры (цяпер Т-р імя І.Тыла), з 1948 оперы і балеты — у Т-ры імя Сметаны. У рэпертуары класічныя і сучасныя творы нац. і замежных кампазітараў і драматургаў. Значны ўклад у развіццё т-ра зрабілі дырыжоры Коваржавіц, О.Острчыл, В.Таліх, З.Халабала, Я.Кромбгальц; балетмайстры І.Блажак, І.Енчык, М.Кура, С.Махаў, І.Немечак; рэжысёры І.Гонзль, Я.Квапіл, Ф.Колар, І.Маршалек, Р.Полак, Я.Пруха, Ф.Пуйман і інш. У розны час у т-ры працавалі спевакі Г.Бенячкава, К.Берман, Б.Блахут, К.Бурыян, Э.Дэсцінава, І.Жыдак, В.Зітак, Н.Кніплава, Л.Марава, М.Махаткава, А.Мікава, І.Міксава, Э.Полерт, Р.Тучак, Б.Фёрстрава-Лаўтэрэрава, Г.Хорватава, салісты балета Н.Гайдашава, М.Дротнерава, І.Петршык, В.Скалава, З.Шэмберава, В.Шылганава і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІМ (Nímes),
горад на Пд Францыі. Адм. ц. дэпартамента Гар. Каля 130 тыс.ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: харч. (у т. л. вінаробчая), тэкст., швейная. абутковая. Арх. помнікі: будынкі стараж.-рым. эпохі, у т. л. карынфскі храм «Мезон карэ» (20—12 да н.э., цяпер археал. музей), фрагменты гар. муроў, вежа Мань, амфітэатр, цырк; помнікі раманскай (11 ст.) і рэнесансавай (16—17 ст.) архітэктуры. Каля Н. фрагмент рым. акведука Пондзю-Гар (1 ст. да н.э.).
У канцы 4—3 ст. да н.э. Н. (лац. назва Nemausus) — паселішча кельцкага племя волькаў-арэкомікаў. У часы праўлення імператара Аўгуста [27 да н.э. — 14 н.э.] рым. калонія. Росквіт прыпадае на 2—3 ст.н.э. З 400 сядзіба епіскапа. У 5 ст. заваяваны вестготамі, у 725 — арабамі. З 1185 у складзе Тулузскага графства. У 12 ст.значны рамесніцкі і гандл. цэнтр, атрымаў правы камуны. У пач. 13 ст. адзін з цэнтраў руху альбігойцаў. У час Альбігойскіх войнаў 1209—29 заняты войскамі франц. караля Людовіка VIII. З 1229 належаў Францыі. У час рэлігійных войнаў важны цэнтр гугенотаў. У 1815 разбураны ў час баёў паміж раялістамі і банапартыстамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРА́ДАК СЛОЎ,
лінейная паслядоўнасць кампанентаў сказа, якая мае сэнсавае, граматычнае (сінтаксічнае) і стылістычнае значэнне. Залежыць ад структуры сказа, спосабаў выражэння яго членаў, стылістычнай афарбоўкі і семантычнага напаўнення сказа, а таксама сувязі яго з інш. сказамі ў тэксце. Бел. мове ўласцівы адносна свабодны П.с.: кожны член сказа не мае строга вызначанага сталага і нязменнага месца. П.с. у сказе можа быць звычайны і адваротны.
Пры звычайным П.с. дзейнік стаіць перад выказнікам, дапасаванае азначэнне — перад словам, што паясняецца, недапасаванае — пасля яго; прамое дапаўненне — пасля слова, якое ім кіруе; акалічнасць спосабу дзеяння, меры і ступені — перад дзеясловам-выказнікам, часу і месца — перад дзеясловам-выказнікам ці ў пачатку сказа. Пры адваротным П.с. выказнік размяшчаецца перад дзейнікам. Адваротны П.с., які выкліканы пэўнымі намерамі аўтара і мае функцыянальна-стылістычнае і сэнсавае значэнне, называецца інверсіяй. У вершаваных творах П.с. часта абумоўлены патрабаваннямі рытму і рыфмы, у гутарковай мове — заканамернасцямі пабудовы дыялогу, сітуацыяй, калі на першае месца выносіцца інфармацыйна найб.значны сінтаксічны кампанент: «Фармальна вы маеце рацыю». — «Не фармальна, а фактычна яно так».
Літ.:
Ковтунова И.И. Современный русский язык: Порядок слов и актуальное членение предложения. М., 1976;
Яўневіч М.С., Сцяцко П.У. Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы. 3 выд.Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТО́Н (Барыс Яўгенавіч) (н. 27.11.1918, Кіеў),
украінскі вучоны ў галіне электразваркі, металургіі і тэхналогіі металаў. Акад.АН Украіны (1958). Акад.Рас.АН (1962). Чл. шэрагу замежных акадэмій. Двойчы Герой Сац. Працы (1969, 1978). Сын Я.А.Патона. Скончыў Кіеўскі індустр. (політэхн.) ін-т (1941). З 1942 у Ін-це электразваркі АН Украіны (з 1953 дырэктар). Адначасова з 1962 прэзідэнт АН Ўкраіны. Навук. працы ў галіне зваркі, спец. электраметалургіі, зварачных працэсаў у космасе. Распрацаваў асновы тэорыі аўтаматаў для дугавой зваркі. Зрабіў значны ўклад у стварэнне і развіццё дугавой паўаўтаматычнай, электрашлакавай, мікраплазмавай, кантактнай, электронна-прамянёвай і інш. спосабаў зваркі, электрашлакавага пераплаву і ліцця, тэхналогіі вытв-сці труб вял. дыяметра і буд-ва трубаправодаў. Ленінская прэмія 1957. Дзярж. прэмія СССР 1950. Залаты медаль імя Ламаносава АНСССР 1981.
Тв.:
Электрошлаковая сварка. Киев, 1960;
Электрооборудование для дуговой и шлаковой сварки. М., 1966 (разам з У.К.Лебедзевым);
Плазменные процессы в металлургии и технологии неорганических материалов. М., 1973 (у сааўт.);
Промышленные роботы для сварки. Киев, 1977 (разам з Г.А.Спыну, У.Г.Цімашэнкам);
Электрошлаковое литье. 2 изд. Киев, 1981 (у сааўт.).