МУ́ЗІЛЬ ((Musil) Роберт) (6.11.1880, г. Клагенфурт, Аўстрыя — 15.4.1942),

аўстрыйскі пісьменнік. Вучыўся ў ваен. акадэміі ў Вене, скончыў вышэйшую тэхн. школу (1901), Берлінскі ун-т (1908). З 1938 у эміграцыі (Швейцарыя). Як пісьменнік фарміраваўся пад уплывам рамантызму, рус. рэалізму, імпрэсіянізму, ням. мадэрну, філасофіі Ніцшэ. Самы значны яго твор — філас.-сатыр. раман «Чалавек без уласцівасцей» (кн. 1—3, 1930—43) — вострая сатыра на Аўстра-Венгрыю напярэдадні 1-й сусв. вайны. Аўтар рамана «Душэўныя пакуты выхаванца Цёрлеса» (1906, экранізацыя 1965), зб-каў навел «Злучэнні» (1911), «Тры жанчыны» (1924), драмы «Летуценнікі» (1921), кн. эсэ і мініяцюр «Прыжыццёвая спадчына» (1936) і інш. Яго творы адметныя глыбокім псіхалагізмам і стылявой дасканаласцю.

Тв.:

Рус. пер. — Человек без свойств: Роман. Кн. 1—2. М., 1984;

Малая проза: Избр. произв.: В 2 т. Т. 1. М., 1999.

Літ.:

Адмони В.Г. «Человек без свойств» Р.Музиля // Адмони В.Г. Поэтика и действительность. Л., 1975;

Белобратов А.В. Роберт Музиль: Метод и роман. Л., 1990.

Е.А.Лявонава.

т. 11, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)