УЭ́ЛІНГТАН, Велінгтан (Wellington) Артур Уэлслі (Wellesley; 1.5.1769, г. Дублін, Ірландыя — 14.9.1852),

брытанскі палкаводзец, дзярж. дзеяч і дыпламат. Герцаг Уэлінгтан (1814), фельдмаршал (1813). Вучыўся ў Ітанскім арыстакратычным каледжы і ваен. школе ў г. Анжэ (Францыя). З 1787 у брыт. арміі. Удзельнік ваен. дзеянняў супраць рэв. Францыі ў 1794—95. У 1796—1805 у Індыі, камандаваў брыт. войскамі пры заваяванні княства Майсур і Маратхскіх княстваў. З 1806 у Англіі, дэп. парламента ад Торы. У 1807—08 дзярж. сакратар па справах Ірландыі. У 1808—13 галоўнакаманд. саюзнымі англа-партуг. войскамі ў вайне супраць напалеонаўскай Францыі на Пірэнейскім п-ве. У 1814 брыт. пасол у Францыі пры двары Людовіка XVIII. У 1815 каманд. англа-галандскай арміяй, якая разам з прускай арміяй ген.-фельдмаршала Г.Л.Блюхера нанесла вырашальнае паражэнне Напалеону I у бітве пры Ватэрлоо. У 1815—18 галоўнакаманд. саюзнымі акупац. войскамі ў Францыі. Удзельнік Венскага кангрэса 1814—15, Ахенскага 1818 і Веронскага 1822 кангрэсаў. У 1826 падпісаў у Пецярбургу англа-рас. пратакол аб адносінах да падзей у Грэцыі. У 1827—52 галоўнакаманд. брыт. арміяй, адначасова прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі (1828—30), міністр замежных спраў (1834—35), міністр без партфеля (1841—46).

т. 16, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАВО́РСКІ Аляксей Яўграфавіч (3.3.1860, г. Паўлава Ніжагародскай вобл., Расія — 8.8.1945),

расійскі хімік-арганік, заснавальнік хіміі ацэтыленавых злучэнняў, стваральнік навук. школы. Акад. АН СССР (1929, чл.-кар. 1921). Герой Сац. Працы (1945). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1882), дзе і працаваў (з 1896 праф.). Адначасова ў 1897—1908 у Пецярбургскім хіміка-тэхнал. ін-це, з 1919 у Дзярж. ін-це прыкладной хіміі, у 1934—38 у Ін-це арган. хіміі АН СССР (яго заснавальнік і дырэктар). Рэдактар «Журнала Русского физико-химического общества» (з 1900) і «Журнала общей химии» (з 1931). Навук. працы па хіміі вытворных ацэтылену і цыклічных вуглевадародаў. Адкрыў ізамерызацыю ацэтыленавых вуглевадародаў (ацэтылен-аленавую перагрупоўку, 1887) — агульны метад сінтэзу ацэтыленавых і дыенавых вуглевадародаў, новы від ізамерызацыі α-галагенкетонаў у карбонавыя к-ты, іх эфіры або аміды пад уздзеяннем асноў — адпаведна шчолачаў, алкагалятаў або амінаў (рэакцыя, ці перагрупоўка Ф.; 1894) і рэакцыю атрымання трацічных ацэтыленавых спіртоў кандэнсацыяй ацэтыленавых вуглевадародаў з карбанільнымі злучэннямі (ацыклічнымі кетонамі, альдэгідамі) у прысутнасці асноў (рэакцыя Ф.; 1905). Атрымаў дыаксан і распрацаваў спосаб яго сінтэзу. Дзярж. прэмія СССР 1941.

Тв.:

Избр. тр. М.; Л., 1961.

Літ.:

А.​Е.​Фаворский. М.; Л., 1947;

Фаворская Т.А. А.​Е.​Фаворский. Л., 1968.

А.​І.​Валожын.

А.Я.Фаворскі.

т. 16, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАРТЭПІЯ́НА (італьян. fortepiano ад forte гучна + piano ціха),

струнны ўдарна-клавішны муз. інструмент. У пач. 18 ст. з’явілася амаль адначасова ў Італіі, Францыі і Германіі; да 1820-х г. набыло сучасны выгляд. Сучаснае Ф. прадстаўлена ў 2 разнавіднасцях: раяль і піяніна. Мае драўляны корпус з рэзананснай дэкай, чыгунную раму (у раялі размешчана ў гарыз. плоскасці, у піяніна — у верт.), над якой перакрыжавана нацягнуты струны, малаточкавы механізм з двайной рэпетыцыяй, клавіятуру, 2—3 педалі. Храматычны гукарад у дыяпазоне больш за 7 актаў (A2 — a​4 або c​5). Сіла і паўната гучання, выразныя тэхн., дынамічныя і тэмбравыя магчымасці, зручнасць узнаўлення разнастайнай фактуры абумовілі універсальнае прызначэнне Ф. як сольнага, ансамблевага, акампанавальнага, часам і арк. інструмента. Росквіт фп. выканальніцтва — 19—20 ст. На Беларусі Ф. пашырана з канца 18 ст., паступова выцесніўшы клавесін і клавікорд. У 1840—50-я г. паявіліся першыя фп. творы (А.​Абрамовіч). У 1864 у Мінску была адкрыта фп. фабрыка І.​Бяляўскага. У наш час вырабляюць на Барысаўскім прадпрыемстве муз. інструментаў.

Літ.:

Алексеев А. История фортепианного искусства. Ч. 1—2. М., 1962—67;

Бражников М. Фортепиано. М., 1967;

Гл. таксама пры арт. Клавесін.

І.​Дз.​Назіна.

Да арт. Фартэпіяна. Канцэртны раяль.

т. 16, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕНАМЕНАЛІ́ЗМ,

філасофскае вучэнне, згодна з якім чалавечаму пазнанню лічыцца даступнай толькі сукупнасць элементарных пачуццёвых кампанентаў (адчуванняў), а не аб’екты матэрыяльнага свету, што існуюць незалежна ад свядомасці. Адзінай даступнай чалавеку рэальнасцю прызнае пачуццёвыя ўспрыманні, якія складаюць змест яго пазнання. Гранічны Ф. адлюстраваны ў поглядах Дж.Берклі, які разглядаў рэчы як збор ідэй у выглядзе камбінацыі адчуванняў. Д.​Юм лічыў рэчы прадуктамі ўяўлення, Дж.​С.​Міль — сукупнасцю актуальных і патэнцыяльных адчуванняў. Махісты (Э.​Мах, Р.​Авенарыус і інш.) пад рэчамі разумелі комплекс адчуванняў — элементаў «чыстага вопыту». Т. зв. аб’ектыўныя фенаменалісты прызнавалі існаванне аб’ектыўнага свету, але лічылі яго сукупнасцю непазнавальных «рэчаў у сабе», сцвярджалі, што пазнанне звязана толькі з фактамі свядомасці і не можа выйсці за яе межы (І.​Кант, А.​Шапенгаўэр, І.​Ф.​Гербарт, Р.​Г.​Лотцэ, Э.​Гаргман і інш.). Элементы Ф. характэрны для англа-амер. неарэалізму, прадстаўнікі якога атаясамлівалі матэрыяльныя аб’екты з пачуццёвымі звесткамі, адначасова прызнавалі і залежнасць аб’ектыўнага свету ад суб’екта пазнання, і яго існаванне па-за межамі свядомасці індывіда. Прадстаўнікі неапазітывізму лічылі, што пазнанне павінна абмяжоўвацца непасрэдна дадзеным вопытам ці мовай. Лінгвістычны Ф. прызнае выказванні пра матэрыяльныя аб’екты эквівалентнымі выказванням пра пачуццёвыя звесткі.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 16, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЭ́ЙНДЛІХ Аліса Брунаўна (н. 8.12.1934, С.-Пецярбург),

расійская актрыса. Дачка Б.А.Фрэйндліха. Нар. арт. Расіі (1971). Нар. арт. СССР (1981). Скончыла Ленінградскі тэатр. ін-т (1957). Працавала ў ленінградскіх т-рах імя В.​Камісаржэўскай, з 1961 у Т-ры імя Ленсавета, з 1983 у С.-Пецярбургскім Вял. драм. т-ры імя Г.​Таўстаногава. Яе мастацтва вылучаецца лёгкасцю, натуральнасцю і адначасова вытанчанасцю пераўвасаблення і рэзкай характарнасцю, камедыйнасцю і прыглушанай лірычнасцю, музыкальнасцю. Сярод роляў: Ранеўская («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Кацярына Іванаўна («Злачынства і кара» паводле Ф.​Дастаеўскага), Эліза Дулітл («Пігмаліён» Б.​Шоу), Катарына («Утаймаванне свавольніцы» У.​Шэкспіра), лэдзі Мільфард («Каварства і каханне» Ф.​Шылера), Марта і Яна («Інтэрв’ю ў Буэнас-Айрэсе» Г.​Баравіка), Ліка, Яна («Мой бедны Марат», «Старамодная камедыя» А.​Арбузава), Элейн Наваца, Бобі Мітчэл, Джанет Фішэр («Гэты палка закаханы» Н.​Саймана), Аманда Уінгфілд («Шкляны звярынец» Т.​Уільямса), Ванда («Барменка з дыскатэкі» паводле Ю.​Андрэева) і інш. З 1958 здымаецца ў кіно: «Службовы раман» (1977), «Сталкер», «Старамодная камедыя» (абодва 1980), «Агонія» (1981), «Жорсткі раманс» (1984) і інш. Дзярж. прэміі Расіі 1976, 1996.

Літ.:

Тимченко М. А.​Фрейндлих. М., 1982.

Л.​В.​Календа.

т. 16, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕ́ЙФЕЦ Леанід Яфімавіч (н. 4.5.1934, Мінск),

расійскі рэжысёр, педагог. Нар. арт. Расіі (1993). Скончыў Бел. політэхн. ін-т (1956), студыю пры Бел. т-ры імя Я.​Купалы (1961, кіраўнік Л.Рахленка), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва (1963, курс А.Папова і М.Кнебель). Працаваў у тэатрах Масквы: Сав. Арміі (з 1963), Малым (з 1971), Маст. акад. т-ры імя А.​Чэхава (з 1986). У 1988—94 узначальваў Цэнтр. т-р Рас. Арміі. У 1971—80 выкладаў у Тэатр. вучылішчы імя М.​Шчэпкіна, з 1980 у Рас. акадэміі тэатр. мастацтва (з 1991 праф.), адначасова з 1995 у Вышэйшым тэатр. вучылішчы імя Б.​Шчукіна (заг. кафедры рэжысуры). Яго пастаноўкі адметныя яснасцю рэжысёрскай думкі, фантазіяй, філас. і сац. абагульненнямі, спалучэннем тонкага псіхалагізму з вастрынёй сцэн. формы: «Мой бедны Марат» А.​Арбузава (1965), «Дзядзька Ваня» А.​Чэхава (1969), «Вяселле Крачынскага» А.​Сухаво-Кабыліна (1971), «Кароль Лір» У.​Шэкспіра (1979), «Зыкавы» М.​Горкага (1985), «Павел I» Дз.​Меражкоўскага (1989), «Маскарад» М.​Лермантава (1992), «Вішнёвы сад» Чэхава (2001) і інш. На бел. сцэне паставіў «Навальніцу» А.​Астроўскага (1975, т-р імя Я.​Купалы). Працуе ў т-рах Францыі, Польшчы, Балгарыі, Венгрыі, Турцыі. Дзярж. прэмія Расіі 1991.

Р.​І.​Баравік.

т. 17, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІХО́ЎСКІ (Цыхоўскі) Казімір Генрыхавіч

(псеўд. Граф, Высоцкі, Ясінскі; 7.12.1887, г. Астровец-Свентакшыскі, Польшча — 22.6.1940),

дзеяч польскага і міжнар. рабочага руху, парт. і дзярж. дзеяч Літвы і Беларусі. Вучыўся ў Льежскім політэхн. ін-це (1907—09) і Парыжскім ун-це (1910—13). У рэв. руху з 1902. Чл. СДКПіЛ з 1907. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917 у Петраградзе. З ліст. 1917 нам. камісара па польскіх справах у Наркамнацы РСФСР. Са снеж. 1918 чл. ЦК КП Літвы, з 20.2.1919 старшыня ЦВК Літ. ССР, з 27.2.1919 — Літ.-Бел. ССР; з крас. 1919 чл. Савета абароны Літ.-Бел. ССР; адначасова ў маі—ліп. 1919 (у Мінску) нарком земляробства Літбела, з 24.7.1919 старшыня Мінскага Савета. З вер. 1919 у ЦК КП(б)ЛіБ і палітаддзеле Зах. фронту. З крас. 1921 у Польшчы. Адзін з арганізатараў Кампартыі Усх. Галіцыі (з 1923 КПЗУ), чл. яе ЦК. У 1925—29 чл. ЦК Кампартыі Польшчы (да 1927 чл. Палітбюро ЦК). У 1928—29 сакратар камуніст. фракцыі сейма. З 1932 у СССР, у Выканкоме Камінтэрна. У 1936—37 адзін з арганізатараў інтэрнац. брыгад у Іспаніі. Рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны пасля 1956.

К.Г.Ціхоўскі.

т. 17, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАН КАЙШЫ́, Цзян Цзешы,

Цзян Чжунчжэн (31.10.1887, в. Сікоку, прав. Чжэцзян, Кітай — 5.4.1975),

кітайскі дзяржаўны і ваенны дзеяч. Генералісімус (пасля 1927). Скончыў ваен. курсы ў г. Баадзін (Кітай) і пях. вучылішча ў Токіо. З 1908 у рэв. арг-цыі Тунмэнхой. З часу Сіньхайскай рэвалюцыі 1911—13 паплечнік Сунь Ятсена і адзін з кіраўнікоў Гаміньдана. Адзін з кіраўнікоў узбр. сіл ва ўрадзе Сунь Ятсена, з 1926 галоўнакаманд. Нац.-рэв. арміяй; адначасова з 1926 лідэр Гаміньдана. Кіраўнік Паўночнага паходу 1926—28, у выніку якога Кітай аб’яднаны пад уладай Гаміньдана. З таго часу галоўнакаманд. ўзбр. сіламі Кіт. Рэспублікі і яе фактычны кіраўнік (з 1943 прэзідэнт). З канца 1920-х г. вёў амаль няспынную барацьбу з камуністамі. Кіраваў Нацыянальна-вызваленчай вайной кітайскага народа супраць японскіх захопнікаў 1937—45. Пацярпеў паражэнне ад камуністаў у новай грамадз. вайне (1946—49), эвакуіраваўся з рэшткамі войск на в-аў Тайвань, якім кіраваў да канца жыцця як прэзідэнт Кітая. У 1950—60-я г. ініцыіраваў эканам. рэформы, якія ператварылі Тайвань у адзін з найб. развітых рэгіёнаў Азіі.

Літ.:

Галенович Ю.М. Цзян Чжунчжэн, или Неизвестный Чан Кайши. М., 2000.

В.​У.​Адзярыха.

т. 17, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЧО́БАТЫ»,

бел. старадаўні нар. танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп ад умеранага да хуткага. Выконваўся пад музыку або пад прыпеўкі, часам адначасова пад музыку і прыпеўкі. Існавала некалькі тыпаў танца — ад абрадавага да сольнага. Выканаўца сольнага танца напачатку імітуе працэсы пашыву чобатаў, потым прытупвае то адной, то другой нагой, робіць скокі на дзвюх нагах у павароце і, стоячы на месцы, рухаецца па крузе бягом або павольна. Часта танец выконваецца на месцы, тады ён больш эмацыянальны і рухі больш складаныя. Існавалі варыянты, калі выканаўца дэманстраваў спрыт і фантазію, часам разам з дзяўчынай (Лельчыцкі, Жыткавіцкі р-ны Гомельскай вобл.). Танец насіў гумарыстычны характар. Абрадавы тып «Ч.» — частка традыц. вясельнага абраду (пашыраны на Прыпяцкім Палессі). Выконваўся бацькамі маладой пасля таго, як зяць. абдорваў цешчу і цесця (некалі абуткам). Пад воклічы гасцей бацькі пераабуваліся, потым іх на ўслоне падымалі ўверх і абносілі вакол сталоў. Бацькі ў гэты час махалі нагамі, стукалі нагой аб нагу і інш. Пасля завяршэння круга ўслон ставілі на падлогу, а бацькі працягвалі імправізаваць свой танец. Падчас яго выканання госці спявалі прыпеўкі. Кожнай мясцовасці ўласцівы свой варыянт танца. Яго сцэн. варыянт уваходзіць у рэпертуары некат. прафес. і аматарскіх калектываў Беларусі.

М.​А.​Козенка.

т. 17, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШПІЦБЕ́РГЕН (Spitsbergen; стараж.-рус. назва Грумант, нарв. Свальбард),

архіпелаг у зах. частцы Паўн. Ледавітага ак. Пл. каля 62 тыс. км². Буйныя а-вы: уласна Ш. (Заходні Ш.), Паўн.-Усх. Зямля, Эдж, Баранца. Берагі парэзаны фіёрдамі. Рэльеф горны (выш. да 1712 м, г. Ньютан). Больш за 35,1 тыс. км² паверхні ўкрыта ледавікамі, пашырана шматгадовая мерзлата. У расл. покрыве — імхі, лішайнікі, карлікавая бяроза і вярба. Нац. паркі — Паўн.-Зах. Шпіцберген, Форлан; некалькі рэзерватаў, у т. л. Паўн.-Усх. Свальбард. Радовішчы каменнага вугалю. Адм. цэнтр — Лонгйір, порт — Барэнцбург.

Адкрыты экспедыцыяй 1596—97 галандскага мараплаўца В.Барэнца. У 17 ст. Ш. — арэна барацьбы за кітабойныя промыслы паміж Галандыяй і Англіяй. У выніку сутыкненняў паміж іх прамысл. флатамі (1618) паўн. ч. ўзбярэжжа Ш. замацавана за галандцамі (засн. тут паселішча Смерэнбург), а паўд. — за англічанамі, французамі, ганзейскімі гарадамі і інш. У 1765 і 1766 на Ш. арганізавана рас. экспедыцыя пад камандаваннем адмірала В.Я.Чычагова. Доўгі час Ш. быў нічыйнай тэрыторыяй. У 1822 тут засн. 1-я нарв. зімоўка. Суверэнітэт Нарвегіі над Ш. устаноўлены міжнар. Парыжскім дагаворам 1920 (Шпіцбергенскі трактат; СССР далучыўся ў 1935), які адначасова аб’явіў Ш. нейтралізаванай тэрыторыяй У 1925 Нарвегія афіцыйна абвясціла Ш. часткай Нарв. каралеўства.

т. 17, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)