ХЕ́ЙФЕЦ Леанід Яфімавіч (н. 4.5.1934, Мінск),

расійскі рэжысёр, педагог. Нар. арт. Расіі (1993). Скончыў Бел. політэхн. ін-т (1956), студыю пры Бел. т-ры імя Я.​Купалы (1961, кіраўнік Л.Рахленка), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва (1963, курс А.Папова і М.Кнебель). Працаваў у тэатрах Масквы: Сав. Арміі (з 1963), Малым (з 1971), Маст. акад. т-ры імя А.​Чэхава (з 1986). У 1988—94 узначальваў Цэнтр. т-р Рас. Арміі. У 1971—80 выкладаў у Тэатр. вучылішчы імя М.​Шчэпкіна, з 1980 у Рас. акадэміі тэатр. мастацтва (з 1991 праф.), адначасова з 1995 у Вышэйшым тэатр. вучылішчы імя Б.​Шчукіна (заг. кафедры рэжысуры). Яго пастаноўкі адметныя яснасцю рэжысёрскай думкі, фантазіяй, філас. і сац. абагульненнямі, спалучэннем тонкага псіхалагізму з вастрынёй сцэн. формы: «Мой бедны Марат» А.​Арбузава (1965), «Дзядзька Ваня» А.​Чэхава (1969), «Вяселле Крачынскага» А.​Сухаво-Кабыліна (1971), «Кароль Лір» У.​Шэкспіра (1979), «Зыкавы» М.​Горкага (1985), «Павел I» Дз.​Меражкоўскага (1989), «Маскарад» М.​Лермантава (1992), «Вішнёвы сад» Чэхава (2001) і інш. На бел. сцэне паставіў «Навальніцу» А.​Астроўскага (1975, т-р імя Я.​Купалы). Працуе ў т-рах Францыі, Польшчы, Балгарыі, Венгрыі, Турцыі. Дзярж. прэмія Расіі 1991.

Р.​І.​Баравік.

т. 17, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)