ФАВО́РСКІ Аляксей Яўграфавіч (3.3.1860, г. Паўлава Ніжагародскай вобл., Расія — 8.8.1945),

расійскі хімік-арганік, заснавальнік хіміі ацэтыленавых злучэнняў, стваральнік навук. школы. Акад. АН СССР (1929, чл.-кар. 1921). Герой Сац. Працы (1945). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1882), дзе і працаваў (з 1896 праф.). Адначасова ў 1897—1908 у Пецярбургскім хіміка-тэхнал. ін-це, з 1919 у Дзярж. ін-це прыкладной хіміі, у 1934—38 у Ін-це арган. хіміі АН СССР (яго заснавальнік і дырэктар). Рэдактар «Журнала Русского физико-химического общества» (з 1900) і «Журнала общей химии» (з 1931). Навук. працы па хіміі вытворных ацэтылену і цыклічных вуглевадародаў. Адкрыў ізамерызацыю ацэтыленавых вуглевадародаў (ацэтылен-аленавую перагрупоўку, 1887) — агульны метад сінтэзу ацэтыленавых і дыенавых вуглевадародаў, новы від ізамерызацыі α-галагенкетонаў у карбонавыя к-ты, іх эфіры або аміды пад уздзеяннем асноў — адпаведна шчолачаў, алкагалятаў або амінаў (рэакцыя, ці перагрупоўка Ф.; 1894) і рэакцыю атрымання трацічных ацэтыленавых спіртоў кандэнсацыяй ацэтыленавых вуглевадародаў з карбанільнымі злучэннямі (ацыклічнымі кетонамі, альдэгідамі) у прысутнасці асноў (рэакцыя Ф.; 1905). Атрымаў дыаксан і распрацаваў спосаб яго сінтэзу. Дзярж. прэмія СССР 1941.

Тв.:

Избр. тр. М.; Л., 1961.

Літ.:

А.​Е.​Фаворский. М.; Л., 1947;

Фаворская Т.А. А.​Е.​Фаворский. Л., 1968.

А.​І.​Валожын.

А.Я.Фаворскі.

т. 16, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)