ФРЭ́ЙНДЛІХ Аліса Брунаўна (н. 8.12.1934, С.-Пецярбург),
расійская актрыса. Дачка Б.А.Фрэйндліха. Нар. арт. Расіі (1971). Нар. арт. СССР (1981). Скончыла Ленінградскі тэатр. ін-т (1957). Працавала ў ленінградскіх т-рах імя В.Камісаржэўскай, з 1961 у Т-ры імя Ленсавета, з 1983 у С.-Пецярбургскім Вял. драм. т-ры імя Г.Таўстаногава. Яе мастацтва вылучаецца лёгкасцю, натуральнасцю і адначасова вытанчанасцю пераўвасаблення і рэзкай характарнасцю, камедыйнасцю і прыглушанай лірычнасцю, музыкальнасцю. Сярод роляў: Ранеўская («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Кацярына Іванаўна («Злачынства і кара» паводле Ф.Дастаеўскага), Эліза Дулітл («Пігмаліён» Б.Шоу), Катарына («Утаймаванне свавольніцы» У.Шэкспіра), лэдзі Мільфард («Каварства і каханне» Ф.Шылера), Марта і Яна («Інтэрв’ю ў Буэнас-Айрэсе» Г.Баравіка), Ліка, Яна («Мой бедны Марат», «Старамодная камедыя» А.Арбузава), Элейн Наваца, Бобі Мітчэл, Джанет Фішэр («Гэты палка закаханы» Н.Саймана), Аманда Уінгфілд («Шкляны звярынец» Т.Уільямса), Ванда («Барменка з дыскатэкі» паводле Ю.Андрэева) і інш. З 1958 здымаецца ў кіно: «Службовы раман» (1977), «Сталкер», «Старамодная камедыя» (абодва 1980), «Агонія» (1981), «Жорсткі раманс» (1984) і інш. Дзярж. прэміі Расіі 1976, 1996.
Літ.:
Тимченко М. А.Фрейндлих. М., 1982.
Л.В.Календа.
т. 16, с. 491
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)