ЛА́НКАСТЭР ((Lancaster) Бёрт) (сапр. імя Бёртан Стывен; 2.11.1913, Нью-Йорк — 1994),

амерыканскі кінаакцёр. У кіно з 1946. Ствараў вобразы валявых, моцных духам людзей, здольных супрацьстаяць неспрыяльным абставінам. Сярод яго работ вострахарактарныя («Элмер Гантры», 1960, прэмія Оскар 1961; «Буфала Біл і індзейцы», 1976), тонкапсіхал. («Леапард», 1962; «Сямейны партрэт у інтэр’еры», 1975) і трагічныя («Нюрнбергскі працэс», 1961) ролі. Зняўся ў фільмах: «Птушкалоў з Алькатраса» (1962; прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі), «Сем дзён у маі» (1964), «Дваццатае стагоддзе» (1976), «Шкура» (1980), «Мясцовы герой» (1983) і інш. Вядучы каментатар створанай сав. дакументалістамі кінаэпапеі «Вялікая Айчынная» (1979), у пракаце ЗША наз. «Невядомая вайна».

Літ.:

Карцева Е.Н. Берт Ланкастер. М., 1983.

т. 9, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛІНКО́ВІЧ (Канстанцін Антонавіч) (7.11.1919, г. Ішым Цюменскай вобл., Расія — 8.10.1998),

бел. вучоны ў галіне педагогікі. Д-р пед. н., праф. (1973). Засл. дз. фіз. культуры Беларусі (1967). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1948), дзе і працаваў (у 1953—62 заг. кафедры, з 1970 рэктар). У 1962—70 заг. кафедры, з 1977 праф. Бел. пед. ін-та. Навук. працы па праблемах гісторыі педагогікі, арг-цыі і сац. ролі спорту. Адзін з аўтараў кніг «Савецкі алімпіец: сацыяльны партрэт» (1979), «Фізічная культура і спорт Беларусі» (1988).

Тв.:

Развитие физической культуры и спорта в БССР, Мн., 1969;

Этнічная педагогіка беларусаў. Мн., 1993;

Гісторыя педагогікі. Мн., 1995.

т. 9, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́САРТ ((Gossaert) Ян) (мянушка Мабюз; Mabuse; каля 1478—80, г. Мабёж, Францыя — паміж 1533 і 1536),

нідэрландскі жывапісец. Заснавальнік рамантызму ў нідэрл. жывапісе 16 ст. Працаваў у Антверпене, Утрэхце, Мідэлбургу і інш. гарадах. У 1508—09 наведаў Італію. Імкнуўся засвоіць дасягненні італьян. Адраджэння ў кампазіцыі, анатоміі, перспектыве. Звяртаючыся да ант. і біблейскіх сюжэтаў, часта маляваў аголеныя фігуры на фоне ант. архітэктуры ці ў прыродным асяроддзі, перададзеным з тыповай для нідэрл. мастацтва дэталізацыяй («Адам і Ева», «Нептун і Амфітрыта», 1516; «Даная», 1527). Маст. традыцыям нідэрл. школы найбліжэй партрэты Госарта (дыптых з выявай канцлера Ж.​Карандэле, 1517).

Я.Госарт. Партрэт канцлера Ж.​Карандэле. 1517.

т. 5, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ МУЗЕ́Й у Кракаве,

адзін з буйнейшых маст. збораў у Польшчы. Засн. ў 1879. Захоўвае калекцыі польскага выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва 14—20 ст. (творы С.​Выспянскага, А.​Гротгера, Я.​Мальчэўскага, Я.​Матэйкі, П.​Міхалоўскага і інш.), еўрап. і далёкаўсх. жывапісу, графікі, дэкар. мастацтва, рукапісаў і старадрукаў, манет і медалёў, а таксама урэцка-налібоцкае шкло, слуцкія паясы і інш. Будынак музея ўзведзены ў 1936—50, дабудоўваўся да 1991. Філіялы: музей Чартарыскіх (засн. ў 2-й пал. 18 ст.; калекцыя ўсх. і еўрап. мастацтва 13—18 ст., у т. л. «Партрэт дамы з гарнастаем» Леанарда да Вінчы, дом-музей Я.​Матэйкі (засн. ў 1894), музей маст. промыслаў.

т. 11, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ВЕРБЕК ((Overbeck) Іагай Фрыдрых) (3.7.1789, г. Любек, Германія — 12.11.1869),

нямецкі жывапісец. Вучыўся ў Венскай АМ (1806—09). У 1809 заснаваў у Вене брацтва назарэйцаў. З 1810 жыў у Рыме. У творчасці яскрава выявіліся патрыярхальна-кансерватыўныя тэндэнцыі ням. рамантызму, імкненне адрадзіць рэлігійнае мастацтва і стылістычныя прыёмы ням. і італьян. мастакоў 15 — пач. 16 ст.: фрэскі ў доме Бартольдзі (1816—17) і Казіно Масіма (1817—27) у Рыме; карціны «Уезд Ісуса Хрыста ў Іерусалім» (1809—24), «Італія і Германія» (1811—28), «Урачыстасць рэлігіі ў мастацтве» (1840). Аўтар партрэтаў: «Аўтапартрэт з Бібліяй» (1809), «Сямейны партрэт» (1820—30).

Ф.Овербек. Італія і Германія. 1811—28.

т. 11, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЫ́СЕНКА (Міхаіл Рыгоравіч) (29.10. 1906, с. Шпілёўка Сумскай вобл., Украіна — 8.5.1972),

украінскі скульптар. Нар. маст. СССР (1963). Акад. АМ СССР (1970). Скончыў Харкаўскі маст. ін-т (1931). З 1944 выкладаў у Кіеўскім маст. ін-це (з 1947 праф.). Сярод твораў помнікі М.​Шчорсу ў Кіеве (1954), У.​Леніну ў Запарожжы, Т.​Шаўчэнку ў Роўне (абодва 1964) і Парыжы (1973; усе ў сааўт.), партрэты акцёра І.​Мар’яненкі (1962), П.​Вяршыгары (1971), скульптурныя групы: для сав. павільёна на Сусв. выстаўцы ў Нью-Йорку (1938, з Л.​Муравіным), «Узгорак Славы» ў Львове (1947), «Алека Дундзіч» (1949), «Пад ярмом акупантаў» (1959).

М.Лысенка. Партрэт народнага артыста СССР І.​Мар’яненкі. 1962.

т. 9, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛА́ЗІС ((Blasis) Карла) (4.11.1795, г. Неапаль, Італія — 15.7.1878),

італьянскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Вучыўся ў А.Вестрыса і інш. У 1818 у т-ры «Ла Скала», удасканальваўся ў С.Вігано, танцаваў у яго балетах. Танец Блазіса вылучаўся высокай тэхнікай, прыгажосцю ліній, гармоніяй рухаў. З 1819 выступаў як балетмайстар, паставіў больш за 80 балетаў у т-рах Мілана («Ла Скала»), Венецыі, Лондана, Варшавы, Масквы (Вял. т-р) і інш. У 1837—50 кіраваў Каралеўскай акадэміяй танца пры «Ла Скала», сярод вучняў К.Грызі, В.Цукі, Ф.Чэрыта. Зрабіў значны ўклад у развіццё сістэмы класічнага танца. Аўтар кн. «Элементарны падручнік тэорыі і практыкі танца» (1820), «Кодэкс Тэрпсіхоры» (1828), «Поўны падручнік танца» (1830) і інш.

Партрэт К.Блазіса. Мастак невядомы.

т. 3, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАНЗІ́НА (Bronzino; сапр. Аньёла ды Козіма; Agnolo di Cosimo) Анджэла

(17.11.1503, Мантычэлі, каля г. Фларэнцыя, Італія — 23.11.1572),

італьянскі жывапісец. Прадстаўнік фларэнційскага маньерызму. Вучыўся ў мастака-маньерыста Панторма. Зазнаў уплыў Мікеланджэла. Працаваў у Фларэнцыі (1530—32). З 1540 прыдворны жывапісец Козіма I Медычы. Ствараў парадна-арыстакратычныя партрэты (Лукрэцыі Панчатыкі, каля 1540; Козіма I Медычы, 1545; Элеаноры Таледскай, каля 1545; Дж.​Дорыя, 1546—47), у якіх адчужанасць, замкнёнасць вобразаў падкрэслена ўрачыста-застылай кампазіцыяй, халодным, высветленым каларытам, ілюзорнай выпісанасцю дэталяў. Аўтар карцін на рэліг. і міфал. тэмы («Святая сям’я», 1540-я г.), фрэсак у Палацца Век’ё ў Фларэнцыі (1545—64) і інш.

А.​Дз.​Шапашнікава.

А.Бранзіна. Партрэт Лукрэцыі Панчатыкі. Каля 1540.

т. 3, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ГЕЛАН ((Vigeland) Адольф Густаў) (11.4.1869, г. Мандаль, Нарвегія — 12.3.1943),

нарвежскі скульптар. У 1889—90 вучыўся ў Осла, у 1891 у Капенгагене, у 1892—93 у Парыжы, дзе фарміраваўся пад уплывам А.Радэна. Аўтар пранікнёных дынамічных па пластыцы і кампазіцыі твораў: партрэт Г.​Ібсена (1903); помнікі матэматыку Н.​Абелю (1908), пісьменніцы К.​Колет (1911), кампазітару Р.​Нурдраку (1911) у Осла. Стварыў грандыёзны скульпт. ансамбль Фрогнер-парк у Осла (больш за 150 фігур і кампазіцый; 1900—43), у якім увасобіў чалавечыя радасці і выпрабаванні ў цыклічным развіцці і адзінстве з прыродай. Філас. сімвалізм у ансамблі спалучаецца з жыццёвымі рэаліямі і пластычнай дасканаласцю.

Літ.:

Strang R. Th. G. Vigeland, Oslo, 1969.

В.​Я.​Буйвал.

т. 4, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЕР (Гаўрыла Сямёнавіч) (6.4.1890, в. Пуцунтэй Аргееўскага р-на, Малдова — 7.3.1964),

бел. жывапісец. З 1905 вучыўся і працаваў у Мінску ў іканапіснай майстэрні П.​Курбатава, у 1910—12 вучыўся ў Пецярбургу ў мастака С.​Ягорава, скончыў там Школу т-ва заахвочвання мастацтваў (1916). У 1921 вярнуўся ў Мінск, працаваў дэкаратарам у т-ры «Чырвоная зала», выкладаў у чыг. тэхнікуме і інш. Аўтар твораў «Малады мастак» (1923), «Старое і новае» (1927), «Суботнік» (1932), «Маладыя спартсмены» (1934). Лепшыя творы гіст. жанру: «Курлоўскі расстрэл» (1924), «Лядовае пабоішча» (1938), «3 ліпеня 1944 года ў Мінску» (1945); з партрэтаў — «Змітрок Бядуля» (1924), «Сямейны партрэт» (1927), «Кандрат Крапіва» (1938) і інш.

Г.​М.​Ярмоленка.

т. 4, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)