БЛА́ЗІС
(Blasis) Карла (4.11.1795, г. Неапаль, Італія — 15.7.1878),
італьянскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Вучыўся ў А.Вестрыса і інш. У 1818 у т-ры «Ла Скала», удасканальваўся ў С.Вігано, танцаваў у яго балетах. Танец Блазіса вылучаўся высокай тэхнікай, прыгажосцю ліній, гармоніяй рухаў. З 1819 выступаў як балетмайстар, паставіў больш за 80 балетаў у т-рах Мілана («Ла Скала»), Венецыі, Лондана, Варшавы, Масквы (Вял. т-р) і інш. У 1837—50 кіраваў Каралеўскай акадэміяй танца пры «Ла Скала», сярод вучняў К.Грызі, В.Цукі, Ф.Чэрыта. Зрабіў значны ўклад у развіццё сістэмы класічнага танца. Аўтар кн. «Элементарны падручнік тэорыі і практыкі танца» (1820), «Кодэкс Тэрпсіхоры» (1828), «Поўны падручнік танца» (1830) і інш.
т. 3, с. 184
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)