БРАНЗІ́НА

(Bronzino; сапр. Аньёла ды Козіма; Agnolo di Cosimo) Анджэла (17.11.1503, Мантычэлі, каля г. Фларэнцыя, Італія — 23.11.1572),

італьянскі жывапісец. Прадстаўнік фларэнційскага маньерызму. Вучыўся ў мастака-маньерыста Панторма. Зазнаў уплыў Мікеланджэла. Працаваў у Фларэнцыі (1530—32). З 1540 прыдворны жывапісец Козіма І Медычы. Ствараў парадна-арыстакратычныя партрэты (Лукрэцыі Панчатыкі, каля 1540; Козіма І Медычы, 1545; Элеаноры Таледскай, каля 1545; Дж.Дорыя, 1546—47), у якіх адчужанасць, замкнёнасць вобразаў падкрэслена ўрачыста-застылай кампазіцыяй, халодным, высветленым каларытам, ілюзорнай выпісанасцю дэталяў. Аўтар карцін на рэліг. і міфал. тэмы («Святая сям’я», 1540-я г.), фрэсак у Палацца Век’ё ў Фларэнцыі (1545—64) і інш.

А.Дз.Шапашнікава.

т. 3, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)