ГАНДВА́НА (ад назвы гіст. вобласці ў Цэнтр. Індыі),
гіганцкі суперкантынент, які існаваў у Паўд. паўшар’і Зямлі на працягу б.ч. палеазою (верагодна, і ў дакембрыі) і ў пач. мезазою. Мяркуюць, што Гандвана — мацярык яйцападобнай формы, антыподам якой у Паўн. паўшар’і была Лаўразія. У тэктанічных адносінах Гандвана — дакембрыйская платформа, адна з найб. структур Зямлі. Уключала шэраг стараж. платформаў Паўд. Амерыкі, Афрыкі, Азіі (Аравійская і Індастанская), Аўстраліі і Антарктыды. Пра тое, што гэтыя часткі кантынентаў былі адзіным цэлым, сведчаць вялікае падабенства або ідэнтычнасць познапалеазойскіх і раннемезазойскіх кантынентальных адкладаў, наяўнасць слядоў палеазойскага мацерыковага зледзянення, пашырэнне гласаптэрыевай флоры і інш. агульныя рысы. У сярэдзіне юрскага перыяду пачаўся раскол Гандваны, які завяршыўся да канца ранняга мелу. Часткі яе пачалі разыходзіцца і ў выніку дрэйфу кантынентаў занялі сучаснае становішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛАГІ́ЧНЫ ЗАКА́ЗНІК,
тэрыторыя, вылучаная з мэтай захавання і аднаўлення каштоўных водных аб’ектаў і комплексаў прыроды. Уключаюць азёрныя, балотныя і рачныя заказнікі. На Беларусі (на 1.1.1997) 14 гідралагічных заказнікаў рэсп. значэння: Балота Мох, Белае, Вялікае Астравіта, Глыбокае-Чарбамысла, Доўгае, Ельня, Карыценскі Мох, Крывое, Рычы, Сосна ў Віцебскай, Заазер’е ў Магілёўскай, Чарэмшыца ў Мінскай, Выганашчанскае ў Брэсцкай, Дзікае ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях (агульная пл. 93 825 га); 14 заказнікаў мясц. значэння: 2 у Брэсцкай, 8 у Віцебскай, 3 у Гомельскай і 1 у Мінскай абласцях.
На тэр. гідралагічнага заказніка забараняецца здабыча торфу, нарыхтоўка моху, правядзенне меліярацыйных работ. Пры ўмове захавання водаахоўнай ролі насаджэнняў дазваляецца высечка лесу, кустоў, нарыхтоўка прутоў, дубільнай кары, а таксама касьба, збор грыбоў і ягад. Паляванне і рыбная лоўля вядуцца па вызначаных правілах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́ХАВІЦКІЯ РУЧНІКІ́,
тып традыц. тканых ручнікоў, якія вырабляюцца нар. майстрамі пераважна ў Ляхавіцкім, а таксама Баранавіцкім, Ганцавіцкім р-нах Брэсцкай вобл. Вядомы з сярэдзіны 19 ст. Даўжыня ручнікоў 310—400 см, шыр. 26—30 см. Ткуць з адбеленага кужалю або белай бавоўны. Кампазіцыя аздобы ствараецца чаргаваннем папярочных суцэльных і пункцірных палосак рознай шырыні, якія групуюцца ў шлякі — на канцах шырокія, шчыльныя, да сярэдзіны вузкія, рэдка размешчаныя. Узор ствараецца чырвонымі ніткамі ўтку з невял. ўкрапінамі чорных, цёмна-сініх, жоўтых. Тэхніка ткання шматнітовая, часам закладная. Аздабляюць на канцах мохрыкамі, утворанымі з нітак асновы, кутасамі, карункамі. Аздабленне і каларыстычная гама блізкая да афармлення нар. адзення, розных відаў маст. тканін гэтай этнагр. зоны.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Ляхавіцкія ручнікі. Фрагмент ручніка з в.Вялікае Падлессе Ляхавіцкага раёна. Пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГЕЛА́НАВЫ ВО́БЛАКІ (Вялікае і Малое),
дзве карлікавыя галактыкі, спадарожнікі Млечнага Шляху, самыя яркія ў Паўд. паўшар’і неба, найбольш блізкія да нашай Галактыкі. Названыя па імю Ф.Магелана, каманда якога выявіла іх у час першага кругасветнага падарожжа (1519).
М.В. відаць на паўд. небе простым вокам як туманныя плямы няправільнай формы (Вял. М.В. — у сузор’і Залатой Рыбы, Малое — у Тукане). Памеры М.В. каля некалькіх дзесяткаў тыс.св. гадоў. Адлегласць ад Зямлі да Вял. М.В. 150 тыс.св. гадоў, да Малога — 200 тыс.св. гадоў. М.В. сфарміраваліся на некалькі млрд. гадоў пазней за нашу Галактыку і маюць шмат маладых зорак і газапылавых комплексаў, дзе ідзе актыўны працэс зоркаўтварэння. У Вял. М.В. ў лютым 1987 успыхнула звышновая зорка, якую можна было бачыць з Зямлі простым вокам. Іл.гл. да арт.Галактыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЦНАЕ ЎЗАЕМАДЗЕ́ЯННЕ,
адзін з тыпаў фундаментальных узаемадзеянняў элементарных часціц (разам з гравітацыйным, эл.-магн. і слабым). Абумоўлівае ўзаемадзеянні паміж адронамі (па аналогіі з Ван-дэр-Ваальса сіламі ўзаемадзеяння паміж эл. нейтральнымі аб’ектамі ў электрадынаміцы), у т. л. ў атамных ядрах і паміж ядрамі.
Асн. ўласцівасці М.ў. апісваюцца квантавай хромадынамікай, паводле якой бясколерныя адроны складаюцца з каляровых кваркаў, а сілы ўзаемадзеяння паміж імі абумоўлены абменам глюонамі. М.ў. інварыянтнае адносна прасторавага і часавага адбіццяў, зарадавага спалучэння. Пераўзыходзіць па інтэнсіўнасці эл.-магн. ўзаемадзеянне прыкладна ў 100 разоў, яго радыус дзеяння каля 10−11м, элементарныя працэсы, абумоўленыя М.у., працякаюць за час каля 10−23с. У М.у. выконваюцца законы захавання ізатапічнага спіна, дзіўнасці і інш.квантавых лікаў, характэрных для адронаў. Гл. таксама «Вялікае аб’яднанне».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯТО́ДЗІЕЎ (Дзімітр Хрыстаў) (н. 11.9.1922, г. Гара-Бялова, Балгарыя),
балгарскі паэт, грамадскі дзеяч. Засл. дз. культ. Балгарыі (1969). Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1953). Друкуецца з 1939. Паэт.зб-кі «Пра час і пра сябе» (1963), «Вершы і маленькія паэмы» (1968), «Вялікае перасяленне» (1970), «Час восеньскай яснасці» (1977), «І пах салодкі» (1980), раман у вершах «Дзімітроўскае племя» (1951) прасякнуты грамадз. пафасам. Перакладае рус., бел. і інш. паэтаў. На бел. мову паасобныя яго вершы пераклаў Н.Гілевіч. Дзімітроўская прэмія 1952, 1964. Міжнар. прэмія «Салензара» (1982).
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Ад стром балканскіх: Вершы сучасных балг. паэтаў. Мн., 1965;
У кн.: Сто гадоў, сто паэтаў, сто песень. Мн., 1978;
У кн.: Гілевіч Н. Роднасць: Выбр.пер. са слав. паэтаў. Мн., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХ ((Mach) Вільгельм) (1.1.1917, в. Камёнка Падкарпацкага ваяв., Польшча — 2.7.1965),
польскі пісьменнік. Скончыў Ягелонскі. ун-т у Кракаве (1947). Друкаваўся з 1947. Будні правінцыяльнага гарадка ў гады ням.-фаш. акупацыі, яе маральныя і псіхал. наступствы адлюстраваны ў аповесці «Іржа» (1950). Рэчаіснасць польск. вёскі 1940-х г. у цэнтры рамана «Явараў дом» (1954, Дзярж. прэмія Польшчы 1955). Свет дзіцячых перажыванняў узнавіў у рэфлексіўна-лірычным рамане «Жыццё вялікае і малое» (1959). Эксперым. раман «Горы над чорным морам» (1961) адметны аўтабіяграфізмам і дакументальнасцю, філас. заглыбленасцю. Раман «Агнешка, дачка Калумба» (1964, Дзярж. прэмія Польшчы 1964) пра жыццё пасляваен. вёскі, лёс польск. інтэлігенцыі. Аўтар апавяданняў, рэпартажаў, «Літаратурных нарысаў» (т. 1—2, 1971).
Тв.:
Рус пер. — Дом Явора. М., 1956;
Агнешка, дочь «Колумба» // Мах В. Агнешка, дочь «Колумба»;
Конвицкий Т. Современный сонник. М., 1973.
Літ.:
Poradecki J. Pisarstwo Wilhelma Macha. Łódź, 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМА́ШНЯЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
вытворчасць у сял. гаспадарцы прадуктаў для асабістага карыстання, якія вырабляюцца з сыравіны, што здабываецца ў гэтай жа гаспадарцы. У большасці народаў узнікла ў эпоху першабытнаабшчыннага ладу з фарміраваннем асн. галін вытв. дзейнасці — земляробства і жывёлагадоўлі. Развіццё залежала ад мясц. умоў і наяўнай сыравіны. Найб. раннія і універсальныя віды Д.п. — апрацоўка і выраб скуры, лямцу, дрэва, кары, вяровак, віццё кошыкаў, сетак, пасудзін з сцёблаў, валасоў, валакна і інш. сыравіны стала пачаткам развіцця тэкстыльнай прам-сці. Пляценне з валакна дало пачатак прадзенню, потым ткацтву. Вялікаегасп. значэнне мела ганчарства. Д.п. была састаўной часткай эканомікі дакапіталіст. спосабаў вытв-сці. Злучэнне сял. промыслаў з патрыярхальным натуральным земляробствам было тыповым для сярэдневякоўя. У эпоху развітога феадалізму Д.п. перарасла ў рамяство. У сучасных умовах Д.п. захавалася ў некат. раёнах Афрыкі, Цэйлона, Індыі, Лацінскай Амерыкі і інш. На тэр. Беларусі сустракаецца ў выглядзе нар. промыслаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́Ў (Уладзімір Уладзіміравіч) (н. 6.6.1952, Мінск),
бел. артыст балета, педагог. Засл. арт. Беларусі (1980). Нар.арт. Беларусі (1992). Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1971). У 1971—92 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, з 1992 выкладае ў Бел. акадэміі мастацтваў, Дзярж. харэаграфічным каледжы. Выканальніцкую манеру вызначаюць шчырасць, натуральнасць, сцэн. абаяльнасць; яго танец пластычна выразны, драматычна асэнсаваны, псіхалагічна завостраны. Стварыў яркія вобразы ў нац. спектаклях: Тыль і Філіп, Князь і Машэка («Тыль Уленшпігель», «Курган» Я.Глебава). Сярод інш. партый: Юнак («Ленінградская сімфонія» на муз. Дз.Шастаковіча), Хазэ («Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ—Р.Шчадрына), Спартак, Крас («Спартак» А.Хачатурана), Бог («Стварэнне свету» А.Пятрова), Зігфрыд і Ротбарт, Драсельмеер («Лебядзінае возера», «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Кавалер, Базіль (Вялікае класічнае па на муз. Л.Мінкуса з балета «Пахіта» Э.Дэльдэвеза, «Дон Кіхот» Мінкуса), Рамэо і Тыбальд («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Юнак («Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага).
Літ.:
Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 136—140.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРДВІ́ЛКА (Аркадзь Пятровіч) (24.8.1905, в. Языль Старадарожскага р-на Мінскай вобл. — 27.10.1986),
бел. пісьменнік, перакладчык. Канд.філал.н. (1956). Вучыўся на Фанетычных курсах новых моў у Ленінградзе (1926—27), у БДУ (1927—29), на Вышэйшых курсах новых моў пры 2-м Маскоўскім ун-це (1929—30). Скончыў Сярэднеазіяцкі ун-т (Ташкент, 1950). У 1933 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1988. З 1935 жыў у Ташкенце. Працаваў у Сярэднеазіяцкім ун-це (1951—57), Ташкенцкім пед. ін-це (1956—60), Рэсп. ін-це рус. мовы і л-ры (1960—85). Друкаваўся з 1924. Публікаваў вершы, апавяданні, нарысы, рэцэнзіі. Аўтар кн. нарысаў «Вялікае нараджэнне» (1932), навук. прац «Нарысы па рускай фразеалогіі» (1964), «Як хутчэй засвоіць значэнне англійскіх слоў» (1968) і інш. На бел. мову пераклаў раздзелы са «Спеву аб Гаяваце» Г.Лангфела, «Песню пра вольны шлях» У.Уітмена, асобныя творы Дж.Лондана, Р.Тагора, П.Тычыны, раман М.Ляшко «Доменная печ» і інш.