МАЖО́Р (франц. majeur, італьян. maggiore ад лац. major большы),

лад, у аснове якога ляжыць вялікае (мажорнае) трохгучча, а таксама яго ладавая афарбоўка (нахіленне). Мае светлую афарбоўку гучання, процілеглую афарбоўцы мінору, што складае адзін з найб. важных кантрастаў у музыцы. Асн. віды М.: натуральны, гарманічны (з VI паніжанай ступенню) і меладычны (з VI і VII паніжанымі ступенямі). Эвалюцыя М. выявілася ва ўзбагачэнні 7-ступеннай асновы вытворнымі і варыянтнымі тонамі. М. — адна з асн. ладавых форм у музыцы 17—20 ст. Яго выяўл. якасці шырока выкарыстоўваюцца ў розных жанрах музыкі.

Літ.:

Мазель Л. Проблемы классической гармонии. М., 1972;

Бершадская Т.С. Лекции по гармонии. 2 изд. Л., 1985.

Т.С.Ляшчэня.

т. 9, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)