СЯЛО́,

тып сельскага паселішча ва ўсх. славян. Тэрмін ужываецца таксама ў палякаў, балгар і інш. У Стараж. Русі С. складалася з 3—5 двароў, на Беларусі ў 14—15 ст. — з дымоў (двароў), або дварышчаў, якія ядналі 5—10 і болей сваяцкіх сем’яў. Пасля «Уставы на валокі» 1557 С. часта ўзнікалі на новых месцах; туды ссяляліся (асаджваліся) прыгонныя сяляне, якія выконвалі пераважна чыншавыя, падатковыя павіннасці (асадныя С.). Каля цэнтраў фальваркаў узнікалі дворныя С. найчасцей з колішняй чэлядзі, па 10—12 двароў. У сярэдзіне 17 ст. былі С. па 60 двароў і болей; на Беларусі яны сталі называцца таксама вёскамі, ад якіх амаль не адрозніваліся (гл. Вёска). У дарэв. Расіі С. наз. вялікае сялянскае паселішча з царквою, крамаю, карчмою і інш.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 15, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)