ЛЕПЯШЫ́НСКІ (Панцеляймон Мікалаевіч) (12.3.1868, в. Студзянец Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 30.9.1944),
дзеяч рэв. руху, публіцыст, пісьменнік, педагог. Д-ргіст.навук. Скончыў Магілёўскую гімназію (1886). Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1886—90), дзе узначальваў бел. зямляцтва. За ўдзел у рэв. руху выключаны (быў чл. нарадавольскага гуртка). Здаў экзамены экстэрнам у Кіеўскім ун-це і атрымаў дыплом настаўніка (1891). З 1894 кіраваў марксісцкім гуртком у Пецярбургу. У 1895 арыштаваны з інш. членамі «Саюза барацьбы за вызваленне рабочага класа» і сасланы на 3 гады ў Енісейскую губ. Друкаваў артыкулы ў газ. «Сибирская жизнь», «Енисей». З 1900 агент «Искры» ў Пскове. У 1902 зноў арыштаваны і высланы ў Енісейскую губ., адкуль уцёк, з 1903 у Жэневе, далучыўся да бальшавікоў. Удзельнік падрыхтоўкі II і III з’ездаў РСДРП. Супрацоўнічаў у бальшавіцкіх газетах. У 1907—09 выкладаў у Аршанскім рэальным вучылішчы. На Аршанскім чыг. вузле разам з жонкай В.Б.Лепяшынскай аднавіў арг-цыю РСДРП. З 1909 у стат. бюро пры Маскоўскай гар. управе, уваходзіў у бальшавіцкую літ. групу. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 гар. галава ў Оршы, на пед., навуковай і журналісцкай рабоце ў Петраградзе і Маскве, заг. аддзела школы Наркамата асветы. У 1918 заснаваў ў Кармянскім р-не доследна-паказальную прац.Ліцвінавіцкую школу-камуну. У 1921—24 адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Камісіі па распрацоўцы гісторыі РКП(б) (Гістпарта), выкладаў у Маскоўскім ун-це і Камуністычнай акадэміі, адзін з ініцыятараў стварэння і 1-ы старшыня ЦК МОПР. З 1927 дырэктар Гіст. музея, у 1935—36 — Музея рэвалюцыі ў Маскве. Аўтар драмы «Чырвоным па чырвонаму» (1919), рамана «Барацьба і творчасць», аповесці «У зелянях» (1924), апавяданняў, успамінаў, навук. прац па пытаннях гісторыі, нар. асветы, пра А.Грыбаедава, М.Салтыкова-Шчадрына і інш. З 1967 устаноўлена Дзярж. прэмія Беларусі імя Л. за лепшы публіцыстычны твор.
Тв.:
На повороте. М., 1955;
Бел.пер. — Як узнікла Ленінская партыя. Мн., 1934.
Літ.:
Булацкий Г.В. Ленинской гвардии солдат. 2 изд. Мн., 1970;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́МІН-СІБІРА́К (сапр.Мамін) Дзмітрый Наркісавіч
(6.11.1852, г.п. Вісім Свярдлоўскай вобл., Расія — 15.11.1912),
рускі пісьменнік. Адзін з заснавальнікаў рус. «сацыялагічнага рамана». Вучыўся ў Пермскай духоўнай семінарыі (1868—72), Пецярбургскай мед.-хірургічнай акадэміі (1872—76) і Пецярбургскім ун-це (1876—77). З 1877 жыў на Урале (пераважна ў Екацярынбургу), з 1891 у Пецярбургу і Царскім Сяле. Друкаваўся з 1875. Гал. тэма уральскіх раманаў «Прывалаўскія мільёны» (1883), «Горнае гняздо», «Дзікае шчасце» (пад назвай «Жылка», абодва 1884), «Тры канцы» (1890), «Золата» (1892), «Хлеб» (1895) — улада капіталу над душамі асобных людзей і над лёсамі цэлых сац. пластоў. У рамане «Імяніннік» (1888) стварыў тып «лішняга чалавека» апошняй чвэрці 19 ст. Раман-успамін «Рысы з жыцця Пяпко» (1894) пра жыццё пецярбургскіх рэпарцёраў. Раманы «Веснавыя навальніцы» (1893), «Без назвы» (1894), «Па новым шляху» (1896) і інш. пра рус. інтэлігенцыю. Аповесці «Браты Гардзеевы» (1891), «Ахоніны бровы» (1892) на гіст. тэматыку. Аўтар раманаў «На вуліцы» («Бурны паток», 1886), «Зоркі, якія падаюць» (1899), «Уральскіх апавяданняў» (т. 1—2, 1888—89), п’есы «На залатым дне» («Золатапрамыслоўцы», паст. 1887), падарожных нарысаў «Ад Урала да Масквы» (1881—82), успамінаў «З далёкага мінулага» (1902) і інш. Творчасці М.-С. ўласцівы маштабнасць ахопу матэрыялу, драматызм, безылюзорны і шырокі погляд на чалавека, унутрана-напружанае апавяданне, жыццёвая дакладнасць, натуралістычныя падрабязнасці. Пісаў для дзяцей: «Ямеля-паляўнічы» (1884), «Зімоўе на Студзёнай» (1892), «Шэрая шыйка» (1893), «Алёнчыны казкі» (1894—97) і інш. Апрацоўваў легенды казахаў і кіргізаў (зб. «Легенды», 1898). На бел. мову асобныя яго творы пераклалі Я.Маўр, А.Якімовіч і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕСТРА́К (Піліп Сямёнавіч) (27.11.1903, в. Сакоўцы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 22.8.1978),
бел.пісьменнік. Засл. дз. культ. Беларусі (1968). Вучыўся ў Самарскім ун-це (1920—21). З 1921 у Зах. Беларусі. Удзельнік рэв. руху (з 1927 сакратар Косаўскага падп. райкома, чл. Слонімскага акругкома КПЗБ, у 1933—34 інструктар ЦККПЗБ). Амаль 11 гадоў быў зняволены ў турмах. З 1939 сакратар гаркома КП(б)Б у Гродне, з 1940 старшыня Беластоцкага аддзялення СП Беларусі. Працаваў начальнікам Упраўлення па справах мастацтва пры СНКБССР, у Ін-це мовы, л-ры і мастацтва АНБССР, літ. кансультантам СП БССР. Друкаваўся з 1926. Аўтар зб-каў вершаў «На варце» (1940), «За сваю Айчыну» (1946), «Падарожнае» (1962), паэмы «Слова пра Мінск» (1968), зб-каў апавяд. «Першыя ўсходы» (1951), «Неспадзяванак» (1957), «Лясная песня» (1958), «Сярод чаротаў» (1964), «Апавяданні» (1970). Гіст.-рэв. эпапея «Сустрэнемся на барыкадах» (1951—54) — летапіс жыцця і барацьбы нар. мас Зах. Беларусі за сац. і нац. вызваленне. У цэнтры ўвагі аўтара — рост рэв. свядомасці рабочых і сялян, дзейнасць камуністаў-падпольшчыкаў, змаганне паліт. вязняў у астрогах. У рамане «Серадзібор» (1961—63, Літ. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1964) на матэрыяле пасляваен. жыцця вёскі ўславіў стваральную працу народа. Раман «Лесавічанка» (не закончаны, часткова апубл. ў 1980) пра станаўленне новага жыцця ў Зах. Беларусі ў першыя гады пасля ўз’яднання. Аўтар літ.-крытычных і публіцыст. артыкулаў. На бел. мову пераклаў паасобныя творы А.Міцкевіча, Э.Ажэшкі, Ю.Славацкага, У.Бранеўскага, С.Дабравольскага, Е.Путраманта, А.Чэхава, І.Франко, Л.Украінкі, М.Рыльскага, П.Тычыны, У.Сасюры, Л.Первамайскага і інш.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1969—71;
Зб.тв.Т. 1—5. Мн., 1984—86.
Літ.:
Гісторыя беларускай савецкай літаратуры. Т. 2. Мн., 1966;
Хромчанка К.Р. Піліп Пестрак. Мн., 1960;
Беларуская савецкая проза: Раман і аповесць. Мн., 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТРАШКЕ́ВІЧ (Алесь) (Аляксандр Лявонавіч; н. 1.5.1930, в. Пярэвалачня Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),
бел.пісьменнік, драматург.Канд.гіст.н. (1967). Засл. работнік культуры Беларусі (1975). Скончыў БДУ (1955). Працаваў у ЦК ЛКСМБ, ЦККПБ. У 1967—75, 1979—91 адказны сакратар, нам.гал. рэдактара ў выд-ве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя». У 1975—76 рэктар Мінскага ін-та культуры. У 1991—98 кіраўнік арганізац.-метадычнага цэнтра па выданні гіст.-дакумент. хронік «Памяць». Друкуецца з 1954. Першая камедыя — «Адкуль грэх?» (паст.Бел. т-рам імя Я.Купалы, 1969). Камедыі «Укралі кодэкс» (паст. Гомельскім абл. т-рам, 1976), «Злыдзень» (паст. 1973), «Ка-тастро-фа» («Куды ноч, туды сон», паст. 1987, абедзве Магілёўскім абл. т-рам драмы і камедыі), драмы «Трывога» (паст.Бел. т-рам імя Я.Коласа, 1974), «Соль» (паст.Дзярж.рус.драм. т-рам, 1981), «У спадчыну — жыццё» (паст.Бел.рэсп. т-рам юнага гледача, 1985), «Дагарэла свечачка...» (паст. 1997), гіст. п’есы «Напісанае застаецца» (паст. 1979, абедзве т-рам імя Я.Купалы), «Русь Кіеўская» (паст. Гомельскім абл. т-рам, 1983), «Прарок для Айчыны» (тэлеспектакль, 1995) і інш. адлюстроўваюць розныя перыяды з жыцця краіны, надзённыя маральныя праблемы. Значнае месца ў творчасці займае распрацоўка гіст. тэматыкі. П’есам ўласцівы канцэптуальнасць, сцэнічнасць, дынамізм, вострая інтрыга, публіцыстычная страснасць, дакладнасць моўнай характарыстыкі вобразаў. Аўтар п’ес «Мост упоперак ракі» (1986), «Дзівак чалавек» (1996), «Інтэлігент» (1999), «Прагноз на паслязаўтра», «Воля на крыжы», «Меч Рагвалода» (усе 2000), апавяданняў, нарысаў, фельетонаў, памфлетаў, сцэнарыяў маст. фільмаў «Уваскрэсная ноч» (1977), «Нас выбраў час» (з У.Халіпам, 5 серый, 1976—78), дакумент. фільмаў «Францыск, сын Скарынін» (1990), «Гетман найвышэйшы» (1992), радыёспектакляў «Злавеснае рэха» (1984), «Надзвычай цяжкая пасада» (1986), лібрэта оперы «Новая зямля» паводле аднайм. паэмы Я.Коласа (муз. Ю.Семянякі, паст.Дзярж. т-рам оперы і балета Беларусі, 1982) і інш.Дзярж. прэмія Беларусі 1976.
Тв.:
П’есы. Мн., 1976;
Соль: П’есы. Мн., 1988;
Воля на крыжы: Гіст. п’есы. Мн., 2000;
Рус.пер. — Избранное. М., 1986.
Літ.:
Сабалеўскі А. Сучаснасць і гісторыя. Мн., 1985;
Смольскі Р. Тэатр у прасторы часу. Мн., 1998;
Баравік Р. Рэжысура Беларусі: праблемы канцэптуальнасці спектакляў. Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛУГ (Адам) (сапр.Пяткевіч Антоні Антонавіч; 23.10.1823, в. Замосце Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 2.11.1903),
польскі і бел.пісьменнік, публіцыст. Скончыў Слуцкую гімназію (1842), вучыўся ў Кіеўскім ун-це (1845—46). З 1831 жыў у в. Жукаў-Барок на Стаўбцоўшчыне, дзе пасябраваў з У.Сыракомлем. Працаваў настаўнікам на Украіне. У 1856 у Мінску сустракаўся з В.Дуніным-Марцінкевічам, С.Манюшкам. За ўдзел у антыўрадавых маніфестацыях зняволены (1864—66, Кіеў). З 1874 у Варшаве. Адзін з арганізатараў бел.літ.-асв. гуртка. У 1879—90 рэдактар час. «Kłosy» («Каласы») і аўтар шматлікіх матэрыялаў пра Беларусь у ім. У 1891—1903 гал. рэдактар «Вялікай усеагульнай ілюстраванай энцыклапедыі», адначасова літ. кіраўнік час. «Wędrowiec» («Вандроўнік», 1894—99), уваходзіў у склад рэдакцыі газ. «Kurjer Warszawski» («Варшаўскі веснік», 1899—1903). Дэбютаваў у 1847. У 1849 напісаў на бел. мове 4 апавяданні і адну легенду (захавалася апавяд. «Кручаная баба», апубл. ў 1918). Першы паэт.зб. «Родны загон» (1854) заснаваны на рэаліях бел. жыцця. У зб. «Каласы з роднай нівы» (1856) фалькл. і хрысц. матывы. Рэаліст. паказ жыцця шляхты ў цэнтры сац. раманаў «Дух і кроў» (1859), «Афіцыяліст» (1866—67) і інш. Аўтар артыкулаў і нарысаў пра культ. жыццё Беларусі («Некалькі ўражанняў з падарожжа на Літву», 1858; «Уладзіслаў Сыракомля», 1862; «Манюшка ў Мінску», 1896, і інш.), вершаваных прысвячэнняў Дуніну-Марцінкевічу і Сыракомлю. Адзін з першых пераклаў на польскую мову творы Дуніна-Марцінкевіча, Г.Гейнэ, В.Гюго, А.Пушкіна, У.Шэкспіра. Творы П. друкаваліся ў Мінску (у зб. «Голас з Літвы», 1859). Сумесна з В.Каратынскім падрыхтаваў выданне «Выбранай паэзіі» Сыракомлі (т. 1—5, 1890). На бел. мову асобныя яго творы пераклалі П.Бітэль, У.Мархель, К.Цвірка.
Тв.:
Zupełny zbiór pism. Ser. 1—2. T. 1—6. Żytomierz;
Wilno, 1862—63;
Бел.пер. — Кручаная баба // Спадчына. 1992. № 4;
Да Станіслава Манюшкі. Жукаў Барок // Полымя. 1999. №7.
Літ.:
Мальдзіс А. Адам Плуг // Мальдзіс А.І. Падарожжа ў XIX ст.Мн., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСПУ́ЦІН (Валянцін Рыгоравіч) (н. 15.3.1937, г.п. Усць-Уда Іркуцкай вобл., Расія),
рускі пісьменнік, публіцыст. Герой Сац. Працы (1987). Скончыў Іркуцкі ун-т (1959). Да 1966 на журналісцкай рабоце. Друкуецца з 1961. Прадстаўнік т.зв. вясковай прозы. У цэнтры аповесцей «Апошні тэрмін» (1970), «Развітанне з Мацёрай» (1976, фільм «Развітанне», 1986) трагічныя лёсы «сыходзячай» вясковай Русі, рэзкае проціпастаўленне вобразаў сялянак, захавальніц нац.-духоўных традыцый, тыпам напаўсялян-напаўгараджан, што страцілі карані; горыч ад уздзеяння тэхн. цывілізацыі на прыроду. Роздум над праблемай часу і месца чалавека ў ім у аповесці «Жыві і помні» (1974, Дзярж. прэмія СССР 1977; опера К.Волкава). У аповесці «Пажар» (1985, Дзярж. прэмія СССР 1987) з болем паказаны трыумф «бескаранёвых» герояў. Аўтар аповесці «Грошы для Марыі» (1967), зб-каў апавяданняў «Край каля самага неба» (1966), «Век жыві — век любі» (1982), серыі апавяданняў пра сучаснасць, у т. л. «У тую ж зямлю...» (1996), кн. публіцыстычных артыкулаў «Расія: дні і часы» (1993), кн. нарысаў, інтэрв’ю, рэцэнзій «Што ў слове, што за словам?» (1987) і інш. Яго творам уласцівы глыбіня паказу жыцця, яркасць характараў, вастрыня пастаўленых праблем. Апавяданні «Васіль і Васіліса», «Урокі французскага» экранізаваны. П’есы паводле твораў Р. ставіліся на Беларусі: «Апошні тэрмін» — у Т-ры юнага гледача (1977), Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі (1979), Дзярж.рус. т-ры (1980), «Грошы для Марыі» — у Гродзенскім абл.драм. т-ры, Магілёўскім абл.драм. т-ры (абодва 1978), «Жыві і помні» — у Гомельскім абл.драм. т-ры (1980). На бел. мову аповесці «Жыві і помні» і «Пажар» пераклаў М.Дубянецкі, апавяданне «Рудольфіо» — Т.Мартыненка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫНЬКО́Ў (Міхась) (Міхаіл Ціханавіч; 30.11.1899, в. Зазыбы Віцебскага р-на — 21.9.1975),
бел.пісьменнік, літ.-знавец, грамадскі дзеяч. Нар.пісьменнік Беларусі (1962). Акад.АН Беларусі (1953, чл.-кар. 1936). Скончыў Рагачоўскую настаўніцкую семінарыю (1917). У грамадз. вайну ўдзельнічаў у партыз. руху. Настаўнічаў у Буда-Кашалёўскім і Рагачоўскім р-нах (1917—19 і 1922—25). У 1919—22 у Чырв. Арміі. З 1925 працаваў адказным сакратаром, рэдактарам бабруйскай акр.газ. «Камуніст». З 1930 у Дзярж. выд-ве «Беларусь», у 1933—41 гал. рэдактар час. «Полымя рэвалюцыі». Быў арганізатарам і кіраўніком Бабруйскай філіі «Маладняка», адным з кіраўнікоў БелАПП. Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі (1938—48). Рэдактар газ. «Беларуская звязда» (1939), «За Савецкую Беларусь» (1941—42). У 1943-46 і 1949—52 дырэктар Ін-та л-ры, мовы і мастацтва АН Беларусі. Друкаваўся з 1919. Асабліва моцны ўплыў зрабілі на Л. рамант. стылёва-выяўл. традыцыі рус. л-ры. У апавяданнях 1920—30-х г. (зб-кі «Апавяданні», 1927; «Гой», 1929, «Андрэй Лятун», 1930, «Саўка-агіцірнік», 1933, «На вялікай хвалі», 1934, і інш.) пераважна на аснове асабістага жыццёвага вопыту пісаў пра рэвалюцыю і грамадз. вайну, паказваў барацьбу за новы грамадскі лад («Над Бугам», «Крот», «Манчжур», «Кватармайстар Бадай», «Сінія галіфэ» і інш.), як змяняліся міжнац. адносіны («Гой»), усталёўваўся новы побыт («У мястэчку»), Паэтызаваў працу простых людзей, асэнсоўваў яе як крыніцу сапраўднай духоўнасці («Андрэй Лятун»). Шмат увагі аддаваў паказу гарадскога і местачковага жыцця, рабочага асяроддзя («Гома», «Чыгунныя песні», «Журавель мой, журавель» і інш.). Рэалістычны паказ старой бел. вёскі складае асн. змест няскончанага рамана «На чырвоных лядах» (1934). У аповесцях для дзяцей «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» (1935) і «Міколка-паравоз» (1936, кінафільм 1957) створана дынамічная і займальная падзейная плынь, у якой яркая і маляўнічая апавядальнасць атрымала лірыка-гумарыстычную афарбоўку. Жыццё працоўных Зах. Беларусі паказаў у зб. апавяданняў «Сустрэчы» (1940). Гераізм і самаахвярная мужнасць народа ў барацьбе з фашызмам у перыяд Вял.Айч. вайны паказаны ў напоўненых драматызмам і трагедыйнасцю апавяданнях са зб. «Астап» (1944). У многіх з іх гучыць тэма знявечанага фаш. акупацыяй дзяцінства («Дзіцячы башмачок», «Недапетыя песні», «Пацалунак» і інш.). Яркія эпізоды партыз. вайны на Беларусі супраць ням.-фаш. акупантаў атрымалі эмацыянальна-ўсхваляванае адлюстраванне ў рамане «Векапомныя дні» (кн. 1—4, 1-е поўнае выд. 1958; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1968). На матэрыяле замежных паездак напісаў кн. замалёвак, нарысаў і апавяданняў «За акіянам» (1962). Публіцыстычнае майстэрства Л. найб. выявілася ў артыкулах і сатыр. замалёўках перыяду Вял.Айч. вайны («Смачны жабе арэх, ды зубоў бог не даў...», «Цешыўся старац, што перажыў марац, ажно ў маю нясуць яго да гаю...» і інш.), у нарысах «Шляхамі вайны» (1945), «Пад сонцам Індыі» (1957). У літ.-знаўчых і крытычных работах абараняў праўдзівасць, даследчы пафас л-ры, змагаўся супраць спрошчанага, вульгарызатарскага яе разумення. Пісаў пра жыццё і творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, К.Крапівы, К.Чорнага, І.Мележа, Я.Брыля, І.Шамякіна і інш.бел. пісьменнікаў, Т.Шаўчэнку, рус. і зарубежных класікаў (А.Пушкіна, М.Гогаля, М.Някрасава, Л.Талстога, Ф.Дастаеўскага, А.Чэхава, М.Горкага, Р.Тагора), дзеячаў сусв. культуры (Я.Каменскага і інш.). На бел. мову перакладаў творы М.Горкага і М.Ціханава. Помнікі Л. ў в. Крынкі Лёзненскага р-на і на магіле ў Мінску (на Усходніх могілках); музеі ў Крынкаўскай і Бронніцкай (Буда-Кашалёўскі р-н) школах.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1967—68;
Зб.тв.Т. 1—8. Мн., 1981—85;
Летапіс эпохі. Мн., 1968;
Літаратура і жыццё. Мн., 1978;
Публіцыстыка. Мн., 1980;
Насустрач жыццю: Апавяданні. Мн., 1988;
Міколка-паравоз: Аповесці і апавяданні. Мн., 1989.
Літ.:
Бугаёў Дз. Шчодрае сэрца пісьменніка. Мн., 1963;
Яго ж. Чалавечнасць. Мн., 1985;
Куляшоў Ф.І. Міхась Лынькоў. Мн., 1979;
Яго ж. Міхась Лынькоў: Семінарый. Мн., 1963;
Дзюбайла П.К. Беларускі раман аб Вялікай Айчыннай вайне. Мн., 1964;
Пашкевіч Н.Е. На шырокіх шляхах жыцця. Мн., 1965;
Святло яго душы. Мн., 1979;
Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця. 2 выд.Мн., 1990;
Гілевіч Н. Удзячнасць і абавязак. Мн., 1982;
Бачыла А. Крыло неспакою. Мн., 1985;
Мушынскі М. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства: 40-я — першая палавіна 60-х гг.Мн., 1985;
Кенька М. Міхась Лынькоў: Летапіс жыцця і творчасці. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯДУ́ЛЯ (Змітрок) (сапр.Плаўнік Самуіл Яфімавіч; 23.4.1886, в. Пасадзец Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 3.11.1941),
бел.пісьменнік. Вучыўся ў яўр. пачатковай школе і духоўнай семінарыі. У 1912—15 у Вільні; працаваў у выдавецкім т-ве і газ. «Наша ніва». З 1915 — у Мінску, з 1920 працаваў у газ. «Савецкая Беларусь», час. «Зоркі», «Наш край». Уваходзіў у літ. аб’яднанне «Маладняк», пасля — ва «Узвышша». Першая публікацыя — абразок «Пяюць начлежнікі» («Наша ніва», 23.9.1910). Друкаваўся таксама ў час. «На берегах Невы» (Пецярбург) і «Молодые порывы» (Вільня). Першая кніга — зборнік лір. імпрэсій-мініяцюр «Абразкі» (1913), жанрава блізкіх да вершаў у прозе. У іх рамантычна-эмацыянальнае ўспрыманне жыцця, паэтызацыя бел. вёскі, яе побыту, асуджэнне сац. несправядлівасці. У рэаліст. апавяданнях Бядулі — праблемы бел. сялянства, яго сац. становішча («Пяць лыжак заціркі», «Умарыўся», «Злодзей», «Чараўнік» і інш.), нац. інтэлігенцыі, мастацтва, лёсу маладых талентаў у цяжкіх сац. і быт. умовах («На каляды к сыну», «Велікодныя яйкі» і інш.). Вастрынёй сац. тэматыкі вызначаліся таксама і вершы гэтага перыяду. Матывы смутку, тугі і роспачы ў вершах антываен. накіраванасці («Ад крыві чырвонай», «Вайна», «Не мы...», «І сотнямі тысяч» і інш.). 1920—30-я г. — перыяд ідэйна-творчага росту пісьменніка. Пашырэнне тэматычнага дыяпазону, імкненне да эпічнасці ў адлюстраванні складаных з’яў рэчаіснасці, каларытныя малюнкі жыцця і побыту бел. вёскі канца 19 — пач. 20 ст. выявіліся ў зб-ках паэзіі «Пад родным небам» (1922), «Буралом» (1925), «Паэмы» (1927), зб-ках апавяданняў «На зачарованых гонях» (1923), «Апавяданні» (1926), фалькл.-рамант. аповесці «Салавей» (1927), сац.-псіхал. рамане «Язэп Крушынскі» (кн. 1—2, 1929—32; 2-я напісана пад уплывам вульгарнага сацыялагізму), аўтабіягр. аповесцях «Набліжэнне» (1935) і «У дрымучых лясах» (1939). У яго творах — сучаснае і гіст. мінулае Беларусі, спалучаны рамант.-пафаснае адлюстраванне рэв. эпохі, эпохі прыгоннага права і сац. працэсаў грамадскага жыцця перыяду індустрыялізацыі і калектывізацыі вёскі. Выступаў як публіцыст, аўтар твораў для дзяцей, перакладчык. Даследаваў пытанні этнаграфіі і фальклору («Вера, паншчына і воля ў беларускіх народных казках і песнях», 1924), пісаў літ.-крытычныя артыкулы, нарысы (кн. «Дзесяць», 1930).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РТНЫ (Цішка) (сапр.Жылуновіч Зміцер Хведаравіч; 4.11.1887, г. Капыль Мінскай вобл. — 11.4.1937),
бел.пісьменнік і грамадскі дзеяч. Акад.АН Беларусі (1928). Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. Працаваў рамеснікам-гарбаром у Капылі, на з-дзе ў Пецярбургу. Пасля 1917 сакратар Бел.нац. камісарыята, рэдактар газ.«Дзянніца», з 1.1 да 3.2.1919 старшыня Часовага рэвалюцыйнага ўрада Савецкай Беларусі, потым палітработнік 14-й арміі і штаба Зах. фронту. Пазней узначальваў Дзярж.выд-ва Беларусі, працаваў у Наркамаце асветы БССР, у Ін-це гісторыі АН Беларусі. У 1923 пленум ЦККП(б)Б прыняў пастанову аб прысваенні яму звання нар. паэта Беларусі, аднак пастанова не была выканана. Чл.ЦБКП(б)Б (1918—19), кандыдат у чл.ЦККП(б)Б (1927—29), чл.ЦВКБССР у 1920, 1931. 16.1.1931 выключаны з партыі, 15.11.1936 арыштаваны. 7.4.1937 пераведзены ў Магілёўскую псіхіятр. лячэбніцу, дзе, паводле афіц. версіі, памёр ад гангрэны лёгкіх. У 1988 рэабілітаваны.
Друкавацца пачаў у 1908 у газ. «Наша ніва». Выступаў як паэт, празаік, драматург, публіцыст, даследчык гісторыі бел. л-ры, крытык. Першы зб. «Песні» (1913). Гартны — пачынальнік рабочай тэматыкі ў бел. паэзіі і прозе. У рамане «Сокі цаліны» (нап. 1914—29) паказаў шляхі фарміравання характару рэв. змагара, узняў некранутыя пласты нар. жыцця, разгарнуў шырокія малюнкі заводскіх будняў, стварыў яскравыя вобразы сялян-местачкоўцаў. У зб-ках апавяданняў «Трэскі на хвалях» (1924) і «Прысады» (1927) адлюстравана разбуджаная рэвалюцыяй бел. вёска. У творах Гартнага заўважаўся паварот ад аднабаковай рамантызацыі і лірыка-эмацыянальнага ўспрыняцця грамадз. вайны да рэаліст. паказу канкрэтнага чалавека і яго псіхалогіі. У рамане «Перагуды» (1935) паказаў вёску ў перыяд калектывізацыі. У зб. «Узгоркі і нізіны» (1928) — даследаванні творчасці Я.Купалы, Я.Коласа, М.Чарота, А.Гурло. На месцы пахавання Гартнага пастаўлены помнік. Яго імем названы вуліцы ў Мінску, Капылі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЮГО́ ((Hugo) Віктор Мары) (26.2.1802, г. Безансон, Францыя — 22.5.1885),
французскі пісьменнік. Чл.Франц. акадэміі (з 1841). У ранні перыяд творчасці (паэт.зб. «Оды і розныя вершы», 1822; «Оды і балады», 1826; раманы «Ган Ісландзец», 1823; «Бюг Жаргаль», 1826) эвалюцыяніраваў ад падтрымкі манархіі да ліберальна-дэмакр. поглядаў, ад класіцызму да рамантызму. У зб. «Усходнія матывы» (1829) пра нац.-вызв. барацьбу грэкаў заявіў аб сабе як рэфарматар паэзіі — стваральнік разнастайных рыфмаў і гнуткіх рытмаў, арыгінальнай строфікі. У «Прадмове» да драмы «Кромвель» (1827), прызнанай эстэт. маніфестам франц. рамантызму, вылучыў і абгрунтаваў тэорыю кантрастаў і гратэску, якую рэалізаваў у рамант. драмах «Марыён Дэлорм» (нап. 1829), «Эрнані» (1830), «Кароль забаўляецца» (1832), «Руі Блаз» (1838) і інш. Антыманархічны, вольналюбівы настрой драм, напісаных на гіст. сюжэты, адпавядаў рэв. зрухам у Францыі напярэдадні і пасля Ліпеньскай рэвалюцыі 1830. У атмасферы бурлівых паліт. падзей напісаў гіст. раман з жыцця Францыі 15 ст. «Сабор Парыжскай Божай маці» (1831). Тэматычнай і стылістычнай разнастайнасцю вызначаліся лірычныя зб-кі «Лісце восені» (1831), «Песні змроку», «Унутраныя галасы» (1837), «Промні і цені» (1840). Пасля дзярж. перавароту 1851 эмігрыраваў з Францыі. У перыяд выгнання, які працягваўся 19 гадоў, у Гюго праявіўся талент публіцыста і сатырыка (паліт. памфлет «Маленькі Напалеон», 1852; паэт.зб. «Адплата», 1853). У раманах «Адвержаныя» (1862), «Працаўнікі мора» (1866), «Чалавек, які смяецца» (1869) паказаў кантрасты галечы і багацця, улады і бяспраўя, жорсткасці і велікадушнасці. Асэнсоўваючы сац. канфлікты ў маральным аспекце, аўтар зыходзіў з ідэаліст. разумення гісторыі як спрадвечнай барацьбы двух пачаткаў — цёмнага дэманічнага і светлага боскага. Вяршыня паэзіі Гюго — зб. «Сузіранні» (т. 1—2, 1856), своеасаблівы лірычны дзённік паэта. Аўтар паэт.зб. «Грозны год» (1872) пра падзеі франка-прускай вайны і Камуны, гіст. рамана «Дзевяноста трэці год» (1874) пра франц. рэвалюцыю канца 18 ст. У 1883 завяршыў 3-ю серыю ліра-эпічнага цыкла «Паданне стагоддзяў» (1-я серыя — 1859, 2-я — 1877). На бел. мову перакладзены раманы «Адвержаныя» (1938) і «Дзевяноста трэці год» (пер. Я.Маўра, 1937). Творы Гюго перакладалі таксама Э.Агняцвет, А.Астрэйка, Ю.Гаўрук, С.Ліхадзіеўскі і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч. В 7 т.Т. 1—3. М., 1994.
Літ.:
Моруа А. Олимпио, или Жизнь Виктора Гюго: Пер. с фр.М., 1987;