ЛЕПЯШЫ́НСКІ Панцеляймон Мікалаевіч

(12.3.1868, в. Студзянец Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 30.9.1944),

дзеяч рэв. руху, публіцыст, пісьменнік, педагог. Д-р гіст. навук. Скончыў Магілёўскую гімназію (1886). Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1886—90), дзе узначальваў бел. зямляцтва. За ўдзел у рэв. руху выключаны (быў чл. нарадавольскага гуртка). Здаў экзамены экстэрнам у Кіеўскім ун-це і атрымаў дыплом настаўніка (1891). З 1894 кіраваў марксісцкім гуртком у Пецярбургу. У 1895 арыштаваны з інш. членамі «Саюза барацьбы за вызваленне рабочага класа» і сасланы на 3 гады ў Енісейскую губ. Друкаваў артыкулы ў газ. «Сибирская жизнь», «Енисей». З 1900 агент «Искры» ў Пскове. У 1902 зноў арыштаваны і высланы ў Енісейскую губ., адкуль уцёк, з 1903 у Жэневе, далучыўся да бальшавікоў. Удзельнік падрыхтоўкі II i III з’ездаў РСДРП. Супрацоўнічаў у бальшавіцкіх газетах. У 1907—09 выкладаў у Аршанскім рэальным вучылішчы. На Аршанскім чыг. вузле разам з жонкай В.Б.Лепяшынскай аднавіў арг-цыю РСДРП. З 1909 у стат. бюро пры Маскоўскай гар. управе, уваходзіў у бальшавіцкую літ. групу. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 гар. галава ў Оршы, на пед., навуковай і журналісцкай рабоце ў Петраградзе і Маскве, заг. аддзела школы Наркамата асветы. У 1918 заснаваў ў Кармянскім р-не доследна-паказальную прац. Ліцвінавіцкую школу-камуну. У 1921—24 адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Камісіі па распрацоўцы гісторыі РКП(б) (Гістпарта), выкладаў у Маскоўскім ун-це і Камуністычнай акадэміі, адзін з ініцыятараў стварэння і 1-ы старшыня ЦК МОПР. З 1927 дырэктар Гіст. музея, у 1935—36 — Музея рэвалю́цыі ў Маскве. Аўтар драмы «Чырвоным па чырвонаму» (1919), рамана «Барацьба і творчасць», аповесці «У зелянях» (1924), апавяданняў, успамінаў, навук. прац па пытаннях гісторыі, нар. асветы, пра А.Грыбаедава, М.Салтыкова-Шчадрына і інш. З 1967 устаноўлена Дзярж. прэмія Беларусі імя Л. за лепшы публіцыстычны твор.

Тв.:

На повороте. М., 1955;

Бел. пер. — Як узнікла Ленінская партыя. Мн., 1934.

Літ.:

Булацкий Г.В. Ленинской гвардии солдат. 2 изд. Мн., 1970;

Яго ж. П.Н.Лепешинский. Мн., 1973;

Садовский А.С. П.Н.Лепешинский: Страницы биогр. Мн., 1985.

І.П.Хаўратовіч.

П.М.Лепяшынскі.

т. 9, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)