РАСПУ́ЦІН (Валянцін Рыгоравіч) (н. 15.3.1937, г.п. Усць-Уда Іркуцкай вобл., Расія),
рускі пісьменнік, публіцыст. Герой Сац. Працы (1987). Скончыў Іркуцкі ун-т (1959). Да 1966 на журналісцкай рабоце. Друкуецца з 1961. Прадстаўнік т.зв. вясковай прозы. У цэнтры аповесцей «Апошні тэрмін» (1970), «Развітанне з Мацёрай» (1976, фільм «Развітанне», 1986) трагічныя лёсы «сыходзячай» вясковай Русі, рэзкае проціпастаўленне вобразаў сялянак, захавальніц нац.-духоўных традыцый, тыпам напаўсялян-напаўгараджан, што страцілі карані; горыч ад уздзеяння тэхн. цывілізацыі на прыроду. Роздум над праблемай часу і месца чалавека ў ім у аповесці «Жыві і помні» (1974, Дзярж. прэмія СССР 1977; опера К.Волкава). У аповесці «Пажар» (1985, Дзярж. прэмія СССР 1987) з болем паказаны трыумф «бескаранёвых» герояў. Аўтар аповесці «Грошы для Марыі» (1967), зб-каў апавяданняў «Край каля самага неба» (1966), «Век жыві — век любі» (1982), серыі апавяданняў пра сучаснасць, у т. л. «У тую ж зямлю...» (1996), кн. публіцыстычных артыкулаў «Расія: дні і часы» (1993), кн. нарысаў, інтэрв’ю, рэцэнзій «Што ў слове, што за словам?» (1987) і інш. Яго творам уласцівы глыбіня паказу жыцця, яркасць характараў, вастрыня пастаўленых праблем. Апавяданні «Васіль і Васіліса», «Урокі французскага» экранізаваны. П’есы паводле твораў Р. ставіліся на Беларусі: «Апошні тэрмін» — у Т-ры юнага гледача (1977), Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі (1979), Дзярж.рус. т-ры (1980), «Грошы для Марыі» — у Гродзенскім абл.драм. т-ры, Магілёўскім абл.драм. т-ры (абодва 1978), «Жыві і помні» — у Гомельскім абл.драм. т-ры (1980). На бел. мову аповесці «Жыві і помні» і «Пажар» пераклаў М.Дубянецкі, апавяданне «Рудольфіо» — Т.Мартыненка.