БУЛГА́КАЎ (Міхаіл Афанасьевіч) (15.5.1891, Кіеў — 10.3.1940),

рускі пісьменнік. Скончыў мед. ф-т Кіеўскага ун-та (1916). Працаваў земскім доктарам у Смаленскай губ. У 1919 пачаў прафесійна займацца л-рай. Супрацоўнічаў у газ. «Гудок» (1922—26). У 1925—26 апубл. «Запіскі маладога ўрача». Першы зб. сатыр. апавяданняў «Д’ябаліяда» (1925) выклікаў спрэчкі ў друку. У рамане «Белая гвардыя» (1925—27), п’есах «Дні Турбіных» (напісана па матывах гэтага рамана, паст. 1926), «Бег» (1926—28, паст. 1957) настроі старой рус. інтэлігенцыі, еднасць яе з народам, роздум пра шляхі і выбар, думкі пра «белы рух» і лёс Расіі. У камедыях «Зойчына кватэра» (паст. 1926) і «Барвовы востраў» (паст. 1928) высмейвае быт і норавы нэпманскага асяроддзя, парадзіруе звычкі абмежаванага тэатр. свету. Літ. крытыка канца 1920-х г. адмоўна ацэньвала творчасць Булгакава, яго творы не друкаваліся, п’есы былі зняты са сцэны. З пач. 1930-х г. працаваў рэжысёрам-асістэнтам МХАТа, інсцэніраваў «Мёртвыя душы» Гогаля (1932). У сатыр.-фантастычных аповесцях «Фатальныя яйкі» (1925) і «Сабачае сэрца» (1925, апубл. 1987) сцвярджэнне этычнай адказнасці інтэлігенцыі за вынікі сацыяльнага эксперыменту. «Майстар і Маргарыта» (1929—40, апубл. 1966—67) своеасаблівая форма філас. рамана, дзе сумешчаны гісторыка-легендарны, сучасна-бытавы і містыка-фантастычны планы дзеяння. У ім складанасць жыцця, вечная барацьба сіл стварэння і разбурэння. У гіст. драмах «Кабала святош» («Мальер», 1930—36, паст. 1943) і «Апошнія дні» («Пушкін», 1934—35, паст. 1943), у біяграфічнай аповесці «Жыццё спадара Мальера» (1932—33, апубл. 1962) паказвае несумяшчальнасць сапраўднага мастацтва з дэспатызмам манархіі. Незакончаны «Тэатральны раман» («Запіскі нябожчыка», 1936—37, апубл. 1965) — іранічная перыфраза гісторыі МХАТа 1920-х г., ён спалучае ў сабе споведзь і сатыру. Булгакаў — майстар дасканалай тэхнікі, імклівага сюжэта, валодаў жывой, гнуткаю мовай. Раман «Майстар і Маргарыта» на бел. мову пераклаў (1994) А.​Жук.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—5. Мн., 1989—90;

Записки на манжетах. М., 1988.

Літ.:

Творчество Михаила Булгакова: Исслед. и материалы... Кн. 1—2. СПб., 1991—94;

Мягков Б. Булгаковская Москва. М., 1993.

М.А.Булгакаў.

т. 3, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРШЧЭ́ЎСКІ (Ян) (1790, паводле інш. крыніц 1794, ці 1796, ці 16.12.1799, в. Мурагі Расонскага р-на Віцебскай вобласці — 12.3.1851),

бел. літаратар, выдавец. Пісаў на польск. і бел. мовах. Вучыўся ў Полацкай езуіцкай калегіі і акадэміі. З 1817 у Пецярбургу. Працаваў у дзярж. установах, выкладаў латынь і грэч. мову ў прыватных дамах. Сустракаўся з А.​Міцкевічам, Т.​Шаўчэнкам. З 1839 рэдактар-выдавец альманаха «Незабудка». У 1847 пераехаў у г. Чуднаў на Валыншчыне (Украіна). Літ. творчасць пачаў у студэнцкія гады (беларускамоўныя творы «Рабункі мужыкоў», «Дзеванька», «Гарэліца»; апубл. 1843—44). Пад уплывам пісьменнікаў-рамантыкаў і, магчыма, Шаўчэнкі пачаў апрацоўваць бел. легенды і паданні (балады «Русалка-зводніца», «Дзявочая крыніца», «Дзве бярозы», «Роспач», «Курганы», «Зарослае возера» і інш.). Баршчэўскі задумаў расказаць пра Беларусь, абудзіць у сэрцах землякоў пачуцці любові да роднага краю. Цыкл апавяданняў-прытчаў склаў зб. «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» (т. 1—4. Пб., 1844—46), дзе Баршчэўскі ўпершыню сцвярджаў думку пра самабытнасць Беларусі. Праз сістэму вобразных сродкаў пісьменнік выказаў бел. нац. ідэю. Сімвалічны вобраз Плачкі-Беларусі — цэнтральны ў кнізе. Апавяданні-прытчы, не выкарыстаныя ў «Шляхціцы Завальні», склалі аповесць «Драўляны дзядок і кабета Інсекта» (1844—47). Тэма роднага краю, нешчаслівага лёсу таленавітых людзей Беларусі — у драм. паэме «Жыццё сіраты». У аповесці «Душа не ў сваім целе» Баршчэўскі ў алегарычнай форме паказаў шляхі, якімі павінны ісці сумленныя людзі, каб служыць Бацькаўшчыне. Гэтыя творы разам з «Мелодыямі пілігрыма» склалі кн. «Проза і вершы» (ч. 1. Кіеў, 1849).

Тв.:

Бел. пер. — Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях. Мн., 1990;

Санет: Для В.П. Буйніцкай;

Рыбак: (балада);

Зарослае возера: Балада // Роднае слова. 1994. № 9;

Дзве бярозы: Балада // Беларусь. 1995. № 4;

Душа не ў сваім целе // Полымя. 1996. № 1. Аповесць.

Літ.:

Падбярэскі Р. Беларусь і Ян Баршчэўскі // Баршчэўскі Я. Шляхціц Завальня... Мн., 1990;

Кісялёў Г.В. Ад Чачота да Багушэвіча. Мн., 1993;

Хаустовіч М. Ля вытокаў беларускае ідэі // Полымя. 1994. № 11.

М.​В.​Хаустовіч.

Я.Баршчэўскі.

т. 2, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІШНЯВЕ́ЦКІЯ, Карыбут-Вішнявецкія,

княжацкі род герба «Карыбут» у ВКЛ і Польскім каралеўстве. Сваё паходжанне выводзілі ад Карыбута, сына вял. князя ВКЛ Альгерда. Больш верагодна, што паходзілі ад князёў Нясвіцкіх з Валыні. Родапачынальнік кн. Міхайла Васілевіч Збаражскі (? — пасля 1516) валодаў замкам Вішнявец (адсюль прозвішча) у Крамянецкім пав. на Валыні. Вішнявецкім належалі вял. зямельныя ўладанні на Украіне і Беларусі, у т. л. Брагінская воласць (з 1509). У 16 ст. Вішнявецкія падзяліліся на 2 галіны: старэйшую [пайшла ад старосты прапойскага, чачэрскага і варнянскага кн. Івана Міхайлавіча (? — 1542)] і малодшую [пайшла ад старосты рэчыцкага князя Аляксандра Міхайлавіча (? — 1555)]. Першая галіна ў мужчынскім родзе згасла ў 1744, другая — у 1673. Найб. Вядомыя:

Дзмітрый Іванавіч (? — 1563), гл. Вішнявецкі Дз.І. Адам Аляксандравіч (? — 1622), уладальнік Брагіна, дзе ў 1601—03 знаходзіўся Лжэдзмітрый I, які абвясціў сябе царэвічам Дзмітрыем. Удзельнічаў у паходах Ілжэдзмітрыя I і Лжэдзмітрыя II на Маскву. Канстанцін Канстанцінавіч (1564—1641), ваявода белзскі (1636), рускі (1638), староста чаркаскі (1623) і крамянецкі. Пазнаёміў Ілжэдзмітрыя I са сваім сваяком Юрыем Мнішкам. Удзельнічаў у паходах Ілжэдзмітрыя (1604—05) і каралевіча Уладзіслава (1617—18) на Маскву. Іерамія Міхал Міхайлавіч (1612—20.8.1651), ваявода рускі (1646), староста гадзяцкі, канеўскі, пшэмыскі. Адзін з буйнейшых магнатаў на Украіне. Удзельнічаў у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. Выступаў супраць цэнтралізацыі ўлады ў Рэчы Паспалітай. Патрабаваў ад караля рашучых дзеянняў па задушэнні вызв. вайны 1648—51 на Украіне, у выніку якой страціў большасць сваіх маёнткаў. На пачатку вызв. вайны на Украіне фактычна ўзначаліў процідзеянне паўстанцам-казакам і сялянам. Міхал (31.7.1640—10.11.1673), кароль польскі і вял. князь ВКЛ [1669—73]. Гл. Міхал Вішнявецкі. Януш Антоній (1678—18.1.1741), староста пінскі, падчашы ВКЛ (1697), маршалак надворны ВКЛ (1699), кашталян (1702) і ваявода (1704) віленскі, ваявода (1706) і кашталян (1726) кракаўскі. Міхал Сервацы (13.5.1680—16.9.1744), брат Януша Антонія, гетман польны ВКЛ (1702—03, 1707—35), гетман вялікі ВКЛ (1703—07, з 1735), кашталян (1703—06) і ваявода (1706—07, з 1735) віленскі, канцлер ВКЛ (з 1720), рэгіментар войска ВКЛ (1730). Пісьменнік і паэт. Апошні мужчына ў родзе Вішнявецкіх.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 4, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАМО́ВІЧ (Алесь) (Аляксандр Міхайлавіч; 3.9.1927, в. Канюхі Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 26.1.1994),

бел. пісьменнік, крытык, літ.-знавец, грамадскі дзеяч. Чл.-кар. АН Беларусі (1980), д-р філал. н. (1962), праф. (1971). У Вял. Айч. вайну партызан. Скончыў БДУ (1950), у 1962—64 слухач Вышэйшых сцэнарных курсаў (Масква). З 1954 працаваў у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1987 дырэктар НДІ кінамастацтва (Масква). Літ. дзейнасць пачаў у 1953 як крытык. Найб. значныя літ.-знаўчыя манаграфіі «Беларускі раман» (1961), «Маштабнасць прозы» (1972), «Здалёк і зблізку» (1976), «Браму скарбаў сваіх адчыняю...» (1980), «Вайна і вёска ў сучаснай літаратуры» (1982), «Нічога важней» (1985). Як крытык змагаўся супраць дагматычных уяўленняў пра л-ру, дбаў пра эстэт. аналіз, спалучаў яго са сцвярджэннем гуманіст. каштоўнасцяў. Адраджаў і развіваў знішчаныя ў перыяд сталінізму метадалагічныя прынцыпы праўдзівасці і гістарызму. З 1959 выступаў як празаік. Пісаў на бел. і рус. мовах. У дылогіі «Партызаны» (раманы «Вайна пад стрэхамі», 1960, «Сыны ідуць у бой», 1963) раскрыў вытокі нар. супраціўлення акупантам у Вял. Айч. вайну (аднайм. кінадылогія на кінастудыі «Беларусьфільм», 1970, сцэнарый Адамовіча ў сааўт.). Змаганне з таталітарызмам у абліччы фашызму і камунізму складае асн. пафас «Хатынскай аповесці» (1972, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1976), рамана «Карнікі» (1980), аповесцяў «Венера» і «Нямко» (абедзве 1993). Па матывах «Хатынскай аповесці» кінафільм «Ідзі і глядзі» (сцэнарый Адамовіча і Э. Клімава, залаты медаль на Маскоўскім міжнар. кінафестывалі, 1985). У дакумент. кнізе «Я з вогненнай вёскі...» (1975, з Я.​Брылём і У.​Калеснікам) расказана пра трагедыю бел. Хатыняў. У апошнія гады жыцця выявіў сябе як паліт. дзеяч, змагаўся з пагрозай ядзернай вайны. Публіцыстыка Адамовіча ў кн. «Выберы — жыццё» (1986), «Дадумваць да канца» (1988), «Мы — шасцідзесятнікі» (1991), «Апакаліпсіс па графіку» (1992).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. Мн., 1981—83.

Літ.:

Мележ І. Пра «Хатынскую аповесць» // Зб. тв. Мн., 1983. Т. 8;

Брыль Я. Алесь Адамовіч // Зб. тв. Мн., 1981. Т. 4;

Быкаў В. [Алесь Адамовіч] // Быкаў В. На крыжах. Мн., 1992;

Каваленка В. Святло вялікіх мэт // Полымя. 1977. № 9;

Дедков И. Во имя справедливости // Адамович А. Каратели. М., 1981.

М.​А.​Тычына.

Алесь Адамовіч.

т. 1, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ХЕР ((Becher) Іаганес Роберт) (22.5.1891, г. Мюнхен, Германія — 11.10.1958),

нямецкі пісьменнік, тэарэтык мастацтва, дзярж. і грамадскі дзеяч. Вучыўся ва ун-тах Берліна, Мюнхена, Іены. Першы міністр культуры ГДР (1954—58). Заснавальнік і прэзідэнт Культурбунда (з 1945), прэзідэнт АМ ГДР (1953—56). Творчая эвалюцыя Бехера супярэчлівая, звязана з пошукам ідэі гуманнага грамадства і дасканалага чалавека. Дэбютаваў як паэт-экспрэсіяніст (зб-кі «Распад і трыумф», 1914; «Да Еўропы», 1916, і інш.). Зб-кі «Галодны горад» (1927), «Шэрыя калоны» (1930), «Чалавек, які ўсяму верыў» (1935) і інш. пра жыццё і барацьбу пралетарыяту. За антымілітарысцкі зб. «Труп на троне» (1925) і раман «Люізіт...» (1926, бел. пер. у час. «Полымя», 1928) абвінавачаны ў дзярж. здрадзе. У 1933—45 у эміграцыі. У паэзіі гэтага перыяду — матыў «пошукаў радзімы», пакутлівыя разважанні пра вайну і адказнасць ням. народа (зб-кі «Германія кліча», 1942; «Падзяка Сталінграду», 1943, і інш.). Звяртаўся да класічных паэт. формаў: оды, гімна, балады, санета, ліра-эпічнай паэмы. Напісаў аўтабіяграфічны раман «Развітанне» (1940). Аўтар прац па тэорыі і гісторыі культуры («Абарона паэзіі», 1952; «Паэтычны прынцып», 1957, і інш.). З 1927 супрацоўнічаў у час. «Полымя», друкаваўся ў інш. бел. выданнях, падтрымліваў сувязі з Ц.​Гартным, П.​Галавачом, М.​Чаротам, К.​Крапівой. На бел. мову творы Бехера перакладалі П.​Бузук, С.​Дзяргай, М.​Дуброўскі, А.​Зарыцкі, А.​Звонак, А.​Клышка, Я.​Семяжон. Нац. прэмія імя І.​В.​Гётэ 1949, 1950.

Тв.:

Бел. пер. — Люізіт, або Адзіная справядлівая вайна. Мн., 1931;

[Вершы] // Пярэднія выйшлі ў заўтра. Мн., 1968;

Вяртанне да сябе. Мн., 1985;

Рус. пер. — Сонеты. М., 1960;

Стихотворения;

Прощание;

Трижды содрогнувшаяся земля. М., 1970;

Избранное. М., 1974;

О литературе и искусстве. 2 изд. М., 1981.

Літ.:

Мотылева Т. Роман Иоганнеса Р. Бехера «Прощание». М., 1976;

Яе ж. Духовная драма Бехера // Иностр. Лит. 1988. № 11;

Сакалоўскі У.Л. Іаганес Бехер і беларуская літаратура // Полымя. 1972. № 11;

Яго ж. Тыпалагічная агульнасць і нацыянальная адметнасць: (М.​Чарот і І.​Бехер) // Сакалоўскі У.Л. Пара станаўлення. Мн., 1986.

А.​С.​Шаўчэнка.

І.Бехер.

т. 3, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРЫ́ГА-ДАРЭ́ЎСКІ (Арцём Ігнатавіч) (4.11.1816, в. Кублічы Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 1884),

бел. пісьменнік-дэмакрат. Скончыўшы Забельскую гімназію (Верхнядзвінскі р-н), служыў у розных установах Віцебска. Жыў у в. Стайкі паблізу ад Віцебска, арганізоўваў нар. школы, б-кі, чытальні. Падтрымліваў сувязь з У.Сыракомлем, А.Кіркорам, В.Дуніным-Марцінкевічам, В.Каратынскім, Я.Вулем, А.Рыпінскім і інш., якія пакінулі свае запісы ў «Альбоме» Вярыгі-Дарэўскага. У час паўстання 1863—64 адзін з арганізатараў узбр. выступлення на Віцебшчыне. У 1863 арыштаваны і зняволены ў віцебскую турму, у 1865 сасланы ва Усолле (Усх. Сібір). З 1868 на пасяленні ў Іркуцку. Памёр у Сібіры. Аўтар паэмы «Ахульга» (тэматычна звязана з вызв. барацьбой горцаў пад кіраўніцтвам Шаміля), драмы «Гордасць», камедый «Хцівасць» і «Грэх 4-ы — гнеў», дарожных нататкаў «Гутарка з пляндроўкі па зямлі латышскай» (матэрыялам паслужыла паездка Вярыгі-Дарэўскага ў інфлянцкія паветы Віцебскай губ. ў 1859), верша «Думкі хлопка з аколіц Віцебска на адглос вольнасці» (нап. 1858), твораў «Быхаў», «Паўрот Міхалка» і інш. Першы пераклаў на бел. мову паэму «Конрад Валенрод» А.​Міцкевіча. Бел. творы Вярыгі-Дарэўскага з-за цэнзурных умоў не друкаваліся, рукапісы іх не знойдзены. Пры жыцці апубл. маналог-думка «Салдатка» (урывак з камедыі «Грэх 4-ы — гнеў») і верш-гімн «Бялыніцка наша маці...». У копіі захавалася вершаваная імправізацыя «Літвінам, запісаўшымся ў мой Альбом, на пажагнанне» (нап. 1858). Па-польску напісаў «Гутарку пра сваяка» (1858, пад псеўд. Беларуская Дуда), баладу пра кіраўніка паўстання на Украіне Э.​Ружыцкага, верш, прысвечаны Э.​Жалігоўскаму, і інш. Друкаваў допісы ў газ. «Виленский вестник», варшаўскім час. «Ruch muzyczny» («Музычны рух»), польскамоўнай пецярб. газ. «Słowo» («Слова»). Меркаванне, што Вярыга-Дарэўскі — аўтар паэмы «Тарас на Парнасе», не пацверджана апошнімі даследаваннямі.

Тв.:

У кн.: Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.

Літ.:

Борковский С.А., Мальдис А.И. Поэтическое наследие Артемия Вериги-Даревского // Сов. славяноведение. 1971. № 2;

Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971. С. 144—212;

Пачынальнікі. Мн., 1977. С. 213—292.

Г.​В.​Кісялёў.

А.І.Вярыга-Дарэўскі.

т. 4, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРУ́Н (Алесь) (сапр. Прушынскі Аляксандр Уладзіміравіч; 11.3.1887, б. фальварак Новы Двор Мінскага р-на — 28.7.1920),

бел. пісьменнік, дзеяч нац.-вызв. руху. Скончыў мінскія гар. (1897) і рамеснае (1902) вучылішчы. Працаваў у Мінску сталяром. З 1904 чл. партыі эсэраў-максімалістаў. За антыўрадавую дзейнасць у 1907 арыштаваны і ў 1908 сасланы ў Кірэнскі пав. Іркуцкай губ. З 1912 з Я.Лёсікам у Мельнічным выселку каля Кірэнска. Пасля працаваў на Лене і Віціме, на залатых капальнях у Бадайбо. У Мінск вярнуўся ў вер. 1917 хворы на сухоты. Удзельнічаў у дзейнасці бел. арг-цый. Віцэ-старшыня Усебеларускага з’езда 1917, удзельнічаў у стварэнні БНР, рэдагаваў газ. «Беларускі шлях», у 1919—20 узначальваў Бел. нац. к-т, быў чл. Бел. вайсковай камісіі. У 1920 хвароба абвастрылася. Па дарозе на курорт Закапанэ памёр у Кракаве.

Раннія творы не зберагліся. 1905 датуецца паэма «Мае коляды» (Вільня, 1920, пад псеўд. А.​Сумны) — гісторыя абуджэння нац. свядомасці ў вясковага хлопчыка. З 1907 друкаваўся ў газ. «Наша ніва». Пісаў пераважна лірычныя вершы, якія вызначаюцца меладычнасцю, багаццем рытміка-інтанацыйнага ладу, спалучэннем філас. заглыбленасці з публіцыстычнасцю і тонкім лірызмам, творчым засваеннем фалькл. традыцый. Паводле матываў і тэматыкі яго паэзія блізкая да паэзіі Я.​Купалы і Я.​Коласа. У ёй выказана такое ж неадольнае жаданне лепшай долі для народа, непрымірымасць да несправядлівасці, гатоўнасць ахвяраваць сабой дзеля шчасця людзей і Бацькаўшчыны. Аўтар зб. паэзіі «Матчын дар» (1918, 2-е выд. 1929, факсімільнае выд. 1988). Адметнасць прозы Гаруна — яе ідэйна-тэматычнае багацце. Пісаў пра нац. бяспраўе беларуса («Пан Шабуневіч»), пра тое, як астрог калечыць лёс чалавека, разбурае яго псіхалогію («Чалавек без крыві», «Маладое»). Сцэны з жыцця бел. пасяленца ў Сібіры паказаў у апавяданні «Свята». Празаічны трыпціх «П’ера і Каламбіна» аб’ядноўвае тэма кахання, маст. роздум аб загадкавай сіле гэтага пачуцця. Празаічныя творы падпісваў псеўд. І.​Жывіца. У зб. «Жывыя казкі» (1920) увайшлі п’есы для дзіцячага тэатра, прасякнутыя жыццесцвярджальным аптымізмам, непрымірымасцю да фальшу і несправядлівасці.

Тв.:

Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка. Мн., 1991.

Літ.:

Казбярук У. Светлай волі зычны звон: Алесь Гарун. Мн., 1991.

У.​В.​Рагойша.

А.Гарун.

т. 5, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́ЙСКІ КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ,

помнік архітэктуры барока. Пабудаваны ў 1643—46 у г.п. Друя Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. па фундацыі падканцлера ВКЛ Казіміра Сапегі. Комплекс уключае касцёл, кляштарны корпус, браму з агароджай. Касцёл — мураваная 3-нефавая 1-вежавая базіліка. На гал. фасадзе тарцы бакавых нефаў закрыты невял. аб’ёмамі з пластычнымі валютамі над імі, тарцы цэнтр. нефа — масіўнай 4-яруснай чацверыковай вежай-званіцай, завершанай купалам (дабудавана ў 1772). Інтэр’ер аздоблены ордэрнай пластыкай, лепкай у тэхніцы стука. Скляпенні захавалі дэкор 17 ст. ў выглядзе ляпных геам. кесонаў. Галоўны 2-ярусны алтар у стылі позняга барока выкананы ў 1764—67, амбон і 4 бакавыя алтары з элементамі стылю ракако — у 1779. З Пн да касцёла прылягае 2-павярховы мураваны будынак кляштара, які ўтварае прамавугольны замкнёны двор, з 3 бакоў абкружаны калідорам. Ансамбль дапоўнены мураванай арачнай агароджай з брамай (пабудавана ў 1778).

З 1852 касцёл стаў прыхадскім. У 1923—29 у памяшканнях б. кляштара бернардзінцаў дзейнічаў кляштар айцоў марыянаў (засн. па ініцыятыве віленскага біскупа і генерала ордэна марыянаў Ю.​Матулевіча). У 1924 манахі-беларусы ордэна марыянаў арганізавалі школу (з 1930 гімназія імя Стафана Баторыя; у 1924—33 дырэктар А.​Цікота). Гімназія вылучалася дэмакр. традыцыямі. У ёй вучыліся будучыя гісторык В.​Ярмалковіч, пісьменнік Я.​Германовіч, мастак В.​Жаўняровіч, рэліг. дзеяч, заснавальнік б-кі імя Ф.​Скарыны ў Лондане Ч.​Сіповіч, д-р філасофіі Т.​Падзява і інш. Марыяне падтрымлівалі Бел. хрысціянскую дэмакратыю, садзейнічалі адкрыццю бел. друкарні імя Ф.​Скарыны ў Вільні, фінансавалі выданне бел. перыёдыкі і л-ры. З-за бел. накіраванасці да кляштара варожа ставіліся польскія свецкія і рэліг. ўлады. У канцы 1939 кляштар і гімназія зачынены сав. ўладамі. Некаторыя айцы марыяне знайшлі прытулак у лонданскім бел. марыянскім доме, заснаваным у 1964 ксяндзом Сіповічам.

Літ.:

Туронак Ю. Да гісторыі Друйскага Марыянскага манастыра // Браслаўскія чытанні. Браслаў, 1991;

Яго ж. Беларускія Марыяны ў Друі // Спадчына. 1991. № 5.

Т.​В.​Габрусь, К.​С.​Шыдлоўскі.

Друйскі кляштар бернардзінцаў. Галоўны фасад.

т. 6, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РДЭР ((Herder) Іаган Готфрыд фон) (25.8.1744, г. Морунген, цяпер г. Моранг, Польшча — 18.12.1803),

нямецкі філосаф, літаратуразнавец, пісьменнік. Ідэолаг літ. руху «Бура і націск». У 1764—69 пастар у Рызе, з 1776 — у Веймары. Сябар І.В.Гётэ. Яго філас. дзейнасць — новы этап асветніцтва ў Германіі, яго літ. дзейнасць паўплывала на ням. рамантызм. Абагульніўшы дасягненні прыродазнаўчых навук і філасофіі 18 ст., абгрунтоўваў ідэю пра адзінства матэрыі і формы пазнання, крытэрыі прасторы і часу выводзіў з вопыту, сфармуляваў і адстойваў прынцып гуманізму. Ідэі прагрэсу надаваў усеагульны змест і выводзіў з арганічнага адзінства прыроды і грамадства. У творы «Ідэі да філасофіі гісторыі чалавецтва» (т. 1—4, 1784—91) выклаў сваё вучэнне, паводле якога паступальнае развіццё ўласціва ўсёй прыродзе, у т. л. і чалавеку. Паводле Гердэра, пасля смерці чалавека жыццё душы працягваецца і набывае формы вышэйшага быцця, недасягальныя для чалавечага розуму. Гердэр указваў на разнастайнасць творчых праяў чалавека ў розных народаў, падкрэсліваў нац. самабытнасць, раўнацэннасць розных культур. Палеміцы з І.​Кантам «крытычнага перыяду» прысвечаны «Метакрытыка крытыкі чыстага розуму» (1799) і «Калігона» (ч. 1—3, 1800). У трактаце «Даследаванне пра паходжанне мовы» (1772) крытыкаваў тэалагічныя погляды на грамадскія з’явы і развіў вучэнне пра мову як прадукт чалавечага розуму. У літ.-крытычных працах «Пра найноўшую нямецкую літаратуру. Фрагменты» (1767—68) і «Крытычныя лясы» (1769) сфармуляваў гіст. падыход да мастацтва. Асаблівае значэнне для шцюрмерскай эстэтыкі мела яго праца «Шэкспір» (выд. 1773). У зб. «Народныя песні» (1778—79; 2-е выд. «Галасы народаў у песнях», 1807) змясціў пераклады нар. песень свету. Аўтар зб. «Раскіданыя лісткі» (1785—97), «Старых баек з новым выкарыстаннем» (1795—96), драматызаваных аповесцей «Брут» (1774), «Эон і Эоніс» (1801), «Раскаваны Праметэй» (1802), пералажэнняў рамансаў пра Сіда (1803) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Сид. Пб., 1922;

Избр. соч. М.; Л., 1959;

Идеи к философии истории человечества. М., 1977.

Літ.:

Гайм Р. Гердер, его жизнь и сочинения: Пер. с нем. Т. 1—2. М., 1888;

Гулыга А. В.​Гердер. 2 изд. М., 1975;

Банникова Н.П. Гердер // История немецкой литературы. М., 1963. Т. 2;

Herder-Bibliographie. Berlin;

Weimar, 1978.

В.​І.​Боўш, Г.​В.​Сініла.

т. 5, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛАКО́ЎСКІ (Аляксей Мікалаевіч) (24.12.1913, в. Кулакі Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 9.4.1986),

бел. пісьменнік. Засл. работнік культ. Беларусі (1974). Скончыў Мінскі настаўніцкі ін-т (1939). Працаваў у прэсе. У 1953—58 гал. рэдактар час. «Маладосць», з 1965 нам. адказнага сакратара, адказны сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. З 1977 дырэктар Літ. музея Я.​Купалы. Друкаваўся з 1932. Людзям пасляваен. вёскі прысвяціў першы зб. апавяданняў «Сад» (1947), маладым рабочым — аповесць «Гартаванне» (1948). Складаныя гасп. і духоўныя праблемы вёскі, чалавек працы, яго клопаты і турботы, багаты ўнутр. свет у зб-ках «Новыя сустрэчы» (1950), «Хораша ўзыходзіць сонца» (1952), «Незабыўнае рэха» (1956) і аповесці «Тры зоркі» (1963). Значнасцю грамадскай праблематыкі, высокім этычным пафасам, маст. дасканаласцю вылучаецца аповесць «Нявестка» (1956). Аповесці «Тут я жыву...» (1960), «Расце мята пад акном» (1966), зб-кі «Першае чаканне» (1965), «Родныя шыроты» (1978), раман «Васількі» (1979) адлюстроўваюць жыццё горада з першых пасляваен. гадоў. Вайна ў яе суровым і мужным абліччы ў рамане-дылогіі «Расстаёмся ненадоўга» (1953—54) і «Сустрэчы на ростанях» (1961—62), рамане «Сцежкі зведаныя і нязведаныя» (1972), аповесцях «Да ўсходу сонца» (1957), «Твой шлях перад табою» (1965), «Дзе каму жыць» (1971), «Маршрут ад Клічава» і «Хлебарэз» (абедзве 1983). У аповесці «Дабрасельцы» (1958) моцна выявіўся сатыр. пачатак. Яго творам уласцівы асаблівая ўвага да бытавой дэталі, паказ сацыяльна і грамадска значнага праз штодзённыя людскія клопаты, турботы, у яркіх быт. карцінах і характарах і ўзаемаадносінах. Зрабіў літ. запіс кнігі В.​І.​Казлова «Людзі асобага складу» (1952). На бел. мову перакладаў творы рус., укр., узб. і інш. пісьменнікаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1986.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—4. Мн., 1970—71;

Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1984;

Белы Сокал: Аповесці. Мн., 1985;

Тры зоркі: Аповесці. Мн., 1988.

Літ.:

Гусак С.А. Аляксей Кулакоўскі. Мн., 1967;

Пашкевіч Н. На шырокіх шляхах жыцця. Мн., 1965. С. 265—349;

Канэ Ю. Дзень сённяшні. Мн., 1962. С. 185—220;

Герцовіч Я. Творчае крэда. Мн., 1970. С. 118—150;

Андраюк С. Пісьменнікі. Кнігі Мн., 1997. С. 143—153.

С.​А.​Андраюк.

А.М.Кулакоўскі.

т. 8, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)