НЕЙГА́ЎЗ (Генрых Густававіч) (12.4.1888, г. Кіраваград, Украіна — 10.10.1964),

расійскі піяніст, педагог, муз. пісьменнік. Нар. арт. Расіі (1956). Ігры на фп. вучыўся ў бацькі Густава Вільгельмавіча Н., Л.Гадоўскага (у Берліне, Вене). Скончыў Петраградскую кансерваторыю (экстэрнам, 1915). З 1916 выкладаў у Кіеўскай (з 1919 праф.), з 1922 у Маскоўскай (праф., у 1935—37 дырэктар) кансерваторыях. У 1922—62 выступаў як саліст і ансамбліст. Піяніст рамантычнага кірунку, яго выкананне спалучала бурны тэмперамент, імпульсіўнасць, валявы пачатак з адухоўленай паэтычнасцю, тонкім лірызмам. У рэпертуары пераважалі творы Л.Бетховена, Ф.Ліста, Ф.Шапэна, Р.Шумана, А.Скрабіна, М.Мяскоўскага, С.Пракоф’ева, Дз.Шастаковіча, інтэрпрэтацыі якіх — значная з’ява ў піяністычным мастацтве 20 ст. Стварыў піяністычную школу, сярод вучняў Э.Плельс, Я.Зак, Я.Малінін, С.Нейгаўз, С.Рыхтэр. Аўтар прац па муз. выканальніцтве.

Літ. тв.: Об искусстве фортепианной игры: Зап. педагога. 5 изд. М., 1988; Размышления, воспоминания, дневники. Избр статьи. Письма к родителям. 2 изд. М., 1983.

Літ.:

Дельсон В. Генрих Нейгауз. М., 1966;

Бэлза И.Ф. «Генрих Великий» // Бэлза И.Ф. О музыкантах XX в. М., 1979.

т. 11, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)