НАРЭ́ЖНЫ (Васіль Трафімавіч) (1780, с. Усцівіца Вялікабагачанскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна —3.7.1825),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1799—1801). Служыў чыноўнікам у Грузіі, у 1803—21 у Пецярбургу. Раннія творы (гіст.-гераічныя паэмы, трагедыі) арыентаваны на паэтыку класіцызму. Цыкл аповесцей «Славянскія вечары» (ч. 1, 1809; поўнае выд. 1826) звязаны з рус. перадрамантызмам; у ім спалучэнне гіст. фактаў і вымыслу, паэтызацыя легендарных герояў Кіеўскай Русі. Найб. значны твор — раман «Расійскі Жылблаз, або Прыгоды князя Гаўрылы Сіманавіча Чысцякова» (ч. 1—3, 1814, арыштаваны; цалкам выд. 1938) — сатыр. карціна жыцця сталіцы і правінцыі Расіі 18 ст. Аўтар раманаў «Чорны год, або Горскія князі» (выд. 1829), «Арыстыён, або Перавыхаванне» (1822), на ўкр. тэматыку «Бурсак» (1824), «Два Іваны, або Схільнасць да цяжбаў» (1825), «Гаркуша, маларасійскі разбойнік» (незавершаны), аповесцей «Любаслаў» (1818), «Аляксандр» (1819), зб. «Новыя аповесці» (1824). Як бытаапісальнік Н. быў папярэднікам «натуральнай школы» і М.Гогаля.
Тв.:
Соч. Т. 1—2. М., 1983.
Літ.:
Переверзев В.Ф. У истоков русского реалистического романа. 2 изд. М., 1965.
Л.В.Календа.
т. 11, с. 196
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)