род базідыяльных грыбоў сям. рагацікавых. 7 відаў і шэраг форм. Пашыраны ў Зах. Еўропе, Паўн. Амерыцы, Японіі. На Беларусі 2 віды Р.: песцікавы (C. pistillaris), занесены ў Чырв. кнігу, і язычковы (C. ligula). Трапляюцца з ліп. па вер. на галінках у хвойных мяшаных лясах, на апалай ігліцы, лісці.
Р. язычковы мае пладовае цела выш. 6—8 см булавападобнай або языкападобна выцягнутай формы, пры выспяванні вохрыста-жоўтага, пры высыханні — шаравата-бураватага колеру. Мякаць мяккая, белая ці крэмавая. Споры эліпсоідныя, гладкія, бясколерныя. Малавядомы ядомы грыб. Таксама Р. наз. грыбы родаў Roniaria, Clavaria і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁЛАКАЦЫ́ЙНАЯ ЗДЫ́МКА,
здымка зямной паверхні з дапамогай радыёлакацыйнага зандзіравання. Праводзіцца з самалётаў, касм. лятальных апаратаў і інш., дзе ўстаноўлена радыёлакацыйная апаратура. Пры радыёлакацыйным зандзіраванні адбіты ад зямной паверхні сігнал пераўтвараецца ў відэасігнал і запісваецца на фатаграфічную стужку або перадаецца па радыёканалах на наземныя прыёмныя станцыі. У адрозненне ад фатагр. здымкі Р.з. праводзіцца ў любы час, мае высокую распазнавальную здольнасць, вял. паласу ахопу мясцовасці здымкай, аператыўнасць перадачы інфармацыі. Выкарыстоўваецца для вывучэння цяжкадаступных раёнаў, вызначэння маштабу стыхійных бедстваў, выяўлення ачагоў забруджвання навакольнага асяроддзя, складання тэматычных карт і інш.Гл. таксама Аэрафотаздымка, Касмічная здымка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАВА́ГА ТЭРМАДЫНАМІ́ЧНАЯ,
стан тэрмадынамічнай сістэмы, у які яна самаадвольна пераходзіць, калі знаходзіцца ў пастаянных знешніх умовах ці з’яўляецца замкнутай. Працэс такога пераходу наз.рэлаксацыяй.
Пры Р.т. спыняюцца неабарачальныя працэсы (напр., дыфузія, цеплаправоднасць, тэрмадыфузія). Неабходныя ўмовы Р.т. — роўнасць ва ўсіх пунктах сістэмы тэмпературы, ціску, хімічных патэнцыялаў для кожнай яе кампаненты і інш. Гэтыя параметры могуць мець у невялікіх аб’ёмах малыя ваганні адносна сваіх сярэдніх значэнняў (флуктуацыі). Дастатковая ўмова Р.т. — экстрэмум аднаго з патэнцыялаў тэрмадынамічных. Напр., у ізаляванай сістэме (мае фіксаваныя энергію і аб’ём) Р.т. адпавядае максімум энтрапіі, у сістэме з фіксаванымі т-рай і аб’ёмам — мінімум свабоднай энергіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́БЕЛЯ ЗАКО́Н, кампенсацыі фактараў закон,
узаемазамяняльнасці фактараў закон (эфект),
сцвярджэнне аб тым, што адсутнасць або недахоп якога-н. экалагічнага фактара можа быць кампенсаваны інш. блізкім (аналагічным) фактарам. Выяўлены амер. эколагам Э.Рубелем (1930).
Напр., недахоп святла ў парніку можа быць кампенсаваны павелічэннем канцэнтрацыі вуглекіслаты або стымулюючым дзеяннем некат. біялагічна актыўных рэчываў (гіберэлінаў або інш.); некат. малюскі пры адсутнасці або недахопе кальцыю могуць будаваць свае ракавіны са стронцыю, пры дастатковай яго колькасці ў асяроддзі. Р.з. мае адносны характар, таму што фундаментальныя экалагічныя (фізіял.) фактары (святло, вада, азот, вуглекіслата, хім. макра- і мікраэлементы і інш.) незаменныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБІНШТЭ́ЙН ((Rubinstein) Артур) (28.1.1887, г. Лодзь, Польшча — 20.12.1982),
польскі піяніст. Вучыўся ў Варшаве і Берліне ў Р.Брайтгаўпта, М.Бруха, І.Падарэўскага і інш. З 1898 канцэртаваў у розных краінах свету. З 1937 жыў у ЗША, з 1954 — у Францыі. Выступаў як саліст і ансамбліст у дуэтах і трыо са скрыпачамі Я.Хейфецам, Г.Шэрынгам, віяланчэлістамі Р.Пяцігорскім, Э.Феерманам. Адзін з лепшых выканаўцаў твораў Ф.Шапэна, І.Брамса, К.Шыманоўскага. Значнае месца ў рэпертуары займалі творы ісп. і браз. кампазітараў. Аўтар фп. і камерных твораў, мемуараў «Мае маладыя гады» (1973).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ТА (Ruta),
род кветкавых раслін сям. рутавых. 7 відаў (па інш. звестках каля 70 разам з родам Haplophyllum). Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і і ўмераным поясе Азіі. Здаўна ў Еўропе культывуецца Р. духмяная (R. graveolens) як прыпраўная і лек. расліна. Інтрадукавана ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі.
Шматгадовыя пахучыя травы або паўкусты. Лісце чаргаванае, перыстарассечанае. Кветкі дробныя, зеленавата-жоўтыя, сабраныя ў шчыткападобную мяцёлку на верхавінцы сцябла. Плод — каробачка. Р. духмяная — ядавітая, мае ў сабе эфірны алей, які аказвае моцнае мясцовае раздражненне. Лісце і кветкі ўжываюцца як прыправа. Лек., тэхн., харч., дэкар. і інсектыцыдныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУЧА́Й,
невялікі пастаянны або часовы вадацёк, які ўтвараецца ад сцёку снегавых, дажджавых і грунтавых вод. Характарызуецца звілістым рэчышчам, вузкай поймай, слабавыразнай далінай; звычайна даўж. 3—5 км. Часта з’яўляецца вытокам ракі або прытокам вадаёмаў. Выразнай мяжы паміж Р. і малой ракой няма, але Р. звычайна не мае прытокаў. Найб. расход вады на Р. назіраецца пры летніх паводках, радзей у веснавое разводдзе. У засушлівую пару часта мялее і перасыхае, у моцныя маразы прамярзае. На Беларусі найчасцей да Р. адносяць вадацёкі даўж. да 10 км. У выніку меліярац. работ частка Р. ператворана ў меліярац. канавы і каналы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭТЫКУЛАЦЫ́ТЫ (ад лац. reticulum сетачка + kytos клетка),
бяз’ядзерныя постклетачныя структуры, якія папярэднічаюць утварэнню эрытрацытаў. У крыватоку за 24—28 гадз пераўтвараюцца ў спелыя эрытрацыты. Цытаплазма Р. амаль цалкам запоўнена гемаглабінам, мае ў сабе рэшткі полірыбасом і інш. арганел. У Р. ажыццяўляецца сінтэз бялку, пурынаў, ліпідаў і інш. У дарослага чалавека ў норме Р. у крыві 0,7—1% ад агульнай колькасці эрытрацытаў. Павелічэнне колькасці Р. (да 50% і больш) сведчыць пра недастатковасць пераносу кіслароду (бывае, напр., пры вял. стратах крыві). Р. менш за 0,5% ад агульнай колькасці эрытрацытаў — прыкмета прыгнечання іх утварэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНАЦІ́НА (італьян. sonatina памяншальнае ад sonata),
інструментальны твор, блізкі да санаты, аднак меншы за яе і тэхнічна больш просты. Характарызуецца прастатой і яснасцю вобразнасці, нескладанай фактурай; яго санатная формамае некат. асаблівасці: экспазіцыя лаканічная, распрацоўка невял. або адсутнічае, рэпрыза мала дынамізавана. Пашырана пераважна ў пед. рэпертуары (санаціны Ф.Кулаў, М.Клеменці, Л.Бетховена, А.Дворжака, М.Равеля, М.Мяскоўскага, А.Хачатурана, Дз.Кабалеўскага). У бел. музыцы С. для розных інструментаў ёсць у М.Аладава, Г.Вагнера, П.Падкавырава, М.Русіна, А.Туранкова, Э.Тырманд, Л.Шлег, М.Шнейдэрмана і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САН-ФРАНСІ́СКУ (São Francisco),
рака ў Бразіліі, на Бразільскім пласкагор’і. Даўж. 2800 км, пл.бас. каля 600 тыс.км². Вытокі ў горным масіве Сера-да-Канастра, у вярхоўях мае горны характар, потым цячэ ў шырокай даліне тэктанічнага паходжання. У ніжнім цячэнні прарываецца цераз берагавы ўступ пласкагор’я да Атл.ак., утварае парогі і вадаспады Паўлу-Афонсу. Высокія ўзроўні вады ў ліст.—маі. Сярэдні расход вады ў вусці 3300 м³/с. Буйное вадасх. Трэс-Марыяс і ГЭС (у верхнім цячэнні), некалькі ГЭС на вадаспадах Паўлу-Афонсу (у ніжнім). Суднаходная ў сярэднім цячэнні і ад вадаспадаў да вусця.