О́НДРЖЫЧАК (Ondríćek) Францішак (29.4.1857, Прага — 12.4.1922),
чэшскі скрыпач, педагог, кампазітар. Вучыўся ў Пражскай (1873—76) і Парыжскай (1877—79) кансерваторыях у А.Беневіца і Л.Ж.Масара. У 1879—81 саліст аркестра Ж.Э.Падлу ў Парыжы. З 1909 выкладчык, з 1912 дырэктар заснаванай ім Новай венскай кансерваторыі, з 1919 кіраўнік скрыпічнага класа Школы майстэрства пры Пражскай кансерваторыі. Яго выкананне вылучалася віртуознасцю, чысцінёй інтанавання, адточанасцю дэталей і эмацыянальнасцю. Аўтар твораў для скрыпкі і фп., у т. л. «Фантазіі на тэмы оперы «Іван Сусанін» Глінкі» (1889), «Чэшскай рапсодыі» (1906), танцаў і інш. п’ес, кадэнцый да скрыпічных канцэртаў Н.Паганіні, І.Брамса, В.А.Моцарта і інш. Напісаў (разам з С.Мітэльманам) метадычную працу «Новы метад навучання вышэйшай тэхніцы скрыпічнай ігры...» (1909; з дадаткам — 15 маст. эцюдаў для скрыпкі сола).
Літ.:
Ших Б. Ф.Ондржичек. Пер. с чеш. М., 1958;
Яго ж. F.Ondřiček: Český houslista. Praha;
Bratislava, 1970.
т. 11, с. 436
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́САРАЎ Мадэст Іванавіч (14.2.1844, г. Кашыра Маскоўскай вобл. — 13.10.1905),
рускі акцёр, педагог, крытык. Муж П.А.Стрэпетавай. Скончыў Маскоўскі ун-т (1865). На сцэне з 1859, на прафесійнай — з 1867 у гарадах Расіі. З 1872 у Маскве, у т. л. ў Т-ры Корша, з 1885 у Александрынскім т-ры ў Пецярбургу. Выканаўца драм. роляў бытавога рэпертуару. Валодаў высокай тэатр. культурай, моцным тэмпераментам. Вял. ўплыў на яго творчасць зрабіў А.Астроўскі, найб. вызначыўся ў яго п’есах: Русакоў, Красноў, Нешчасліўцаў, Любім Тарцоў, Бальшоў («Не ў свае сані не садзіся», «Грэх ды бяда на каго не жыве», «Лес», «Беднасць не загана», «Свае людзі — паладзім»), Сярод інш. роляў: Ананій Якаўлеў («Горкі лёс» А.Пісемскага), Іван Грозны («Смерць Іаана Грознага» А.К.Талстога), Равякін («Журба» І.Шпажынскага) і інш. Вёў пед. работу, пісаў крыт. артыкулы, у якіх падтрымліваў Астроўскага. Падрыхтаваў да выдання першы поўны збор твораў Астроўскага (т. 1—12,1904—09).
т. 12, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫЗАЛІ́Т (ням. Rysalit ад італьян. risalita выступ),
частка будынка, якая выступае за лінію фасада на ўсю яго вышыню. Р. звычайна сіметрычны адносна цэнтр. восі будынка, падкрэслівае дамінуючае значэнне яго цэнтр. часткі, вылучае гал. ўваход, узбагачае пластычную выразнасць агульнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі. Вядомы са старажытнасці. Пашыраны ў архітэктуры стыляў барока, класіцызму, мадэрн і інш. На Беларусі адыгралі значную ролю ў кампазіцыі палацавых, сядзібных, грамадз. і культавых пабудоў.
Звычайна плоскасць сцяны будынка мела адзін цэнтр. Р., які быў гал. кампазіцыйным акцэнтам фасада, або цэнтр. і бакавыя Р. Часта Р. вырашаліся ў выглядзе порціка і завяршаліся трохвугольным франтонам. У пераходны перыяд ад барока да класіцызму былі пашыраны паўкруглыя, крывалінейныя, гранёныя Р., якія завяршаліся франтонамі складанай канфігурацыі, ламаным дахам, купалам. Р. афармлялі пілястрамі, прафіляванымі карнізамі, сандрыкамі, калонамі. У архітэктуры 1930—50-х г. Р. выкарыстоўваўся як асн. элемент кампазіцыі гал. фасада грамадз. і жылых будынкаў.
Г.С.Ларкін.
т. 13, с. 496
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РЭГЕ́СТЫ КРЫНІ́Ц ПА ГІСТО́РЫІ ЛІТВЫ́»
(«Regesta źródłowe do dziejów Litwy od czasów najdawniejszych aż do unji z Polską», «Regesta Lithuaniae ab origine usque ad Magni Ducatus cum Regno Poloniae unionem»),
зборнік рэгестаў (паведамленняў, цытат з твораў) па гісторыі Літвы, Жамойці і некат. зах.-балцкіх плямён з найдаўнейшых часоў да пачатку панавання ў ВКЛ вял. кн. Гедзіміна. Складзены на лац. мове. Выдадзены Г.Пашкевічам (т. 1, Варшава, 1930). Змяшчае паведамленні з прац антычных аўтараў, сярэдневяковых гісторыкаў, ням. і польск. аналаў, рус. летапісаў. Размешчаны ў храналагічным парадку, 1-е з іх — паведамленне Тацыта пра эстаў (98 г. н.э.), апошняе — паведамленне з хронікі Г.Вартберга пра г. Кукенойс (1315). Рэгесты перадаюць кароткі змест паведамлення, некаторыя цалкам яго цытуюць. Змешчаны 853 рэгесты і ў дадатку 6. Матэрыялы зборніка асвятляюць стараж. гісторыю балцкіх народаў, працэс утварэння ВКЛ, уключэння ў яго склад бел. зямель, ваенныя і мірныя ўзаемадачыненні ВКЛ з суседнімі дзяржавамі.
т. 13, с. 547
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭНТГЕ́НАЎСКАЯ АСТРАНО́МІЯ,
раздзел пазаатмасфернай астраноміі, які вывучае крыніцы касм. рэнтгенаўскага выпрамянення з даўжынёй хвалі 0,01—10 нм.
Для даследавання касм. рэнтгенаўскага выпрамянення апаратуру выводзяць пры дапамозе касм. апаратаў за межы атмасферы Зямлі. Упершыню назіралася рэнтгенаўскае выпрамяненне Сонца ў 1948. Яго крыніцы — сонечная карона і храмасфера (рэнтгенаўская свяцільнасць Сонца — да 10−6—10−7 поўнай яго свяцільнасці). За межамі Сонечнай сістэмы рэнтгенаўскае выпрамяненне назіраецца з 1962. Крыніцы касм. рэнтгенаўскага выпрамянення (больш як 103) падзяляюцца на галактычныя і пазагалактычныя. Невял. частка галактычных крыніц атаясамліваецца з аптычнымі і радыёаб’ектамі. Сярод іх: рэшткі ўспышак звышновых зорак, падвойныя зоркі, адным з кампанентаў якіх з’яўляецца кампактны аб’ект — белы карлік, нейтронная зорка, чорная дзіра і інш. Пазагалактычныя крыніцы — некаторыя нармальныя галактыкі, скопішчы галактык, цэнтр. вобласці галактык, у якіх звышмасіўныя чорныя дзіры паглынаюць навакольны газ, радыёгалактыкі, квазары і інш.
Літ.:
Лонгейр М.С. Астрофизика высоких энергий: Пер. с англ. М., 1984.
Л.А.Шымбалёў.
т. 14, с. 15
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАВА́Т ЮЛА́ЕЎ (16.6.1752, в. Цякеева, цяпер Салавацкага р-на, Башкортастан —8.10.1800),
башкірскі нац. герой, паплечнік Е.І.Пугачова ў час сялянскай вайны 1773—75, паэт-імправізатар. У кастр. 1773 мабілізаваны на барацьбу з Пугачовым, але каля г. Арэнбург перайшоў на яго бок на чале атрада башкіраў (2 тыс. чал.). Сабраў атрад у 10 тыс. чал., змагаўся пад Арэнбургам, Кунгурам, у 1774 заняў Краснаўфімск. Пугачоў надаў яму чын брыгадзіра. 5.12.1774 С.Ю. узяты ў палон, пасля пакарання бізунамі і клеймавання ў кастр. 1775 адпраўлены на вечную катаргу ў крэпасць Рогервік на Балтыйскім м. (цяпер г. Пальдыскі, Эстонія), дзе памёр. Вершы С.Ю. (ствараліся і перадаваліся ў вуснай форме) заклікалі народ да барацьбы з прыгнятальнікамі, апявалі прыгажосць роднага краю, каханне. У гонар С.Ю. названы г. Салават у Башкортастане, яго вобраз адлюстраваны ў творах л-ры і мастацтва.
Тв.:
Рус. пер. — Стихи // Дружба народов. 1972. № II.
Літ.:
Наш Салават. Уфа, 1973.
т. 14, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́ЗА, Соўза (Sousa) Джон Філіп
[сапр. Окс (Ochs) Зігфрыд; 6.11.1854, Вашынгтон — 6.3.1932],
амерыканскі дырыжор, кампазітар, скрыпач; адзін са стваральнікаў амер. камічнай оперы і аперэты, заснавальнік нац. стылю музыкі духавых аркестраў. Вучань Дж.Эспуты і Дж.Ф.Бенкерта. З 1867 у аркестры амер. флоту «Мэрыне бэнд» (у 1890—92 яго кіраўнік), з 1871 узначальваў аркестр «Т-ва вадэвіляў» у Вашынгтоне. У 1892 заснаваў уласны аркестр. Пераўтварыў духавы аркестр (бэнд) з акампаніруючага калектыву ў самаст. канцэртны ансамбль. Стварыў якасна новы тып гучання духавога ансамбля, які па насычанасці наблізіўся да сімф. аркестра. Вынаходнік меднага духавога басовага інструмента — сузафона. Аўтар маршаў (больш за 130; яго называлі «каралём маршаў»), якія ўключаюць элементы сімф. развіцця, спалучаюць традыц. маршавыя рытмы рэгтайма і уанстэпа. Сярод твораў: 12 опер і аперэт, у т. л. камічная опера «Капітан» (паст. 1895), праграмныя п’есы і танцы для бэнда, каля 70 песень. Аўтар 3 раманаў, аўтабіяграфіі, артыкулаў.
т. 15, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІГЕЙРЭ́ДУ (Figueiredo) Гільермі (н. 13.2.1915, г. Кампінас, Бразілія),
бразільскі драматург і пісьменнік. Скончыў ун-т у Рыо-дэ-Жанейра. Дэбютаваў як тэатр. крытык. Яго п’есы «Герой», «Лісістрата» (абедзве 1943), «Трагічная пантаміма» (1948), «Бог пераначаваў у доме» (1949), «Усеагульная забастоўка» (1950), «Балада для Сатаны» (1957), «Марыя да Понці» (1959) і інш. адметныя алегарычнасцю, міфалагічнымі матывамі, гратэскавасцю сітуацый. Сусв. вядомасць прынесла драма «Ліса і вінаград» (1953), у якой сцвярджаецца права чалавека на свабоду і годнасць. Аўтар раманаў сатыр. «Трыццаць гадоў без ландшафту» (1939), псіхал. «Па той бок ракі» (1961), трактата пра драм. мастацтва «Ксанф» (1957), вершаў, гумарэсак і інш. На Беларусі яго п’есу «Ліса і вінаград» ставілі Бел. т-р імя Я.Купалы (1957), абл. т-ры Магілёўскі драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча (1987), Гродзенскі (1997), а таксама аматарскія тэатр. калектывы.
Тв.:
Рус. пер. — Эзоп (Лиса и виноград);
Смешная трагедия. М., 1960.
т. 16, с. 368
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХЛУП (Chlup) Отакар (31.8.1875, г. Боскавіцы, Чэхія — 14.5.1965),
чэшскі педагог. Акадэмік Чэхаславацкай АН (1952), праф. Пражскага ун-та (з 1953). Скончыў Пражскі ун-т і з 1919 выкладаў у ім педагогіку. У 1922—39 праф. ун-та ў г. Брно, дзе заснаваў Т-ва новага выхавання і быў рэдактарам (з 1927) яго часопіса. Па яго ініцыятыве ў 1946 адкрыты пед. ф-ты ва ун-тах Чэхаславакіі. З 1953 праф., арганізатар і заг. кафедры педагогікі ў Пражскім ун-це. Заснавальнік (1957) і дырэктар (да 1960) Ін-та педагогікі Я.А.Каменскага Чэхаславацкай АН. Аўтар прац па праблемах навучання, пед. адукацыі, гісторыі педагогікі, у т. л. падручніка «Педагогіка» (2-е выд. 1965), «Хрэстаматыі па гісторыі педагогікі» (т. 1—2, 1948—50). Адзін з рэдактараў «Педагагічнай энцыклапедыі» (т. 1—3, 1938—40).
Тв.:
Рус. пер. — Избр. пед. соч. М., 1966.
Н.К.Мазоўка.
т. 17, с. 33
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАЙБАНІ́ДЫ, Шэйбаніды,
дынастыя узбекскіх ханаў, нашчадкаў Шэйбана (Шыбана) — унука Джучы, брата Батыя. Заснавальнік — Мухамед Шайбані [1451—1510], які ў 1500—01 адваяваў у Цімурыдаў іх сталіцу Самарканд і засн. Шайбанідаў дзяржаву, устанавіў сваю ўладу над усім Маверанахрам і Харасанам. У 1508—09 Шайбані-хан здзейсніў паход на казахаў, у 1510 разбіты пад Мервам іран. шахам Ісмаілам I Сефевідам і забіты. У 1510—30 правіў Кучкунджы-хан, у 1530—33 — яго сын Абусаід, у 1533—39 — Убайдула-хан I. Пры Абдуле-хане II [1583—98] узмацнілася ханская ўлада і значна пашырылася тэрыторыя. Ш. лічылі толькі сябе законнымі наследнікамі Цімурыдаў і ўвесь час ваявалі з Сефевідамі за Харасан і другую сталіцу Цімурыдаў — Герат. Пасля смерці Абдулы-хана і забойства яго сына Абдал-Муміна дынастыя Ш. перастала існаваць. У 1599 да ўлады прыйшлі Джаніды.
Літ.:
Босворт К.Э. Мусульманские династии: Справ. по хронологии и генеалогии Пер. с англ. М., 1971. С. 207—208.
т. 17, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)