ФІГЕЙРЭ́ДУ (Figueiredo) Гільермі (н. 13.2.1915, г. Кампінас, Бразілія),
бразільскі драматург і пісьменнік. Скончыў ун-т у Рыо-дэ-Жанейра. Дэбютаваў як тэатр. крытык. Яго п’есы «Герой», «Лісістрата» (абедзве 1943), «Трагічная пантаміма» (1948), «Бог пераначаваў у доме» (1949), «Усеагульная забастоўка» (1950), «Балада для Сатаны» (1957), «Марыя да Понці» (1959) і інш. адметныя алегарычнасцю, міфалагічнымі матывамі, гратэскавасцю сітуацый. Сусв. вядомасць прынесла драма «Ліса і вінаград» (1953), у якой сцвярджаецца права чалавека на свабоду і годнасць. Аўтар раманаў сатыр. «Трыццаць гадоў без ландшафту» (1939), псіхал. «Па той бок ракі» (1961), трактата пра драм. мастацтва «Ксанф» (1957), вершаў, гумарэсак і інш. На Беларусі яго п’есу «Ліса і вінаград» ставілі Бел. т-р імя Я.Купалы (1957), абл. т-ры Магілёўскі драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча (1987), Гродзенскі (1997), а таксама аматарскія тэатр. калектывы.
Тв.:
Рус. пер. — Эзоп (Лиса и виноград);
Смешная трагедия. М., 1960.
т. 16, с. 368
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)