ПІ́САРАЎ (Мадэст Іванавіч) (14.2.1844, г. Кашыра Маскоўскай вобл. — 13.10.1905),
рускі акцёр, педагог, крытык. Муж П.А.Стрэпетавай. Скончыў Маскоўскі ун-т (1865). На сцэне з 1859, на прафесійнай — з 1867 у гарадах Расіі. З 1872 у Маскве, у т. л. ў Т-ры Корша, з 1885 у Александрынскім т-ры ў Пецярбургу. Выканаўца драм. роляў бытавога рэпертуару. Валодаў высокай тэатр. культурай, моцным тэмпераментам. Вял. ўплыў на яго творчасць зрабіў А.Астроўскі, найб. вызначыўся ў яго п’есах: Русакоў, Красноў, Нешчасліўцаў, Любім Тарцоў, Бальшоў («Не ў свае сані не садзіся», «Грэх ды бяда на каго не жыве», «Лес», «Беднасць не загана», «Свае людзі — паладзім»), Сярод інш. роляў: Ананій Якаўлеў («Горкі лёс» А.Пісемскага), Іван Грозны («Смерць Іаана Грознага» А.К.Талстога), Равякін («Журба» І.Шпажынскага) і інш. Вёў пед. работу, пісаў крыт. артыкулы, у якіх падтрымліваў Астроўскага. Падрыхтаваў да выдання першы поўны збор твораў Астроўскага (т. 1—12,1904—09).
т. 12, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)