ШАЙБАНІ́ДЫ, Шэйбаніды,

дынастыя узбекскіх ханаў, нашчадкаў Шэйбана (Шыбана) — унука Джучы, брата Батыя. Заснавальнік — Мухамед Шайбані [1451—1510], які ў 1500—01 адваяваў у Цімурыдаў іх сталіцу Самарканд і засн. Шайбанідаў дзяржаву, устанавіў сваю ўладу над усім Маверанахрам і Харасанам. У 1508—09 Шайбані-хан здзейсніў паход на казахаў, у 1510 разбіты пад Мервам іран. шахам Ісмаілам I Сефевідам і забіты. У 1510—30 правіў Кучкунджы-хан, у 1530—33 — яго сын Абусаід, у 1533—39 — Убайдула-хан I. Пры Абдуле-хане II [1583—98] узмацнілася ханская ўлада і значна пашырылася тэрыторыя. Ш. лічылі толькі сябе законнымі наследнікамі Цімурыдаў і ўвесь час ваявалі з Сефевідамі за Харасан і другую сталіцу Цімурыдаў — Герат. Пасля смерці Абдулы-хана і забойства яго сына Абдал-Муміна дынастыя Ш. перастала існаваць. У 1599 да ўлады прыйшлі Джаніды.

Літ.:

Босворт К.Э. Мусульманские династии: Справ. по хронологии и генеалогии Пер. с англ. М., 1971. С. 207—208.

т. 17, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)