род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 2000 відаў. Пашыраны ў халодных, умераных і субтрапічных паясах, у высакагор’і тропікаў. На Беларусі больш за 10 відаў, з якіх найб. вядомы Дз. лекавы (T. officinale). Нар. назвы малачай, багатка, коцікі, папок, дмухель, зубнік, жоўтая цыкор’я. Расце каля жылля, уздоўж дарог, на агародах, палях, лугах і інш. У якасці тэхн. (для атрымання натуральнага каўчуку) расліны раней вырошчвалі Дз. кок-сагыз (T. kok-saghyz).
Шматгадовыя травяністыя расліны са стрыжнёвым коранем і бязлістымі, полымі ўнутры сцябламі (стрэлкамі) выш. 10—30 см. Лісце ў прыкаранёвай разетцы, ланцэтнае, зубчастае, паступова звужанае ў чаранок. Кветкі двухполыя, звычайна жоўтыя, радзей белыя і ружовыя, сабраны ў адзіночныя верхавінкавыя кошыкі. Плод — сямянка, з носікам і чубком. Лек., кармавыя, меданосныя, харч. і тэхн. расліны. Карані выкарыстоўваюцца для ўзбуджэння апетыту, як сурагат кавы, лісце на салату, кветкавыя кошыкі — для прыгатавання варэння, напіткаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ЎІНСКАЯ ДРУКА́РНЯ Існавала з 1610 да сярэдзіны 17 ст. ў мяст. Еўе каля Вільні
(цяпер г. Вэвіс, Літва). Засн. праваслаўным віленскім Святадухаўскім брацтвам ва ўладанні шляхціца Б.Агінскага. Кіравалі друкарняй Л.Карповіч (да 1620),
потым Гаўрыла Івановіч. Выпусціла больш за 25 выданняў: некалькі кніг на польскай мове (у асноўным панегірыкі), большасць на царк.-слав. мове, у т. л. «Новы запавет з Псалтыром» (1611), «Дыёптра» (1612, у перакладзе Віталія), «Казанне двое...» Карповіча (1615), «Буквар славянскай мовы» і «Кінавіен» (1618), «Граматыка славянская» М.Сматрыцкага (1619), «Ірмалой» (1642) і інш., 4 выданні на бел. мове, у т. л. «Евангелле вучыцельнае» Каліста (1616). Асобныя выданні на бел. мове мелі прадмовы і пасляслоўі, каментарыі на палях. Кнігі, надрукаваныя кірыліцай, вызначаліся высокімі маст.-паліграф. якасцямі, своеасаблівым арнаментам і гравюрамі, шырока выкарыстоўваліся бел. і ўкр. брацтвамі ў навуч.-асв. і царк.-рэліг. дзейнасці. У аздобе кніг выкарыстоўвалі дошкі віленскай друкарні Ф.Скарыны (ініцыялы і застаўкі). Выданні распаўсюджваліся на Беларусі, Украіне, часткова ў Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЎЦАПАДО́БНЫЯ (Charadriiformes),
атрад птушак, 3 падатр.: кулікі (14 сям., каля 180 відаў), чайкі (4 сям., каля 100 відаў), чысцікі (1 сям., 22 віды). Вядомы з позняга мелавога перыяду. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць пераважна на ўзбярэжжах і астравах вадаёмаў, балотах і сенажацях, трапляюцца на палях. На Беларусі 57 відаў. Найб. пашыраны чайка азёрная (Larus ridibundus), кнігаўка, слонка, бакас. 13 відаў у Чырв. кнізе Беларусі: аўдотка, гаршнэп, паручайнік, сявец залацісты, чорнаваллёвік, крачка малая (гл.Крачкі), кулік-сарока, кулоны, уліт вялікі (гл.Уліты), ціркушка стэпавая (гл.Ціркушкавыя), чайкі малая і серабрыстая. У Чырв. кнізе МСАП 14 відаў, 3 падвіды.
Маса птушак ад 20 г (кулік-верабей) да 1 кг і больш (кулон). Апярэнне шчыльнае, няяркае, зверху часцей цямнейшае. Ногі доўгія. Дзюба часцей доўгая, вострая, прамая або загнутая. Крылы вузкія, доўгія. Хвост кароткі. Вывадкавыя і паўвывадкавыя птушкі. У кладцы да 5 яец. Кормяцца беспазваночнымі, рыбай, дробнымі земнаводнымі і млекакормячымі. насеннем раслін. Асобныя — аб’екты палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦІТО́ВІЧ Барыс Барысавіч (н. 28.6.1948, г. Коркіна Чэлябінскай вобл., Расія),
бел. мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1972). Працуе ў станковай і кніжнай графіцы, манум. жывапісе, іканапісе і скульптуры. Аўтар ілюстрацый да кніг: «Людзі на балоце», «Подых навальніцы» (абедзве 1973), «Завеі, снежань» (1978) І.Мележа, «Дзве аповесці» В.Казько (1977), «Пушча» В.Карамазава (1979), «Марат Казей» П.Броўкі (1980), зб. вершаў і паэм «Песня свабоды» Я.Купалы на малд. мове (1982), «Летуценнік», «Смутак белых начэй» (абедзве 1985) І.Навуменкі, «Ля крыніцы: Аповесці» Я.Брыля (1986), «Зеніт» І.Шамякіна (1987) і інш.; графічных серый «Памяці Брэста» (1975), «Поры года» (1978), «Салдацкім удовам прысвячаецца» (1981), «Мае аднавяскоўцы» (1982), «Сялянскі накцюрн» (1983), «Тыя, хто перанёс вайну» (1985), «Хроніка з нататкамі на палях» (1986), серыі помнікаў ахвярам 1-й і 2-й сусв. войнаў у Вілейскім р-не Мінскай вобл., размалёўкі царквы ў г. Вілейка (2002—03), абразоў. Адзін са стваральнікаў і мастак-пастаноўшчык (з 1975) Нарачанскага ўзорнага дзіцячага т-ра «Ялінка».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАМПІНЬЁН, пячурыца (Agaricus),
род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. агарыкавых. Каля 60 відаў. Пашыраны ўсюды. У прамысл. маштабах вырошчваюць Ш. двухспоравы (A.bisporus), у культуры каля 300 гадоў. На Беларусі 8 відаў, усе ядомыя. Найб. вядомыя Ш.: двухспоравы, звычайны (A.campester), лясны (A.silvaticus), палявы, або пячарка (A.arvensis), ядомы (A.bitorquis). Трапляюцца пераважна групамі з мая па вер. на ўрадлівай глебе ў лясах, садах, на лугах, палях, агародах.
Шапка пукатая, потым распасцёртая, шаўкавістая, гладкая або лускаватая, мясістая, дыям. ад 3 да 25 см. Пласцінкі свабодныя, напачатку белыя, потым цямнеюць. Паводле гэтай прыкметы Ш. адрозніваюць ад смяротна ядавітай бледнай паганкі, у якой споры, а таму і пласцінкі, застаюцца белымі. Мякаць белая, шчыльная, на зломе мяняе колер. Ножка цыліндрычная або булавападобная, шчыльная, рэдка рыхлая або полая, заўжды з кольцам ад пакрывала. Споры акруглыя, гладкія, светла-карычневыя, карычневыя. 2 віды (A.meleagris і A.xanthoderma) ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ТАЎКА (Melampyrum),
род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 6 відаў. Найчасцей трапляюцца братаўка дуброўная, або Іван-ды-Мар’я (M. nemorosum), братаўка польская (M. polonicum) і братаўка лугавая (M. pratense); растуць у лясах, хмызняках, на палянах, лугах і балотах. Больш рэдкія віды: братаўка грабеньчатая (M. cristatum), трапляецца на поймавых лугах і ў хмызняках; братаўка лясная (M. sylvaticum) — у лясах пераважна ў паўн. і зах. раёнах; братаўка палявая (M. arvense) — рэдкая занесеная расліна, расце каля дарог і на палях.
Аднагадовыя травяністыя паўпаразітныя расліны з прамастойным простым або разгалінаваным сцяблом і слаба развітым коранем, на якім размешчаны гаўсторыі. Лісце супраціўнае ці амаль супраціўнае, ад лінейнага да лінейна-яйцападобнага, суцэльнае і суцэльнакрайняе. Кветкі жоўтыя, ружовыя або белаватыя, размешчаны па адной у пазухах буйных лістападобных, часта ярка афарбаваных прыкветкаў, сабраны ў канцавыя гронка- ці коласападобныя суквецці. Плод — сціснутая з бакоў каробачка з 2 створкамі. Дэкар., лек., меданосныя і ядавітыя (насенне мае ядавітыя алкалоіды і гліказід рынанцін) расліны; некаторыя віды — пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВІТАЦЫ́ЙНАЕ ЎЗАЕМАДЗЕ́ЯННЕ,
адзін з тыпаў фундаментальных узаемадзеянняў (разам з моцным, эл.-магн. і слабым), які характарызуецца ўдзелам у працэсах узаемадзеяння гравітацыйнага поля (поля прыцягнення). У адрозненне ад іншых узаемадзеянняў мае універсальны характар: гравітацыйнае ўзаемадзеянне ў аднолькавай ступені ўласціва ўсім матэрыяльным аб’ектам — ад элементарных часціц да зорак і галактык.
У гравітацыйным узаемадзеянні ўдзельнічаюць усе класы элементарных часціц (напр., фатон, лептоны, адроны). З-за іх малых мас гравітацыйнае ўзаемадзеянне з’яўляецца самым слабым з усіх тыпаў узаемадзеянняў элементарных часціц і ў тэорыі элементарных часціц звычайна не ўлічваецца. Гравітацыйнае ўзаемадзеянне можа стаць істотным пры ўліку эфектаў квантавай тэорыі гравітацыі, паводле якой гравітацыйнае ўзаемадзеянне тлумачыцца як вынік абмену квантамі гравітацыйнага поля — гравітонамі. Гравітацыйнае ўзаемадзеянне мае бясконца вял. радыус дзеяння і адыгрывае важную ролю ў макрасвеце, з’яўляючыся асн. фактарам узаемадзеяння і эвалюцыі планет, зорак, галактык і самога Сусвету. Для дастаткова слабых гравітацыйных палёў выконваецца сусветнага прыцягнення закон. Гравітацыйныя эфекты, рух цел і эвалюцыя астрафіз. аб’ектаў у моцных палях прыцягнення падпарадкоўваюцца законам агульнай адноснасці тэорыі. Гл. таксама Прыцягненне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́МПА АДВАРО́ТНАЙ ХВА́ЛІ,
электравакуумная ЗВЧ прылада, у якой выкарыстоўваецца перадача энергіі электроннага патоку полю запаволенай бягучай эл.-магн. хвалі, што распаўсюджваецца ў напрамку, процілеглым руху электронаў. Выкарыстоўваецца ў вымяральнай апаратуры з аўтам. перастройкай частаты, супергетэрадзінных радыёпрыёмніках, радыёспектраскапіі і інш.
Прынцып работы Л.а.х. вызначыў амер. фізік С.Мільман у 1950. Адрозніваюць Л.а.х. О-тыпу з прамалінейным электронным патокам і М-тыпу, дзе электронны паток рухаецца ў перакрыжаваных пастаянных эл. і магн.палях. Нізкавольтныя Л.а.х. О-тыпу выпускаюцца магутнасцю да 100 мВт на частоты ад 1 да 1500 ГГц, дыяпазон перастройкі частаты ад 10% да актавы, ккдз да 1%; рэлятывісцкія лямпы для мікрахвалевай зброі маюць імпульсную магутнасць да 2 ГВт, ккдз да 20%; Л.а.х. М-тыпу генерыруюць ваганні з частотамі ад 0,5 да 18 ГГц магутнасцю да 1 кВт, дыяпазон перастройкі частаты да 30%, ккдз да 50%. Гл. таксама Лямпа звышвысокачастотная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ЛЬНІКАЎ Андрэй Андрэевіч (н. 22.2.1919, г. Энгельс Саратаўскай вобл., Расія),
расійскі жывапісец. Нар. мастак Расіі (1968). Нар. мастак СССР (1976).
Акад. АМСССР (1966). Герой Сац. Працы (1989). Віцэ-прэзідэнт Рас.АМ (з 1997). Скончыў Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна (1946), выкладае ў ім (з 1967 праф.). З 1962 кіраўнік творчай майстэрні Рас.АМ. Працуе пераважна ў станковым жывапісе ў быт. і гіст. жанрах, пейзажы, партрэце, а таксама ў манум.-дэкар. мастацтве, графіцы, скульптуры. Творы вызначаюцца драм.-эмацыянальным ладам, кампазіцыйнай яснасцю, яркасцю каларыту: «Партрэт маці» (1947), «На мірных палях» (1951), «Партрэт дачкі» (1955, 1964), «Белая ноч» (1963), «Партрэт С.Канёнкава» (1970), «Даша» («Прынцэса», 1971), «Раніца» (1972), «Развітанне» (1975), «Іспанскі трыпціх» («Распяцце», «Карыда», «Смерць Гарсія Лоркі», 1979—83), «Цішыня» (1987), «Распяцце» (1995) і інш. Аўтар мазаік для станцый метрапалітэна (1955) і манум. размалёвак у Т-ры юнага гледача (1962) у С.-Пецярбургу. Дзярж. прэміі СССР 1951, 1977. Ленінская прэмія 1984.
Літ.:
Каганович А.Л. А.А.Мыльников. Л., 1980;
А.А.Мыльников: [Альбом]. Л., 1977.
А.Мыльнікаў. Карыда. Цэнтральная частка «Іспанскага трыпціха». 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСА́ЛКА,
у славянскай міфалогіі істота, у якую ператвараюцца памерлыя дзяўчаты, пераважна тапельніцы, нехрышчоныя дзеці. Яе ўяўлялі ў выглядзе прыгожай дзяўчыны з доўгімі распушчанымі зялёнымі валасамі, радзей у выглядзе касматых страшных жанчын. Лічылася, што на русальны тыдзень Р. выходзяць з вады, бегаюць па палях, гушкаюцца на дрэвах, могуць заказытаць сустрэчных да смерці або зацягнуць у ваду. У русальны тыдзень пелі русальныя песні, жанчыны вешалі на дрэвы кудзелю, ручнікі, ніткі, дзяўчаты — вянкі, у гэты тыдзень нельга было купацца. У канцы яго «праводзілі» Р. Ёю была дзяўчына, якой распускалі валасы, надзявалі вянок і з песнямі суправаджалі ў жыта, упіхвалі ў яго, а пасля разбягаліся, а Р. даганяла іх. Часта з саломы рабілі чучала Р., неслі яго ў поле і там пакідалі на мяжы або разрывалі і раскідвалі па полі, што нібыта садзейнічала ўрадлівасці жытнёвага поля. Вобраз Р. страціў рэліг. значэнне ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. і захаваўся ў фальклоры.
Літ.:
Соколова В.К. Весенне-летние календарные обряды русских, украинцев и белорусов, XIX — начало XX в. М., 1979.