род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. агарыкавых. Каля 60 відаў. Пашыраны ўсюды. У прамысл. маштабах вырошчваюць Ш. двухспоравы (A.bisporus), у культуры каля 300 гадоў. На Беларусі 8 відаў, усе ядомыя. Найб. вядомыя Ш.: двухспоравы, звычайны (A.campester), лясны (A.silvaticus), палявы, або пячарка (A.arvensis), ядомы (A.bitorquis). Трапляюцца пераважна групамі з мая па вер. на ўрадлівай глебе ў лясах, садах, на лугах, палях, агародах.
Шапка пукатая, потым распасцёртая, шаўкавістая, гладкая або лускаватая, мясістая, дыям. ад 3 да 25 см. Пласцінкі свабодныя, напачатку белыя, потым цямнеюць. Паводле гэтай прыкметы Ш. адрозніваюць ад смяротна ядавітай бледнай паганкі, у якой споры, а таму і пласцінкі, застаюцца белымі. Мякаць белая, шчыльная, на зломе мяняе колер. Ножка цыліндрычная або булавападобная, шчыльная, рэдка рыхлая або полая, заўжды з кольцам ад пакрывала. Споры акруглыя, гладкія, светла-карычневыя, карычневыя. 2 віды (A.meleagris і A.xanthoderma) ядавітыя.