ЛІХА́НАЎ (Альберт Анатолевіч) (н. 13.9. 1935, г. Кіраў, Расія),
расійскі пісьменнік. Акад.Рас. акадэміі прыродазнаўчых навук (1992). Чл.-кар.Рас. акадэміі адукацыі (1990). Скончыў Уральскі ун-т (Свярдлоўск, 1958). Да 1988 працаваў у друку (у 1975—88 гал. рэдактар час. «Смена»). З 1988 дырэктар НДІ дзяцінства Рас. акадэміі адукацыі. Друкуецца з 1961. Першая кн. «Няхай будзе сонца!» (1963) — гіст. аповесць пра мастака М.Э.Андрыёлі. У зб-ках аповесцей і апавяданняў для юнацтва «Юрка Гагарын — цёзка касманаўта» (1966), «Зоркі ў верасні» (1967), «Музыка» (1971), трылогіі «Сямейныя абставіны» (1967—73; аднайм. фільм 1977), аповесцях «Галгофа» (1979), «Кікімара» (1983), раманах «Мой генерал» (1975; аднайм. фільм 1979), «Мужчынская школа» (1995) і інш. паглыблены аналіз пачуццяў і перажыванняў юных герояў, своеасаблівы дыялог пакаленняў. У кнігах публіцыстыкі «Канспект лёсу» (1976), «Поры жыцця» (1978), «Сэнс існага» (1985), «Цяжар маладосці» (1989), «Пісьмы ў абарону дзяцінства» (1997) і інш. роздум над праблемамі выхавання моладзі. Па творах Л. пастаўлены таксама фільмы «Добрыя намеры», «Карусель на кірмашовай плошчы», «Апошнія халады», «Каманда 33», «Вышэйшая мера». З 1991 прэзідэнт Міжнар. асацыяцыі дзіцячых фондаў. Асобныя апавяданні Л. на бел. мову пераклаў Я.Курто. Дзярж. прэмія Расіі імя Крупскай 1980, міжнар. прэміі імя М.Горкага (1983) і Я.Корчака (1987).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРЫ́С (Néris; сапр.Бачынскайтэ-Бучэне) Саламея
(17.11.1904, в. Кіршай Марыямпальскага пав., Літва — 7.7.1945),
літоўская паэтэса. Нар. паэтэса Літвы (1954). Скончыла Каўнаскі ун-т (1928). Друкавалася з 1923. Першы зб. «Раннім ранкам» (1927) прасякнуты рамант. сімвалізмам. У лірычных зб-ках «Сляды на пяску» (1931), «Дзямідасам зацвіту» (1938; Дзярж. прэмія Літвы 1939) і інш. зварот да сац. праблем, духоўнага свету чалавека-працаўніка. Роздум над трагізмам вайны, гіст. лёсам літ. народа ў кнігах паэзіі «Апявай, сэрца, жыццё!» (1943), «Салавей не можа не спяваць» (1945), «Мой край» (1947; Дзярж. прэмія СССР 1947). Яе паэзіі ўласцівы шчырасць і глыбіня пачуццяў, меладычнасць верша, набліжаная да народнай. Пераклала на літ. мову асобныя творы Я.Купалы. На бел. мову яе творы пераклалі Э.Агняцвет, А.Астапенка, М.Аўрамчык, Р.Барадулін, С.Грахоўскі, С.Дзяргай, В.Жуковіч, А.Звонак, М.Калачынскі, І.Калеснік, К.Камейша, Г.Каржанеўская, Е.Лось, М.Лужанін, У.Нядзведскі, П.Прыходзька, А.Разанаў, Ю.Свірка, Я.Семяжон, Н.Тарас, Х.Чэрня, У.Шахавец, В.Шымук.
Тв.:
Rastai. T. 1—3. Vilnius, 1957;
Poezija. T. 1—2. Vilnius, 1972;
Бел.пер. — Калі зямля прачынаецца...: Выбранае. Мн., 1971;
Рус.пер. — Лирика. М., 1971.
Літ.:
Мальдзіс А Творчыя ўзаемасувязі беларускай і літоўскай літаратур у савецкі час // Старонкі літаратурных сувязей. Мн., 1970;
Лапінскене А, Мальдзіс А Перазовы сяброўскіх галасоў. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́ЗНА (Уладзімір Іванавіч) (н. 25.5.1938, в. Закружка Мінскага р-на),
бел.паэт. Скончыў БДУ (1961). Настаўнічаў на Браслаўшчыне (Віцебская вобл.), працаваў на Бел. радыё, у час. «Полымя», з 1981 у выд-ве «Юнацтва». Друкуецца з 1956. Аўтар больш за 20 паэт. зб-каў, у т. л. «Край мой сінявокі» (1963), «Жураўліны досвітак» (1969), «Святло ліўня» (1972), «Цеплыня» (1977), «Цішыня баразны» (1981), «Шумяць вербы...» (1982), «Музыка ў свеце» (1985), «Расколіна на Звоне Свабоды» (1986), «Душы разгуканай мелодыя» (1988), «Азёры дабрыні» (1995), кніг для дзяцей «На сяле ў бабулі» (1975), «Кыонг і яго сябры» (1982), «Зямля — два паўшар’і» (1988), «Мір і сонейка — для ўсіх» (1990), «Хітры і мудры» (1994), «Насціна кніжка» (1995), «Іграй, жалейка, не змаўкай...» (1998). Тэмы яго твораў — памяць мінулай вайны, любоў да роднага краю, жыццё і праца, шчасце, радасць і паўсядзённы клопат сучасніка. Шматлікія яго вершы пакладзены на музыку бел. кампазітарамі У.Буднікам, Я.Глебавым, Э.Зарыцкім, І.Лучанком, Ю.Семянякам, Л.Захлеўным, У.У.Карызнам і інш., найб. папулярныя з іх увайшлі ў зб-кі песень «Клубныя вечары» (1979), «Люблю цябе, Белая Русь» (1984), «Салавей спявае» (1990), «Гэта наша Радзіма» (1998). Уражанні ад наведвання В’етнама і ЗША — у аснове цыкла публіцыстычных твораў (паэма «Размова наросцяж», вершы). Творчасць К. адметная выразнасцю мовы. меладычнасцю, рытміка-інтанацыйным багаццем. Перакладае з укр., літ. і інш. моў. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.
Літ.:
Гніламёдаў У. Упоравень з векам. Мн., 1976. С. 97—99.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР ЛЯ́ЛЕК.
Створаны ў 1976 з выпускнікоў Магілёўскага культ.-асв. вучылішча і ўдзельнікаў маст. самадзейнасці. Адкрыўся 23.5.1977 спектаклем «Тыграня Петрык» Г.Янушэўскай і Я.Вількоўскага. Т-р вядзе пошукі адмысловага рэпертуару і арыгінальнага яго ўвасаблення, новых сродкаў сцэн. выразнасці, забытых і страчаных форм гіст.т-ра і адраджэннем іх у спалучэнні з авангарднымі навацыямі сучаснага т-ра. У пастаноўках прытрымліваецца калажна-эклектычнай формы, спалучаючы ў адным спектаклі лялькі розных сістэм, работу акцёраў у жывым плане. У рэпертуары т-ра пастаноўкі для дзяцей: «Дзед і Жораў» В.Вольскага, «Рыгорка — ясная зорка» А.Вярцінскага (прыз за адраджэнне традыцый бел. батлейкі, 1990), «Піліпка і Ведзьма» С.Кавалёва, «Вясёлы цырк» Ан.Ляляўскага, «Андрэй за ўсіх мудрэй» Э.Брука і А.Гурчанкова, «Віні-Пух і ўсе, усе, усе...» паводле А.Мілна, «Русалачка» паводле Х.К.Андэрсена, «Міо, мой Міо!..» А.Ліндгрэн, «Казка пра трох парсючкоў» Л.ЛІ, міні-опера «Чырвоны каптурок» паводле Ш.Перо; для дарослых: «Гарбата на дваіх» А.Жугжды, «Трыстан і Ізольда» Ал.Ляляўскага і М.Кандрусевіч паводле сярэдневяковага твора, «Зязюлька» У.Граўцова, «Маленькі прынц» паводле А. дэ Сент-Экзюперы, «Дракон» Я.Шварца, «Трагедыя аб Макбеце» паводле У.Шэкспіра і інш.Гал. рэжысёры: М.Кулага (1976—77), Л.Быкаў (1977), Ф.Шавякоў (1978—81), Ал.Ляляўскі (1982—86), Жугжда (з 1988, з 1996 маст. кіраўнік); гал. мастакі: Быкаў (1977—82), Л.Мікіна (1992—98).
Магілёўскі абласны тэатр лялек. Сцэна са спектакля «Гарбата на дваіх» А.Жугжды.Магілёўскі абласны тэатр лялек. Сцэна са спектакля «Рыгорка — ясная зорка» А.Вярцінскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР МУЗЫЧНАЙ КАМЕ́ДЫІ.
Існаваў у 1965—70 у Бабруйску. Створаны на базе Бабруйскага муз.-драм. тэатра. Меў муз. і драм. трупу, аркестр. У аснове рэпертуару аперэты класічныя і сав. кампазітараў, муз. камедыі, драм. спектаклі. Пасля расфарміравання тэатра большасць артыстаў перайшла ў Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь і Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі. З тэатрам звязана дзейнасць засл. артыстаў Беларусі А.Аркадзьева, Дз.Івановай, Н.Калаптур, Г.Лаўрова, К.Лосева, П.Масцерава, В.Фаменкі, Л.Федчанка, В.Шаўкалюка, засл. артысткі Расіі Н.Равінскай, а таксама Р.Курлыковай, А.Прыходзькі і інш. Рэжысёры: нар. артыст Тадж. ССР Л.Іцкоў, засл. артыст Каз. ССР У.Ажарэльеў, У.Амельчанка, Б.Заўгародні; дырыжоры: В.Віткоўскі, М.Лапцеў, В.Ражкоўскі, У.Шастапалаў; мастак І.Чумакоў; балетмайстары: Я.Шваро, Ю.Волкаў; хормайстар Г.Палянкова.
Сярод муз. пастановак: «Каламбіна» А.Рабава, «Рамэо — мой сусед» Р.Гаджыева (1965), «Лятучая мыш» І.Штрауса, «Вяселле ў Малінаўцы» Б.Аляксандрава (1966), «На світанні» А.Сандлера, «Нядзеля ў Рыме» Г.Крамера, «Прынцэса цырка» І.Кальмана, «Дзяўчына з блакітнымі вачамі» В.Мурадэлі (1967), «Чорны дракон» Д.Мадуньё, «Пацалунак Чаніты» Ю.Мілюціна, «Цыганскае каханне» і «Вясёлая ўдава» Ф.Легара (1968), «Пяе «Жаваранак» Ю.Семянякі, «Баядэра» Кальмана, «Халопка» М.Стрэльнікава (1969); з драм. спектакляў «Позняе каханне» А.Астроўскага (1965), «Так і будзе» К.Сіманава (1966), «Прызнаю сябе вінаватым» А.Мітрафанава (1968).
Л.В.Доўнар-Запольская.
Магілёўскі абласны тэатр музычнай камедыі. Сцэна са спектакля «На світанні».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР ІМЯ́ У.МАЯКО́ЎСКАГА Створаны ў 1922 як Маскоўскі т-р Рэвалюцыі. З 1943 наз. Маскоўскі т-р драмы, з 1954 сучасная назва. У 1922—24 т-р узначальваў У.Меерхольд (паст. «Даходнае месца» А.Астроўскага, «Возера Люль» А.Файко, абодва 1923). З сярэдзіны 1920-х г. спектаклі ставілі рэжысёры розных школ, сярод пастановак: «Рэха» У.Біль-Белацаркоўскага (1924), «Чалавек з партфелем» Файко (1928). У 1930—35 гал. рэжысёр А.Папоў, які паставіў «Мой сябар» М.Пагодзіна (1932), «Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра (1935). У 1939 А.Лабанаў паставіў «Таню» А.Арбузава. У 1943—66 гал. рэжысёр М.Ахлопкаў, які паставіў спектаклі «Маладая гвардыя» паводле А.Фадзеева (1947), «Гамлет» У.Шэкспіра (1954), «Садоўнік і цень» Л.Лявонава (1957), «Медэя» Эўрыпіда (1961). З 1967 маст. кіраўнік А.Ганчароў, пастаноўкам якога ўласцівы яркая тэатр. форма, грамадз.-публіцыстычны пафас: «Дзеці Ванюшына» С.Найдзёнава (1969), «Трамвай «Жаданне» Т.Уільямса (1970), «Дзядзечкаў сон» паводле Ф.Дастаеўскага (1971), «Размовы з Сакратам» Э.Радзінскага (1975), «Бег» М.Булгакава (1978), «Заўтра была вайна» Б.Васільева (1985), «Захад» І.Бабеля (1988), «Гарбун» С.Мрожака (1992), «Ахвяра стагоддзя» паводле А.Астроўскага (1994) і інш. У розныя гады ў складзе трупы: М.Бабанава, Т.Васільева, Э.Вітарган, Ю.Глізер, Н.Гундарава, Т.Дароніна, А.Джыгарханян, Т.Карпава, І.Касталеўскі, А.Лазараў, Я.Лявонаў, С.Немаляева, Н.Русланава, У.Самойлаў, Я.Самойлаў, Б.Ценін, М.Штраўх і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛО́НСКІ (Якаў Пятровіч) (18.12.1819, г. Разань, Расія — 30.10.1898),
рускі пісьменнік. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1886). Скончыў Маскоўскі ун-т (1844). Жыў у Адэсе, Тбілісі. З 1851 у Пецярбургу, рэдагаваў час. «Русское слово» (1859—60), служыў у Камітэце замежнай цэнзуры, у Савеце Гал. ўпраўлення па справах друку (1860—96). Друкаваўся з 1840. Першы зб. вершаў — «Гамы» (1844). Паэзіі П. ўласцівы напружаны драматызм, нар.-песенныя матывы, выкарыстанне сюжэтна-навелістычнай кампазіцыі, казачных і міфал. вобразаў, нар. мовы; зб-кі «Вершы 1845 года» (1846), «Сазандар» (1849; на каўк. матэрыяле), «Адбіткі» (1866), «Снапы» (1871), «Вячэрні звон» (1890) і інш. Аўтар жартоўнай паэмы-казкі «Конік-музыкант» (1859), гіст. паэм «Браты» (1866—70), «Келіёт» (1874), аўтабіягр. рамана ў вершах «Свежае паданне» (1861—62, незавершаны), раманаў «Прызнанні Сяргея Чалыгіна» (1867), «Танны горад» (1879), п’ес у вершах і прозе, у т. л. «Разлад» (1864, пра паўстанне 1863—64), лібрэта оперы «Каваль Вакула» (1872, паст. 1876; паводле аповесці «Ноч перад Калядамі» М.Гогаля; муз. П.Чайкоўскага), аповесцей, апавяданняў, нарысаў, мемуараў, публіцыст. артыкулаў і інш. Многія вершы П. пакладзены на музыку А.Даргамыжскім, С.Рахманінавым, С.Танеевым, Чайкоўскім і інш.Нар. песнямі сталі «Песня цыганкі» («Мой касцёр у тумане свеціць...») і «Пустэльніца». На бел. мову асобныя яго творы пераклаў Ф.Баторын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАВЕ́НСКІ (Мікалай Якаўлевіч) (17.12.1886, в. Капланцы Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — 3.3.1953),
бел. кампазітар. Вучыўся на рэгенцкіх курсах у Маскве і Пецярбургу (1913—15), скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1930). Працаваў рэгентам і настаўнікам спеваў у г. Навагрудак (Гродзенская вобл.). З 1919 у Мінску, кіраўнік хору пры Бел. рабочым клубе, хормайстар гар.т-ра. З 1930 выкладаў у муз. тэхнікуме, Бел. кансерваторыі. У Вял.Айч. вайну рэгент царк. хору ў г. Чэрвень Мінскай вобл. З 1944 у Германіі, з 1950 у Бельгіі, у Лювенскім ун-це стварыў студэнцкі ансамбль бел. музыкі. Аўтар апрацовак бел.нар. песень і песень на вершы М.Багдановіча («Слуцкія ткачыхі» і інш.), Я.Купалы, Я.Коласа («Мой родны кут», «Край наш бедны» і інш.), К.Буйло (гіст. сюіта «Курган» паводле аднайм. верша), Ц.Гартнага, З.Бядулі, якія часткова ўвайшлі ў яго «Зборнік песень з нотамі» (1922), бел. оперы «Браніслава» (лібрэта У.Дубоўкі; не завершана), бел. аперэты «Залёты» (паводле В.Дуніна-Марцінкевіча), музыкі на тэксты царкоўных малітваў, у т. л. «Магутны Божа» (на словы Н.Арсенневай). Падрыхтаваў працу «Характэрныя рысы беларускай народнай песні» (засталася ў рукапісе).
Тв.:
Жыцьцяпіс // Спадчына. 2000. №4.
Літ.:
Дубоўка У. Беларускі кампазітар Мікола Равенскі // Узвышша. 1928. №3;
Адамовіч А. Лірнік краіны ветлай: (З успамінаў пра Міколу Равенскага) // Бел. моладзь. 1961. №12;
1962. №13,16;
1963. №17;
Мдзівані Т.Г., Сергіенка Р.І. Кампазітары Беларусі. Мн., 1997;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТА́ЕЎ (Валянцін Пятровіч) (28.1.1897, г. Адэса, Украіна — 12.4.1986),
расійскі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1974). Брат Я.П.Пятрова (гл.Ільф І. і Пятроў Я.). У 1955—61 гал. рэдактар час. «Юность». Друкаваўся з 1910. Аўтар раманаў «Востраў Эрэндорф», «Уладар жалеза» (абодва 1924), сатыр. аповесці «Растратчыкі» (1926, аднайм. п’еса 1928), камедыі «Квадратура круга» (1928), рамана-хронікі «Час, наперад!» (1932). У тэтралогіі «Хвалі Чорнага мора» (аповесці «Бялее ветразь адзінокі», 1936, «Хутарок у стэпе», 1956, «Зімовы вецер», 1960—61, «Катакомбы», 1949, 2-я рэд. 1951) героіка-рэв. тэма, імкненне паказаць гісторыю праз лёс чалавека. За аповесць «Сын палка» (1945, аднайм. кінафільм 1946) Дзярж. прэмія СССР 1946. Аўтар лірыка-філас. мемуарных твораў «Святы калодзеж» (1966), «Трава забыцця» (1967), «Кубік» (1969), «Алмазны мой вянец» (1979), «Ужо напісаны Вертэр» (1980). У «Юнацкім рамане майго старэйшага сябра Сашы Пчолкіна, расказаным ім самім» (1982), апавяданнях і нарысах «Пад Смаргонню», «Нашы будні», «Пісьмы адтуль» і інш. паказаны падзеі 1-й сусв. вайны на Беларусі. Аўтар нарысаў «Па Заходняй Беларусі» (1939). Творы К. вызначаюцца спалучэннем гераічнай патэтыкі і сатыры, лірыкі і гумару. Яго п’есы ставіліся на бел. сцэне (першая — «Авангард», 1930, БДТ-2). Асобныя творы К. на бел. мову пераклалі Н.Тарас, У.Краўчанка, Л.Салавей.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—10. М., 1983—86;
Бел.пер. — Сон: Апавяданне. Мн., 1938;
Я, сын працоўнага народа. Мн., 1938;
Сын палка. Мн., 1947;
Бялее ветразь адзінокі. Мн., 1949.
Літ.:
Скорино Л. Писатель и его время: Жизнь и творчество В.П. Катаева. М., 1965;
Галанов Б.Е. Валентин Катаев: Очерк творчества. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЁРНС ((Burns) Роберт) (25.1.1759, Алаўэй, каля г. Эйр, Шатландыя — 21.7.1796),
шатландскі паэт. Першы зб. «Вершы, напісаныя пераважна на шатландскім дыялекце» (т.зв. «Кільмарнакскі зборнік», 1786). Пачынаў у рэчышчы сентыменталізму (паэма «Суботні вечар ласяляніна»), пазней палітра ўзбагацілася рысамі асветніцкага рэалізму і прэрамантызму. У лірыцы Бёрнса зліваюцца народна-песенная шатландская культура і традыцыі англ. асветніцкай л-ры, арганічна спалучаюцца фалькл. спадчына і дух высокай кніжнай паэзіі. Ён яскрава адлюстраваў не толькі побыт шатландскага сялянства (верш «Быў чэсны фермер бацька мой...»), але ўвасобіў неўміручы нар. дух (балада «Джон Ячменнае Зерне»), выявіў глыбіню пачуццяў простага чалавека (вершы «Каханне», «Начлег у дарозе» і інш.), выступіў з крытыкай сац., нац. і клерыкальнага прыгнёту (паэмы «Два пастухі», 1784; «Малітва святошы Вілі», 1785; вершы «Брус — да шатландцаў», «Шатландская слава», «За тых, хто далёка...», «Чэсная беднасць», «Дрэва Свабоды» і інш.). Мяккі гумар і задушэўны лірызм спалучаюцца ў яго паэзіі са злой іроніяй і сарказмам (асабліва ў эпіграмах). Аўтар поліфанічнай кантаты «Вясёлыя жабракі», вершаванай аповесці «Тэм О’Шэнтар». Збіраў і апрацоўваў шатландскія нар. песні для фалькл. зб-каў «Шатландскі музычны музей» (1787—1803), «Выбраны збор арыгінальных шатландскіх мелодый» (1793). Многія вершы Бёрнса сталі нар. песнямі. На бел. мову яго творы перакладалі Ю.Гаўрук, Я.Семяжон і інш.
Тв.:
Бел.пер. — Шатландская слава: Выбр.Мн., 1957;
Вам слова, Джон Ячмень. Мн., 1983;
Рус.пер. — Роберт Бернс в переводах С.Маршака. Кн. 1—2. М., 1979;
Избранное. М., 1982.
Літ.:
Райт-Ковалева Р.Я. Роберт Бернс. М., 1965;
Елистратова Л.А. Роберт Бернс. 3 изд. М., 1965;
Колесников Б.И. Роберт Бернс: Очерк жизни и творчества. М., 1967;