СТАДНЮ́К Іван Фоціевіч (8.3.1920, с. Кардышоўка Вінніцкага р-на, Украіна — 30.4.1994),
рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі паліграфічны ін-т (1957). У Вял. Айч. вайну ваен. журналіст. Удзельнічаў у абарончых баях 1941 на Беларусі. Ганаровы грамадзянін г. Смаленск і в. Баравое Дзяржынскага р-на Мінскай вобл., дзе з 26.6 да 7.7.1941 удзельнічаў у цяжкіх баях. Друкаваўся з 1940. Раман «Людзі не анёлы» (ч. 1—2, 1962—65, аднайм. п’еса 1967) пра жыццё ўкр. сяла. Аўтар раманаў «Вайна» (кн. 1—3, 1970—80, Дзярж. прэмія СССР 1983), «Масква, 41-ы» (1985), шматлікіх апавяданняў і аповесцей пра Вял. Айч. вайну, п’ес, кінасцэнарыяў і інш. Эпізоды баёў на бел. зямлі ўзнаўляюцца амаль ва ўсіх яго буйных творах. У нарысах з кн. «Любоў мая і боль мой...» (1977), «Запаветнае» (1980), «Жалезныя вятры» (1982) расказаў пра многіх байцоў і камандзіраў — ураджэнцаў Беларусі.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—4. М., 1982—85.
Літ.:
Леонов Б. Главный объект: Очерк творчества И.Стаднюка. М., 1978.
т. 15, с. 127
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)