СЕЛЯШЧУ́К (Мікалай Міхайлавіч) (4.8.1947, в. Велікарыта Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл. — 25.9.1996),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1976). Працаваў як жывапісец, графік, майстар экслібрыса. У творчасці імкнуўся паказаць непарыўную сувязь вытокаў нац. культуры і сучаснага мастацтва, спалучаў сюррэалістычную манеру выканання з вобразамі бел. нар. фальклору і этнаграфіі. Яго кніжная графіка адметная насычанасцю дэкар. дэталямі, фантаст. выявамі, арх. помнікамі, прадметамі побыту і адзення, гульнёй фактур і святлаценяў. Адмаўленне ад апавядальнасці ўласціва афармленню кніг «Бацькаў дар» (1984), «Прагны багацей», «Індыкала-Кудыкала» Р.​Барадуліна (абедзве 1986, залаты медаль біенале кніжнай іл. ў Браціславе 1989), «Казкі беларускіх пісьменнікаў» (1988), «Сымон-музыка» (1988—90) і інш. Графічныя прыёмы, пэўныя сюжэты часта пераносіў у станковы жывапіс, якому ўласцівы алегарычнасць, метафарычнасць маст. мовы, часам філас. асэнсаванне рэчаіснасці. Вял. ўвагу ў творах аддаваў спалучэнню фактуры фону, абстрактных элементаў з колеравымі і фігуратыўнымі, што паступова ўзмацнілася ў 1990-я г.: «Наведванне сядзібы Агінскага ў Залессі» (1978), «Памяці Максіма Багдановіча» (1981), «Матылькі тут не жывуць» (1982), «Бацька памёр» (1982—84), «Канец сезона туманаў», «Позняя восень» (1984), серыя «Казачны калейдаскоп» (1984—85), «Свята IV», «Хвіліна маўчання» (абодва 1989), «Гучанне музыкі нябёсаў» (1990), «Прагулка», «Калі цвіце язмін» (абодва 1991), «Метамарфозы» (1992), «Злашчасны вечар», «Люблю цябе сустракаць» (абодва 1994), «Спякотны вечар з вясёлкай на крэсле» (1995), «Вяртанне на Радзіму. Шоп-тур» (1996) і інш. Працаваў у станковай графіцы. Дзярж. прэмія Беларусі 1992.

Літ.:

Баразна М.Р. Беларуская кніжная графіка 1960—1990-х гг. Мн., 2001;

Каваленка В. Палёт над прасторай і часам // Мастацтва. 1997. № 8.

М.​Р.​Баразна.

М.Селяшчук. Злашчасны вечар. 1994.

т. 14, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЕ́ЙСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення ў цэнтр. Беларусі (пераважна на ПнЗ Мінскай і ПнУ Гродзенскай абл.), які бытаваў у 19 — пач. 20 ст. Зазнаў уплыў гар. касцюма, што выявілася ў прыёмах крою і пашыву, шырокім выкарыстанні крамных тканін. У жаночы гарнітур уваходзілі кашуля, спадніца, фартух, гарсэт (у будні замест яго надзявалі безрукаўку-сканцэрку). Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, з сярэдзіны 19 ст. — з гесткай, аздаблялі паскам расліннага ці геам. чырвона-чорнага арнаменту на грудзях, плячах і каўняры. Узоры клетак і паскаў на спадніцы (з 4 прамавугольных, пазней трапецападобных полак) утвараліся за кошт чорных, цёмна-сініх, шэрых, жоўтых прасновак і прокідак утку. Спадніцу-андарак ткалі ў буйнарапортныя зялёна-вішнёвыя клеткі ці аднаго сіняга, чорнага колеру (спадніца-рудляк). Фартух аднаполкавы, белы льняны ці паркалёвы або цёмны з крамных тканін; упрыгожвалі гафтам, нашыўкамі стужак, маршчэннем. Гарсэт (шнуроўка) з чорнай або цёмна-сіняй шарсцянкі ці аксаміту кроілі з баскай у 6—8 кліноў. Жаночыя галаўныя ўборы: намітка, белая палатняная або разнаколерная з фабрычнай шарсцянкі хустка і вялікая тканая або вязаная з воўны хустка-ахінанка, каптур. Традыцыйную жаночую вопратку — бурнос і паўбурнос, расшыраныя ўніз, аздаблялі нашыўкамі гладкіх і зубчыкавых паскаў чорнага аксаміту, тасьмы ў спалучэнні з машынным штапам. Святочнай вопраткай былі суконныя капоты. Мужчынскі гарнітур складаўся з кашулі, нагавіц, сіняй ці чорнай камізэлькі (доўгай са стаячым каўняром ці кароткай), аздобленай нашыўкамі, трохвугольнай шыйнай хустачкі (каляшыйнік), галаўнога ўбору. У віленскім строі шмат відаў мужчынскай вопраткі, што адрозніваліся якасцю тканін, кроем, маст. афармленнем. У халодную восень і вясну насілі армяк, сярмягу, чуйку, бурку, якія шылі з валенага сукна, узімку — непацягнутыя або пацягнутыя кажухі.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Вілейскі строй. Дзяўчына ў зімовай вопратцы (бурнос). Вёска Каралеўцы Вілейскага раёна.

т. 4, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛЬДЗІС (Адам Восіпавіч) (н. 7.8.1932, в. Расолы Астравецкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. літ.-знавец, крытык, празаік, публіцыст. Д-р філал. н. (1987), праф. (1990). Заслужаны дзеяч польскай культуры (1982). Скончыў БДУ (1956). Працаваў у друку, з 1962 у Ін-це л-ры АН Беларусі. З 1991 у Нац. навук.-асв. цэнтры імя Ф.​Скарыны (у 1991—98 дырэктар). Друкуецца з 1954. Даследуе гісторыю бел. культуры і л-ры 17—19 ст., бел.-польскія і бел.-літоўскія літ. ўзаемасувязі. Адзін з аўтараў кніг «Садружнасць літаратур» (1968), «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969), «Старонкі літаратурных сувязей» (1970), «Шляхі вялі праз Беларусь» (1980, з В.​Грыцкевічам), «Перазовы сяброўскіх галасоў» (1988, з А.​Лапінскене). Складальнік зб-каў «Зямля навагрудская, краю мой родны...» А.​Міцкевіча (1969) і «Творы» Я.​Дылы (1981). Падрыхтаваў для выдання рукапіс перакладу Б.​Тарашкевіча на бел. мову паэмы Міцкевіча «Пан Тадэвуш» (1981). Аўтар гіст. аповесці «Восень пасярод вясны» (1984). З 1987 старшыня камісіі «Вяртанне» Бел. фонду культуры, з 1991 прэзідэнт Міжнар. асацыяцыі беларусістаў, з 1996 кіраўнік аддзела культуралогіі Міжнар. АН Еўразіі. Рэдактар біябібліяграфічнага слоўніка «Беларускія пісьменнікі» (т. 1—6, 1992—95) і час. «Кантакты і дыялогі» (з 1996). Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1980 за ўдзел у 2-томным даследаванні «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове).

Тв.:

Творчае пабрацімства. Мн., 1966;

Падарожжа ў XIX ст. Мн., 1969;

Традыцыі польскага Асветніцтва ў беларускай літаратуры XIX ст. Мн., 1972;

Таямніцы старажытных сховішчаў. Мн., 1974;

Астравеччына, край дарагі... Мн., 1977;

На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;

Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII ст. Мн., 1982;

3 літаратуразнаўчых вандраванняў. Мн., 1987;

Францыск Скарына як прыхільнік збліжэння і ўзаемаразумення людзей і народаў. Мн., 1988;

Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча. Мн.,1990;

І ажываюць спадчыны старонкі: Выбр. Мн., 1994.

С.​С.​Лаўшук.

А.В.Мальдзіс.

т. 10, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІСЕМІ́Я (ад полі... + грэч. sēma знак),

мнагазначнасць, наяўнасць у моўнай адзінкі (слова, фразеалагізма і інш.) некалькіх звязаных паміж сабой значэнняў. Адрозніваюць першасныя (асн., гал., прамыя) і другасныя (вытворныя, пераносныя) значэнні, што ўзнікаюць і развіваюцца на аснове першасных.

Канкрэтнае значэнне мнагазначнага слова вынікае з яго семантычных сувязей з інш словамі ў межах словазлучэння, сказа ці больш шырокага моўнага кантэксту («лясная дарога — жыццёвая дарога», «несці рэчы — несці страты»), Многія словы маюць да 10 і больш значэнняў (напр., значэнні слоў «зямля», «хлеб», «жыццё», «добры», «ведаць» і інш.). Нягледзячы на сэнсавыя адметнасці ва ўжыванні такіх слоў, паміж іх значэннямі існуе пэўная семантычная сувязь, што аб’ядноўвае і дазваляе лічыць іх значэннямі аднаго і таго ж слова ў адрозненне ад аналагічных па форме слоў-амонімаў. П. можа ўзнікаць на сэнсавых сувязях адпаведных слоў («сцяна будынка — сцяна лесу») і на асацыятыўных уяўленнях пра пэўныя прадметы, з’явы рэчаіснасці («цень дрэва — цень смутку»); на аснове падабенства прадметаў па форме, колеры, функцыі, размяшчэнні ў прасторы («ножка стала», «залатая восень»), пераносу адзнак, уласцівых чалавеку ці інш. істотам, на прадметы нежывой прыроды («лагодны вецер, «спіць рака»), назваў матэрыяльных з’яў на сац., маральныя («грамадская думка», «моцная дружба») і інш. (гл. Метафара); на аснове сумежнасці прадметаў ці з’яў рэчаіснасці («уважлівая аўдыторыя», «чытаць Купалу»; гл. Метанімія); у выніку суаднесенасці назваў цэлага прадмета з яго ч.: «У сям’і пяць ратоў» (К.​Чорны) і інш. (гл. Сінекдаха). У працэсе гіст. ўжывання некат. слоў другасныя значэнні, што ўзніклі і развіваліся на базе першасных, пачынаюць выступаць у ролі асноўных (параўн., напр., семантычнае выкарыстанне слоў «багатыр», «будзень» і інш. у сучаснай бел. мове).

Літ.:

Красней В.П. Лексіка і фразеалогія беларускай мовы. Мн., 1982;

Абабурка М.В. Беларускае слова і яго вывучэнне. Мн., 1986;

Старычонак В.​Дз. Полісемія ў беларускай мове (на матэрыяле субстантываў). М., 1997.

А.​І.​Наркевіч.

т. 12, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕ́БАЎ (Яўген Аляксандравіч) (н. 10.9.1929, г. Рослаў Смаленскай вобл., Расія),

бел. кампазітар і педагог. Нар. арт. Беларусі (1973). Нар. арт. СССР (1984). Скончыў Бел. кансерваторыю (1956, клас А.Багатырова). Выкладаў у Мінскім муз. вучылішчы (1953—63). З 1971 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (праф. з 1983). Працуе пераважна ў буйных жанрах, увасабляючы значныя тэмы сучаснасці і гіст. мінулага. Музыцы Глебава ўласціва вял. сіла эмацыянальнага ўздзеяння, абумоўленая яскравасцю і інтанацыйным багаццем тэматызму, яго змястоўным напружаным развіццём, дасканаласцю муз. формы. Кампазітар самабытна пераўтварае бел. народнапесенны матэрыял. Знаўца аркестра, ён часта карыстаецца своеасаблівымі, нетрадыцыйнымі тэмбравымі спалучэннямі. Яго сімф. музыка насычана вострахарактарнымі вобразамі шырокага эмацыянальнага дыяпазону. Сімфоніі («Партызанская», 1958, 1963, 1964, 1968, «Да міру», 1983, 1993), «Альпійская сімфонія-балада» (1967), «Паэма-легенда» (1955) — творы складаных маст. канцэпцый, якія нясуць на сабе адбітак паглыбленага, шматбаковага светаўспрымання мастака. У балетах «Мара» (паст. 1961), «Альпійская балада» (1967), «Выбранніца» (1969), «Тыль Уленшпігель» (1-я рэд. 1974; 2-я — 1977), «Маленькі прынц» і «Курган» (1982), оперы «Майстар і Маргарыта» (1991), аперэце «Мільянерка» (1986) паказаў сябе сталым драматургам, які валодае адметным адчуваннем т-ра, майстэрствам дасканалых муз. характарыстык, прынцыпамі сімфанізму як метаду муз. мыслення. Літ. першакрыніцы муз.-сцэн. твораў — узоры сусв. л-ры (В.​Быкава, Я.​Купалы, Ш. дэ Кастэра, А.​Сент-Экзюперы, М.​Булгакава, Б.​Шоу). Патрыятычна-грамадзянская тэматыка аб’ядноўвае вак.-сімф. творы Глебава — араторыі «Званы» (1967), «Свяці, зара» (1970), «Мы славім Радзіму сваю» (1974), кантаты «За праўду ўстанем» (1956), «Ад вышыні да вышыні» (1976) і інш. Сярод інш. твораў: оперы «Твая вясна» (1963), аперэта «Рэпартаж з пекла» (1971), муз. камедыя «Калізей» (1995, лібрэта М.​Матукоўскага), канцэрты «Покліч» для аркестра (1988), для віяланчэлі (1993) і скрыпкі (1995) з аркестрам, 3 балады для голасу з арк., араторыя «Запрашэнне ў краіну маленства» (1974), «Палеская сюіта» (1964), Харэаграфічныя навелы (1963, 1966), сюіты з балетнай музыкі, сімф. паэмы «Успаміны пра Тыля» (1977) і «Казка» (1979), Святочная уверцюра для аркестра бел. нар. інструментаў (1958), саната (1956) і «Фантастычныя танцы» (1957) для фп., п’есы для эстраднага аркестра (у т. л. найб. папулярныя «Залатая восень», «Начны дыліжанс»); музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1970.

Літ.:

Мухаринская Л.С. Евгений Глебов. М., 1959;

Ракава А.Я. Яўгеній Глебаў: (Старонкі творчасці). Мн., 1971;

Ауэрбах Л.Д. Белорусские композиторы: Е.​Глебов, С.​Кортес, Д.​Смольский, Н.​Лученок. М., 1978.

Т.​А.​Дубкова.

Я.А.Глебаў.

т. 5, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЙРАН ((Byron) Джордж Ноэл Гордан) (22.1.1788, Лондан — 19.4.1824),

англійскі паэт-рамантык. Атрымаў па спадчыне тытул лорда; з 1809 чл. Палаты лордаў Брыт. парламента. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1808). У 1816 назаўсёды пакінуў Англію. Удзельнік руху карбанарыяў (1817—23) і нац.-вызв. вайны ў Грэцыі (1823—24). Памёр ад ліхаманкі ў ваен. лагеры (г. Місалунгі). Першы зб. «Вольныя часіны» (1807) пазначаны рысамі рамант. светаадчування. У сатыр. паэме «Англійскія барды і шатландскія аглядальнікі» (1809) выступіў як прыхільнік асветніцкага класіцызму. У ліра-эпічнай паэме «Паломніцтва Чайльд Гарольда» (песні 1—4, 1812—18) расчараванне і горыч суайчыннікаў Байрана, ашуканых вынікамі франц. бурж. рэвалюцыі канца 18 ст., захапленне нац.-вызв. барацьбой народаў супраць захопніцкіх намераў Напалеона I, прыгнёту тур. султана, разважанні пра ход гісторыі і лёс чалавецтва. Пратэст і выклік кіруючым колам Англіі прагучалі ў «Одзе аўтарам біля супраць разбуральнікаў станкоў» (1812), «Песні для лудзітаў» (1816) і інш. У паэмах т.зв. «ўсходняга» цыкла «Гяур» і «Абідоская нявеста» (абедзве 1813), «Карсар» і «Лара» (абедзве 1814), «Асада Карынфа» і «Парызіна» (абедзве 1816) адлюстраваў канфлікт «байранічнага» героя з варожым светам, трагічны зыход бунту. Жанрава разнастайная лірыка Байрана сінтэзавала філасофскія, грамадз. і любоўныя матывы (цыкл любоўна-медытатыўных вершаў па матывах Бібліі «Яўрэйскія мелодыі», 1815; вершы «Бывай!», «Стансы да Аўгусты» і інш.). Душэўны стан паэта-выгнанніка, безвыходная туга і песімізм у вершах «Сон»; «Цемра», напісаных у Швейцарыі (вясна—восень 1816). У філас. драмах «Манфрэд» (1817), «Каін» (1821) бунтарскія матывы «ўсходніх» паэм пераходзяць у багаборніцкія. Свабодалюбствам прасякнуты паэмы «Шыльёнскі вязень» (1816), «Скарга Таса» (1817), «Прароцтва Дантэ» (1819). Рух карбанарыяў і прычыны яго разгрому атрымалі і філас. асэнсаванне ў драмах на гіст. і біблейскія сюжэты «Марына Фальера, дож Венецыі», «Сарданапал», «Два Фаскары» (усе 1821), якія спалучаюць элементы паэтыкі рамантызму і класіцызму. Сатыры «Ірландская аватара» (1821), «Прывід суда» (1822), «Бронзавы век» (1823) — выдатны ўзор паліт. лірыкі 19 ст. У рамане ў вершах «Дон Жуан» (1818—23, не скончаны на 17-й песні), энцыклапедыі еўрап. жыцця на мяжы 18—19 ст., спалучаюцца эпічны размах з лірычнымі адступленнямі, літ. і паліт. палемікай, з’едлівай пародыяй, рамант. тэндэнцыі з рэалістычнымі. Гераічнаму супраціўленню грэч. народа прысвечаны яго апошнія вершы «Песня пра суліётаў», «Апошнія словы пра Грэцыю». Творчасць Байрана моцна паўплывала на развіццё сусв. паэзіі 19—20 ст. На бел. мову творы Байрана перакладалі Э.​Агняцвет, Р.​Барадулін, П.​Броўка, Ю.​Гаўрук, П.​Глебка, У.​Дубоўка, Г.​Дубянецкая, Е.​Лось, М.​Лужанін, Я.​Семяжон, М.​Танк і інш.

Тв.:

Бел. пер. — Выбранае. Мн., 1963;

Лірыка. Мн., 1989;

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—4. М., 1981;

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1987;

На перепутьях бытия...: Худож. публицистика. М., 1989.

Літ.:

Елистратова А.А. Байрон. М., 1956;

Кургинян М. Джордж Байрон. М., 1958;

Дьяконова Н.Я. Лирическая поэзия Байрона. М., 1975;

Зверев А. Звезды падучей пламень: Жизнь и поэзия Байрона. М., 1988;

Моруа А. Байрон. Мн., 1990.

Дж.Байран.

т. 2, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАТЭ́СК (франц. grotesque, італьян. grottesco вычварны, мудрагелісты ад grotta грот),

1) від маст. тыпізацыі, заснаваны на рэзкім сумяшчэнні кантрастаў, дэфармацыі ці карыкатурным перабольшанні жыццёвых адносін, прадметаў і з’яў рэчаіснасці з мэтай паказу іх глыбіннай сутнасці. Тэрмін «гратэск» уведзены ва ўжытак у 15—16 ст. для абазначэння мудрагелістых вобразаў жывёл і раслін, якія захаваліся на сценах ант. пабудоў (гротаў, адсюль і назва). У далейшым гэты тэрмін пачаў ужывацца ў л-ры, жывапісе і інш. відах мастацтва. Гратэскавы вобраз эпохі Адраджэння — складанае спалучэнне маст. элементаў, што сінтэзуюць адносіны да змены рэчаў і з’яў у часе (нараджэнне—гібель), амбівалентны вобраз (гл. Амбівалентнасць). Як сродак стварэння маст. вобраза гратэск характэрны для сатыры, памфлета, карыкатуры, шаржа, клаунады і інш.

У літаратуры прыёмы гратэску вядомы з глыбокай старажытнасці (міфалогія, камедыі Арыстафана, Плаўта). Стварэнне гратэскавых вобразаў часта звязана з фалькл. светаўспрыманнем і нар. вобразнасцю. Багатая гратэскавая вобразнасць уласціва бел. фальклору, у прыватнасці казачнаму эпасу (вобразы «нячысцікаў», груганоў і інш. у чарадзейных казках). Шырока выкарыстоўвалася яна ў кірмашовых балаганах і нар. карнавалах. Гратэск — элемент светапогляду і метаду, а таксама стылю пісьменніка, форма раскрыцця яго ідэйна-эстэт. пазіцый і жыццёвага светаўспрымання («Гарганцюа і Пантагруэль» Ф.​Рабле, «Падарожжа Гулівера» Дж.​Свіфта, «Нос» і «Вечары на хутары каля Дзіканькі» М.​Гогаля, «Клоп» і «Лазня» У.​Маякоўскага, «Восень патрыярха» Г.​Гарсіі Маркеса). У бел. л-ры элементы гратэску ўпершыню выявіліся ў эпоху барока ў асобных творах палемічнай л-ры, парадыйна-сатыр. прозы, у інтэрмедыях. Гратэскавая тыпізацыя мае пераважна сатыр. накіраванасць (п’есы «Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча, «Паўлінка» Я.​Купалы, «Хто смяецца апошнім», «Брама неўміручасці» К.​Крапівы, «Лявоніха на арбіце», «Зацюканы апостал» А.​Макаёнка). Вял. ролю ў стварэнні гратэскавай вобразнасці адыгрываюць гіпербалізацыя, метафарызацыя, выкарыстанне вульгарызмаў, жарганізмаў.

У мастацтве гратэск пашыраны з сярэднявечча (фігуры хімер на гатычных саборах, вобразы Д’ябла, Заганы; фантаст. мініяцюры на палях рукапісаў і інш.). Вяршыні маст. выразнасці дасягнуў у эпоху Адраджэння (Х.​Босх, П.​Брэйгель, Ж.​Кало, Пінтурык’ё, Рафаэль), характэрны для творчасці Ф.​Гоі, А.​Дам’е, мастацтва экспрэсіянізму (Э.​Мунк, М.​Шагал), сюррэалізму (С.​Далі, П.​Пікасо). Сац. і паліт. накіраванасць маюць элементы гратэску ў творчасці мастакоў 20 ст. (сатыры Ж.​Гроса, карыкатуры Кукрыніксаў, Х.​Бідструпа). У бел. нар. мастацтве рысы гратэску трапляюцца ў лубках, батлейцы. У сатыр. творах 19 — пач. 20 ст. — пратэст супраць сац. і нац. ўціску: «Чалавек высокага нараджэння» і «Аканом» А.​Бартэльса, «Баль у Мінску» і «Віленскі свет» С.​Богуш-Сестранцэвіча, лісты К.​Бахматовіча, Я.​Горыда, Я.​Драздовіча, К.​Кукевіча, М.​Мікешына і інш. Сродкамі гратэску выкрываюць адмоўныя рысы сучасныя мастакі У.​Вішнеўскі, А.​Волкаў, Р.​Грамыка, В.​Губараў, М.​Гурло, А.​Карповіч, М.​Пушкар, С.​Раманаў, В.​Славук, В.​Ціхановіч, Л.​Чурко і інш. 2) Від друкарскага шрыфту з раўнамернай таўшчынёй штрыхоў, без падсечак.

Г.​Я.​Адамовіч (гратэск у літаратуры).

Да арт. Гратэск. Ф.​Гоя. Ты, які не можаш. З серыі афортаў «Капрычас». 1797—98.
Да арт. Гратэск. В.​Губараў. Мірная ініцыятыва. 1991.

т. 5, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУ́МЕНКА (Іван Якаўлевіч) (н. 16.2.1925, г. Васілевічы Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік, літ.-знавец, грамадскі дзеяч. Нар. пісьменнік Беларусі (1995). Акад. Нац. АН Беларусі (1980, чл.-кар. 1972), д-р філал. н. (1969), праф. (1971). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1950). Працаваў у газ. «Бальшавік Палесся» (1946—51), «Звязда» (1951—52). З 1954 на кафедры бел. л-ры БДУ, з 1973 дырэктар Ін-та л-ры імя Я.​Купалы, з 1982 віцэ-прэзідэнт, з 1992 саветнік пры прэзідыуме Нац. АН Беларусі. Друкуецца з 1955. У першым зб. апавяданняў «Семнаццатай вясной» (1957) у рамантычна прыўзнятых фарбах адлюстраваў духоўны свет і лёс юнакоў, што прайшлі праз выпрабаванні вайны. Гэтая ж тэма развіта і ў зб-ках апавяданняў «Хлопцы-равеснікі» (1958), «Таполі юнацтва» (1966, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1967), адзначаных вернасцю праўдзе жыцця, глыбокім пранікненнем ва ўнутр. свет герояў, майстэрствам дэталі, лірызмам. У аповесцях «Снежань», «Мой сябар Пятрусь», «Пераломны ўзрост» (усе нап. 1958), «Бульба» (1964), «Трымценне дубовага лісця» (1965), «У бары на світанні» (1971) і інш. праблемы станаўлення людскіх характараў на матэрыяле вайны і ў абсягу сучаснасці. Адметныя рысы творчасці Н. — лірычная пранікнёнасць пачуцця і даверлівасць інтанацыі, дакладнасць учынкаў герояў, праўдзівасць дэталей і маст. абагульненняў. Раманы «Сасна пры дарозе» (1962), «Вецер у соснах» (1967), «Сорак трэці» (1973) падсумавалі вопыт аўтара па стварэнні эпічна насычанай карціны жыцця і барацьбы ва ўмовах жорсткай фаш. акупацыі. Яго ўвагу прыцягвалі і праблемы сучаснага жыцця, што ўнеслі шмат новага ў традыц. адносіны чалавека з людзьмі, грамадствам, гісторыяй. Аповесцям «Развітанне ў Кавальцах» (1974), «Апошняя восень», «Замяць жаўталісця» (абедзве 1976), «Інтэрнат на Нямізе» (1978), раманам «Смутак белых начэй» (1979), «Летуценнік» (1984), «Асеннія мелодыі» (1987), п’есе «Птушкі між маланак» (1982), многім апавяданням уласціва ўсё больш глыбокае асэнсаванне рэчаіснасці, усведамленне сэнсу жыцця, складаных праблем сучаснасці, выяўленне духоўнага патэнцыялу асобы. Пераасэнсаванне гісторыі вяртае героя пісьменніка ў часы дзяцінства і юнацтва ў трылогіі «Дзяцінства. Падлетак. Юнацтва» (1997) і яе працягу «Любімы горад» (1999). Гады калектывізацыі, сталінскія рэпрэсіі асвятляюцца аўтарам з пункту гледжання сучасніка. Для дзяцей напісаў аповесць «Вайна каля Цітавай копанкі» (1957). Аўтар літ.-знаўчых манаграфій «Янка Купала. Духоўны воблік героя» (1967), «Якуб Колас. Духоўны воблік героя» (1968, за абедзве Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1972), «Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч» (1992), «Змітрок Бядуля» (1995), «Максім Багдановіч» (1997), «Ранні Кузьма Чорны (1923—1929)» (2000). У працах па гісторыі бел. л-ры «З глыбінь жыцця» (1960) і «Пісьменнікі-дэмакраты» (1967) разглядае канцэпцыю чалавека і свету ў бел. л-ры.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—6. Мн., 1981—84;

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1995—97;

Гасцініца над Прыпяццю. Мн., 1994;

Хатняе зайчанё. Мн., 1998.

Літ.:

Сіненка Г. Іван Навуменка: Нарыс творчасці. Мн., 1981;

Піскун Л. Іван Навуменка. Мазыр, 1997;

Яе ж. Феномен мастацкай індывідуальнасці: Агляд творчасці Івана Навуменкі // Роднае слова. 1995. № 2—3;

Кароткая Л. Жывое, роднае... Мн., 1989. С. 6—37.

У.​В.​Гніламёдаў, І.​У.​Саламевіч.

І.Я.Навуменка.

т. 11, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАЛАДНЯ́К»,

штомесячны літ.-маст. і грамадска-паліт. часопіс. Выдаваўся ў 1923—32 у Мінску на бел. мове. Рэдактары: М.​Кудзелька (М.​Чарот), А.​Ажгірэй (А.​Вольны), М.​Арэхва, У.​Ігнатоўскі, М.​Зарэцкі, М.​Адзінец, А.​Дудар, І.​Барашка, П.​Галавач, А.​Звонак, В.​Каваль, А.​Моркаўка, А.​Сянкевіч і інш.

На 1-м этапе (1923 — сярэдзіна 1926) часопіс арыентаваўся на масавую камсамольска-маладзёжную аўдыторыю, імкнуўся згуртаваць маладых пісьменнікаў і публіцыстаў, дзеячаў мастацтва і навукі вакол праграмы сацыяліст. буд-ва і развіцця бел. культуры. Друкаваў творы старэйшых пісьменнікаў (Ц.​Гартны, З.​Бядуля, А.​Гурло), маладнякоўцаў (М.​Чарот, К.​Чорны, А.​Дудар, А.​Вольны, А.​Александровіч, А.​Бабарэка, У.​Дубоўка, К.​Крапіва, Я.​Пушча, П.​Трус, А.​Якімовіч), пачынаючых аўтараў, селькораў і рабкораў. Упершыню апубл. верш Я.​Купалы «Арлянятам» (1923, № 1; 1924, № 2—3), алегарычную казку Я.​Коласа «Што яны страцілі» (1924, № 2—3). Змяшчаў выступленні А.​Чарвякова, М.​Галадзеда, даследаванні і навук.-папулярныя нарысы вучоных С.​Вальфсона, М.​Гарэцкага, Ю.​Дрэйзіна, Ігнатоўскага, М.​Каспяровіча, У.​Пічэты, С.​Скандракова, А.​Шлюбскага і інш. Дапускаў пралеткультаўскае проціпастаўленне «матываў грамадзянскай барацьбы, матываў рабочых, матываў гарадскіх» і «новых камсамольскіх матываў» («маладнякізму») традыцыям бел. дэмакратычнай л-ры («адраджанізму»). Фармальна прапагандаваў ідэйна-эстэт. праграму аднайменнай літ. арг-цыі — ажыццяўленне ў бел. л-ры «ідэй матэрыялізму, марксізма і ленінізма», па сутнасці развіваў нац.-адраджэнскую традыцыю ў л-ры. У арт. Бабарэкі «Вясну радзіла восень» (1925, № 7) абгрунтавана маладнякоўская канцэпцыя гісторыі бел. л-ры і яе тагачаснага стану.

Пасля выхаду ў маі 1926 з яго складу групы «Узвышша» «М.» аб’ядноўваў пісьменнікаў другога «маладнякоўскага прыліву» (З.​Бандарына, Барашка, Я.​Бобрык, П.​Броўка, А.​Вечар, Галавач, К.​Губарэвіч, І.​Гурскі, У.​Жылка, А.​Звонак, В.​Каваль, А.​Куляшоў, М.​Лынькоў, Ю.​Лявонны, Б.​Мікуліч, Моркаўка, М.​Нікановіч, А.​Салагуб, Я.​Скрыган, Ю.​Таўбін, Я.​Туміловіч, У.​Хадыка, М.​Хведаровіч, С.​Хурсік, Н.​Чарнушэвіч, С.​Шушкевіч). Кіруючую ролю ў «М.» захоўвалі М.​Чарот, А.​Дудар, Зарэцкі, якія ў канцы 1927 разам са старэйшымі пісьменнікамі стварылі аб’яднанне «Полымя». Часопіс адмовіўся ад ілюстрацый, увёў аддзелы паэзіі, прозы, крытыкі і публіцыстыкі, друкаваў пераклады. Аднак яго крытычны аддзел прэтэндаваў на манаполію ў вызначэнні паліт. і эстэт. лініі бел. л-ры і дапускаў вульгарна-сацыялагічныя ацэнкі ў асвятленні бягучага літ. працэсу, асабліва ў арт. Т.​Глыбоцкага (А.​Дудара). З сярэдзіны 1928 «М.» (пераважна ў крытыка-публіцыстычнай частцы) перайшоў на спрошчаную пазіцыю Расійскай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. У арт. А.​Гародні, Галавача, Р.​Мурашкі, Барашкі, У.​Бухаркіна, С.​Васілёнка беспадстаўна абвінавачваліся бел. пісьменнікі і літ.-знаўцы, асабліва тыя, хто прымыкаў да «Узвышша» і «Полымя». З’яўляліся і аб’ектыўныя арт. Я.​Барычэўскага, П.​Бузука, Гарэцкага, А.​Некрашэвіча, М.​Піятуховіча і інш., вершы і паэмы Броўкі, Куляшова, В.​Маракова, Хадыкі, апавяданні, аповесці і раманы З.​Астапенкі, Галавача, Ц.​Гартнага, Мікуліча, Э.​Самуйлёнка, нарысы Скрыгана. У 1932 як орган Аргкамітэта Саюза пісьменнікаў БССР дубліраваў функцыі Час. «Полымя» і ў пэўнай ступені скампраметаваў сябе вульгарна-сацыялагічнай крытыкай (Л.​Бэцдэ, А.​Кучар і інш.).

Літ.:

Гілевіч Н.С. Акрыленая рэвалюцыяй: (Паэзія «Маладняка»). Мн., 1962;

Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;

Яго ж. Адам Бабарэка: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1976;

Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг. Мн., 1975.

У.​М.​Конан.

Вокладка часопіса «Маладняк». 1924.

т. 9, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНУМЕНТА́ЛЬНА-ДЭКАРАТЫ́ЎНАЯ СКУЛЬПТУ́РА,

від дэкаратыўнай скульптуры, цесна звязаны з архітэктурай і прыродным ландшафтам. Прызначана для аздаблення фасадаў і інтэр’ераў будынкаў, мастоў, трыумфальных арак, фантанаў, архітэктуры малых форм, упрыгожвання паркаў, плошчаў, вуліц. Уключае: статуі і рэльефы, якія маюць самаст. значэнне; статуі, якія выконваюць ролю арх. элементаў (атланты, карыятыды); статуі-фантаны; скульпт. арнаментацыю на будынках.

Вядома са старажытнасці ў многіх народаў. Найб. росквіту дасягнула ў эпоху антычнасці, у стылях готыкі, рэнесансу, барока і класіцызму ў культавым і палацавым буд-ве, садова-паркавым мастацтве, у мастацтве краін Усходу. У 20 ст. развіваецца пераважна як элемент ландшафтнага дызайна, была пашырана ў архітэктуры мадэрну і пабудовах, зарыентаваных на класіцыстычную традыцыю. З’явіліся яе новыя формы: агітацыйная, гульнёвая (для дзіцячых пляцовак), скульпт. інсталяцыі і інш. Часам выкарыстоўваюць сучасныя тэхн. сродкі: рух, гук, светлавыя эфекты і інш.

На Беларусі пашырылася ў 16—19 ст. у палацавым і культавым дойлідстве. Складаным сімволіка-алегарычным ладам, экспрэсіўнасцю, багаццем і разнастайнасцю форм вызначалася культавая скульптура 17—18 ст. (касцёл ў в. Новая Мыш Баранавіцкага, Воўчын Камянецкага р-на Брэсцкай вобл., Міхалішкі Астравецкага, Ішчална Мастоўскага р-наў Гродзенскай вобл., бернардзінцаў у Гродне, францысканцаў у Пінску і інш.). У мастацтве класіцызму выкарыстоўвалася ў палацава-паркавых ансамблях, гар. і сельскіх сядзібах (палац Радзівілаў у в. Паланэчка Баранавіцкага р-на, «Паляўнічы домік» у Гомелі, палац Храптовічаў у г.п. Бешанковічы Віцебскай вобл. і інш.). Сярод паркавых скульптур 19 ст. алегарычная статуя «Багіня Міра» (1834) В.​Дэмут-Маліноўскага ў парку палаца Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі, кампазіцыя «Хлопчык з лебедзем» (1874) у скверы Кастрычніцкай плошчы ў Мінску. У 1930-я г. зроблены рэльефы ў будынках Дома ўрада (скульпт. А.​Бембель, У.​Рытар, Р.​Ізмайлаў), Дома афіцэраў (Бембель, А.​Глебаў і інш.), Нац. акад. т-ра оперы і балета (Бембель і інш.) у Мінску. У 1950-я г. М.-д.с. арганічна суадносілася з архітэктурай класіцыстычнай арыентацыі: Рэсп. міжсаюзны палац культуры прафсаюзаў (скульпт. Глебаў, С.​Селіханаў, В.​Папоў), Нац. маст. музей (Бембель, П.​Белавусаў, С.​Адашкевіч, М.​Роберман) у Мінску і інш. Імкненнем сцвердзіць новыя пластычныя ідэі вызначаюцца найб. значныя творы 1970—90-х г.: кампазіцыі «Купава» перад будынкам рэстарана «Журавінка» (У.​Кузняцоў), «Вянок» фантана ў парку імя Я.​Купалы (А.​Анікейчык, Л.​Гумілеўскі, А.​Заспіцкі), «Юнацтва» ў скверы перад будынкам гасцініцы «Мінск» (Анікейчык), «Бег» над ўваходам стадыёна «Дынама» і «Арфей» перад будынкам муз. вучылішча (абедзве В.​Занковіч), «Юнак іграе на жалейцы» і «Поры года» ў гасцініцы «Турыст» (С.​Ларчанка, А.​Кішчанка), «Лаўка» ў Міхайлаўскім скверы (У.​Жбанаў), скульптуры «Паэзія», «Музыка», «Сцэнаграфія», «Танец», «Тэатр» на фасадзе Дзярж. т-ра муз. камедыі і кампазіцыя «Батлейка» каля яго будынка (Л.​Зільбер), скульпт. групы фантанаў «Поры года» на праспекце Машэрава — «Гуканне вясны» («Вясна», А.​Шатэрнік), «Купалле» («Лета», Л.​Давідзенка), «Свята ўраджаю» («Восень», Ю.​Палякоў), «Каляды» («Зіма», Занковіч) у Мінску; кампазіцыі «Натхненне» на фасадзе будынка Гродзенскага абл. драм. т-ра (Зільбер); «Белая дама з халопам» (Г.​Гаравая), «Русалка» (Л.​Гумілеўскі), «Анёл-заступнік з хлопчыкам» (А.​Фінскі), «Сабака для палявання» (П.​Лук, В.​Янушкевіч) у палацава-паркавым комплексе ў г. Нясвіж Мінскай вобл. і інш.

Л.​Г.​Лапцэвіч.

Да арт. Манументальна-дэкаратыўная скульптура. Ж.​Б.​Карпо. Чатыры часткі свету. Скульптурная група фантана на плошчы Абсерваторыі ў Парыжы. 1867—72.
Да арт. Манументальна-дэкаратыўная скульптура. Фрагмент галоўнага алтара касцёла аўгусцінцаў. Вёска Міхалішкі Астравецкага раёна Гродзенскай вобл.

т. 10, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)