АЛА́Й Анатоль Іванавіч (н. 4.10.1940, Мінск),
бел. рэжысёр, аператар, сцэнарыст дакумент. кіно. Скончыў БДУ (1972). З 1961 працуе на кінастудыі «Беларусьфільм». У фільмах «Не плачце па мне...» (1988), «Марынеска» (1990), «Андрэй Грамыка» (2001, з Расіяй) А. звяртаецца да герояў незвычайнага лёсу. У работах ваен. тэматыкі «Яго схавалі ў шар зямны» (1989), «Чорны шлях» (1992, з Германіяй), «Адрынуты» (1993), «Балканскі паход» (1998, з Балгарыяй), «Салдаты Італіі» (2002, з Італіяй), «Гастэла» (2003) даследуе праблемы маралі. Сярод аператарскіх работ: «Экран, час, жыццё» (1964, з У.Цеслюком), «Арсенал прагрэсу» (1970), «Шлях да Арыёна» (з Ю.Іванцовым, У.Пужэвічам), «Фільм даўжынёю ў паўстагоддзя» (абодва 1974), «Пра мацярэй можна расказваць бясконца» (1975, з Ф.Кучарам, Р.Масальскім), «І ўдзень і ўначы» (з В.Купрыянавым), «Расплата» (абодва 1977), «Зямля мая — лёс мой» (з С.Пятроўскім), «Бессмяротны подзвіг Мінска» (абодва 1978), «Гарачыя травы», «Тры колеры радасці» (з Ю.Гарулёвым, Б.Марозавым і інш.), «Дэсант на Чару» (усе 1979), «Хроніка знаходжання на Зямлі» (1980), «Захад—81» (з С.Канавалавым, Купрыянавым), «Дзевяноста шостая восень», «Забродзенскія навасёлы» (усе 1981), «Пераадоленне» (1982), «Навальнічная далеч памяці» (1983, з А.Сіманавым), «Дарога жыцця» (1984) і інш. Аўтар кн. «Сустрэчы на ўсё жыццё: Запіскі кінааператара» (1989).
Г.У.Шур.
т. 18, кн. 1, с. 332
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)