ШУ́ТАЎ Генадзь Фёдаравіч (н. 18.7.1939, г. Запарожжа, Украіна),

бел. графік, акварэліст. Засл. дз. маст. Беларусі (1996). Скончыў Маскоўскі паліграф. ін-т (1970). У 1976—86 старшыня праўлення Віцебскай абл. арг-цыі Саюза мастакоў Беларусі. Працуе пераважна ў акварэлі ў жанрах нацюрморта і пейзажа. Раннія творы арыентаваны на традыц. рэаліст. натурныя прыёмы акварэльнага пісьма, вылучаюцца разгорнутай апавядальнасцю, рамант. інтанацыямі: «Восень у вёсцы» (1956), «Палявыя кветкі» (1963), «Стары Віцебск» (1967), «Зялёны шум» (1974); серыі «Віцебск» (1972), «Шклозавод «Нёман» (1973), «Наваполацкі нафтаперапрацоўчы завод», «Мой горад» (абедзве 1972—75), «Па Венгрыі», «Масква» (абедзве 1976), «Зямля беларуская» (1977), «Новабудоўлі Беларусі» (1978), «Па Азербайджане» (1979), «Польшча» (1980), «Рускі самавар» (1984). Пазнейшым творам уласціва своеасаблівая аўтарская тэхніка, філасафічнасць і сімвалічная знакавасць, жывапіснасць і пластычная вытанчанасць форм, рытмічная раўнавага: нацюрморты «Нацюрморт з вэнджанай рыбінай» (1983), «Сланечнікі ў чорным жбане» (1988), «Рыбы і ракавіны» (1991), «Сем лямпаў» (1994), «Маці прысвячаецца» (2000), «Патухлая лямпа Шагала» (2002); серыі «Дарункі зямлі беларускай» (1985—86), «Матэрыя мастацтваў» (1999), «Праламленне» (2002), серыі пейзажаў «Зялёна-Гура», «Брэсцкая крэпасць», «Сілуэты Кіева» (усе 1981), «Помнікі архітэктуры Віцебшчыны» (1986—87), «Віцебскія дворыкі» (2003).

М.​Л.​Цыбульскі.

Г.Шутаў. Вось гэтыя кветкі ўмеюць лятаць. 1996.

т. 17, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)