амерыканскі эканаміст, публіцыст. Прапанаваў ідэю «адзінага зямельнага падатку» як сродку забеспячэння ўсеагульнага дастатку і сацыяльнага міру, якая па сутнасці азначала пакрыццё ўсіх дзярж. расходаў за кошт зямельнай рэнты. Даследаваў праблемы заработнай платы, капіталу, рэнты, эканам. крызісаў, даў адзін з варыянтаў фарміравання тэорыі гранічнай прадукцыйнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯГЦЯ́Р Мота Ізраілевіч
(15.7.1909, в. Пціч Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 9.11.1939),
яўрэйскі пісьменнік. Пісаў на ідыш. Скончыў Мінскі пед.ін-т (1937). Друкаваўся з 1930. У кнігах апавяданняў, аповесцей і нарысаў «На рыштаваннях» (1934), «Савецкая Беларусь» (1935), «Будаўнікі» (1936), «Браты» (1937), «Верныя вартавыя» (1938), «Наша зямля» (1939) адлюстраваў падзеі грамадз. вайны, сацыяліст. пераўтварэнні ў краіне. Яго творы выключна лірычныя, у іх паэтызацыя палескага краю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІ́НГЕР (Singer) Іцхак
(14.7.1904, в. Лявонцін, каля Варшавы — 27.7.1991),
яўрэйскі пісьменнік (пісаў на ідыш). З 1935 у ЗША. Першы раман «Сям’я Мушкат» (1950). З 1953 яго творы перакладаліся на англ. мову (некаторыя пераклады друкаваліся раней за арыгінал). Аўтар раманаў «Нявольнік» (1962), «Сядзіба» (1967), «Маёнтак» (1969), «Шоша» (1978), аповесцей. Майстар кароткага апавядання (зб. «Дурань Гімпл і іншыя апавяданні», 1957). Нобелеўская прэмія 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫМА́ЛЬДЗІ (Grimaldi) Франчэска Марыя
(2.4.1618, г. Балоння, Італія — 28.12.1663),
італьянскі фізік і астраном. У 1647 атрымаў ступень д-ра і выкладаў філасофію і матэматыку ў Балонскай езуіцкай калегіі. Адкрыў дыфракцыю святла. Сумесна з Дж.Б.Рычолі склаў карту Месяца і ўвёў назвы месяцавых утварэнняў. Асн. вынікі яго навук. даследаванняў апублікаваны ў яго творы «Фізічная навука аб святле, колерах і вясёлцы» (1665).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЭНАЗІНФО́СФАРНЫЯ КІСЛО́ТЫ, адэназінфасфаты,
складаныя арган. злучэнні (нуклеатыды), 51-фосфарныя эфіры адэназіну. Маюць у сабе адэнін, рыбозу і 1 (адэназінмонафосфарная — адэнілавая к-та, АМФ; вядома таксама яе цыклічная форма, гл. ў арт.Цыклічныя нуклеатыды), 2 (адэназіндыфосфарная к-та, АДФ) ці 3 (адэназінтрыфосфарная кіслата; АТФ) астаткі фосфарнай к-ты. Знаходзяцца ў клетках усіх жывёльных і раслінных арганізмаў у сумарнай канцэнтрацыі 2—15 мМ (каля 87% усяго фонду свабодных нуклеатыдаў). Утвараюць адэнілавую сістэму, якой належыць адно з цэнтр. месцаў у абмене рэчываў і энергіі, пры гэтым пара АДФ/АТФ служыць асн. звяном перадачы энергіі ў клетках: пры пераносе фасфарыльных груп на АМФ, АДФ энергія ў арганізме акумулюецца, пры адшчапленні — вылучаецца.
Адэназінмонафасфат існуе ў свабоднай форме, уваходзіць у састаў РНК, многіх ферментаў, якія ўдзельнічаюць у пераносе вадароду і астаткаў фосфарнай к-ты. Знойдзены ў эрытрацытах крыві, мышцах, а таксама ў дражджах. Адэназіндыфасфат — прамежкавае злучэнне ў рэакцыях, якія звязаны з утварэннем і распадам АТФ, выконвае самастойную ролю ў рэгуляцыі працэсу «дыхання» мітахондрый. У жывых клетках знаходзіцца пераважна ў комплексе з іонамі Mg2+. АДФ-глюкоза ўдзельнічае ў сінтэзе крухмалу. Штучныя прэпараты адэназінфосфарнай кіслаты — іголкападобныя крышталі (АМФ, АТФ) або парашок (АДФ). Растворы дынатрыевай і монакальцыевай соляў АТФ выкарыстоўваюцца для ін’екцый пры мышачнай дыстрафіі, спазме сардэчных і перыферычных сасудаў. Проціпаказаны пры свежых інфарктах міякарду і запаленчых хваробах лёгкіх.
Літ.:
Калинин Ф.Л., Лобов В.П., Жидков В.А. Справочник по биохимии. Киев, 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РМСТРАНГ (Armstrong) Луі Даніэл
(4.7.1900, г. Новы Арлеан — 6.7.1971),
амерыканскі трубач і спявак. Арганізатар і ўдзельнік першых негрыцянскіх джаз-бандаў у Новым Арлеане. У 1947 засн. секстэт «Усе зоркі Луі Армстранга», гастраліраваў з ім і як саліст-трубач у краінах Амерыкі, Еўропы, Афрыкі. Стварыў уласны стыль выканання, для якога характэрны імправізацыйная свабода, разнастайнасць тэмбравых фарбаў і рытмаформул. Аўтар блюзаў і джазавых песень.
Літ.:
Коллиер Дж.Л. Луи Армстронг: Америк. гений: Пер. с англ. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НЕНКАЎ Юрый Паўлавіч
(23.7.1889, Петрапаўлаўск-Камчацкі — 3.5.1974),
рускі жывапісец і графік. Вучыўся ў вучылішчы А.Штыгліца ў Пецярбургу (1909—11), у Ф.Валатона і М.Дэні ў Парыжы (1911—12). Аўтар вострахарактарных партрэтаў, часта з элементамі гратэску. Адзін з заснавальнікаў сав. кніжнай ілюстрацыі («Дванаццаць» А.Блока, 1918). Мастак тэатра і кіно. Выпрабаваў шэраг кірункаў мастацтва 1-й чвэрці 20 ст., у т. л. кубізм. З 1924 за мяжой (Германія, Францыя). Напісаў «Дзённік маіх сустрэч» (рус.пер. 1991).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЙТС (Bates) Генры Уолтэр
(8.2.1825, г. Лестэр, Вялікабрытанія — 16.2.1892),
англійскі прыродазнавец і падарожнік. У 1848—58 разам з А.Р.Уолесам у Бразіліі сабраў калекцыю насякомых — больш за 14,7 тыс. відаў, у тым ліку 800 раней невядомых навуцы. Адкрыў і растлумачыў з’яву мімікрыі ў матылёў даліны р. Амазонка (1862). Выпадак падабенства ядомага насякомага да неядомага наз. бейцаўскай мімікрыяй. Чл. Каралеўскага геагр.т-ва (з 1881).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМАРЫ́М (Amorim) Энрыке
(25.7.1900, г. Сальта, Уругвай — 28.7.1960),
уругвайскі пісьменнік. Літ. дзейнасць пачаў у 1920 (зб. вершаў «Дваццаць год»). Большасць твораў пра жыццё сялянства (трылогія «Арба», 1933, «Пасяленец Агіляр», 1934, «Конь і яго цень», 1941). Вострыя сац. канфлікты ўзняты ў раманах «Дзевяць месяцаў над Неўкенам» (1946), «Перамога не прыходзіць сама» (1952); у рамане «Вусце» (1958) спроба прасачыць усю гісторыю Уругвая. Аўтар паэт.зб. «Мая радзіма» (1960).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛЕЙ, Халі (Halley) Эдмунд (8.11.1656, Хагерстан, каля Лондана — 25.1.1742), англійскі астраном і геафізік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1678). Вучыўся ў Оксфардскім ун-це. З 1703 праф. Оксфардскага ун-та. З 1720 дырэктар Грынвіцкай абсерваторыі. Склаў першы каталог зорак (341) Паўд. неба, адкрыў уласны рух зорак (1718). Вылічыў арбіты больш як 20 камет, прадказаў новае з’яўленне Галея каметы, даказаў наяўнасць перыяд. камет. Вывучаў зямны магнетызм.
Літ.:
Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ. М., 1966.