ІКАНАСТА́С (ад ікона + грэч. stasis месца стаяння),
перагародка з абразамі і варотамі паміж асн. і алтарнай часткамі інтэр’ера правасл. храма.
І. склаўся на аснове нізкай алтарнай перагародкі з абразамі над ёй. У класічнай форме (распрацавана ў 15 ст. на Маск. Русі) складаецца з 5 радоў (чыноў) абразоў, якія ў пэўнай паслядоўнасці паказваюць жыццё царквы ад пачатку да Страшнага Суда. Верхні чын («праайцоўскі») з абразом св. Тройцы («Гасціннасць Аўраама») у сярэдзіне сімвалізуе перыяд ад Адама да Майсея. Наступны чын («прарочы») прадстаўляе старазапаветную царкву ад Майсея да Хрыста, у цэнтры — абраз «Маці Божая Знаменне», выказванне прароцтва Ісаі і пераемнасці Новага запавету ад Старога. «Святочны» чын адлюстроўвае падзеі Новага запавету, якія на працягу года асабліва ўрачыста адзначаюцца царквою. Гал. частка І. — «дэісусны» чын, у якім вакол абраза Спаса з Маці Божай і Іаанам да тэмы малення царквы за свет далучаны выявы 12 апосталаў, свяціцеляў, пакутнікаў і інш. У ніжнім («мясцовым») чыне па баках царскіх варот (сімвал уваходу ў Царства Нябеснае) абразы Спаса і Маці Божай з дзіцем і храмавыя, на бакавых дзвярах — архангелаў або дыяканаў.
На Беларусі І. вядомы з 15 ст. Захаваліся І. сярэдзіны 17 ст. (Жыровічы, Магілёў, Супрасль), для якіх характэрна разное аздабленне ў стылі барока. Існавалі ў правасл. і уніяцкіх храмах. Бел. І. вызначаўся пэўнымі асаблівасцямі: колькасць радоў 3—4, «дэісусны» чын ператвораны ў «апостальскі», які разам з абразамі, змешчанымі па вертыкалі над царскімі варотамі, утвараў крыжовы кампазіцыйны стрыжань і нёс асн. сэнсавую і дэкар. нагрузку; «праайцоўскі» чын адсутнічаў або змяшаны з «прароцкім», апошнім часам рабіўся ў выглядзе групы картушаў. У сярэдзіне 18 ст. ва уніяцкіх храмах заменены алтарамі на ўзор касцельных. У правасл. цэрквах як самабытная з’ява існаваў да 1840-х г., пазней І. стваралі па зацверджаных тыпавых праектах і пакідалі ў аздабленні толькі асобныя самабытныя дэкар. элементы.
А.А.Ярашэвіч.
Іканастас Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра ў Маскве. Разьбяры К.Міхайлаў, Д.Залатароў і інш. 1683—86.Іканастас Міхайлаўскай царквы ў в. Сцяпанкі Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобл. 18 ст.Іканастас царквы ў в. Бярозавічы Пінскага раёна Брэсцкай вобл. Канец 18 — пач. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУІ́ЗМ,
збор светапоглядных падыходаў, рэліг.-філас. поглядаў і сац. дактрын, што сфарміраваліся ў Індыі ў 1-м тыс.н.э. на аснове ведычнай рэлігіі, касмалогіі, брахманізму, асіміляваных элементаў мясц. неарыйскіх культаў і інш.рэліг.сістэм. У аснове аб’яднання ў І. самых розных вераванняў і культаў (ад пантэістычных да монатэістычных) — прызнанне аўтарытэту Вед. Асн. паняцці: атман (абсалютны і субстанцыянальны суб’ект), карма (закон прычынна-выніковых сувязей адносна лёсу чалавека), сансара (ланцуг перараджэнняў, якасць якіх залежаць ад кармы), мокша (вызваленне ад ланцуга перараджэнняў, набыццё дасканаласці, зліццё з Богам, Абсалютам), йога (метады дасягнення зліцця з Богам, Абсалютам). І. абумоўлены падзел індыйскага грамадства на варны (саслоўі) і джаты (касты), а таксама сістэма варнашрама (уключае 4 стадыі жыцця чалавека: вучнёўства, перыяд гаспадара, адасабленне для роздуму і пустэльніцтва). Рэліг.л-ра І. падзяляецца на адкравенні (шруці) і паданні (смрыці). Да першых адносяцца Веды, брахманы (жрэцкая л-ра), араньякі (медытатыўна-йогавыя настаўленні), упанішады (філас. каментарыі да тэкстаў Вед). У смрыці ўваходзяць кнігі эпасаў «Махабхарата» і «Рамаяна», пураны (багаслоўскія творы), іціхасы (гіст. творы). Асн.рэліг. кірункі І. — вішнуізм і шываізм. Культавыя абрады праводзяцца ў храмах, мясцовых і хатніх алтарах, у свяшчэнных месцах. Жыццё паслядоўнікаў І. рэгламентавана сістэмай сямейнай і каляндарнай абраднасці. У традыцыі рэліг.-філас. школ Індыі артадаксальнымі лічацца тыя, што прызнаюць аўтарытэт Вед н’яя, вайшэйшыка, санкх’я, йога, міманса, веданта; неартадаксальнымі — традыцыі джайнізм, будызм і чарваку (не прызнаюць аўтарытэта Вед). Пад уплывам еўрап. культуры, з канца 18 ст. ў І. пачаліся рэформы па змякчэнні яго сац. дактрыны (Р.Рай, Д.Сарасваты, Рамакрышна, С.Вівекананда, А.Гхош). На рубяжы 19—20 ст. некаторыя кірункі мадэрнізаванага І. пачалі пранікаць у Еўропу і Амерыку, у 1960—70-я г. распаўсюдзіліся сярод моладзі зах. краін. У пач. 1990-х г. на Беларусі зарэгістравана абшчына вайшнаваў, створана Т-ва ведычнай культуры.
Літ.:
Боги, брахманы, люди: Четыре тысячи лет индуизма: [Пер. с чеш.]. М., 1969;
Пандей Р.Б. Древнеиндийские домашние обряды (обычаи): Пер. с англ. 2 изд. М., 1990;
Гусева Н.Р. Индуизм: История формирования. Культовая практика. М., 1997.
А.У.Гурко.
Да арт.Індуізм. Індуісцкі храм багіні Лакшмі і бога Нараяна ў Дэлі. 1970-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАНІЯ́ЛІЗМ,
сістэма эканам., ваен., паліт., ідэалаг. і адм. сродкаў панавання адных краін над другімі з мэтай выкарыстання іх матэрыяльных і інтэлектуальных рэсурсаў. К. як сталая з’ява ў сусв.эканам. і паліт. развіцці на працягу апошніх стагоддзяў істотна адрозніваецца ад пошуку і заснавання калоній, што мела месца ў стараж. часы ў сувязі з пазнаннем чалавекам навакольнага свету, развіццём мараплавання і заморскага гандлю. Патрэба ў выкарыстанні багаццяў інш. дзяржаў і народаў узнікла ў перыяд фарміравання і развіцця капіталіст.эканам. адносін. Таму набыццё калоній узводзілася на ўзровень дзярж. палітыкі, што найб. прыкметна ў Галандыі, Англіі, Францыі ў 18 ст., калі ўзнікла каланіяльная сістэма як арганічная частка сусв.капіталіст. эканомікі. На становішчы калоній апынуліся шматлікія краіны ў Азіі (Індыя, Бірма) і ў Афрыцы (Нігерыя). Эканамічна яны залежалі ад каланіяльных метраполій Да канца 19 ст. магчымасці тэр. каланіяльнай экспансіі былі вычарпаны, пачаўся перадзел калоній, што вяло да каланіяльных войнаў.
Абвастрэнне супярэчнасцей па.між інтарэсамі нац.-незалежнага развіцця калоній і дзяржаў-метраполій прывяло да развіцця ў калоніях нац.-вызв. рухаў. У 20 ст. пачаўся працэс паступовага распаду каланіяльнай сістэмы. У 1947 у ліку першых незалежнасць атрымала Індыя. У 1950—60-я г., калі незалежнымі стала большасць б. калоній, каланіяльная сістэма ў яе традыц. разуменні практычна перастала існаваць. У працэсе дэкаланізацыі станоўчую ролю адыгралі ААН і яе спец. органы. Незалежнасць адкрыла б. калоніям больш шырокія магчымасці для эканам., паліт. і культ. развіцця. Аднак К. праяўляецца і сёння ў форме кантролю над прыроднымі рэсурсамі б. залежных краін, для чаго выкарыстоўваюцца нераўнапраўныя дагаворы, пагадненні аб «дапамозе», часам паліт. дыктат і ўзбр. ўмяшанне. Найб. важную ролю ў існаванні рэшткаў К. адыгрывае характар міжнар.эканам. адносін, калі рэсурсаздабыўныя краіны вымушаны падпарадкоўвацца інтарэсам буйных шматнац.прамысл. і фін. карпарацый (напр., праз вызначэнне рыначных цэн на сыравіну і гатовыя вырабы) і фактычна працягваюць лічыцца сыравіннай перыферыяй высокаразвітых краін.
В.І.Боўш.
Да арт.Каланіялізм. Насіллі іспанскіх заваёўнікаў над індзейцамі. Гравюра з кнігі «Часткі Амерыкі». 1590.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДЭ́ (Conde),
арыстакратычны род у Францыі ў 16—19 ст.; малодшая галіна дынастыі Бурбонаў. Найб. вядомыя прадстаўнікі:
Луі I (7.5.1530—13.3.1569), першы прынц К. Сын Карла, герцага Вандомскага. Кіраўнік франц.гугенотаў у час першых рэлігійных войнаў. Паранены ў бітве пры Жарнаку (1569), паланёны і забіты паводле загаду прынца Генрыха Анжуйскага.
Генрых I (1552, Фертэ-су-Жуар, каля г. Мо, Францыя — 1588). Сын Луі I. Удзельнік рэліг. войнаў. У час Варфаламееўскай ночы вымушаны перайсці ў каталіцтва, у 1574 вярнуўся ў кальвінізм. Найб. уплывовы (пасля Генрыха Наварскага) лідэр гугенотаў. Атручаны.
Генрых II (1588, Сен-Жанд’Анжэлі, каля г. Сент, Францыя — 1646). Сын Генрыха I. У час рэгенцтва Марыі Медычы змагаўся за ўладу, але пацярпеў паражэнне, 3 гады быў зняволены ў Венсенскім замку. Католік, ваяваў у Паўд. Францыі супраць гугенотаў.
Луі II (8.9.1621, Парыж — 11.12.1686), палкаводзец. У Трыццацігадовую вайну 1618—48 атрымаў перамогі пры Ракруа (1643), Фрэйбургу, Нёрдлінгене (1644—45, разам з А.Цюрэнам), Дзюнкерку (1646) і Лансе (1448), якія паскорылі заключэнне выгаднага для Францыі Вестфальскага міру 1648. У перыядФронды камандаваў урадавымі войскамі, якія аблажылі Парыж, потым узначаліў апазіцыю і імкнуўся захапіць уладу. У 1650 зняволены. Пасля вызвалення (1651) узначаліў «Фронду прынцаў». У 1653 уцёк у Нідэрланды, прызначаны галоўнакамандуючым ісп. арміі, на чале якой да 1658 ваяваў у Паўн. Францыі. Разам з сынам А.Ж.Д’Ангіенам неаднаразова прэтэндаваў на трон Польшчы і ВКЛ. З 1660 зноў у Францыі. У 1668 заваяваў Франш-Кантэ. У 1672—75 паспяхова кіраваў ваен. аперацыямі ў вайне Францыі з Галандыяй. Празваны сучаснікамі «Вялікім К.».
Луі-Жазеф (9.8.1736, Шантыльі, Францыя — 13.5.1818), адзін з лідэраў франц. эміграцыі. Генерал. Удзельнік Сямігадовай вайны 1756—63, губернатар Бургундыі. Пасля ўзяцця Бастыліі (14.7.1789) пакінуў Францыю, узначаліў контррэв.т. зв. «армію К.» (1792). У 1797—99 на службе ў Расіі. З 1801 у Англіі, у 1814 вярнуўся ў Францыю.
Луі-Анры-Жазеф (1756—1830), сын Луі-Жазефа, апошні прадстаўнік роду. У пач.Французскай рэвалюцыі 1789—99 эмігрыраваў, служыў у «арміі К.», жыў у Англіі. З 1814 у Францыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЧАЎСКІ РАЁН.
На У Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924, у 1962—65 быў скасаваны, у сучасных межах з 1966. Пл. 0,8 тыс.км². Нас. 10,1 тыс.чал. (1998). Сярэдняя шчыльн. 13 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Крычаў. 110 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 5 сельсаветаў: Бацвінаўскі, Касцюшкавіцкі, Лабковіцкі, Маляціцкі, Чырванабудскі. Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭСтэр. раёна ўваходзіць у зону радыяцыйнага кантролю.
Раён размешчаны ў межах Аршанска-Магілёўскай раўніны. Паверхня раўнінная, мае агульны нахіл з З на У да даліны р. Сож. Характэрны платопадобныя ўчасткі з ярыста-суфазійнымі формамі. Пераважаюць выш. 160—180 м, найвыш. пункт 193 м (за 1 км на Пд ад в. Баяры). Карысныя выкапні: цэментныя мел і гліна, пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, фасфарыты. Сярэдняя т-растудз. -7,8 °C, ліп. 18,2 °C. Ападкаў 595 мм за год. Вегетац.перыяд 185 сут. Найб.р. Сож з прытокамі Асцёр, Чорная Натапа, Волчас, Мяртвіца, Бялянка, Добрасць, Худобычка, Лабжанка. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя (50,9%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (31,7%), поймавыя (алювіяльныя, 10%). Пад лесам 25,7% тэр. Лясы драбнаконтурныя, у асн. хваёвыя, бярозавыя, яловыя, асінавыя; 3,8% — штучныя насаджэнні, пераважна хваёвыя. Балоты займаюць 3,2% тэр. Мікразаказнік у г. Крычаў. Помнікі прыроды мясц. значэння: дуб у г. Крычаў, дуброва каля в. Дарагая, бярозавы гай каля в. Маляцічы, гай каля в. Бацвінаўка.
На 1.1.1998 агульная пл.с.-г. угоддзяў 47,3 тыс.га, з іх асушаных 6,6 тыс.га. У раёне 10 калгасаў, калектыўна-долевая гаспадарка, саўгас, 9 фермерскіх гаспадарак. Асн. галіны сельскай гаспадаркі: малочна-мясная жывёлагадоўля, корма- і збожжавытв-сць, ільнаводства. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, металаапр., харч. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Орша—Унеча і Магілёў—Рослаўль, аўтадарогі Бабруйск—Крычаў—Рослаўль, Крычаў—Мсціслаў. У раёне 13 сярэдніх, 2 базавыя, 3 пач., 2 муз., маст. і спарт. школы, прафес.-тэхн. вучылішча, недзярж. тэхнікум эканомікі і права, 16 дашкольных устаноў, 19 клубаў, 23 б-кі, 4 бальніцы, 4 паліклінікі, 3 амбулаторыі, 15 фельч.-ак. пунктаў, санаторый «Колас». Выдаецца газ. «Ленінскі кліч».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЮКО́ВІЦКІ РАЁН.
На У Магілёўскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,5 тыс.км². Нас. 32,7 тыс.чал. (1998), гарадскога 53,2%. Сярэдняя шчыльн. 22 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Касцюковічы; 143 сельскія нас. пункты, 7 сельсаветаў: Баронькаўскі, Беладубраўскі, Бялынкавіцкі, Дзямідавіцкі, Забычанскі, Пралетарскі, Сялецкі. Зах. і паўд.-зах.ч. раёна пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС уваходзяць у зону радыяцыйнага кантролю, адселены 28 нас. пунктаў.
Раён у межах паўд.-ўсх.ч.Аршанска-Магілёўскай раўніны. Паверхня хвалістая. Пераважаюць выш. 160—180 м, найвыш. пункт 190,6 м (на Пн ад в. Пралетарская). Карысныя выкапні: торф, цэм. мергель і мел, пяскі, гліны. Сярэдняя т-растудз. -7,8 °C, ліп. 18,5 °C. Ападкаў 600 мм за год. Вегетац.перыяд 185 сут. З ПнУ на ПдЗ працякае р. Беседзь з прытокамі Сураў, Жадунька (з Крупянкай і Крупняй), Дзяражня, Алешня, Чарняўка, Трасцянка, Зубар (з Грэбляй), Машоўка, Свінка. Возера Святое. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя (35,2%) і дзярнова-падзолістыя забалочаныя (48,5%). Лясы хваёвыя, бярозавыя, яловыя, дубовыя, займаюць 30,1% тэр. раёна, з іх 26,7% штучныя, у асноўным хваёвыя насаджэнні. Пад балотамі 8,5% тэрыторыі. Зона адпачынку Трасцянка Помнікі прыроды: крыніцы ў в. Сцюдзянец і Тупічын, парк у в. Цеханічы. Заказнікі: гідралагічны «Мохі», біял. «Панькаўскі».
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 55,8 тыс.га, з іх асушаных 12,4 тыс.га. На 1.1.1998 у раёне 15 калгасаў, 12 фермерскіх гаспадарак. Асн. галіны сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, бульбаводства; пашыраны пасевы збожжавых і кармавых культур. Прадпрыемствы харч., лёгкай, буд. матэрыялаў (цэмент), метала- і дрэваапр. прам-сці. Праходзіць чыг. Орша—Унеча, аўтадарогі на Клімавічы, Краснаполле, Хоцімск, Чэрыкаў, Сураж. Адгалінаванне нафтаправода «Дружба» Унеча—Полацк. У раёне 19 сярэдніх, 5 базавых, 4 пачатковыя, дзіцяча-юнацкая спарт., маст. школы, 23 дашкольныя ўстановы, 28 клубаў, 29 б-к, 4 бальніцы, паліклініка, 5 амбулаторый, 18 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: царква Свята-Пакроўская (1863) у в. Гаўрыленка; царква (19—20 ст.) у в. Забычанне; царква (2-я пал. 19 ст.), касцёл (19—20 ст.) і бровар (1914) у в. Канічы, Свята-Троіцкая царква (1842) у в. Саматэвічы. Выдаецца газ. «Голас Касцюкоўшчыны».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́ЧАЎСКІ РАЁН.
На ПдЗ Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 6.1.1965. Пл. 1,8 тыс.км². Нас. 23,2 тыс.чал. (1998), гарадскога 37,1%. Сярэдняя шчыльн. 13 чал. на 1 км². Цэнтр — г.п.Клічаў. 140 сельскіх нас. пунктаў. 8 сельсаветаў: Акцябрскі, Бацэвіцкі, Віркаўскі, Ганчанскі, Доўгаўскі, Каўбчанскі, Нясяцкі, Патоцкі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, у зоне радыяцыйнага кантролю 17 нас. пунктаў.
Тэр. раёна ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Паверхня раўнінная, слабапарэзаная. Пераважаюць выш. 150—165 м, найвыш. пункт 176 м (на ПнЗ ад в. Дубно). Карысныя выкапні: торф, пясок, гліны і суглінкі для грубай керамікі. Сярэдняя т-ра студз -7,2 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 618 мм за год. Вегет. перыяд 190 сут. З Пн на Пд працякае р. Ольса з прытокамі Нясета (з Гарадзечанкай і Турчанкай), Цераболь, Сушанка, Ганчанка, Суша (з Перасопенкай) і Кострычка, на ПнУ — р. Друць з прытокам Даўжанка, на З — р. Бярэзіна. Азёры Танек, Дубавец, Орлінскае. Вадасх. Арэхаўка на р. Нясета. Глебы: дзярнова-падзолістыя (53%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (21,7%), тарфянабалотныя (16,2%). Пад лесам 57,7% тэр. раёна, з іх 17,5% штучных насаджэнняў. На Пн пераважаюць масівы суцэльнага лесу, найб.Вял. Дулебава. Лясы ў асноўным хваёвыя, бярозавыя і чорнаальховыя, часткова забалочаныя. Пад балотамі 4,2% тэрыторыі, найб. балотныя масівы: Ганчанскае балота, Ванкоўшчына, Заполле. 20 мясц.геал. (тарфяных) заказнікаў. Помнікі прыроды: рэспубліканскія — дубова-грабавы лес у Бёрдаўскім лясніцтве; мясцовыя — дуброва ў Бацэвіцкім лясніцтве, крыніцы ў в. Бацэвічы і каля в. Ядраная Слабада.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 59 тыс.га, з іх асушаных 19,2 тыс.га. На 1.1.1998 у раёне 8 калгасаў, 5 саўгасаў, 25 фермерскіх гаспадарак. Асн. галіны сельскай гаспадаркі: малочна-мясная жывёлагадоўля, вырошчванне збожжавых і кармавых культур. Прадпрыемствы харч., дрэваапр., паліўнай, лясной, буд. матэрыялаў прам-сці. Па тэр. раёна праходзіць чыг. Асіповічы—Магілёў, аўтадарогамі райцэнтр звязаны з гарадамі Беразіно, Бабруйск, Магілёў. Па р. Бярэзіна суднаходства. У раёне 12 сярэдніх, 7 базавых, 7 пач., дзіцяча-юнацкая спарт., 7 муз., маст. школы, тэхнікум, 17 дашкольных устаноў, 23 клубы, 26 б-к, 5 бальніц, паліклініка, цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, 19 фельч.-ак. пунктаў. Выдаецца газ. «Сцяг Саветаў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́НАХ (Cranach) Лукас Старэйшы
(1472, г. Кронах, Германія — 16.10.1553),
нямецкі жывапісец і графік эпохі Адраджэння. Вучыўся, магчыма, у бацькі. У 1505—50 працаваў пераважна ў Вітэнбергу пры двары курфюрстаў Саксонскіх. Рэнесансавыя маст. прынцыпы спалучаў з элементамі гатычнай традыцыі. Ранняя творчасць развівалася ў 2 кірунках: аднаму былі ўласцівы трагізм і жыццёвасць вобразаў, дынамізм і асіметрыя кампазіцый (партрэт Ганны Куспініян, 1502—03, і інш.), напружанасць і экспрэсіўнасць каларыту («Галгофа», каля 1500; «Укрыжаванне», 1503); другі вызначаўся ідылічнасцю і паэт. успрыняццем прыроды, якая ў яго карцінах набыла раўнапраўнасць з асн. сюжэтам («Адпачынак на шляху ў Егіпет», 1504). Апошні кірунак паслужыў у вял. ступені асновай станаўлення Дунайскай школы жывапісу. У перыяд работы ў Вітэнбергу канчаткова склаўся супярэчлівы творчы стыль К., у якім адлюстравалася складанасць эпохі. Гуманіст. ідэалы рэнесансавага мастацтва ўвасоблены ў «Алтары св. Кацярыны» (1506), «Княжацкім алтары» (1510), карцінах «Мадонна з дзіцем пад яблыняй» (пасля 1525), «Кардынал Альбрэхт Брандэнбургскі перад Укрыжаваннем» (каля 1520—25) і інш. Сяброўства з М.Лютэрам абумовіла з’яўленне ў творчасці К. работ, што адлюстравалі ідэі Рэфармацыі і стварылі першыя ўзоры пратэстанцкай іканаграфіі (гравюра «Пропаведзь Іаана Хрысціцеля», 1516, і інш.). У некат. творах ант. і біблейскай тэматыкі бачны ўплывы італьян. і нідэрл. мастацтва: «Венера і Амур» (1509), «Німфа адпачывае каля крыніцы» (1518), «Суд Парыса» (1529), «Юдзіф з галавой Алаферна» (каля 1530), «Венера» (1532), «Адам і Ева» (1533) і інш. Творчасць К. паўплывала на развіццё быт. жанру («Паляванне на аленяў», 1529; «Прадажнае каханне», 1532; «Фантан маладосці», 1546). Майстар партрэта (партрэты герцага Генрыха Набожнага Саксонскага, 1514; М.Лютэра як юнкера Іорга, 1522; І.Шойрынга, 1529; аўтапартрэт, 1550, і інш.). Графічным творам уласцівы выразнасць, напружанасць штрыха: «Святы Георг стаіць з двума анёламі» (1506), серыі «Страсці» (1509), «Апосталы» (каля 1515), ілюстрацыі да малітоўніка імператара Максіміляна (1515) і інш.Іл.гл. таксама ў арт.Германія.
Літ.:
Немилов А.Н. Л.Кранах Старший: [Альбом]. М., 1973.
В.Я.Буйвал.
Л.Кранах. Святы Георг стаіць з двума анёламі. 1506.Л.Кранах. Партрэт Ганны Куспініян. 1502—03.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСНАПО́ЛЬСКІ РАЁН.
На ПдУ Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,2 тыс.км². Нас. 13,6 тыс.чал. (1998), гарадскога 43,4%. Сярэдняя шчыльн. 11 чал. на 1 км². Цэнтр — г.п.Краснаполле. 102 сельскія нас. пункты. Краснапольскі пасялковы Савет і 6 сельсаветаў: Высакаборскі, Горскі, Мхініцкі, Сідараўскі, Тур’яўскі, Яноўскі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. З 1986 у зоне радыяцыйнага кантролю, 10 вёсак пахаваны, 107 адселены.
Усх. ч. раёна ў межах Аршанска-Магілёўскай раўніны, астатняя — Чачорскай раўніны. Паверхня раўнінна-ўзгорыстая, 90% тэрыторыі на выш. 160—190 м, найвыш. пункт 192 м (на Пд раёна каля в Стайкі). Карысныя выкапні: торф, мел, буд. пяскі, гліны і суглінкі. Сярэдняя т-растудз. -7,6 °C, ліп. 18,5 °C. Ападкаў 625 мм за год. Вегетац.перыяд 187 сут. У раёне пачынаюцца і цякуць прытокі р. Сож — Галуба, Ельня, Жавуніца, Кляпінка, Покаць, Сянна (з Тур’яй), Якушоўка, прытокі р. Беседзь — Палуж (з прытокамі Куракоўка і Горанка), Каўпіта (з прытокамі Бярлянка і Казелька). На ПдУ — вадасх. Палужскае. Глебы дзярнова-падзолістыя (49,3%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (24,9%), дзярнова і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (13,4%). Пад лесам 53,3% тэр. раёна. Лясы ў асноўным на Пн, пераважна хваёвыя і бярозавыя, 19,8% з іх — штучныя насаджэнні. Балоты займаюць 4,4% тэрыторыі. Помнікі прыроды мясц. значэння: «Ясянёвы гай» у в. Горы і дэндрасад «Іванаў хутар» каля в. Палуж.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 44,5 тыс.га, з іх асушаных 12 тыс.га. На 1.1.1998 у раёне 8 калгасаў, 1 саўгас, 1 фермерская гаспадарка. Асн. галіны сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля, пашыраны пасевы збожжавых і кармавых культур, бульбы. Прадпрыемствы харч. (малочныя, хлебныя вырабы), дрэваапр. (піламатэрыялы) і буд. матэрыялаў (цэгла) прам-сці. Райцэнтр аўтадарогамі звязаны з гарадамі Касцюковічы, Магілёў, Чэрыкаў, Чачэрск. У раёне 8 сярэдніх, 4 базавыя, 5 пач., муз., дзіцяча-юнацкая спарт. школы, 13 дашкольных устаноў, 10 дамоў культуры, 13 клубаў, 22 б-кі, бальніца, паліклініка, 7 фельч.-ак. пунктаў. Помнік архітэктуры: царква Дзмітрыя Растоўскага ў в. Выдранка (канец 19 — пач. 20 ст.). Выдаецца газ. «Голас Краснапольшчыны».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЕЎСКІ РАЁН.
На ПдУ Гомельскай вобл. Утвораны 8.12.1926, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 30.7.1966. Пл. 1 тыс.км². Нас. 18,6 тыс.чал. (1998), гарадскога 41%. Сярэдняя шчыльн. 19 чал. на 1 км². Цэнтр — г.п.Лоеў. Уключае 80 сельскіх нас. пунктаў, 9 сельсаветаў: Бывалькаўскі, Карпаўскі, Каўпенскі, Малінаўскі, Пярэдзелкаўскі, Ручаёўскі, Страдубскі, Сяўкоўскі, Уборкаўскі. Раён моцна пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, знаходзіцца ў зоне пастаяннага радыяцыйнага кантролю.
Тэр. раёна размешчана ў межах Гомельскага Палесся. Паверхня плоская, 90% яе на выш. 120—140 м, найвыш. пункт 148,5 м (за 4 км на ПдЗ ад в. Бывалькі). Агульны нахіл з Пн на Пд. Карысныя выкапні: торф, вохра і вохрыстыя гліны, гліны тугаплаўкія, гліны і суглінкі легкаплаўкія, буд. і шкловыя пяскі. Сярэдняя т-растудз. -6,9 °C., ліп. 19 °C. Ападкаў 571 мм за год. Вегетац.перыяд 194 сут. Найб. рака Дняпро з прытокамі Сож, Брагінка, Песачанка. На р. Брагінка Дняпроўска-Брагінскае вадасховішча. Невял. азёры ў даліне р. Дняпро. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя забалочаныя (42,7%), дзярнова-падзолістыя (25,3%), поймавыя (алювіяльныя, 13%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (11,8%). Пад лесам 33,6% тэрыторыі, з іх 62,4 % штучныя насаджэнні. Найб. плошчы лясных масіваў на ПдЗ, у міжрэччы рэк Дняпро і Сож. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя і дубовыя. Пад балотамі 2,8% тэрыторыі. Помнікі прыроды: рэсп. значэння Лоеўскае геалагічнае агаленне, мясц. — дубровы Міхалёўка, Свіраж, Вербуж і Суткоўскі парк.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 50,3 тыс.га, з іх асушаных 17,4 тыс.га. На 1.1.1999 у раёне 6 калгасаў, 6 саўгасаў, 12 фермерскіх гаспадарак. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, свіна- і конегадоўля. Вырошчваюць збожжавыя культуры, кармавыя травы, бульбу. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў і харч. прам-сці. Райцэнтр звязаны аўтадарогамі з Рэчыцай і Брагінам; суднаходства па рэках Дняпро і Сож. У раёне 9 сярэдніх, 6 базавых, 2 пач., 2 муз. школы, вучэбна-вытв. камбінат, Лоеўскае пед. вучылішча, 14 дашкольных устаноў, 27 дамоў культуры і клубаў, 30 б-к, 5 бальніц, 18 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: сядзібны дом (19 ст.) у в. Пярэдзелка. Выдаецца газ. «Серп і молат».