ТРАНСКРЫ́ПЦЫЯ ў мовазнаўстве,
умоўны від пісьма, які выкарыстоўваецца ў спец. навук. і інш. мэтах. Адрозніваюць фанетычную, фанематычную і практычную Т. Мэта фанетычнай Т. — найб. дакладна перадаць вымаўленне слова, апісаць асобна кожны вымаўлены гук. У бел. мове для гэтага ўжываюцца літары бел. алфавіта і дадатковыя знакі: «між бяроз — (м’іж б’яро́с)», «снег — (с’н’е́х)», «Янка — (гінка)». Значком ’ абазначаецца мяккасць папярэдняга зычнага гука, лац. літарай j — гук «[й]» у пазіцыі перад галоснымі. Фанематычная Т. перадае фанемны (гл. Фанема) склад слова: адлюстроўвае не ўсе асаблівасці маўлення, а толькі тыя рысы, якім уласціва адметная функцыя. Параўн.: «<м’іж б’ароз>», «<сн’ег>», «<jанка>». Фанетычная і фанематычная Т. адрозніваюцца ад арфаграфічнага напісання, якое ў значнай ступені абумоўлена гіст. традыцыяй. Пры дапамозе практычнай Т. (сродкамі нац. алфавіта) уводзяць у тэкст іншамоўныя ўласныя імёны: асабовыя імёны, геагр. назвы: Шолахаў (рус. Шолохов), Міцкевіч (польск. Mickiewicz). Практычная Т. ўжываецца ў нац. картаграфіі, перыяд. друку, падручніках, шырока выкарыстоўваецца ў творах маст. л-ры.
Літ.:
Реформатский А.А. Введение в языковедение. 4 изд. М., 1967.
А.А.Лукашанец.
т. 15, с. 507
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)