ТУ́РСКА (Turska) Галіна (15.10.1901, г. Іркуцк, Расія — 5.1.1979),

польскі мовазнавец, славіст. Д-р філал. н. (1949). Праф. (1954). Скончыла Віленскі ун-т (1929). Працавала ў Віленскім і Тарунскім ун-тах, з 1960 у Ін-це славяназнаўства Польскай АН. Даследавала польска-бел.-літ. моўныя сувязі, бел. ўплывы ў мове твораў А.​Міцкевіча, Я.​Ходзькі, польскія гаворкі ў літ. і бел. вёсках 19 — пач. 20 ст. У манаграфіі «Мова Яна Ходзькі» (1930) адзначала, што бел. лексічныя, фанет., марфал. і сінтакс. ўплывы ў яго творах пераважаюць над лац., франц., ням. і рускімі; дамінуючымі з’яўляюцца бел. ўплывы і ў польскіх гаворках Віленшчыны. Аўтар прац «Польская мова на Віленшчыне» (1930), «Польская мова на базе літоўскай (Аб узнікненні польскамоўных арэалаў на Віленшчыне)» (1939), «Пэўны выпадак рэканструкцыі фармальнай прыкметы ў беларускіх дыялектах» (1949), «Слоўнік найцяжэйшых выразаў у 5 і 6 тамах «Люду беларускага» М.​Федароўскага» (1969), «Беларускія лексічныя запазычанні ў польскай мове (старапольскі перыяд)» (1970), «Заўвагі пра беларускі пераклад «Пана Тадэвуша» Браніславам Тарашкевічам» (1984) і інш.

В.​Л.​Вярэніч.

т. 16, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)