ГАРЫЗО́НТ [ад грэч. horizōn (horizontos) літар. які абмяжоўвае],
1) уяўная лінія, па якой здаецца, што неба мяжуе з зямной паверхняй (бачны гарызонт). Павялічваецца з вышынёй месца назірання. На вышыні вока дарослага чалавека ва ўмовах раўніны складае 4,5—5 км. Гарызонт таксама наз. частка зямной паверхні, якая назіраецца на адкрытай мясцовасці. Сапраўдны (матэматычны) гарызонт — вял. круг нябеснай сферы, плоскасць якога перпендыкулярная да адвеснай лініі ў месцы назірання.
2) У геалогіі рэгіянальнае стратыграфічнае падраздзяленне, якое аб’ядноўвае на пэўнай плошчы аднаўзроставыя слаі і світы. Вылучаецца паводле пастаянства палеанталагічнай характарыстыкі з улікам літалагічных, фацыяльных і інш. асаблівасцей. Мае прыкладна аднолькавую магутнасць у межах пашырэння (ад дзесяткаў да соцень і больш метраў). Адпавядае звычайна ярусу або яго частцы агульнай стратыграфічнай шкалы. Маегеагр. назву, якую атрымлівае ад наймення найб. поўнай і вывучанай світы або апорнага (стрататыповага) разрэзу. У чацвярцічнай геалогіі гарызонт ахоплівае адклады ледавіковай (напр., у Беларусі бярэзінскі, нараўскі) або міжледавіковай (александрыйскі, белавежскі) эпох.
3) У горнай справе гарызонт — сукупнасць горных вырабатак на адным узроўні, у якіх вядуцца горныя работы. У шахтах вылучаюць гарызонт адкатачны (для перамяшчэння грузаў і людзей), вентыляцыйны выпуску (выпуск адбітай пароды), падсечкі (агаленне і абрушэнне горнага масіву) і скрэперавання (дастаўка карыснага выкапня на пагрузку). Пры адкрытай здабычы карысных выкапняў на гарызонт устанаўліваюць асн. горнае абсталяванне для распрацоўкі аднаго ўступа. Гл. таксама Ваданосны гарызонт, Маркіроўны гарызонт.
Да арт.Гарызонт. Расшырэнне бачнага гарызонту з павышэннем пункта назірання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМНА́Я КАРА́,
верхняя абалонка «цвёрдай» Зямлі, якая складае верхнюю частку літасферы; адна з геасфер. Аддзяляецца ад мантыі Зямлі Махаровічыча паверхняй. Адрозніваюць мацерыковую кару (таўшчыня на платформах 25—45 км, на Беларусі 34—40 км, у абласцях гораўтварэння 45—75 км), акіянічную кару (2—10 км) і пераходныя яе тыпы: субмацерыковую і субакіянічную. Дасягальная для вывучэння верхняя ч. кары ў агаленнях і свідравінамі да глыб. 10—15 км. Больш глыбокія зоны даследуюцца геафіз. метадамі. Мацерыковая кара складаецца з асадкавага (скорасць пашырэння падоўжных сейсмічных хваль Vp да 4,5 км/с), «гранітнага» (Vp 5,1—6,4 км/с) і «базальтавага» (Vp 6,1—7,4 км/с) слаёў. На Беларусі асадкавы слой мае магутнасць ад 80 да 620 м на Бел. антэклізе, да 6000 м у Прыпяцкім прагіне. «Гранітны» і «базальтавы» слаі ўмоўныя і гістарычна звязаныя з вылучэннем Конрада паверхні (Vp 6,2 км/с), якая раздзяляе іх. Звышглыбіннае свідраванне сведчыць, што гэтая мяжа мае умоўны характар, таму «гранітны» і «базальтавы» слаі аб’ядноўваюць паняццем кансалідаванай кары. «Гранітны» слой па складзе парод больш адпавядае гранітна-гнейсаваму (сярэдняя шчыльнасць 2,6—2,7 т/м³), «базальтавы» — гранулітава-базітаваму (2,7—3 т/м³). Акіянічная кара адрозніваецца ад мацерыковай адсутнасцю «гранітнага» слоя, меншай магутнасцю і больш маладым узростам (юра, мел, кайназой). Суцэльнасць З.к. перарываецца шматлікімі разломамі. Некат. з іх дасягаюць мантыі і ўтвараюць корава-мантыйныя блокі. З.к. знаходзіцца ў стане ізастатычнай раўнавагі. Зонай яе выраўноўвання з’яўляецца астэнасфера.
Засн. ў 1919 на базе Віленскай гар. публічнай б-кі. Пасля акупацыі Вільні Польшчай (1919—39) пераведзена ў г. Каўнас. У 1940 атрымала статус дзярж. б-кі. З 1963 у Вільні. З 1989 сучасная назва. Асн. кніжны фонд налічвае больш за 9 млн. адзінак (1998) на літ. і замежных мовах, у т. л. 57 тыс.экз. рукапісаў, каля 30 тыс.экз. рэдкіх кніг і старадрукаў (выданні ант. аўтараў, кнігі М.Лютэра, Э.Ратэрдамскага і інш.), каля 6 млн.экз. кніг і перыёдыкі, больш за 100 тыс. мікраформ, больш за 2 млн.экз.інш. матэрыялаў (жывапіс, ноты, карты, атласы і інш.); мае калекцыю літуаністыкі (больш за 800 тыс. адзінак), у т. л. «Катэхізіс» у перакладзе М.Даўкшы (1595), калекцыю бел. кніг і перыёдыкі, надрукаваных у розныя часы ў Вільні, выданні ВКЛ на лац., ням., польск., бел. і рус. мовах. Штогод фонды павялічваюцца. Абменьваецца навук. л-рай з б-камі і ўстановамі замежных краін, захоўвае літ. рукапісную і друкаваную спадчыну, вядзе н.-д., выдавецкую і метадалаг. работу; мае аўтаматызаваную інфарм. бібліятэчную сістэму, электронны каталог літ. кнігі, інфарм. цэнтр і г.д. З 1992 б-ка з’яўляецца дэпазітарыем Еўрапейскага супольніцтва. Пры б-цы створаны Цэнтр бібліяграфіі і кнігазнаўства (б.Літ. кніжная палата).
Літ.:
Lietuvos nacionalinė Martyno Mažvydo biblioteka. Vilnius, 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНА́СТВА (грэч. monachos адзінокі, пустэльнік),
лад жыцця рэліг. асобы або суполкі аднаверцаў (група, абшчына, брацтва), заснаваны на прынцыпах аскетызму (адрачэнне ад маёмасці, шлюбу, свецкіх уцех), на свядомым падпарадкаванні суровай дысцыпліне, а таксама дуалістычным супрацьпастаўленні зямнога і нябеснага, духоўнага і цялеснага, добрага і злога пачаткаў. Ідэя М. бярэ пачатак у брахманізме, будызме, егіпецкім кульце Серапіса і інш. у сярэдзіне 1-га тыс. да н.э., але адметнае ўвасабленне назіраецца ў хрысціянстве, дзе выпадкі манаскага служэння пачаліся ў 2 ст.н.э. Шырокае распаўсюджанне хрысц. М. пачалося з 4 ст. Прынцыпы ўстрымання і самаадрачэння пераняты ад секты эсеяў; неаплатанізм узбагаціў М. ідэяй ачышчэння духа праз адмову ад цялесных асалод. На працягу стагоддзяў М., апрача рэліг., выконвала і свецкія функцыі: стварала летапісныя і літ. фонды, займалася навук. дзейнасцю, пашырала пісьменства. М. мае адметнасці ў розных канфесіях. Правасл. М. з’яўляецца наследнікам традыцый і ідэалаў першапачатковага хрысціянства. Прыняцце ў манахі суправаджаецца абрадам «пастрыжэння»: пры гэтым неафіт атрымлівае новае імя і спецыфічнае адзенне чорнага колеру (сімвал стрыманасці і смутку). Існуе іерархія М.: расафор, маласхімнік і велікасхімнік; з М. складаецца кіраўніцтва царквы — епіскапат. Каталіцкая царква пайшла па лініі стварэння ордэнаў манаскіх. Пратэстантызм не мае М. У будызме існуе інстытут М. ў выглядзе мноства буйных манастыроў (віхара). У ісламе ў межах містычнай плыні — суфізму, дзейнічаюць т.зв. тэке (манастыры, дзе жыве частка дэрвішаў).
Літ.:
Хольц Л. История христианского монашества: Пер. с нем. СПб., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РАЦ (Piper),
род кветкавых раслін сям. перцавых. Каля 700 (паводле інш. звестак каля 2000) відаў. Пашыраны ў тропіках абодвух паўшар’яў, пераважна ў Амерыцы і мусонных абласцях Усх. Азіі. У культуры 9 відаў. Найб. значэнне мае П. чорны (P. nigrum) — лазячая расліна, расце ў Індыі. Яго няспелыя высушаныя плады — прыправа (чорны перац). Лісце П. бетэль (P. betle) выкарыстоўваюць для жавання. Некат. інш. віды П. ўжываюць як лекі, араматычныя прыправы, гатуюць рытуальныя (наркатычныя) напоі.
П. струкавы, або агароднінны, ці капсікум (Capsicum), — род кветкавых раслін сям. паслёнавых. 20 (паводле інш. звестак каля 50) відаў. Пашыраны ў Цэнтр., Паўд. Амерыцы і на а-вах Галапагас. Плады П. агародніннага, ці папрыкі (C. annuum), выкарыстоўвалі ў Амерыцы аптэкі; у Еўропу іх прывёз Х.Калумб; у Расіі з 19 ст. Культывуюць у краінах з трапічным, субтрапічным і ўмераным кліматам (у т. л. на Беларусі).
Шматгадовыя (у культуры — аднагадовыя) травы, кусты і паўкусты. П. агароднінны — аднагаловая самаапыляльная расліна. Лісце авальнае, ланцэтнае. Кветкі белыя, зеленаватыя. Плод — канічная несапраўдная ягада ад жоўтага да цёмна-чырв. колеру. Мае вітамін C і алкалоід капсаіцын (выкарыстоўваецца ў медыцыне), які абумоўлівае горкі смак некат. разнавіднасцей. 15 разнавіднасцей П. агародніннага падзяляюць на салодкія і вострыя (горкія). Найб. вядомыя сарты салодкага П.: Новачаркаскі 35, Ратонда, розныя варыянты сорту Балгарскі, горкага — Украінскі горкі, Астраханскі 147. Культывуюць таксама найб. востры П. каенскі (C. sinense). Харч., лек., тэхн. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЯ ДАКТРЫ́НА,
прынятая ў дзяржаве сістэма поглядаў на сутнасць, мэты, характар, падрыхтоўку і спосабы вядзення магчымай вайны. Выпрацоўваецца паліт. кіраўніцтвам дзяржавы. Асн. палажэнні ваеннай дактрыны найчасцей абумоўлены сац.-паліт. ладам, узроўнем эканомікі і сродкаў вядзення вайны, а таксама геагр. становішчам сваёй дзяржавы, дзяржавы верагоднага праціўніка і суседніх дзяржаў. Ваенная дактрына Рэспублікі Беларусь — гэта сістэма навукова абгрунтаваных поглядаў на прадухіленне вайны, захаванне міру, абароннае буд-ва, падрыхтоўку краіны і Узбр. Сіл да адбіцця агрэсіі, а таксама на спосабы барацьбы па абароне суверэнітэту і тэр. цэласнасці краіны. Прынята Вярх. Саветам Рэспублікі Беларусь у 1992. Мае абарончы характар і накіравана на ўмацаванне дзярж. і міждзярж. бяспекі, на ўзбр. нейтралітэт і супрацоўніцтва з інш. краінамі для вырашэння задач абароны. Мае 2 узаемаабумоўленыя аспекты — ваен.-паліт. і ваен.-тэхнічны. Першы раскрывае адносіны дзяржавы да вайны і выкарыстанне ваен. сілы; нац. інтарэсы і фактары, якія супрацьдзейнічаюць ім; характар ваен. небяспекі, яе памеры і крыніцы, магчымасць ваен. пагрозы; магчымасць і спосабы прадухілення вайны, сілы і сродкі, неабходныя для гэтага; ваен.-паліт. мэты магчымых праціўнікаў і саюзнікаў. Ваен.-паліт. Аспект ваеннай дактрыны мае канцэпцыі «прадухіленне вайны» і «спыненне агрэсіі». Першая як сістэма поглядаў на шляхі і спосабы ліквідацыі перадумоў да ўзнікнення вайны прадугледжвае вырашэнне спрэчных пытанняў праз паліт. дыялог, адмаўленне ад выкарыстання ваен. сілы і ўмацаванне ролі ААН у вырашэнні пытанняў калект. бяспекі. Канцэпцыя «спыненне агрэсіі» — сістэма поглядаў на абарону і спыненне агрэсіі спалучэннем паліт., эканам., дыпламат., уласна ваен. і інш. мер. Ваенна-тэхн. бок аспекту ваеннай дактрыны заснаваны на канцэпцыі «стрымлівання» і «актыўнай абароны» і адлюстроўвае сістэму поглядаў на характар магчымай вайны, спосабы яе вядзення і склад узбр. сіл. У канцэпцыю «актыўнай абароны» закладзены прынцыпы збалансаванага развіцця ўсіх відаў Узбр. Сіл Беларусі, рознабаковага супрацоўніцтва і гатоўнасці да вядзення мабільнай абароны. Яна прадугледжвае наяўнасць ва Узбр. Сілах невялікіх, але моцных вайсковых груповак, падрыхтаваных для паспяховага выкарыстання ў раёнах рэальнай ваен. пагрозы. Абвясціўшы сутнасць сваёй ваеннай дактрыны, Рэспубліка Беларусь гарантуе безумоўнае выкананне ўсіх яе палажэнняў і кіруецца мэтамі і прынцыпамі Статута ААН, а таксама прынятымі абавязацельствамі ў межах Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Беларусь у якасці бяз’ядзернай дзяржавы далучылася да Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, выступіла з ініцыятывай стварэння ў Цэнтр. і Усх. Еўропе бяз’ядзернай прасторы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛІЧЭ́ННЕ,
сістэма правіл аперыравання са знакамі пэўнага віду, якая дазваляе даць дакладнае апісанне некаторага класа задач і алгарытмы іх рашэння; спосаб утварэння якой-н. сукупнасці (мноства) элементаў на аснове правіл атрымання новых элементаў з зададзеных зыходных. Мае фундаментальны характар, як і паняцце алгарытму. Узнікла і развівалася ў рамках матэматыкі (гл.Аперацыйнае злічэнне, Варыяцыйнае злічэнне, Дыферэнцыяльнае злічэнне, Інтэгральнае злічэнне). Пазней метады пабудовы З. пачалі выкарыстоўвацца ў логіцы (гл.Алгебра логікі, Матэматычная лінгвістыка). Агульная тэорыя З. выкарыстоўваецца ў алгарытмаў тэорыі.
У матэматычнай логіцы любое З. адназначна задаецца зыходнымі элементамі (алфавітам З.), правіламі ўтварэння формул дадзенага З. (слоў ці выразаў), сукупнасцю аксіём і правіл пераўтварэння (вывядзення) яго фразеалогіі. Прыпісванне элементам З. пэўных значэнняў (гл.Семантыка лагічная) пераўтварае З. ў фармалізаваную мову. Напр., у З. выказванняў шляхам пэўнай канечнай працэдуры (доказу; улічваецца толькі праўдзівасць ці непраўдзівасць выказвання) атрымліваюць выказванні-тэарэмы (гл.Логіка выказванняў). У выніку атрымліваюць лагічную сістэму, якая фармалізуе разважанне, заснаванае на структуры складаных выказванняў у адрозненне ад унутранай структуры элементарных выказванняў. Пры З. прэдыкатаў атрымліваюць сцвярджэнні (формулы, тэарэмы) з улікам суб’ектна-прэдыкатыўнай структуры выказванняў (напр., «элемент Xмае ўласцівасць P), што дае магчымасць выяўляць сувязь аб’ектаў з іх уласцівасцямі і суадносіны паміж імі, колькасна характарызаваць сувязь рэчаў, уласцівасцей і адносін з дапамогай лагічных эквівалентаў выразаў «усе», «некаторыя», «кожны» і інш. (гл.Квантары). Такое З. адпавядае логіцы прэдыкатаў, калі яно мае ўласцівасці несупярэчлівасці (кожная тэарэма агульназначная) і паўнаты (кожная агульназначная формула даказальная). З. прэдыкатаў уключае З. выказванняў і разглядаецца звычайна як яго пашырэнне шляхам фармалізацыі вывадаў, заснаваных на ўнутранай структуры выказванняў. Тэорыю З. прэдыкатаў распрацаваў ням. логік, матэматык і філосаф Г.Фрэге, чым істотна ўзбагаціў сілагістыку Арыстоцеля і традыц.сілагістыку. Абагульненне З. выказванняў — З. класаў, дзе дадаткова разглядаецца суб’ектна-прэдыкатная структура выказванняў і пры гэтым з кожным прэдыкатам (уласцівасцю) звязваецца ўся сукупнасць элементаў (клас) з разгляданай вобласці, якія маюць гэтую ўласцівасць (гл.Логіка класаў). З. класаў часам разглядаюць як фармалізаваную тэорыю мностваў, выкарыстоўваюць як дапаможны этап пры пераходзе ад З. выказванняў да З. прэдыкатаў і будуюць на базе З. выказванняў з дапамогай адпаведнай інтэрпрэтацыі яго формул.
Літ.:
Гильберт Д., Аккерман В. Основы теоретической логики: Пер. с нем. М., 1947;
Методологические проблемы развития и применения математики. М., 1985;
Жуков Н.И. Философские основания математики. 2 изд. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЙГЕ́ЛА (Weigela),
род кветкавых раслін сям. бружмелевых. Каля 15 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі. На Беларусі інтрадукаваны і рэкамендаваны для зялёнага буд-ва вейгела квітучая (Weigela florida) і гібрыдная (Weigela hybrida), якая мае шмат розных садовых форм (адрозніваюцца формай, памерамі і афарбоўкай кветак — ружовыя, чырв., пурпуровыя і інш.).
Лістападныя кустовыя расліны з прамастойнымі парасткамі выш. да 3 м. Лісце супраціўнае, простае, эліпсоіднае. Кветкі адносна вялікія, трубчастыя, без паху, у малакветкавых (па 3—6 шт.) суквеццях. Плод — каробачка. Дэкар. святлалюбныя, патрабавальныя да ўрадлівасці глебы, зімаўстойлівыя расліны. Выкарыстоўваюцца ў адзіночных і групавых пасадках, для афармлення ўзлескаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРАБЕ́ЙНІК (Lithospermum),
род кветкавых раслін сям. Бурачнікавых. Больш за 60 відаў. Пашыраны пераважна ў краінах Міжземнамор’я. На Беларусі вядомы верабейнік лекавы (Lithospermum officinale), які лічыцца зніклым; адзначаўся ў наваколлі г. Тураў. Вырошчваецца ў Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі.
Шматгадовыя шурпатаваласістыя травяністыя расліны з прамастойным, у верхняй ч. злёгку разгалінаваным сцяблом. Лісце простае, сядзячае, ланцэтнае. Кветкі дробныя, двухполыя, белаватыя, у верхавінкавых або бакавых аблісцелых завітках, сабраных у агульнае паўпарасонікападобнае суквецце. Плод — чатырохарэшак. Лек. (мачагонны, слабіцельны і болепатольны сродак), тэхн. (насенне мае тлусты алей, выкарыстоўваецца ў лакафарбавай прам-сці) і фарбавальныя (у каранях ёсць фарбавальнае рэчыва — літаспермін) расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРТАЛЁТАНО́СЕЦ,
баявы надводны карабель для групавога базіравання марскіх верталётаў. Мае ўзлётна-пасадачныя пляцоўкі, ангары (пад палётнай палубай) са спец. ліфтамі для пад’ёму верталётаў, памяшканні для іх абслугоўвання і рамонту. Аснашчаецца сродкамі сувязі і кіравання верталётамі, зенітнымі і процікарабельнымі ракетнымі і артыл. комплексамі, процілодачнай зброяй (бамбамёты і інш.). Падзяляюцца на процілодачныя (вядуць пошук і знішчаюць падводныя лодкі, маюць да 32 верталётаў) і дэсантныя (бяруць да 2 тыс. марскіх пехацінцаў для высадкі дэсанту). Водазмяшчэнне да 20 тыс.т, скорасць ходу да 30 вузлоў (55 км/гадз). Карабель для базіравання баявых самалётаў і верталётаў наз.авіяносец.